вобраз другой дзяўчыны яго моцна зацікавіў і таксама крыху засланяў сабою Ядвісю.
І само сабою напрашалася параўнанне гэтых дзяўчат. Панна Марына, без спрэчкі, мела перавагу над Ядвісяю ў харастве, але разам з гэтым уступала Ядвісі ў разнастайнасці праяўленняў жыцця. Марына была ціхая, сталая і, напэўна, вельмі добрая душа, але гэта была простая дзяўчына. Адлучыўшы ад Марыны хараство, гэту дзявочую шыльду, ад яе засталося б мала, тады як Ядвіся была натура больш мнагалучная, больш жывая, якая яшчэ не выявілася і не сфармавалася ў пэўны характар.