Дзікія кошкі Барсума
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Дзікія кошкі Барсума

Генадзь Аўласенка

Дзікія кошкі Барсума

Барсум — таямнічая планета, пра якую вядома толькі тое, што кіруюць там жанчыны, якія называюць сябе дзікімі кошкамі. І гэта не проста словы… Дзікія кошкі Барсума — амазонкі, ніндзя, суперагенты для выканання звышсакрэтных і звышскладаных касмічных аперацый. На Барсуме ёсць і мужчыны, але становішча іх там незайздроснае.

Фермерская планета Аграполіс — поўная процілегласць Барсуму. Жанчыны тут, наогул, нізведзеныя да стану хатняй жывёлы. Яны на планеце — звычайны тавар, які па неабходнасці купляюць мясцовыя фермеры і з якім яны могуць рабіць усё, што пажадаюць…

І існуе яшчэ ФІРМА — звышмагутная галактычная арганізацыя, у якой мае месца і нават працвітае ганебны гандаль жанчынамі.

Аднойчы інтарэсы Барсума і ФІРМЫ сутыкнуліся… на Аграполісе — невялікай фермерскай планеце, якая, здавалася б, не павінна ўяўляць асаблівага інтарэсу для магутных суседзяў…

Глава 1

— Калісьці я жыла ў палацы! — сказала раптам рабочая жонка фермера О’Ніла.

Сам фермер О’Ніл, грузны каржакаваты мужчына гадоў сарака, з тварам, на якім нават самы праніцальны псіхааналітык наўрад бы змог адшукаць хоць нейкі след інтэлекту, у гэты час снедаў. Пачуўшы словы жонкі, ён нават не раззлаваўся ў першы момант — злосць прыйшла потым — пакуль што ён здзівіўся ды й толькі…

— Што ты сказала? — прахрыпеў О’Ніл, кідаючы лыжку ў талерку і цяжка, усім тулавам, паварочваючыся ў бок жонкі. — Паўтары, што ты сказала толькі што?!

Рабочыя жонкі не размаўляюць. Ніколі, ні пры якіх абставінах. Дакладней, яны, як разумныя, у нейкай меры, істоты, могуць адказваць на пытанні, яны з паўслова разумеюць усе загады і распараджэнні свайго мужа і заўсёды стараюцца выканаць іх, гэтыя загады, хутка і дакладна. Рабочыя жонкі могуць нават інфармаваць мужа аб усім, што здарылася ў гаспадарцы за час яго адсутнасці… і гэта ўсё, здаецца, што могуць рабочыя жонкі, калі справа ідзе не аб рабочых, а толькі аб разумовых іх здольнасцях.

Тое, што сказала зараз рабочая жонка О’Ніла, было настолькі неверагодным, што, як ужо адзначалася вышэй, сам фермер нават не раззлаваўся спачатку, такім вялікім было ягонае здзіўленне.

— Што ты сказала толькі што? — паўтарыў О’Ніл, павольна ўздымаючыся з-за стала. Яго вялізныя кулакі сугаргава сціснуліся, у голасе ўжо чуліся першыя пагрозлівыя ноткі. — Што ты сказала, паўтары яшчэ раз!

Магчыма, гэта было нейкае толькі імгненнае трызненне з таго, былога свайго жыцця і, не звярні О’Ніл на гэта ўвагі, праігнаруй ён зараз выпадковыя словы сваёй рабочай жонкі — усё пайшло б па-ранейшаму і, хутчэй за ўсё, не здарылася б таго, што здарылася потым…

Але фермер неабдуманна запатрабаваў ад сваёй рабочай жонкі зноў паўтарыць крамольныя яе словы, а рабочая жонка проста абавязана выканаць любы загад свайго ўладара.

— Калісьці я жыла ў палацы, — паслухмяна паўтарыла рабочая жонка О’Ніла. Потым штосьці яшчэ прамільгнула раптам у сцёртай яе памяці, новае штосьці, і яна дадала нейкім іншым, нечакана змяніўшымся голасам: — Я жыла ў палацы, і сотні мужчын прыслужвалі мне, і нават дыхнуць лішні раз баяліся ў адной толькі маёй прысутнасці!

Гэта было ўжо занадта.

— Ах жа ты, дрэнь! — губляючы ўсялякі кантроль над сабой і кідаючыся да жонкі, зароў О’Ніл. — Сучка паганая!

Такія словы рабочай жонкі маглі вывесці з сябе нават самага рахманага і цярплівага жыхара планеты Аграполіс, а О’Ніл, і гэта добра ведалі ўсе суседзі-фермеры, ні асаблівай цярплівасцю, ні, тым больш, рахманасцю, ніколі не вызначаўся. Наадварот, хутчэй…

Ад моцнага ўдару ў скронь у рабочай жонкі тарганулася галава… але, што самае дзіўнае, яна не звалілася на падлогу, як разлічваў на тое сам фермер, яна нават не пахіснулася, хоць незвычайная сіла О’Ніла таксама была добра вядома ўсім ягоным суседзям, а некаторыя з іх на сваіх уласных баках і сківіцах зведалі сакрушальную моц фермерскага кулака. Ва ўсялякім разе, мала набралася б мужчын у акрузе, якія б засталіся на нагах пасля такога вось удару… а аднойчы — гэта было гады з чатыры таму — О’Ніл схітрыўся з першага ж выпаду зламаць свайму праціўніку сківіцу, прычым, у трох месцах адразу. Добра яшчэ, што побач аказаліся сведкі, якія маглі падцвердзіць, што пацярпелы сам, першым, пачаў сварку, якая перарасла затым ва ўзаемную бойку. Тым не менш, прыйшлося нямала заплаціць і самому пацярпеламу, і сведкам, і суддзям, каб справа гэтая не аказалася ў вышэйшых інстанцыях.

А гэтая вось тоненькая, кволая з выгляду, маладая жанчына нават не пахіснулася. Больш таго…

У вялікіх блакітных вачах рабочай жонкі бліснуў раптам нейкі патаемны агеньчык, узняўшы руку, яна асцярожна дакранулася тонкімі прыгожымі пальцамі да пашкоджанага месца.

— Калі я жыла ў палацы, — павольна прагаварыла жанчына, і О’Ніл нечакана для сябе зноў пачуў у голасе рабочай жонкі нейкія новыя, зусім незнаёмыя яму ноткі, - ні адзін з мужчын нават пальцам не асмельваўся дакрануцца да мяне!

Гэта было ўжо нават больш чым занадта і О’Ніл, забыўшыся пра ўсялякую асцярожнасць, каршуком накінуўся на жонку. Удар за ўдарам, цэлы град моцных, сакрушальных нават удараў абрушыўся на няшчасную жанчыну, але толькі пасля таго, як лік іх пераваліў за другі дзесятак, яна звалілася на падлогу.

— Пальцам, кажаш?! — рыкаў О’Ніл, неміласэрдна збіваючы нагамі нерухомае цела жанчыны. — У палацы, кажаш?!

Вось так, у мінулым годзе, сарваўшыся з-за дробязі, О’Ніл да смерці збіў папярэднюю сваю жонку, а затым горка шкадаваў аб гэтай сваёй нястрыманасці. Каб купіць новую жонку, яму прыйшлося залезці ў даўгі, і толькі зусім нядаўна ён поўнасцю з імі разлічыўся.

Думка пра тое, што ён зноўку рызыкуе застацца без жонкі, крыху ахалодзіла ваяўнічы парыў фермера, але ніколькі не зменшыла ягонай злосці. Перастаўшы таптаць жонку нагамі, О’Ніл сарваў са сцяны віты скураны бізун. Гэты сродак утаймавання непаслухмяных жонак быў не менш дзейсным, але куды менш рызыкоўным.

— Вось табе палац! — праз зубы цадзіў О’Ніл кожны раз, калі бізун са свістам упіваўся ў аголенае жаночае цела. — Я навучу цябе, як трэба размаўляць з мужам! Я і так вельмі доўга быў цярплівым з табой, дрэнь!

Апамятаўшыся, нарэшце, О’Ніл з жалем адкінуў убок размякшы ад крыві бізун і, не дакрануўшыся больш да сняданка, выйшаў з пакою, з усяе сілы грукнуўшы за сабой дзвярыма. На сваю рабочую жонку, якая нерухома і бездапаможна ляжала ў лужыне ўласнай крыві пасярод пакоя, ён нават не зірнуў.

Апынуўшыся на двары, О’Ніл, хоць і не адразу, паступова пачаў супакойвацца. Таропка зірнуўшы па баках і не ўбачыўшы паблізу анікога з дасужых суседзяў, ён, нарэшце, супакоіўся канчаткова і, цяжка ступаючы, накіраваўся да вялізнага памяшкання з акруглым бліскучым дахам. Гэтае памяшкання было кароўнікам, побач з ім, на агароджанай пляцоўцы, стаялі і звычна паглыналі сумесь торфу, саломы і апалай лістоты, паўсядзённую сваю ежу, сорак пяць кароў. На самой справе гэтыя мясцовыя жывёлы каровамі не з’яўляліся, але фермеры Аграполіса празвалі іх так па аналогіі з зямнымі жывёламі, якія таксама давалі людзям малако. Тут, на планеце, зямных кароў амаль не было, толькі асобныя фермеры-аматары маглі дазволіць сабе падобную раскошу. О’Ніл неяк аднойчы змог пабачыць сапраўдных кароў, і нават пакаштаваў іхняга малака. Зямное малако О’Нілу не вельмі спадабалася, як, дарэчы, і самі каровы, невялікія, разы ў тры меншыя за мясцовых. Да таго ж, па словах фермера-гаспадара, гэтыя экзатычныя стварэнні былі вельмі пераборлівыя ў ежы, а малака давалі — кот наплакаў.

Нейкі час О’Ніл стаяў нерухома і заклапочана назіраў, як аўтаматызаваная лінія дастаўкі бесперапынна падае ў кармушкі ўсё новыя і новыя порцыі корма… потым ён падыйшоў да цыстэрнаў, куды, гэтак жа бесперапынна лілося малако. Тут таксама ўсё было ў поўным парадку і сапсаваны настрой фермера значна палепшыўся. Але прыкрая думка аб тым, што ён, магчыма, крыху перабраў з чарговым «выхаваннем» рабочай жонкі, усё ніяк не пакідала О’Ніла. А што, калі і гэта жонка таксама памрэ ад пабояў, як і папярэдняя!

Гэтая рабочая жонка была ўжо ў яго пятай па ліку. Ці, можа, усяго толькі пятай… гэта, як паглядзець. Бо сярод знаёмых О’Ніла былі і тыя, хто дзесяткі гадоў задавальняўся адной і той жа рабочай жонкай, і тыя, што змянялі сваіх жонак па некалькі разоў на год. Сустракаліся сярод фермераў і такія арыгіналы, якія трымалі адначасова не адну, а дзве, або нават тры рабочыя жонкі, але іх было нешмат. Фермеры — людзі ў асноўным ашчадныя і кансерватыўныя, трымаць больш за адну рабочую жонку, з іх пункту гледжання — недазволеная раскоша і нічога больш. Былі, праўда, на Аграполісе людзі, якія мелі дзесяткі, і нават сотні жанчын, але не сярод фермераў. Гэта былі ўладальнікі бараў, рэстаранаў і гатэляў, і жылі яны ў адміністрацыйнай сталіцы планеты, горадзе Агра, а таксама ў гарадах і мястэчках паўночнага курортнага ўзбярэжжа. Ну, а такую вялікую колькасць рабочых жонак гэтыя прадпрымальнікі трымалі, вядома ж, не толькі для сябе, а, у першую чаргу, для сваіх гасцей і наведвальнікаў. Гэта быў бізнес і нічога больш…

Першую сваю жонку О’Ніл атрымаў у падарунак ад бацькі на сваё дваццацігоддзе. Дваццаць гадоў — гэта якраз той узрост, калі юнак становіцца нарэшце самастойным сталым мужчынам і, адначасова з гэтым, атрымлівае ўсе правы свабоднага грамадзяніна планеты Аграполіс. З гэтага ж узросту ён мае права завесці ўласную сваю фермерскую гаспадарку, што О’Ніл і зрабіў амаль адразу ж.

Мясцовы фермерскі камітэт выдзеліў яму пэўную грашовую субсідыю, а таксама беспрацэнтную пазыку, бацька таксама дапамог… і ўжо праз якісьці год-паўтара О’Ніл цвёрда ўстаў на ногі, неяк непрыкметна прымусіўшы, нягледзячы на малады свой узрост, лічыцца з сабой усіх бліжэйшых суседзяў. Вось толькі з першай рабочай жонкай яму крыху не пашанцавала.

Не тое, каб яна была непрыгожай — непрыгожых жанчын ФІРМА, наогул, ніколі не прапаноўвала — але штосьці ў ёй было такое… штосьці, зусім не ў гусце О’Ніла. Ды і ўзрост! Хоць дакладны ўзрост сваіх рабочых жонак наўрад ці ведае хоць хто з жыхароў Аграполіса… хіба толькі прыблізны — але з самага першага погляду бачна было, што рабочая жонка маладога фермера значна старэйшая за свайго гаспадара і ўладальніка.

О’Ніл і зараз яшчэ памятаў, як адчайна камплексаваў ён з гэтай нагоды, як зайздросціў самай чорнай зайздрасцю сваім больш сталым суседзям, рабочыя жонкі якіх, нібыта знарок, былі ўсе, як на выбор, вельмі маладымі і здаваліся тады маладому фермеру проста казачна прыгожымі. Дзіўна, але, амаль што ўзненавідзіўшы гэтую першую сваю жонку, ён нават пальцам яе не крануў ані разу. Магчыма, яна чымсьці нагадвала О’Нілу яго ўласную маці, якой ён зусім не памятаў, але пра якую часта думаў маленькім хлапчукам, нават плачучы, ўпотай ад сяброў і настаўнікаў, і наіўна марачы, што прыйдзе дзень і маці зноў вернецца. А, можа, мяккасць О’Ніла са сваёй першай жонкай тлумачылася проста ўласнай ягонай маладосцю?

А потым хтосьці з суседзяў падказаў маладому фермеру, што звычайна робяць у такіх выпадках. Аказваецца, ФІРМА ахвотна абменьвае такіх вось надакучыўшых альбо пастарэўшых жонак на іншых, больш маладых, з невялікай, праўда, даплатай. О’Ніл назаўтра ж адвёз сваю рабочую жонку ў мясцовае аддзяленне ФІРМЫ і вярнуўся на ферму ўжо з іншай жанчынай, маладой і вельмі прыгожай. Ён выбраў яе больш чым з дзесяці прэтэндэнтак і ніколі аб гэтым потым не шкадаваў.

З гэтай, другой па ліку рабочай сваёй жонкай, О’Ніл пражыў амаль дзесяць гадоў… і гэта былі, без усялякага перабольшвання, лепшыя гады ягонага жыцця. О’Ніл і гэтую сваю жонку не крануў нават пальцам за ўсе дзесяць гадоў іх сумеснага жыцця, але прычына была ўжо зусім іншая — напэўна, ён і сапраўды кахаў яе, калі толькі само гэтае слова, «каханне», можна аднесці да ўзаемаадносін рабочай жонкі з яе гаспадаром. Магчыма О’Ніл і далей жыў бы з гэтай сваёй жонкай, але так здарылася, што яна зацяжарыла і, згодна з законамі Аграполіса, прыйшлося паведаміць пра гэта ў аддзяленне ФІРМЫ. Жонку адразу ж ізалявалі, а калі нарадзіўся сын, О’Нілу выплацілі кампенсацыю і паведамілі адрас дзіцячага дома, у якім да дваццаці гадоў будзе выхоўвацца хлопчык. Адначасова яму паведамілі ў якія дні магчымы сустрэчы з сынам.

Аб далейшым лёсе другой сваёй рабочай жонкі, якая адначасова з’яўлялася і маці адзінага ягонага сына, О’Нілу не паведамілі, а сам ён, зразумела ж, не стаў аб гэтым распытваць. Кампенсацыя дазволіла фермеру адразу ж абзавесціся новай жонкай, праўда, замена гэтая выйшла не зусім раўнацэнная… і доўга яшчэ О’Ніл з сумам і нават пяшчотай успамінаў другую сваю жонку, асабліва ў час паездак да сына, які, чым старэйшым станавіўся, тым усё больш і больш нагадваў маці. Звычайна, вярнуўшыся з чарговай такой паездкі, О’Ніл усю сваю злосць і раздражненне спаганяў на трэцяй сваёй жонцы. Праўда, да асабліва жорсткіх экзекуцый справа ніколі не даходзіла.

Што, наогул, адбываецца з рабочымі жонкамі, якія з-за ўзросту ці па якой іншай прычыне аказваюцца незапатрабаванымі і зноў трапляюць ва ўласнасць ФІРМЫ, пра гэта О’Ніл нічога не ведаў, ды, прызнацца, асабліва гэтым і не цікавіўся ніколі. Аднойчы, праўда, ягоны сусед-фермер, знаходзячыся ў добрым падпіцці, пачаў раптам рассказваць О’Нілу аб нейкіх жудасных падземных уранавых рудніках на адной з суседніх планет і аб тым, што менавіта там і закончваецца жыццёвы лёс усіх без выключэння рабочых жонак. Яшчэ ён шэптам паведаміў пра нейкія тайныя медыцынскія цэнтры, у якіх былыя рабочыя жонкі, быццам бы, знаходзяцца ў якасці доследных жывёлін да таго, як іх перашлюць, і ўжо канчаткова, на руднікі… але ці мала якія плёткі ходзяць часам сярод фермераў! О’Ніл адразу ж перавёў размову на нешта іншае… на тым справа і скончылася. Калі хоць частка з усёй гэтай пьянай балбатні — праўда, ды й тады навошта яму, скажыце, ведаць тое, аб чым ведаць неабавязкова, ды і небяспечна для простага фермера!

Трэцяя жонка О’Ніла была самай звычайнай рабочай жонкай і нічога больш з сябе не ўяўляла, таму і сам фермер адпаведна да яе адносіўся. Біў ён жонку даволі рэгулярна, але заўсёды ведаў меру і ўмеў своечасова спыніцца. Гуманнасць тут была ні пры чым — проста паступова разрасталася гаспадарка фермера і любая, нават самая кароткая, часовая непрацаздольнасць рабочай жонкі балюча ўдарыла б па інтарэсам самога О’Ніла. Ды і сама жонка неяк не давала ніколі яму асаблівых падстаў для раздражнення і гневу… выключэннем, праўда, былі рэдкія паездкі да сына, дакладней, само вяртанне з гэтых паездак. Жонка спраўна вяла гаспадарку, ніколі не спазнялася са сняданкам альбо вячэрай, ды і ва ўсіх іншых адносінах яна яго задавальняла, дакладней, амаль задавальняла. Магчыма, яна б і дагэтуль вяла фермерскую гаспадарку, калі б не трагічны выпадак. У пазамінулым годзе трэцяя рабочая жонка О’Ніла загінула, неасцярожна дакрануўшыся рукой да аголенага электрычнага кантакту на пульце кіравання падачай кармоў. Смерць у выніку няшчаснага выпадку была відавочнай, страхавыя ўзносы О’Ніл выплочваў рэгулярна, таму ён адразу ж змог набыць сабе новую, чацвёртую па ліку, рабочую жонку.

Лёс яе з самага пачатку быў незайздросным.

Па-першае, якраз у гэты самы час характар самога О’Ніла сапсаваўся канчаткова, яго нават бліжэйшыя суседзі-фермеры пачалі пабойвацца.

Па-другое, гэтая новая жонка аказалася нейкай занадта ўжо няўдалай. Увесь час яна альбо спазнялася са сняданкамі і вячэрамі, альбо, наадварот, рыхтавала ежу занадта рана, і О’Нілу прыходілася есці яе падагрэтай, чаго ён цярпець не мог. Да таго ж жанчына вечна блытала загады і распараджэнні мужа… а аднойчы па яе віне скісла ўсё малако ў цыстэрнах. Ні дня, пэўна, не праходзіла, каб О’Ніл не «вучыў» няўдалую сваю жонку, альбо з дапамогай бізуна, альбо проста пускаючы ў ход кулакі ці чаравікі.

Напэўна, трэба было проста абмяняць гэтую разяваку на іншую жонку — у ФІРМЕ абавязкова б пайшлі яму насустрач і абмянялі жанчыну без усялякай нават даплаты — але О’Ніл чамусьці не спяшаўся гэта зрабіць. Хутчэй за ўсё, яму проста падабалася здзеквацца з жонкі, і прытым, менавіта з гэтай жонкі, бо яна баялася свайго гаспадара, як агню. Перад кожнай экзекуцыяй жонка цалавала О’Нілу ногі і са слязьмі маліла аб літасці. Няшчасная жанчына проста не магла ўцяміць затарможаным сваім мозгам, што ўсе яе спробы хоць неяк улагодзіць мужа, не толькі не дасягаюць мэты, але і, наадварот, прыводзяць да прама процілеглага выніку. О’Ніл нібыта пьянеў ад гэтых яе адчайных крыкаў і мольбаў, у час экзекуцыі ён паступова ўваходзіў у нездаровы нейкі экстаз, прычым з кожным разам усё мацнейшы і мацнейшы…

А потым здарылася тое, што і павінна было, рана ці позна, здарыцца. Бедная жанчына памерла ў час чарговага катавання — гэта здарылася якраз пасля таго, калі скісла малако ў цыстэрнах — і хоць О’Ніл па-ранейшаму спраўна аплочваў усе страхавыя полісы, смерць гэтай ягонай жонкі пад катэгорыю няшчасных выпадкаў ніяк не падпадала…

Прыйшлося, улазячы ў даўгі, купляць чарговую, пятую па ліку, рабочую жонку за поўны яе кошт, прычым усё гэта нечакана расцягнулася на даволі-такі працяглы тэрмін. Спачатку ў яго не было дастатковай сумы грошаў — О’Ніл ніяк не разумеў, чаму ФІРМА пастаўляе ў крэдыт амаль усё, пачынаючы з самай разнастайнай тэхнікі (і не толькі сельскагаспадарчай) і закончваючы насеннем любых раслін і разнастайнымі кармавымі дабаўкамі для жывёлы, але ніколі не афармляе крэдыты на рабочых жонак, іх можна было набыць толькі за наяўныя грошы — дык вось, спачатку былі праблемы з грашыма, а потым, калі грошы з’явіліся, аказалася, што ў мясцовым аддзяленні ФІРМЫ амаль не засталося рабочых жонак, а тыя, якія засталіся, О’Нілу неяк не прыйшліся да спадобы. Прыйшлося чакаць, калі ж даставяць новую партыю, і чакаць прыйшлося не тыдзень, не два, а цэлых тры месяцы!

Увесь гэты час О’Нілу прыйшлося абыходзіцца без жонкі, і гэтага тэрміну аказалася дастаткова, каб ён зарокся біць будучую сваю жонку, ва ўсялякім разе, біць яе моцна.

Нарэшце прыйшла адразу вялікая партыя рабочых жонак і, атрымаўшы паведамленне, О’Ніл не стаў марудзіць ні хвіліны. Больш таго, ён, які заўсёды аддаваў перавагу электракару, на гэты раз упершыню за доўгі час вырашыў, для эканоміі, выкарыстаць катэр, хоць заўсёды адчуваў сябе ў паветры даволі няўтульна. Затое ўсяго праз дзесяць хвілін палёту, катэр ягоны ўжо плаўна апускаўся на вялікую пасадачную пляцоўку, якая размешчалася якраз перад шасціпавярховым чырвоным будынкам з блакітнай эмблемай ФІРМЫ над уваходам.

На другім паверсе О’Ніл выканаў усе неабходныя фармальнасці і ў суправаджэнні ветлівага маладога чалавека у форме супрацоўніка ФІРМЫ, узняўся на трэці паверх, дзе і размяшчалася дэманстрацыйная зала. Служачы, па ўсяму бачна — з ніжэйшага абслугоўваючага персаналу, толькі праводзіў фермера да дзвярэй залы і адчыніў перад ім гэтыя дзверы. Пасля гэтага, пажадаўшы О’Нілу ўдалай куплі і, наогул, усяго найлепшага, малады чалавек пакінуў яго аднаго.

Звычайна, у аддзяленні ФІРМЫ адначасова знаходзілася дзве-тры, часам, да дзесяці свабодных рабочых жонак, і дэманстравалі іх пакупнікам на першым паверсе, у спецыяльным пакоі. Таму О’Ніл ніколі яшчэ не быў у дэманстрацыйнай зале… а вось цяпер, увайшоўшы у вялізнае, ярка асветленнае памяшканне, ён адразу ж застыў, нібыта аслупянелы. Ды і было ад чаго!

Не менш чатырох дзесяткаў маладых прывабных жанчын было размешчана на спецыяльных падстаўках па ўсёй тэрыторыі вялізнай дэманстрацыйнай залы. Жанчыны стаялі зусім нерухома, нібыта і не жанчыны гэта былі, а майстэрскі вырабленыя кімсьці пластыкавыя статуэткі. Аголеныя жаночыя целы, белыя, залаціста-смуглыя альбо нават карычневыя, былі прыгожа і з прафесійным густам асветлены з самых розных ракусаў у самыя разнастайныя светавыя гамы і адценні.

Жанчын на продаж ФІРМА заўсёды выстаўляла вось так, без адзення, і зусім не з мэтай нейкай там эканоміі, бо фермеру, які афармляў пакупку, адразу ж выдаваўся поўны і разнастайны камплект жаночага адзення, прытым, без усялякай дадатковай платы. Проста ФІРМА лічыла, і не без пастаў, што менавіта так пакупнікі ацэняць тавар найлепшым чынам і выберуць сабе рабочую жонку якраз па свайму густу.

Першым жа памкненнем О’Ніла, які больш за тры месяцы правёў, наогул, без усялякай жонкі, было выбраць адразу ж бліжэйшую да яго жанчыну, тым больш, што яна аказалася вельмі прывабнай і, да таго ж, бландынкай, а О’Нілу заўсёды больш за ўсё падабаліся менавіта бландынкі. Ён ужо зрабіў нават крок у бок служачага ФІРМЫ, які стаяў непадалёку з абыякавым выразам на шырокім твары, але, стрымаўшы сябе, вырашыў занадта не спяшацца. Ці не лепш, спачатку абыйсці ўсю выставу, тым больш, што і астатнія пакупнікі (а іх у зале было дзесьці каля дзесятка) таксама не вельмі спяшаліся з набыццём сабе жонак.

Знаёмых фермераў сярод пакупнікоў О’Ніл, як не прыглядаўся, так не заўважыў… і тады ён проста рушыў, не спяшаючыся, наперад. Павольна праходзячы па зале, О’Ніл уважліва разглядваў жанчын. Вочы літаральна разбягаліся ад такой вялікай іх колькасці, фермер ужо амаль шкадаваў, што не выбраў адразу ж тую, першую… а раптам яе хтосьці перахопіць! О’Ніл ужо вырашыў павярнуць назад, як раптам позірк ягоны выпадкова наткнуўся на невялікую групу з пяці жанчын, чамусьці выстаўленых разам, на адной шырокай падстаўцы. Яшчэ ён заўважыў, што гэтыя жанчыны былі, не тое, каб зусім ужо аднолькавыя, але вельмі падобныя адна на адну. І ў той жа час яны чымсьці адрозніваліся ад усіх іншых жанчын, выстаўленых у гэтай зале, няўлоўным чымсьці, але, тым не менш, гэтае адрозненне выразна адчувалася. Зацікаўлены гэтым, О’Ніл вырашыў падыйсці крыху бліжэй.

Высветлілася, што не толькі О’Ніла правабіла незвычайная гэтая група з пяці жанчын. Каля іх ужо тапталася некалькі фермераў, патэнцыяльных пакупнікоў… праўда, ніводны з іх пакуль так і не рашыўся на завяршаючы крок. Фермеры толькі моўчкі разглядвалі жанчын, час ад часу ляніва перакідваючыся кароткімі фразамі. Час ішоў… на твары прадстаўніка ФІРМЫ, які знаходзіўся непадалёку, гатоўнасць услужыць і дапамагчы з выбарам паступова змянялася ветлівай абыякавасцю і нават расчараваннем.

Але фермеры, і О’Ніл у тым ліку, не звярталі аніякай увагі на прадстаўніка ФІРМЫ. Іх прагныя позіркі ўсё ніяк не маглі адарвацца ад гэтых пяці жанчын, якія нерухома, нібыта статуэткі, застылі на сваім пастаменце. Нягледзячы на тое, што пераважная большасць жанчын у зале былі прыгожымі і нават вельмі прыгожымі — а непрыгожых жанчын тут, здаецца, і, наогул, не было — гэтая пяцёрка адразу ж вылучалася незвычайнай сваёй прыгажосцю нават на агульным прывабным іх фоне. Высокія, але не занадта, з бездакорна складзенымі фігурамі і асляпляльна-прыгожымі тварамі, прыгажосць якіх яшчэ больш падкрэслівалі бліскучыя, ярка-меднага альбо залацістага колеру валасы, у прыгожым беспарадку рассыпаныя па плячах — яны здаваліся сёстрамі-блізнятамі, хоць і не былі імі…

Магчыма, менавіта гэтая асляпляльная прыгажосць жанчын і з’яўлялася асноўнай прычынай таго, што ахвотнікаў набыць іх ва ўласнасць пакуль што так і не знаходзілася. Больш таго, чухаючы патыліцы, фермеры, адзін за другім, паступова адыходзілі ад прыгажунь і пачыналі прыцэньвацца да іншых жанчын расстаўленых у зале, можа, і не такіх прыгожых, як гэтая пяцёрка, але куды больш звыклых з фермерскага пункту гледжання. Некалькі разявак яшчэ працягвалі таптацца каля прыгажунь, нібыта вагаючыся, але бачна было, што ваганне іх часовае. Яшчэ крыху і яны таксама павернуць у зваротным напрамку, тым больш, што выбар у зале існаваў вялікі і разнастайны.

Хутчэй за ўсё, сам О’Ніл таксама выбраў бы кагосьці з іншых жанчын… ну, хоць тую, першую, якая адразу ж прыцягнула ягоную ўвагу яшчэ ля ўваходу. Але тут да групы разявакаў наблізіўся яшчэ адзін пакупнік, таксама зусім незнаёмы О’Нілу. Гэта быў малады хлопец, нават вельмі малады, няскладны, хударлявы, да таго ж яшчэ і ў акулярах, што сярод фермераў было, наогул, вялікай рэдкасцю. Юнаку, напэўна, толькі нядаўна стукнула дваццаць гадоў і зараз ён прыйшоў сюды выбіраць сабе першую ў сваім жыцці жонку, таму усе разявакі (О’Ніл таксама) з цікаўнасцю за ім назіралі.

Не марудзячы, і хвіліны нават не раздумваючы, юнак хутка падыйшоў да прадстаўніка ФІРМЫ, падаў яму сваё пасведчанне разам з крэдыткай і паказаў рукой на самую крайнюю з пяцёркі. Адразу ж пасля гэтага ён кінуўся да дзяўчыны (жанчынай яе ніяк нельга было назваць, бо нават сярод маладых сваіх суседак яна выдзялялася занадта ўжо юным узростам), схапіў яе за руку, нібыта баючыся, што хтосьці іншы паквапіцца на будучую ягоную ўласнасць. Пасля гэтага ён сам застыў нерухома ў чаканні.

Чакаць юнаку прыйшлося нядоўга. Прадстаўнік ФІРМЫ вярнуў маладому фермеру ягонае пасведчанне, кіўнуў у знак згоды і, выцягнуўшы з кішэні пульт, навёў яго на нерухомую жаночую постаць.

Дзяўчына, да гэтага не падаваўшая нават прыметаў жыцця, адразу ж ажыла, заварушылася і хуценька саскочыла са сваёй падстаўкі, а малады фермер, так і не адпусціўшы ні на імгненне яе рукі, павёў дзяўчыну да выхаду. Але, убачыўшы вакол цікаўныя позіркі іншых пакупнікоў, ён зноў спыніўся і, сарваўшы плашч, таропка накінуў яго на аголеныя дзявочыя плечы. Дзівак нейкі, ды й годзе!

Выбар юнака нібыта паслужыў штуршком для астатніх пакупнікоў. Вось ўжо нейкі пажылы фермер забраў сабе другую жанчыну з пяцёркі… вось жанчын засталося усяго толькі дзве… і тады, не жадаючы заставацца ў дурнях, О’Ніл таропка схапіў за руку бліжэйшую да сябе жанчыну… і якраз своечасова…

Вось такім чынам і з’явілася ў гаспадарцы фермера гэтая рабочая жонка, і аж да сённяшняга дня О’Ніл аніводнага разу не пашкадаваў аб сваім выбару. Жонка задавальняла яго ва ўсіх адносінах… больш таго, цяпер ужо амаль усе суседзі адчайна зайздросцілі О’Нілу. Тыдня не праходзіла без таго, каб, то адзін, то другі з іх не звярталіся з прапановай прадаць альбо абмяняць прыгажуню з вялікай нават даплатай. І ўсякі раз О’Ніл пасылаў іх усіх куды падалей.

Ён настолькі ганарыўся пятай сваёй жонкай, што нават пачаў адчуваць да яе нейкую сімпатыю, ці штосьці, вельмі падобнае на сімпатыю. Зразумела, гэтыя пачуцці О’Ніла не йшлі ні ў якое параўнанне з тым, што адчуваў ён калісьці да другой сваёй жонкі, хоць тая і не была такой прыгожай… але тут справа была не ў жанчыне — справа была ў самім О’Ніле… у, змяніўшымся да горшага, ягоным характары. Ды і гады давалі сваё, што ні кажы…

Але, нягледзячы ні на гады, ні на характар, гэтую, апошнюю сваю жонку ён таксама амаль не чапаў. Так, зрэдку… і больш для прафілактыкі. Ды і што гэта было за біццё: пара-другая аплявух… не ідзе ні ў якое параўнанне з тым смяротным боем, які давялося калісьці вынесці чацвёртай ягонай жонцы.

І вось цяпер гэтая дрэнь заявіла, што калісьці жыла ў палацы!

О’Ніл задуменна паглядзеў у бок дома. Там, на кухні, у лужыне ўласнай крыві ляжала зараз ягоная рабочая жонка. Жывая… ён шчыра спадзяваўся на гэта…

Насупіўшы бровы, фермер незадаволена пацёр кулак правай рукі далонню левай.

Здаецца, ён і сапраўды абыйшоўся з жонкай занадта жорстка. Хіба ж яна вінаватая ў тым, што складаная сістэма блакіроўкі памяці нечакана парушылася і дала збой! У першую чаргу тут вінаватыя, зразумела ж, самі аператары ФІРМЫ, чорт бы іх пабраў! Калі-нікалі, збоі ўсё ж здараліся… знаёмы аператар неяк папярэджваў яго аб такой магчымасці, даволі рэдкай, праўда.

І вось, трэба ж было такому здарыцца, што гэта адбылося менавіта з ягонай жонкай!

Бяды тут асаблівай не было, бо адказнасць за магчымы збой блакіроўкі ФІРМА заўсёды брала на сябе, як і, дарэчы, усе, без выключэнне, расходы на яе ўзнаўленне. ФІРМА нават магла ў такім выпадку памяняць жанчыну без усялякай нават даплаты… але гэта толькі ў тым выпадку, калі ён верне ім гэтую жанчыну… жывой.

Калі ж яна зараз памерла…

«Яна жывая! — падумаў О’Ніл, усхвалявана дыхаючы. — Яна павінна быць жывой… я не так ужо і моцна яе пабіў!»

Так ці інакш, з рабочай жонкай О’Ніла узніклі раптам нечаканыя і даволі сур’ёзныя праблемы, настолькі сур’ёзныя, што займацца імі павінна была сама ФІРМА, і ніхто акрамя ФІРМЫ. Зразумеўшы гэта, фермер вырашыў сёння ж, не адкладваючы справы ў доўгую скрыню, наведацца ў бліжэйшае яе аддзяленне, якраз тое, дзе і купіў ён гэтую прыгажуню амаль год таму.

Зайшоўшы ў дом пераапрануцца і захапіць усе неабходныя паперы, О’Ніл не ўстрымаўся, каб у самы апошні момант не зазірнуць на кухню.

Рабочая жонка, уся скрываўленая, у разадраным адзенні, тым не менш, ужо не ляжала непрытомна на падлозе. Яна стаяла каля стала, абапіраючыся на яго аберуч, і ў О’Ніла адразу ж адлягло ад сэрца — жывая!

Пачуўшы за спіной цяжкія крокі мужа, жанчына павярнулася ў ягоны бок і нейкі час моўчкі глядзела О’Нілу прама ў вочы. Дзіўны быў зараз у яе позірк, зусім незнаёмы… і наогул, рабочыя жонкі не павінны так глядзець…

— Апусці вочы! — на імгненне зноў губляючы над сабой усялякі кантроль, зароў О’Ніл, рукі ягоныя міжволі сціснуліся ў кулакі. — Мала табе, дрэнь?!

Ён ужо зрабіў нават першы крок у напрамку да жонкі, але, заўважыўшы на падлозе шматлікія плямы крыві, адразу ж спыніўся, апамятаўшыся. Імгненны гнеў фермера ўжо згас, тым больш, што жонка паслухмяна апусціла галаву.

— Прыбяры тут! — буркнуў О’Ніл, стараючыся не глядзець ні на жонку, ні на крывавыя плямы на падлозе. — І сябе прывядзі ў парадак! Потым займіся гаспадаркай… я паеду па справах!

Праз некалькі хвілін электракар фермера ўжо накіроўваўся да масіўных металічных варотаў, якія адразу ж бязгучна рассунуліся, прапускаючы машыну, і зноў, гэтак жа бязгучна, сыйшліся за спіной фермера. Увёўшы ў блок кіравання ўсе неабходныя маршрутныя дадзеныя, О’Ніл адкінуўся на сядзенні і стомлена заплюшчыў вочы.

Ну і раніца ж выпала яму сёння!

 

Глава 2

Скін Скрайф заўсёды лічыў сябе няўдачнікам. Ды ён і быў няўдачнікам, калі казаць шчыра, усё жыццё яму неяк не шанцавала…

Да прыкладу, усе тыя, каго разам з ім яшчэ ў навігатарскай школе запрыкмеціла і ўзяла да сябе на службу ФІРМА, на здзіўленне хутка і паспяхова пераадольвалі адну за другой хісткія прыступкі службовай лесвіцы і паспелі зрабіць ужо даволі паспяховую кар’еру. Той-сёй з іх працаваў зараз у цэнтральным апараце ФІРМЫ, другія змаглі выбіцца ў рэзідэнты на той ці іншай планеце. Зразумела ж, на адной з тых планет, якія, альбо належылі ФІРМЕ, альбо цалком і поўнасцю ад яе залежылі, і рэзідэнт ФІРМЫ быў там, без усялякага перабольшвання, другой па значнасці асобай пасля УСЯВЫШНЯГА.

Аграполіс быў адной з такіх планет, але цяперашняя пасада Скрайфа была далёка не рэзідэнскай. Ён быў усяго толькі загадчыкам аднаго з аддзяленняў ФІРМЫ на Аграполісе, а іх, такіх аддзяленняў, было тут, на планеце, каля тысячы, дакладней, дзевяцьсот восемьдзясят тры.

Вядома ж, для мясцовых фермераў — а планета Аграполіс была населена ў пераважнай сваёй большасці менавіта фермерамі — загадчык аддзялення быў значнай фігурай. Як, дарэчы, і для сваіх уласных падначаленых: трыццаці двух супрацоўнікаў ФІРМЫ самых розных рангаў плюс дваццаці пяці ахоўнікаў, якія, праўда, мелі свайго ўласнага начальніка, а ён, начальнік гэты, непасрэдна загадчыку аддзялення не падпарадкоўваўся. Так што, пасада Скрайфа была, з аднаго боку, даволі значная, з другога ж — такіх загадчыкаў, як і ён, было на планеце яшчэ дзевяцьсот восемьдзесят два, і ўсе яны ў аднолькавай ступені залежылі ад рэзідэнта.

Па злой іроніі лёсу рэзідэнтам Аграполіса быў былы аднакурснік Скіна па навігацыйнай школе, Том Ліўскі. Гэта ён, выпадкова сустрэўшы тры гады таму Скрайфа, прапанаваў яму гэтую пасаду на Аграполісе. Скрайф, які ўжо амаль страціў усялякую надзею хоць чаго-небудзь дабіцца ў жыцці, ухапіўся за гэтую прапанову, як за апошнюю выратавальную саломіну. Ён быў вельмі ўдзячны тады былому свайму сябру… зрэшты, вельмі блізкімі сябрамі яны ніколі не былі. Так, знаёмымі…

У той далёкі час кадэт Том Ліўскі адчайна зайздосціў кадэту Скіну Скрайфу, як і пераважная большасць іх аднакурснікаў, дарэчы. Скіну прадказвалі вялікую будучыню… ды ён і сам амаль што паверыў у гэта тады.

Скін уздыхнуў і, адарваўшыся, нарэшце, і ад справаздачаў, і ад горкіх сваіх успамінаў, узняў галаву. Ён паглядзеў на фермера, які гарой узвышаўся перад ім. Фермер усё яшчэ азіраўся вакол, у марных пошуках крэсла. Ці, хаця б, табурэткі…

«Пастаіш! — з нейкай амаль непрытоеннай зласлівасцю падумалася Скіну. — Не разумею, чаму з кожнай дробяззю трэба абавязкова перціся да мяне?! Як быццам няма намесніка… дзяжурных няма, у рэшце рэшт!»

— Дык вы кажаце, пачала ўспамінаць… — Скін зноў кінуў касы позірк на шматлікія дакументы, якія ў поўным беспарадку ляжалі зараз перад ім і загруджвалі сабой значную частку стала. Дакументаў было шмат, вельмі нават шмат… трэба будзе неяк сабрацца з духам і прывесці іх усё ж у належны парадак… — І што ж такога яна ўспомніла, містэр… містэр…

Ён зноўку забыўся прозвішча наведвальніка.

Фермер даволі няўклюдна пераступіў з нагі на нагу.

— Яна заявіла, што жыла калісьці ў палацы! — буркнуў ён, не зусім ахвотна.

— У палацы?! — рыжаватыя бровы Скрайфа ўзляцелі высока ўверх. — Цікава, цікава! У палацы, кажаце?

Нічога не адказваючы, фермер толькі моўчкі паціснуў шырокімі плячамі. Бачна было, што ўсё гэта яму зусім нават не цікава. Як яго там… О’Ніл, здаецца?

— Скажыце, містэр О’Ніл… — Скрайф змоўк, у які раз ужо акінуў незадаволеным позіркам папяровы вэрхал на стале, — спадзяюся, вы не вельмі жорстка абыйшліся са сваёй жонкай за гэты… — ён зноў змоўк, падбіраючы патрэбныя словы, — за гэтыя, скажам так, абставіны, якія ад яе зусім нават не залежылі… дакладней, залежылі, але…

Канчаткова заблытаўшыся ў сваіх разважаннях, Скрайф заўважыў здзіўлена-недаўменны выраз твару О’Ніла і паспяшаўся дадаць:

— Справа ў тым, што любое пакаранне… любы фізічны боль, я маю на ўвазе, толькі пагаршае сітуацыю ў такі момант…

Фермер крыху сумеўся, нерашуча пераступіў з нагі на нагу.

— Магчыма, я ўсё ж… — ён змоўк, далонню, якая была, пэўна, разы ў два шырэйшай за далонь Скрайфа, палез у патыліцу. — Магчыма, крыху я…

«Крыху! — Скін вылаяўся ў думках. — Ды ты збіў яе на горкі яблык, дубалом!»

Дадаўшы — таксама ў думках, зразумела — яшчэ дзве-тры кароткія фразы, яскрава характэрызуючыя фермера, Скрайф націснуў крайнюю правую клавішу селектарнай сувязі. Адразу ж успыхнуў экран аднаго з манітораў, асвяціўшы заспаную фізіяномію дзяжурнага дыспетчара. Дзяжурны быў з новенькіх і таму, пэўна, не адразу скеміў, хто глядзіць на яго зараз з экрана. Некалькі імгненняў дыспетчар толькі недаўменна лыпаў вачыма, затым да яго, нарэшце, дайшло…

— Дзяжурны па тэрыторыі, малодшы супрацоўнік Залеўскі! — адрапартаваў ён, імгненна ўскочыўшы з месца і выцягнуўшыся так, што, здаецца, дакраніся і ён адразу ж зазвініць нібыта тая струна. — За час майго дзяжурства…

— Вольна, Залеўскі! — сказаў Скін, адкідваючыся ў крэсле і з задавальненнем разглядваючы спалоханы твар дыспетчара. — Скажы, якая з дзяжурных рамотных брыгад зараз на месцы? Хоць адна з іх ёсць на базе?

— Ніяк не! — дзяжурны ўсё яшчэ стаяў навыцяжку. — Усе тры на тэрміновых выкліках! Будуць не раней, чым праз гадзіну-дзве! А што здарылася? — у голасе дзяжурнага прагучалі адначасова ўстрывожаныя і цікаўныя ноткі. — Што-небудзь сур’ёзнае, містэр Скрайф?

— Сур’ёзнае? — Скін пабарабаніў пальцамі па стале, скоса зірнуў на нерухомую фігуру О’Ніла. — Ды не, не думаю, каб гэта было занадта ўжо сур’ёзна… Зараз да цябе падыйдзе адзін наш пакупнік, містэр О’Ніл… — ён зноў кінуў хуткі погляд на фермера. — Возьмеш у яго ўсе дадзеныя, запішаш каардынаты, і як толькі якая-небудзь з брыгад вызваліцца — накіруеш яе туды. Усё зразумела?

— Усё зразумела! — дзяжурны яшчэ больш выцягнуўся, хоць больш, здавалася б, ужо немагчыма фізічна. — Будзе выканана!

Скрайф шчоўкнуў клавішай і манітор патух. Фермер яшчэ нейкі час таптаўся на месцы, як бы жадаючы і далей працягнуць размову, але Скрайф быў ужо сыты ім па горла. Ветліва ўсміхаючыся, ён узняўся з-за стала, паказваючы гэтым, што аўдыенцыя закончана.

- Ідзіце да дзяжурнага, — сказаў ён, махнуўшы рукой у напрамку да дзвярэй. — Там вам усё растлумачаць.

Дачакаўшыся, калі за фермерам зачыніліся, нарэшце, дзверы, Скін зноў апусціўся на ранейшае месца, аж знемагаючы ад нецярпення. Левая ягоная рука звычна нырнула пад стол, навобмацак адшукала там маленькую, ледзь прыкметную кнопку, націснула яе. Высунулася патаемная шуфлядка і Скін прагна выхапіў адтуль пляскатую шкляную бутэльку больш чым напалову запоўненую нейкай залаціста-празрыстай вадкасцю. Падазронна зірнуўшы на дзверы, Скін паднёс бутэльку да засмяглых вуснаў, зрабіў першы працяглы глыток…

Калі Скін зноўку схаваў бутэльку ў шуфлядку стала, вадкасці там засталося не больш чвэрці. Ён пасядзеў крыху, прыслухоўваючыся да ўнутраных сваіх адчуванняў, потым уздыхнуў, устаў і выйшаў у прыёмную. Сакратар, малады хлопец, апрануты ў новенькую і крыху велікаватую яму ўніформу, ускочыў з-за стала і вінавата паглядзеў на шэфа.

— Яшчэ раз пусціш да мяне аднаго з гэтых… — Скрайф змоўк, стараючыся падабраць найбольш падыходзячыя словы, але так і не падабраў аніводнага. — Карацей, пусціш яшчэ — лічы сябе звольненым! Зразумеў?

Сакратар вінавата кіўнуў і пачырванеў.

— Пасылай іх да Холіна, калі ўжо дзяжурны дыспетчар ім, чамусьці, не падыходзіць!

— Я паслаў яго да Холіна, — сказаў сакратар. — Я нават праводзіў яго туды…

- І што? — Скрайф адчуў раптам, як напруглася ўсё знутры. — Што сказаў Холін?

Ён сам добра ведаў ужо, што сказаў Холін… не трэба было пытацца аб гэтым у сакратара.

— Холін сказаў… — голас сакратара гучаў па-ранейшаму вінавата, — ён сказаў, што ў яго зараз вельмі шмат спраў…

— Вось як? — Скрайф адчуў раптам, што шчокі ягоныя таксама пачынаюць чырванець. (гэтага яшчэ не хапала!). — Вось як? — паўтарыў ён, стараючыся не глядзець на сакратара — Калі хто мяне будзе пытацца — я ў намесніка!

Сакратар зноў кіўнуў вінавата, але Скрайф ужо, не глядзячы на яго, выходзіў з прыёмнай. У калідоры ён спыніўся і нейкі час стаяў так, моўчкі і нерухома, не зводзячы цяжкага позірку з дзвярэй насупраць.

Гэтыя дзверы куды больш падыходзілі для кабінета загадчыка аддзяленнем, чым ягоныя ўласныя. І таблічка золатам, дзе слова «намеснік» амаль гублялася дзесьці зверху, а цэнтральнае слова «загадчыка», наадварот, было занадта вялікім і адразу ж выдзялялася на суцэльна-чорным фоне дзвярэй. «Нядзіўна, што ўсе яны бягуць, у першую чаргу, у мой кабінет! — мільганула ў галаве Скрайфа. — Холін — вось хто сапраўдны загадчык аддзялення! Холін, а не я!»

Ён націснуў цяжкую бронзавую ручку дзвярэй і ўвайшоў у прыёмную.

У прыёмнай Холіна сядзела ягоная сакратарка… яна ж — рабочая жонка Холіна. Убачыўшы Скрайфа, жанчына штосьці хуценька і амаль неразборліва прагаварыла ў селектр, але нават не падумала ўстаць. Так было заўсёды, і Скін даўно ўжо махнуў на гэта рукой. Урэшце, жанчына гэтая — не супрацоўніца ФІРМЫ, заробка яна тут не атрымлівае, непасрэдна Скрайфу не падпарадкоўваецца. Яна была ўласнасцю Холіна… ну, а тое, што Холін сам адмовіўся ад сакратара — ягоная асабістая справа! Сама ж ФІРМА толькі выйграла фінансава ад такой замены…

— Прывітанне! — сказаў Скрайф, уваходзячы ў вялізны, шыкоўны кабінет свайго намесніка і апускаючыся ў крэсла для наведвальнікаў. — Чым займаешся?

— Ды так… — Холін адсунуў убок нейкія паперы, ляніва паглядзеў на Скіна паверх акуляраў. — Нічога сур’ёзнага. А ў цябе?

Холін заўсёды называў свайго непасрэднага начальніка на «ты», і Скіну нічога не заставалася, як толькі адказваць яму тым жа. Праўда, рабілі яны гэта толькі пры асабістых зносінах, без пабочных асоб.

— Памятаеш апошнюю буйную партыю жанчын? — спытаў Скрайф. — Колькі іх тады нам даслалі? Больш за пяцьдзесят, здаецца…

— Пяцьдзесят сем, — сказаў Холін без затрымкі. — І ўсе былі рэалізаваны за першыя тры дні, акрамя адной, на якую, чамусьці, так і не знайшлося пакупніка…

«І якую ты ўзяў сабе, лічы, што бясплатна! — міжволі падумалася Скрайфу. — Трэба ж так апусціцца! Хоць… невядома, як буду выглядаць я, калі пратырчу тут хоць палову таго тэрміна, што Холін?..»

Ён успомніў раптам, якой кіслай была фізіяномія Холіна, калі яны сустрэліся ўпершыню. Мабыць, ягоны цяперашні намеснік спаў і бачыў ужо менавіта сябе загадчыкам аддзялення. І, калі шчыра, паставы для гэтага спадзявання ў яго меліся, і былі яны куды больш важкімі, чым у Скіна, але…

Усю справу вырашыла тое, што Скін вучыўся калісьці разам з Томам Ліўскі і нават крыху сябраваў з ім у тыя далёкія часы.

— А чаму раптам ты зацікавіўся менавіта гэтай партыяй? — спытаў Холін, вяртаючы думкі Скрайфа з нябёсаў, дзе яны толькі што луналі, зноў на грэшную зямлю. — Здарылася што?

Скрайф паціснуў плячамі.

— Ды не, нічога звышасаблівага! Проста сёння раніцай да адной з жанчын гэтай партыі пачала вяртацца памяць…

— Гэта бывае! — Холін глядзеў на загадчыка спакойна і нават добразычліва, але і ў поглядзе ягоным, і ў тоне, якім ён размаўляў са Скінам, адчуваліся, як і заўсёды, дрэнна прыхаваныя ноткі ўласнай сваёй перавагі, пагарды нават… — Я думаю, не трэба занадта хвалявацца з-за гэткай дробязі. Проста паведаміць дзяжурным… яны ведаюць, што рабіць у падобных выпадках…

«Навошта я прыпёрся да яго зараз? — стомлена падумалася Скіну. — Што я, наогул, хачу высветліць, чаму мяне так закранула гэтая гісторыя? Ну, пачала ўспамінаць… не яна першая, не яна апошняя! Дзяжурная брыгада за паўгадзіны прывядзе яе ў парадак, калі гэта можна назваць парадкам! А Холін… вось ён глядзіць на мяне зараз і пэўна ж ягоны доўгі, звышадчувальны нос, якім ён так ганарыцца, пачуў пах… ён, вядома ж, нічога не скажа мне, тым больш, нічога не скажа падначаленым… ён, наогул, ніколі не апускаецца да пустых размоў з імі, у адрозненні ад мяне. Але ён так рады любому выпадку хоць у чымсьці прынізіць мяне, выявіць маю поўную, як кажуць, прафесійную некампетэнтнасць. Што ж, магчыма, ён і мае рацыю!

— Гэта ўсё? — падкрэслена ветліва спытаў Холін, зноў падсоўваючы да сябе паперы. — Прабач, але я планаваў сёння праверыць наш месячны баланс, бо хутка канец квартала…

— Я памятаю! — буркнуў Скрайф, устаючы. — Я зараз пайду! Проста… справа ў тым, што гэтая жанчына… яна заявіла раптам мужу, што калісьці жыла ў палацы…

Ён чамусьці падумаў, што гэтае ягонае паведамленне зацікавіць Холіна… і сапраўды, Холін, на хвілінку адарваўшыся ад сваіх папер, зноў узняў галаву.

— Вось нават як? — прагаварыў ён абыякава. — Магчыма і жыла! Што з гэтага?

І, нават не чакаючы адказу, ягоны доўгі чырванаваты нос зноў уткнуўся ў паперы.

— Пачакай! — павольна прагаварыў Скрайф, зноў апускаючыся ў крэсла. — Тады мне не зусім зразумела адна рэч! Хіба сярод жанчын, якіх нам пастаўляюць… — запнуўшыся, ён змоўк на імгненне. — Я хацеў сказаць, што заўсёды думаў, што наш «тавар» набываецца на адсталых, бедных планетах, сярод сацыяльных нізоў грамадства…

— У асноўным, так яно і ёсць! — і зноў слых Скрайфа разанула кепска прыхаваная нотка паблажлівасці, пагарды нават у роўным, размераным тоне субяседніка. — ФІРМА мае ўстойлівыя кантакты са сваімі агентамі на такіх планетах і цалком легальна набывае там пераважную большасць жанчын. Але… — Холін ледзь чутна хмыкнуў, - бізнес ёсць бізнес…

— Не зразумеў!

Холін уважліва паглядзеў на Скрайфа. Уважліва і некалькі недаўменна.

— А што тут разумець! — буркнуў ён. — Частку «тавара» нам пастаўляюць піраты, і, прытым, вельмі танна. Згадзіся, сярод такога «грузу» можна сустрэць каго заўгодна!

— Нават прынцэсу? — спытаў Скін.

Холін паціснуў плячамі.

— Прычым тут прынцэса? У палацах жывуць не толькі прынцэсы! Прыслугі там, згадзіся, куды больш, чым непасрэдна саміх прынцэс!

Ён змоўк, паказваючы ўсім сваім выглядам, што размова скончана. Але Скрайф усё яшчэ заставаўся сядзець.

Нельга сказаць, што ён упершыню пачуў аб цесных сувязях ФІРМЫ з піратамі… гэта, прынамсі, не было сакрэтам ні для каго з супрацоўнікаў ФІРМЫ, пачынаючы з вышэйшых кіраўнікоў і закончваючы самым ніжэйшым клеркам. Але адна справа — чуць пра гэта проста краем вуха ў сяброўскіх размовах з калегамі на вечарынцы альбо карпаратыўнай гулянцы… і зусім іншая — калі ўявіць, як яно бывае на самой справе…

Холін зноў адклаў свае паперы і ўздыхнуў.

— Ва ўсялякім разе, калі ты так жадаеш, я магу праглядзець поўную дакументацыю той партыі. Ты памятаеш нумар гэтай жанчыны.

Скрайф машынальна назваў нумар, які, у сваю чаргу, пачуў ад фермера. Потым ён устаў, зноў вярнуўся ў свой кабінет і, зачыніўшы дзверы, нецярпліва выцягнуў з патаемнай шуфлядкі поўную бутэльку з такім неабходным яму зараз напоем.

— Што мы робім?! — з горыччу шаптаў ён у рэдкіх прамежках паміж глыткамі. — Як можам мы рабіць такое?! Усе мы злачынцы… усе: і я, і Холін, і Том… і ўся наша занюханая ФІРМА! Усе мы злачынцы і няма нам даравання… нікому з нас… няма даравання… ніколі… ніколі…

 

Глава 3

Калі О’Ніл аддаваў апошнія загады сваёй збітай да крыві рабочай жонцы, у яго нават ценю сумнення не ўзнікала ў тым, што жанчына адразу ж пачне спраўна выконваць гэтыя загады мужа. Як жа інакш! Будзе выконваць старанна і добрасумленна, і выканае ўсё, што ад яе патрабуецца! Так было заўжды… для гэтага, урэшце рэшт, і прызначаліся рабочыя жонкі на Аграполісе!

Але на гэты раз фермер памыліўся.

Рабочая жонка О’Ніла не стала нічога прыбіраць на кухні… тым больш, не п

...