автордың кітабын онлайн тегін оқу Віленскія ўспаміны доктара Юльяна Цітыюса. З дадаткам Уладзіслава Талочкі
Цітыюс Юльян
Віленскія ўспаміны доктара Юльяна Цітыюса
З дадаткам Уладзіслава Талочкі
Шрифты предоставлены компанией «ПараТайп»
Переводчик Леанід Лаўрэш
Составитель Леанід Лаўрэш
© Цітыюс Юльян, 2025
© Леанід Лаўрэш, перевод, 2025
© Леанід Лаўрэш, составитель, 2025
Віленскія ўспаміны XIX ст. доктара Юльяна Цітыюса з дадаткам Уладзіслава Талочкі. У перавыданне кнігі дададзены артыкул Чэслава Янокўскага пра доктара Цітыюса.
Перакладчык і складальнік кнігі Леанід Лаўрэш.
ISBN 978-5-0064-8096-4
Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero
Оглавление
Пра доктара Юльяна Цітыюса
Доктар Юльян Цітыюс (1819–1898), сын віленскага рэстаратара Аўгуста Цітыюса (? –1839), быў у Вільні вельмі вядомай асобай. Працаваў ён у віленскіх шпіталях Савічы і св. Якуба, быў членам Віленскага дабрачыннага і Віленскага медыцынскага таварыстваў. З'яўляўся вядомым калекцыянерам. Пасля заканчэння Віленскай медыцынскай акадэміі Цітыюс вучыўся ў самых вядомых прафесараў у Празе, Лондане і Вене. Пасля вяртання ў Вільню ён ужываў самыя перадавыя метады лячэння, заслужыў давер, любоў і ўдзячнасць пацыентаў. Юльян Цітыюс лячыў не толькі заможных, але і бедных пацыентаў і не проста бясплатна, але нават часта сам матэрыяльна падтрымліваў іх.
Падаю мой пераклад артыкула Чэслава Янкоўскага пра Цітыюса.
Др. Цітыюс
Чэслаў Янкоўскі
Ад перакладчыка: У тэксце не згадваюцца ўспаміны доктара Цітыюса, падобна, ён пісаў іх тайна і не для ўсіх, але, здаецца, Янкоўскі часткова пераказвае ўспаміны доктара, якія, верагодна, праглядаў у рукапісе.
Па-сапраўднаму незвычайны юбілей святкаваўся ў гэтыя дні на рацэ Вілія. Можна сказаць, што гэта не «доктар Цітыюс» двойчы адзначыў паўвекавыя юбілеі 27 верасня 1890 і 12 верасня 1895 года — першы — сваёй медыцынскай кар'еры, другі — свайго членства ў віленскім Імператарскім лекарскім таварыстве, а сам горад адзначыў паўвекавы юбілей самага цёплага сяброўства, якое аб'яднала яго з гэтым высакародным, нястомным і невычэрпным чалавекам.
Др. Цітыюс! Якое працяглае і змястоўнае жыццё! Хто са старэйшых не ведаў яго, а хто з маладзейшых пра яго не чуў! Характэрная, незвычайная і заўсёды надзвычай сімпатычная постаць лекара-філантропа, цесна злучаная з дзесяцігоддзямі віленскай гісторыі, увесь час прысутнічае ў ёй, праходзіць праз усе сацыяльныя класы — ад самых вытанчаных салонаў і сфер, якія кіруюць лёсамі края, да шэрых натоўпаў беднякоў, якіх ён палюбіў усім сэрцам, якім прысвяціў сябе і якія і сёння горнуцца да яго, як да непаўторнага і неадменнага апекуна і абаронцы.
Сёння, не практыкуючы больш, ён пакінуў свае дзверы адчыненымі для натоўпу самых бедных, для гэтых «пацыентаў доктара Цітыюса», якія запаўняюць яго калідор, а часта і яго кабінет з хваробамі ў сваіх знясіленых целах і просьбамі на вуснах. І бадзёрая, маленькая, кволая постаць паўвекавога члена Дабрачыннага таварыства і прэзідэнта розных іншых дабрачынных супольнасцяў, жвава мітусіцца паміж гэтых пацыентаў, покуль не задаволіць усіх і кожнага. Усё змянілася вакол апошняга з жывых зараз выпускнікоў Віленскай медыцынска-хірургічнай акадэміі, якая існавала яшчэ дзесяць гадоў пасля медычнага факультэту Віленскага ўніверсітэта — засталіся нязменнымі толькі прылівы і адлівы пакут і нядолі на яго парозе…
Сёння заслужаны і спрактыкаваны лекар усё часцей застаецца ў цішы свайго кабінета, сапраўднага музея, напоўненага памяткамі доўгага і цікавага жыцця. Тут са сцяны на яго глядзіць са старанна выгравіраванага партрэта адзін з заслужаных продкаў віленскага самотніка — dominus Готліб Герхард Цітыюс, рэктар Ляйпцыгскай акадэміі ў канцы XVII стагоддзя. Пад рукой заўсёды знаходзяцца навуковыя працы Яна Цітыюса, рэктара гданьскіх школ у часы Сабескага, таго, хто сустрэў пераможцу пад Венай такім красамоўным і, як гістарычны дакумент цікавым, словам. Тут жа знаходзяцца ўспаміны яго дзеда Фрыдрыха, які прыехаў у Вільню з Саксоніі ў канцы XVIII стагоддзя, аднаго з заснавальнікаў Віленскага дабрачыннага таварыства, у якім яго ўнук потым адыграў такую ганаровую ролю. Тут, у каштоўных, бо старадаўні антыкварыят, сталах і шафах, ляжаць аўтографы Манюшкі, вершы Сыракомлі, лісты Лелявеля, лісты галоўных медыцынскіх аўтарытэтаў Еўропы, з якімі доктар Цітыюс меў цесныя стасункі, памятныя рэчы Крашэўскага і Каржанеўскага, калег па працы і самых блізкіх сяброў, любімых пацыентаў, сяброў, асоб, з якімі адбыліся незабыўныя, выпадковыя знаёмствы ці хвіліны радасці пасля дзён суму… І паўсюдна пануе парадак, саксонская чысціня і наша сардэчнасць разам са старадаўняй гасціннасцю высакароднага гаспадара.
Каля вокнаў кусты, зеляніна якіх не зацемнена ніякім пылам. На стале перад намі свежыя альпійскія фіялкі ў вазоне сярод стосаў пажоўклай паперы і старасвецкіх тэчак, яны квітнеюць як сімвал невылечнага рамантыка, якім доктар Цітыюс застаецца і сёння. Божа мой, ці ж гэты студэнт Шонлайна ў Берліне, Тота ў Лондане, Апольцара ў Празе і Пірагова ў Санкт-Пецярбургу, не дэкламаваў вершы Міцкевіча на гары Біруты ў 1846 годзе разам з… пані Марыляй Путкамероўнай! (У Путкамераў не было дачкі з імем Марыля, пэўна гэта была ці Караліна ці Зоф'я з Путкамераў. — Л. Л.). І ці не дзіўна, што столькі жаночых вобразаў засталося ў памяці доктара і пачуцці да іх яшчэ не згаслі ў ім?
І самыя даўнія ўспаміны гаспадара звязаны з Антокалем. Там, у гэтым знакамітым прадмесці, у віле, ці па-старому «ў двары» «Тывалі», нарадзіўся др. Юльян Цітыюс. Тут ён правёў сваё дзяцінства пад пільным вокам любай маці. Антоні Гарэцкі быў частым госцем, і там жа сённяшні юбіляр пазнаёміўся з паэзіяй Міцкевіча па кнізе першага выдання, падоранага самім аўтарам пані Цітыюсавай.
— Памятаю, — аднойчы сказаў ён, — Як быццам гэта было ўчора, урачыстае святкаванне імянін Андрэя Снядэцкага. Гэта было… о так, гэта было ў 1837 годзе. Зал клінікі ўвесь у кветках і сярод іх белы бюст імянінніка. Размаўлялі на лаціне, а потым Адам Пянкевіч, студэнт апошняга курса, палка прачытаў верш, які заканчваўся так:
Штодзень знікае старая сістэма,
Штодзень нас вучаць новай,
