Курган
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Курган

Янка Купала
Курган


I


Паміж пустак, балот беларускай зямлі,
На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай
Дрэмле памятка дзен, што ў нябыт[1] уцяклі, -
Ўдзірванелы[2] курган векавечны.

Дуб галлё распусціў каранасты над ім.
Сухазелле у грудзі ўпілося;
Вецер стогне над ім уздыханнем глухім, -
Аб мінуўшчыне ў жальбах галосе.

На купалле там птушка садзіцца, пяе,
У піліпаўку[3] воўк нема вые;
Сонца днём распускае там косы свае,
Ночкай зоры глядзяць залатыя.

Хмары неба ўсцілалі мо тысячу раз,
Перуны білі з краю да краю, -
Ён стаіць - гэта памяць людская, паказ...
Толькі гутарка ходзіць такая.


II


На гары на крутой, на абвітай ракой,
Лет назад таму сотня ці болей,
Белы хорам стаяў, недаступнай сцяной
Грозна, думна[4] глядзеў на прыволле.

У нагах у яго рассцілаўся абшар[5]
Хвоек гонкіх і пахані чорнай,
Сонных вёсак шары[6], хат амшалых[7], як мар,
Хат з сям'ёй душ падданых, пакорных.

Князь у хораме жыў, слаўны свету ўсяму,
Недаступны і грозны, як хорам;
Хто хацеў, не хацеў - біў наклоны яму,
Спуску, ласкі не знаў непакорам.

Зневажаў, катаваў ён з дружынай сваёй;
Стражы князевы - ў полі і дома,
Толькі модлы[8] раслі небу ў сэрцах людзей,
І пракляцце расло пакрыёма[9].


III


Раз бяседа[10] вялікая ў князя была:
На пасад дачку княжну садзілі[11]:
За сталом він заморскіх крыніца цякла,
Бегла музыка ўкруг на паўмілі.

На вяселле-разгул наплыло, як на сход,
Госці знатных зусюль, за паўсвету,
Гэткай гучнай бяседы не номніў народ,
Гэткіх скарбаў, брыльянтаў[12], саетаў[13]!..

Дзень, другі ўжо грымела у князя гульня,
І музыкі, і чаркі звінелі;
Выдумлялі забаў новых кожнага дня;
Што хацелі - ўсяго госці мелі.

Ажно трэцяга дня князь прыдумаў адну
Для дружыны пацеху-забаву:
Загадаў ён пазваць гусляра[14]-старыну,
Гусляра з яго ведамай славай.


IV


Акалічны народ гуслі знаў гусляра;
Песня-дума за сэрца хапала;
Вакол гэтай думы дудара-званара
Казак дзіўных злажылась нямала.

Кажуць, толькі як выйдзе і ўдарыць як ён
Па струнах з неадступнаю песняй, -
Сон злятае з павек, болю цішыцца стогн,
Не шумяць ясакары[15], чарэсні;

Пушча-лес не шуміць, белка, лось не бяжыць,
Салавей-птушка ў той час сціхае;
Паміж вольхаў рака, як штодзень, не бурліць,
Паплаўкі рыба-плотка хавае.

Прытаіцца да моху русалка, лясун,
Каня[16] вечнага «піць» не заводзіць:
Пад звон-песню жывучых гусляравых струн
Для ўсіх папараць-кветка ўзыходзіць.


V


Прывяла гусляра з яго ніўных сяліб
Дворня князева ў хорам багаты:
Пасадзіла на ганку, між клёнаў і ліп,
На цагляным парозе магната[17].

Невыдумная світка[18] - убор на плячах,
Барада, як снег белы - такая,
Незвычайны агонь у задумных вачах,
На каленях ляглі гуслі-баі.

Водзіць пальцам худым па сталёвых струнах,
К песні-музыцы ладзіцца, строе;
Водклік б'ецца ад струн па сцюдзеных сцянах,
Заміраючы ў сховах пакояў.

Вось настроіў, навёў тон у струнах як след,
Не зірнуўшы на гулі ні разу,
І сядзіць гэты сумны, як лунь[19], белы дзед,
І чакае ад князя прыказу.


VI


- Што ж маўчыш ты, гусляр, ніў, лясоў песнябай,
Славай хат маіх подданых слаўны?!
Нам сягоння зайграй, нам сваіх песень дай, -
Князь умее плаціць незвычайна!

Запяеш па душы, дасі ўцехі гасцям -
Поўны гуслі насыплю дукатаў[20];
Не пад мысль песня будзе каму-небудзь нам -
Канапляную возьмеш заплату;

Знаеш славу маю, знаеш сілу маю...
- Многа знаю і чуў аб табе я, -
І я сам, як і ты, так табе запяю...
- Ну, пара пачынаць, дабрадзею! -

Гэтак слухае, выслухаў князя гусляр,
Заіскрыліся вочы сівыя,
Патануў у скляпеннях адзін, другі ўдар,
І заплакалі струны жывыя.


VII


«Гэй ты, князь! Гэй, праслаўны на цэлы бел свет,
Не такую задумаў ты думу, -
Не дае гуслярам сказу золата цвет,
Белых хорамаў п'яныя шумы.

Скурганіў[21] бы душу чырванцом тваім я;
Гуслям, княжа, не пішуць законаў:
Небу справу здае сэрца, думка мая,
Сонцу, зорам, арлам толькі роўна.

Бачыш, княжа, загоны, лясы, сенажаць, -
Ім пакорны я толькі з гуслямі,
Сілен, княжа, караць, галаву сілен зняць, -
Не скуеш толькі дум ланцугамі.

Славен, грозен і ты, і твой хорам-астрог,
Б'е ад сцен-цэгел лёдам зімовым;
Сэрца маеш, як гэты цагляны парог,
І душу - як скляпоў гэтых сховы.


VIII


Глянь ты, слаўны ўладар, па палеткі свае:
Сарачні[22] там сох бачыш, як блудзе;
А ці чуў ты, аб чым там араты пяе,
Дзе і як жывуць гэтыя людзі?

Глянь у лёхі[23] свае, ў падзямеллі глянь, князь,
Што настроіў пад хорамам гэтым:
Брацці корчацца там, табой кінуты ў гразь,
Чэрві точаць жывых іх, раздзетых.

Ты ўсё золатам хочаш прыцьміць, загаціць...
Ці ж прыгледзеўся, хорамны княжа?
Кроў на золаце гэтым людская блішчыць,
Кроў, якой і твая моц не змажа.

Ты брыльянтамі ўсыпаў атласы і шоўк -
Гэта цертая сталь ад кайданаў,
Гэта вісельні петляў развіты шнурок,
Гэта, княжа, твае саматканы.


IX


Стол ты ўставіў ядой, косцей шмат пад сталом, -
Гэта косці бядноты рабочай;
Пацяшаешся белым, чырвоным віном, -
Гэта слезы нядолі сірочай.

Хорам выстраіў ты, твайму воку так міл,
Адшліфованы цэгла і камень, -
Гэта - памяткі-пліты з няўчасных магіл,
Гэта - сэрцаў скамененых пламень.

Люба чуці табе скочнай музыкі звон:
Ты, дружына п'яце асалоду, -
А ці ўслухаўся ты, як плыве з яе стогн,
Стогн пракляцця табе, твайму роду?!

Ты збялеў, ты дрыжыш, слаўны княжа-ўладар!
Госці хмурны, а дворня знямела...
Ну, што, княжа? пара даць за песню мне дар!
Выбачай, калі спеў мо няўмела».


X


Князь стаіць, князь маўчыць, жуда, помста б'е з воч;
Гулі зглухлі: ні жартаў, ні смехаў...
Думаў князь, выдумляў, грымнуў шабляй наўзбоч,
Толькі з лескатам выбегла рэха.

- Гэй ты, сонцу раўня, не на тое пазваў
На вяселле цябе сваей княжны!..
Ты шалёны, стары! хто цябе дзе хаваў?
Ты, знаць, вырадак цемры сярмяжнай[24].

Ты адважыўся мне на сляпы перакор
Вызваняці сусветныя трэлі;
Платы маю шмат я для такіх непакор,
Хто сябе проці мне стаць асмеліў,

Я па-князеўску ўсім і плачу, і люблю!
Ты не хочаш дукатаў - не трэба!..
Узяці старца і гуслі жыўцом у зямлю!
Знае хай, хто тут пан: я - ці неба!


XI


Падхапілі, ўзялі гусляра-старыка.
Гуслі разам яго самагуды:
Па-над бераг круты, дзе шумела рака,
Павялі, паняслі на загубу.

Месца выбралі здатнае, вырылі дол,
Дол тры сажні[25] шырокі, глыбокі;
Закапалі, убілі асінавы кол,
Далі насып тры сажні высокі.

Не часалі дамоўкі[26] яму сталяры,
Не заплакалі бліжнія вочы;
Змоўклі гуслі і ен з той пары - да пары;
Сум і сціша залеглі, як ночай.

Толькі князеўскі хорам гудзеў, не маўчаў:
Шалы, музыка ў тахт рагаталі;
Не адну віна бочку князь кончыў, пачаў:
Шлюб-вяселле ўсе княжны гулялі.


XII


Пацяклі, паплылі за гадамі гады...
На гусляравым наспе жвіровым
Палыны узышлі, вырас дуб малады,
Зашумеў непанятлівым словам.

Лет за сотню звёў час, ці і болей мо лет,
Зацвілі пераказы ў народзе;
Кажуць людзі: ў год раз ночкай з гуслямі дзед
З кургана, як снег, белы выходзе.

Гуслі строіць свае, струны звонка звіняць.
Жменяй водзіць па іх абамлелай,
І ўсе нешта пяе, што жывым не паняць,
І на месяц глядзіць, як сам, белы.

Кажуць, каб хто калі зразумеў голас той,
Не зазнаў бы ніколі ўжо гора...
Можна тут веру даць, толькі слухаць душой...
Курганы шмат чаго нам гавораць.


1

У нябыт — у забыццё.

2

Удзірванелы — пакрыты дзірваном, густа зарослы травою.

3

Піліпаўка — час зімою, калі пачынаюцца моцныя маразы, завеі.

4

Думна — горда.

5

Абшар — прастор.

6

Сонных вёсак шары — нерухомыя цені нібы паснуўшых вёсак.

7

Амшалых — пакрытых мохам.

8

Модлы — малітвы.

9

Пакрыёма — употай.

10

Бяседа — застолле.

11

Садзіць на пасад — выдаваць замуж.

12

Брыльянт — каштоўны камень.

13

Саета — багатае адзенне з атласу і шоўку.

14

Гусляр — чалавек, які іграе на гуслях, музычным інструменце.

15

Ясакар — таполя.

16

Каня — балотная чайка, крык якой нагадвае гукі піць-піць-піць.

17

Магнат — памешчык, буйны землеўладальнік.

18

Світка — вопратка, пашытая з даматканага сукна.

19

Лунь — ястраб-мышалоў, у якога белае (светла-шэрае) апярэнне.

20

Дукат — старажытная манета, сярэбраная, пазней залатая.

21

Скурганіў — загубіў, умярцвіў.

22

Сарачні сох — сорак саракоў — вельмі многа.

23

Лёхі — склепы, падземныя памяшканні, сховішчы.

24

Цемра сярмяжная — зняважлівая клічка бедных, непісьменных сялян, якія насілі даматканыя сярмягі (світкі).

25

Сажань — старажытная мера даўжыні, роўная прыблізна 2 м 13 см.

26

Дамоўка — труна.