Баруны
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Баруны

Ігнат Ходзька

Баруны

Шрифты предоставлены компанией «ПараТайп»


Переводчик Леанід Лаўрэш





12+

Оглавление

Ад перакладчыка

Баруны — гэта старажытнае магдэбургскае мястэчка ў Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці. Сваім развіццём яно абавязана іконе Маці Божай, якая ўжо 330 гадоў шануецца як цудатворная, заснаванню базыльянскага манастыра і пабудове ўніяцкага храма. Сённяшнія Баруны — вёска з насельніцтвам 434 чалавекі (на 2019 год) і прыгожым будынкам касцёла ў цэнтры. Узведзены ў сярэдзіне XVIII ст. як уніяцкая царква, храм з’яўляецца шэдэўрам архітэктуры віленскага барока. Невялікае і звычайнае, на першы погляд, вясковае паселішча Баруны, якіх шмат у Беларусі. Але яно мае высокі гістарычны статус як значны культурна-рэлігійны асяродак з 400-гадовай адукацыйнай традыцыяй.


У Барунах — самая старажытная дзеючая школа краіны. Яе заснавалі ў 1617 г. манахі-базыльяне. У эпоху Асветніцтва гэта была адна з найлепшых школ на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. У ХІХ ст. яна праславілася сваімі выпускнікамі, якія пакінулі выдатны след у навуцы, культуры і грамадскім жыцці Беларусі, Літвы, Польшчы; займалі высокія пасады ў органах улады і царкоўнай іерархіі.

Вобраз Барунаў у 1879 г. увекавечыў мастак Напалеон Орда. Барунам і яго навучальнай установе прысвяцілі свае літаратурныя творы (мемуары, паэма) яе выпускнікі розных эпох — пісьменнікі і паэты Ігнат Ходзька, Антон Адынец (ХІХ ст.), Пятро Бі-тэль (ХХ ст.). З пачатку ХХІ ст. незвычайную цікавасць да гісторыі і спадчыны мястэчка праяўляюць даследчыкі.

Прапаноўваем вашай увазе беларускамоўны пераклад белетрызаваных успамінаў беларускага і польскага пісьменніка Ігната (Ігнацы) Ходзькі (1794–1861), выпускніка Барунскай базыльянскай школы пра сваё навучанне ў ёй у 1804–1810 г. Яго мемуары так і называюцца «Баруны».

Пераклад твораў аўтараў першай паловы XIX ст. мае свае асаблівасці. Нашы папярэднікі пісалі складанай, мудрагелістай мовай з доўгімі сказамі. Магчыма, яны нават і думалі трошкі інакш, чым мы сёння. Той, хто чытаў іх тэксты ў арыгінале, уяўляе гэту спецыфіку. Мой досвед перакладу найкаштоўнейшых тэкстаў той эпохі заключаецца ў імкненні захаваць залатую ся-рэдзіну — зрабіць тэкст блізкім для сучаснага чытача і адначасова перадаць аўтэнтычны аўтарскі стыль.

Пераклад успамінаў Ігната Ходзькі «Баруны» ажыццяўляецца на аснове вывучэння двух выданняў: 1908 і 1925 гадоў[1], якія маюць некаторыя розначытанні. Выданне 1925 года дапоўнена вялікай колькасцю тлумачэнняў слоў, ужо незразумелых чытачу XX стагоддзя. Гэту практыку я выкарыстоўваю і істотна пашыраю колькасць падрадковых тлумачэнняў, каб адаптаваць тэкст для сучаснага чытача.

Паколькі Ігнат Ходзька вучыўся ў базыльянскай школе і пісаў пра Барунскую ўніяцкую (грэка-каталіцкую) царкву, то я палічыў, што сэнс і дух яго цудоўнай працы лепш і больш дакладна перадасць пераклад слова «ксёндз», якое ўжывае аўтар, як «святар», а слова «касцёл» — як «царква».

Пераклад выкананы з нагоды каранацыі цудадзейнага абраза Божай Маці Барунскай, Суцяшальніцы Засмучаных.

Наша выданне мемуараў Ігната Ходзькі ажыццяўляецца ў двухсотую гадавіну іх першай публікацыі ў 1825 г.

Выданне мае дадатак — два даследчыя артыкулы. Спецыяліст па гісторыі Уніяцкай царквы Беларусі (1596–1839) Святлана Марозава ў артыкуле «Барунская базыльянская школа i яе выхаванцы», напісаным на багатай базе гістарычных крыніц, расказала пра школьнае жыццё ў мястэчку часоў Ігната Ходзькі і Антона Адынца. У артыкуле «Духоўна-культурная спадчына Барунаў і яе рэпрэзентацыя ў гістарычнай памяці сучаснай Беларусі» Сяргей Марозаў, які спецыялізуецца на даследаванні беларускай гістарычнай палітыкі, паказаў Баруны як знакавае «месца памяці» беларускага народа.


Леанід Лаўрэш, пісьменнік

 Пераклад паводле: Chodźko Ignacy. Boruny. Warszawa, 1908; Chodźko Ignacy. Boruny. Lwów-Warszawa-Kraków, 1925.

 Пераклад паводле: Chodźko Ignacy. Boruny. Warszawa, 1908; Chodźko Ignacy. Boruny. Lwów-Warszawa-Kraków, 1925.

Ігнат Ходзька. Б а р у н ы

Кніга прысвячаецца майму аднакласніку Антону Адынцу

Далятае да мяне гук далёкіх званоў,

Краіна вобраз Літвы мне ўзнаўляе,

Успамінаю гады дзяцінных сноў

І свае дзіцячыя малітвы прамаўляю![1]

Адынец. Разважанні ў Італіі.

 Dalekich dzwonów dźwięk mię dolata, Kraj przypomina obraz Litwy, Wspominam moje dziecinne lata, Mówię dziecinne moje modlitwy! Odyniec. Dumanie we Włoszech.

 Dalekich dzwonów dźwięk mię dolata, Kraj przypomina obraz Litwy, Wspominam moje dziecinne lata, Mówię dziecinne moje modlitwy! Odyniec. Dumanie we Włoszech.

І.

Пад апекай слыннай сваімі цудамі Маці Божай Барунскай штогод у школе раслі і вучыліся некалькі сотняў дзяцей. Бацькі з далёкіх і блізкіх ваколіц Ашмянаў, якія прывезлі і пакінулі тут сваіх сыноў, вялі іх да алтара Багародзіцы, са слязьмі прасілі Яе ласкі, ускладалі на галовы дзяцей сваё пяшчотнае дабраслаўленне, а потым вярталіся дадому з супакоеным сэрцам. Неаднойчы з апошняга ўзгорка за Барунамі, з якога быў бачны толькі крыж касцёла, заплаканая маці яшчэ раз выходзіла з брычкі і адпраўляла гарачыя малітвы туды, дзе пакінула самае дарагое, дзе пакінула душу сваёй душы. А вучань, разлучаны з маці, плакаў, стоячы на вуліцы, і глядзеў на дарогу, на якой знікла брычка і на якой сустракаліся іх узаемныя тужлівыя ўздыхі!

Ці бываў зараз хтосьці з маіх барунскіх калег у спустошаных[1] Барунах? Ах, напэўна ж, не. А ці глядзеў ён калісьці на сляды сваёй маладосці тут з такім жа пачуццём, як я? Ці з такім жа чароўным і сумным пачуццём ён падаў на калені перад тым самым абразом, перад якім калісьці па-чарзе кленчыў і я з іншымі? Ці адчуў ён душою гэтую вялікую розніцу ў часе і гэтую яшчэ большую розніцу паміж сваім юнацкім і старым сэрцам? Ці адчуваў ён глыбокі жаль да самога сябе, з якім чалавек бачыць сваё жыццё перад вачыма таго, хто яго дае, і з якім просіць яго прыхільнага позірку, як дзіця кліча да сябе маці, якая гадуе яго?

Баруны знаходзяцца ў лясной частцы Ашмянскага павета:

«Дзе было логава мядзведзя,

І дзе ласі пасуцца,

Там грэшнік жыве ежай нябеснай» і г. д.

— гаворыць старадаўняя песня, складзеная ў гонар цудоўнага Барунскага абраза. Напэўна, і сапраўды глухая была пушча ў той час тут, калі сціплыя законнікі св. Базыля выбралі тут для сябе такое бязлюднае месца. Пазней на гэтым месцы, ужо славутым ласкамі Дзевы Марыі, былі пабудаваны святыня і вялікі кляштар. Нарэшце пустыня ажыла з-за мноства дзяцей, якія кожную нядзелю спявалі тут пра гісторыю і славу гэтага месца.

З узбуджаным уяўленнем і гарачым сэрцам я выйшаў з царквы на рынак у Барунах, на які пад'ехаў адразу. Цудоўны летні вечар. Ужо цямнела і мне здавалася, што вось-вось з усіх дамоў, якія акружалі рынак, пасыплецца мноства вясёлых мальцаў і пачуюцца іх галасы. Пачуецца рытмічнае рэха ад удараў мяча аб вежы і сцены, якія атачаюць царкву, што святары-прафесары паціху выйдуць з кляштара і з імі нават сам дабрадзей святар-прэ-фект, што некаторы час яны з задавальненнем будуць глядзець на агульную мітусню, на гэты яркі вобраз весялосці, на мала-дзейшых і жвавейшых за іх і ў рэшце-рэшт не вытрымаюць, як не ўтрымалі яны свае годныя пасады і станы, але ў братэрскай роўнасці згуртуюцца і ад ўсяго сэрца пачнуць займацца нявіннымі студэнцкімі сваволямі! Колькі разоў, напрыклад, святар-фізік ці святар-красамоўца, закруціўшы габіт[2] ля чаравікаў, як лось, бег да фінішу або ўтыкаўся сваёй шырокаю далонню ў сцяну каб пацэліць скураным мячом, або з палкай на плячы замест карабіна муштраваў войска выбранцаў-рыцараў, узброеных так жа, як і ён!

Але мае абуджаныя падманам чаканні не вярнулі мінулага і не змянілі цяперашняй рэчаіснасці. Напаўразбураныя хаты не кішэлі дзецьмі, па могілках сунуўся пануры манах, па вуліцах цягнулася абарваная галата, на рынкавай плошчы, толькі перад капліцай, сядзела баба ў лахманах і сярод аглушальнай цішыні мармытала вячэрнюю малітву, якая адпавядала гэтаму вобразу няшчасця і жалобы. Можа гэта паўтаравекавая Радуцына, падумаў я — пострах і забава былых вучняў? Напэўна ж, не! Але, гэтая баба займае звычайнае і ўлюбёнае месца былой Радуцыны, чыя постаць, рысы і ўчынкі — той сапраўднай Радуцыны, зараз захапілі маё ўяўленне.

Гэта была сапраўдная Мегмярыліс[3] барунская: баба старая, але худая і высокая, часта напаўп’яная, часта напаўвар’ятка. Калі яна, шырока раскінуўшы лахманы, ішла па рынкавай плошчы з высока паднятай галавой, размахваючы чорным агузам[4] і спяваючы хрыплым голасам нейкую бязбожную песню, а дзеці збягалі перад ёй з дарогі і крычалі: «Чараўніца! Радуцына-чараўніца!». Але калі ўвечары яна ціха і сумна сядзела на сваім камені ля капліцы, прывабіўшы да сябе аднаго са сваіх смялейшых фаварытаў, і пачынала расказваць яму цікавую гісторыю пра прывід, які штоноч вылазіў вось з гэтага самага склепа з-пад царквы і адразу ішоў на могілкі, а потым зноў вяртаўся ў склеп, як яму потым адсеклі галаву, і ён больш не з’яўляўся. Як ляцела саранча, што аж сонца не было відаць, і на кожным яе крыльцы было напісана па-яўрэйску, што гэта Божая кара. Як была маравая чума і ўсе памерлі. Як потым муравалі гэтую царкву, і Радуцына падавала цэглу, і адзін з муляраў зваліўся з даху, але праз цуд Маці Божай Барунскай падняўся з зямлі жывы і здаравюткі. І як гэта ўсё было сто гадоў таму… Калі яна так расказвала, хутка збіралася ўсё большае і большае кола слухачоў, пра Радуцыну-чараўніцу забываліся, а беднай старой Радуцыне пакавалі ў чорную торбу і кішэні медзякі, пірагі і абаранкі.

— Дзякуй, Ясю! Дзякуй, Антосю, Леанардку, дзякуй вам, — казала яна. — Дайце мне свае лапкі, паваражу вам за гэта.

Адразу некалькі рук высоўвалася наперад і неспакойная цікавасць была бачна на тварах малых. Радуцына па-чарзе брала рукі, глядзела ў вочы і са злараднай усмешкай імправізавала прароцтва:

— Ты будзеш! Ах! Табе будзе добра на свеце! Ты будзеш эканомам. — Баба ведала, што гэта пан маршалковіч.

— Антось — эканом! Антось — эканом! — крычала ўся чарада, а маршалковіч апускаў нос да долу.

— А ты! Хоць ты цяпер і худы пахолак[5], шляхцюк з Паленікаў, але будзеш… генералам.

— Лявось — генерал! Віват! Лявось — генерал! — зноў крычаў і скакаў хор сведкаў гэтай сцэны.

— А я? А я? — крычалі яны ўсе разам, тоўпіліся адзін перад адным і наперад гвалтам працягвалі далоні.

— Ты! Ты будзеш спяваць імшу, свентаблівы Ясю!

— Віншуем цябе, брава! Свентаблівы, свентаблівы!

І Ясь не ведаў, радавацца яму ці плакаць над сваім лёсам!

— А ты, паніч! Табе ў суботу розгі, а ў нядзелю пірагі!

Радуцына нядаўна вярнулася з вандроўкі па ваколіцах. Усюды ў бацькоўскіх хатах барунскую бабу сустракалі ахвотна і ветліва, і таму яна ведала, што маці Тадэвушка будзе тут у нядзелю, яна ведала, што Тадэвушак, галоўны вісус, напэўна, не пазбегне суботняй кары. Раптам жанчына ўставала, грозна выпроствалася і хрыпла раўла:

— Упэўнены, багаты,

З золата, срэбра палаты,

І занадта дарагія шаты,

Меў аксаміт і пурпуры,

А ў мяне латы і дзюры[6].

Постаць, твар, голас і мятла пекара, на якую яна абаперлася, вярнулі Радуцыну-чараўніцу. Спалоханы натоўп у імгненне вока разбегся, і шмат хто з пераляканых зухаў не мог заснуць, бо яшчэ да поўначы панура і ціха неслася песня пра Лазара з-пад капліцы, як з магілы.

Дзённае святло згасла, неба ўсыпалася зоркамі, прыгожая і ціхая ноч дадавала маім думкам новай прывабнасці, і кожнае месца, кожны мой крок, усе залатыя імгненні майго дзяцінства аднаўляліся ў маёй памяці. Тады праз гумніскі і платы кожную зіму пралягаў небяспечны ледзяны акоп. Колькі снегу трэба было накапаць, каб як след падняць і ўмацаваць яго! Перад ім, на варце, як перад зачараваным палацам Амадыса[7], стаяў магутны волат: галава сфінкса з вачыма з двух чорных вуглёў, цела Бахуса і ногі Радоскага калоса. У руцэ ён трымае дубіну Геркулеса, і гора таму, хто дакранецца да яе! Кожны вечар, калі з-за вільготнага паветра было добра ляпіць снежкі і лядышкі, гэты акоп павінен быў вытрымаць моцныя штурмы. Рынак і Менская вуліца наступаюць на вуліцу Віленскую, з аднаго боку камандуе пан Лявон, нядаўна прызначаны Радуцынай генералам, з другога — пан Юстын, стары інфіміст[8], трохгадовы ветэран 1-га класа, хоць і не цвёрды ў доказах таго, што «розумам і мовай людзі адрозніваюцца ад жывёл», але добры гулец у карты, першы рыцар на слізгаўцы і самы адважны важак у снежкі.


З«явіліся ахвотнікі: адтуль і адгэтуль яны —

Адразу для забавы, потым для вайны»[9].


Град снежак лётае ў паветры, і хоць вечаровыя прыцемкі засланяюць бойку, аднак хаос, крыкі і агульная мітусня ўзмацняюцца. Пан Стэфан бачыць, што справа ідзе дрэнна, што пан Лявон топча яго войскі, як кавалерыст разбітую пяхоту, што большая частка яго войска коціцца па снезе, і падае каманду:

— Адступаць! За акоп, панове! За акоп!

Крычыць:

— Хто ведае, можа небяспечны вораг з’явіцца з боку кляштара!?

…І ў гэты момант усе ўбачылі з боку кляштара святло знаёмага ліхтара!

— Святар-прэфект! Святар-прэфект!

Гэтую засцярогу чуюць два бакі: бітва скончана, святло на-бліжаецца! І адразу град снежак і кавалкаў лёду паляцелі з абодвух бакоў у гэтую добра бачную цэль. І ўсе разбегліся! Паранены некалькі разоў, з разбітым ліхтаром, святар-прэфект знаходзіць толькі пустку. Пачынаецца праверка вучняў па ква-тэрах[10]. Марная спроба знайсці вінаватых. Мальцы ціха сядзяць за сталамі, хаваюць вушы, лыпаюць вачыма і голасна зубраць: «Былі такія, былі такія Анёлы, Анёлы, Анёлы, якія з Богам вая-валі»[11] і г. д.

 З «Амфітрыёну» Мальера.

 Вучні здымалі кватэры ў мястэчку.

 З царкоўнай гісторыі для першага класа.

 Вучань інфімы — першага класа. — Л. Л.

 Амадыс — герой фантастычнага іспанскага рыцарскага рамана, вельмі папулярнага ў XV–XVI ст.

 Pewny sobie bogaty, W złoto, srebro, szarłaty, I zbyt kosztowne szaty, Miał aksamit, purpury, A na mnie łaty, dziury! Песня пра святога Лазара.

 Пахолак — тарчатрымальнік ці зброяносец, у дадзеным выпадку — бедны чалавек. — Л. Л.

 Прыстасаванне для вымятання хлебнай печы.

 Мегмерыліс — постаць, вядомая з аднаго з раманаў шатландскага пісьменніка Вальтэра Скота (1771–1832).

 Звычайная вопратка манаха. — Л. Л.

 Школу ў Барунах зачынілі пасля паўстання 1831 г.

 Школу ў Барунах зачынілі пасля паўстання 1831 г.

 Звычайная вопратка манаха. — Л. Л.

 Мегмерыліс — постаць, вядомая з аднаго з раманаў шатландскага пісьменніка Вальтэра Скота (1771–1832).

 Прыстасаванне для вымятання хлебнай печы.

 Пахолак — тарчатрымальнік ці зброяносец, у дадзеным выпадку — бедны чалавек. — Л. Л.

 Pewny sobie bogaty, W złoto, srebro, szarłaty, I zbyt kosztowne szaty, Miał aksamit, purpury, A na mnie łaty, dziury! Песня пра святога Лазара.

 Амадыс — герой фантастычнага іспанскага рыцарскага рамана, вельмі папулярнага ў XV–XVI ст.

 Вучань інфімы — першага класа. — Л. Л.

 З «Амфітрыёну» Мальера.

 Вучні здымалі кватэры ў мястэчку.

 З царкоўнай гісторыі для першага класа.