Уночы быў вецер і дождж і шмат атраслося недаспелых антонавак, вінёвак і бэраў. А назаўтра, у нядзелю, з самага ранку расчысцілася неба і сонца пачало прасушваць зямлю. Атрэсеныя яблыкі і грушы насыпаны былі ў сенцах каля сцен і пахлі на ўсе сенцы і хату.
зноў ціхі прастор палявой восені агарнуў спакоем душу.
Плыў водар павольнага канання травы і кветак. Верасень чула драмаў на ржышчы, уздыхаў радасным шэптам кустоў.
Спявалі на полі дробныя птушкі, награвалася сонцам пад нагамі жвірыстае каменне. Чэзла трава на верасеньскіх межах. Тхнула чабаром і піжмаю; дрымотна звінела сухая трава ці то зелле. Спарыш і дзяцельнік гусціліся ля дарог, цвілі і вялі жоўтыя кветкі на высокіх сцяблах. Яны пападалі між пальцаў босых ног, пакідалі там на нагах галоўкі свае. Агата нагіналася, каб выкінуць іх. Тады мацней пахла верасеньская зямля.
Ралля дробна рассыпалася пад плугам і прыемна халадзіла босыя ногі. Дзіцячая ўсмешка кволага сонца цалавала зямлю. Пахла на полі бульбаю. Парэзаны плугамі бульбоўнік выглядаў з раллі.
Гарэла святло ў хатах. Ішла ноч. Маўчала восень у садах і агародах, мёдам пахла павольнае кананне кляновага лісця. Якую ж ноч прынёс верасень!
Знайшоў чым хваліцца, выбачайце за слова, дурніла.
У хаце была прыемная хмурнасць, - неба ў той дзень было шэрым, але высокім. Сонца неглыбока было схавана за тонкую пялёнку ветравых хмараў, вецер шастаў за вокнамі садам, сад нехаця пачынаў жаўцець. Аж у хаце, здавалася, чуваць было, як пахнуць у садзе бэры і вінёўкі. Цыганкі чырванелі над плотам і над страхою прыгрэбкі. Нават запозненыя спасаўкі падалі яшчэ на траву і разліваліся ў ёй зялёным кісялём.