автордың кітабын онлайн тегін оқу Гульня ўяўлення
Мікола Адам
Гульня ўяўлення
(апавяданні)
Кніга Міколы Адама «Гульня ўяўлення» — складаецца з апавяданняў, напісаных і апублікаваных у перыёдыцы ды калектыўных зборніках у розныя гады. Іх персанажы заўсёды на мяжы рэальнага і выдуманага, чалавечага і жывёльнага, таннага і найдаражэйшага. Абставіны вакол герояў увесь час змяняюцца, іх наступны крок абсалютна непрадказальны, часам героі дзейнічаюць эфектна, але імпульсіўна і нелагічна, што падкрэсліваецца яшчэ і вобразнай метафарычнасцю. Аднак пісьменнік моцны найперш псіхалагізмам — здольнасцю выяўляць душэўны стан персанажаў, неадступна фіксаваць эмацыянальную рэакцыю герояў на ўчынкі і рэплікі, і раскрывае духоўны свет не толькі мужчынскіх, але і жаночых вобразаў, бо жанчына-гераіня — жаданы госць прозы аўтара.
Гульня ўяўлення
Гэта здарылася са мной, а можа, і не са мной, не памятаю, у горадзе… зрэшты, у ніякім горадзе ніякай краіны ў ніякім годзе.
Уся справа ў тым, што я заўсёды баяўся памерці ад раку. Перад вачыма ўвесь час стаяў вобраз аднакурсніцы, памерлай ад раку маткі ў 24-гадовым узросце. «Як я хачу жыць, Мікола, — сказала яна перад смерцю, — ты не ўяўляеш, які гэта цуд — жыццё!»
Не менш жывы, але крыху пабляклы, як старая фотакартка, мільгаў вобраз аднакласніцы, памерлай ад раку страўніка. Перад смерцю яна страшэнна высахла, усе костачкі можна было пералічыць. «Ты яшчэ будзеш жыць, — сказала яна, — кахаць і быць каханым, а я ўжо не». Я запэўніваў аднакласніцу ў адваротным, але дзяўчына лепш за мяне ведала моц хваробы, і ў той дзень, калі я адыходзіў у войска, яна адыходзіла ў іншы свет.
Боязь раку перарасла з часам у нейкую манію. Рак уяўляўся мне гэтакім двухметровым маньякам з кулямётам на плячы, рыхтык тэрмінатар-Шварцэнегер, і збегчы ад яго я нікуды не мог. Паўсюль ён знаходзіў мяне, настаўляў сваю страшэнную зброю мне ў твар, але стрэліць чамусьці марудзіў. У апошнюю секунду ў пакой забягала медсястра са шпрыцам у прыгожых танклявых пальцах. Не ведаю чаму, але мой крыўдзіцель адразу знікаў. Мабыць, ён баяўся іголкі, якая зіхцела на сонцы, а затым з вялікім садысцкім захапленнем упівалася, як камар, мне ў правую (заўсёды!) палавінку азадка.
Я прасіў, каб медсястра не пакідала мяне, хаця б пакуль я не засну.
Яна згаджалася і сядала побач, на зэдлік, гладзячы мае валасы.
Я называў яе Ніхто, дзяўчынай Ніхто, бо з твару медсястра вельмі нагадвала гераіню Вайдаўскай кінанавелы, да таго ж імя мела Ніко. Яна не крыўдзілася і згаджалася быць нікім, толькі каб я не хваляваўся.
Супакоены, я засынаў. Спаў я добра, бо ў снах заўсёды займаўся каханнем з дзяўчынай Ніхто. Яна здымала белы халацік і белую шапачку, валасы колеру дзьмухаўцоў воблакам расплываліся па спіне і ахоплівалі абцугамі асіны стан дзяўчыны. Аднойчы мне дазволілі выйсці пагуляць за вароты лячэбні пад наглядам дзяўчыны Ніхто. Адразу за дарогай раскінулася самотнае кукурузнае поле, схавацца ў якім было вельмі проста.
Дзяўчына запаліла цыгарэту і аб нечым задумалася, а я, улучыўшы момант, вырашыў яе напалохаць, — не больш, і шуснуў у кукурузу. Пра тое, што медсястра можа падняць трывогу, вярнуўшыся ў лячэбню, я не думаў. Бо быў упэўнены, што яна не зробіць гэтага таму, што я падабаўся ёй. Акрамя таго, дзяўчына не надта верыла ў мой статус душэўнахворага. Ніко вучылася на псіхолага і бачыла, што я цалкам здаровы. Яна не разумела, чаму мяне дагэтуль трымаюць у лячэбні.
Я меў намер напалохаць Ніко, але не на жарт спалохаўся сам. Ззаду пачуліся цяжкія крокі ботаў і гук зламаных сцяблін кукурузы. Дзяўчына ні ў якім разе не магла ствараць такі шум. З жахам я здагадаўся, што гэта тэрмінатар-Шварцэнегер. Упэўненасці мне дадаў лязгат кулямёта. Што было сілы, я кінуўся наўцёкі, спрытна працуючы рукамі, адкідваючы з дарогі кукурузу. На імгненне мне падалося, што на яве можа паўтарыцца сюжэт кінастужкі «Дзеці кукурузы».
Праз некаторы час я пачуў сваё імя. Напэўна, Ніко гукала мяне. Як ні баяўся я адгукнуцца, у фантазіях малюючы, як мой крыўдзіцель ператвараецца ў дзяўчыну, асмеліўся ўсё-ткі падаць голас і выкрыць месца свайго знаходжання.
У адначассе з двух бакоў заварушылася кукуруза. Я не ведаў, што рабіць. Заставацца на месцы ці бегчы на злом галавы, бо дакладна ведаў, што з аднаго боку з’явіцца не сімпатычны тварык медсястры, а страшэнная морда маньяка-раку, які даўно палюе на мяне.
Нібы рак, павольна пераводзячы свой позірк то ў адзін бок, то ў другі, на кукурузу, што калыхалася і падгіналася пад нагамі Ніко і тэрмінатара, я спінай намацваў дарогу і адступаў.
Першай з’явілася Ніко. Яна хацела нешта сказаць, але я без лішніх слоў схапіў яе за руку, і мы пабеглі.
— Ты можаш мне растлумачыць, у рэшце рэшт, што адбываецца? — пачуў я ззаду дзявочы голас. — І ад каго мы ўцякаем?
Я спыніўся. Нам абодвум неабходна было аддыхацца.
— Слухай!.. — прамовіў я, прагна хапаючы ротам паветра, ледзь не пхаючы яго пальцамі, як кавалак торту.
Спачатку было ціха. Пасля пачуліся хуткія цяжкія крокі, трэск зламанай кукурузы, бразгат амуніцыі і зброі.
— Цяпер ты верыш мне? — спытаўся я ў дзяўчыны, калі яна на ўласныя вушы пачула гукі, што ствараў не прывід, народжаны маёй хворай фантазіяй, а хтосьці сапраўдны. — Трэба спяшацца.
Я зноў схапіў дзяўчыну за руку, і мы зноў пабеглі. Яна раз-пораз азіралася, яшчэ не верачы пачутаму. Сумнявацца ўжо не выпадала. Назад я ўжо не змагу вярнуцца, бо там Ён. І навошта я шуснуў у гэтую кукурузу? Ён жа толькі і чакаў гэтага. Яшчэ і дзяўчыну ўцягнуў…
Поле скончылася. Мы апынуліся на беразе даволі шырокай ракі і пабачылі на пясочку перакуленую лодку, нібы знарок некім падрыхтаваную для нас.
Ніко дапамагла мне спусціць лодку, села ў яе. Я таксама ўскочыў і адштурхнуўся ад берага.
Я сядзеў спінай да кукурузнага поля і глядзеў на Ніко, тварык якой усё больш рабіўся падобны на маску мерцвяка. Азірнуўшыся, я зразумеў, чаму. Ён спыніўся ля вады і пагрозліва трос кулаком у наш бок. На плячы яго ляжаў вялізны кулямёт, які здалёк нагадваў сабаку.
— Ён дагоніць нас? — спалохана спыталася Ніко, але істэрыкі ў ейным голасе я не заўважыў.
— Не зараз, — на адным дыханні кінуў я.
Некаторы час мы не размаўлялі. Нават, калі б вельмі захацелі — нічога не атрымалася б. Нібы цяжкая каменная сцяна ўтварылася між намі, вакол нас павісла цішыня. Калі вельмі захацець — можна пачуць дыханне вады.
Лодка ціха плыла сама па сабе, як бы ведаючы канчатковы прыпынак маршруту.
Ніко моўчкі сядзела насупраць мяне, аб нечым, відаць, задумаўшыся, пазіраючы ў празрыстую зеленаватую плынь ракі.
Меч маланкі бліснуў на сонцы, але дажджу не было. Магчыма, патокам цяжкага мокрага штофу ён абрынецца пазней.
— Ніколі не думала, — прамовіла Ніко, гледзячы ў неба, — што побач з лячэбняй існуе такое чыстае возера: колеру сапраўднага «Тархуна».
— І правільна рабіла, што не думала, — сказаў я.
— Чаму?
— Не існуе гэтага возера ці ракі на свеце, і ні на воднай мапе ты яго не знойдзеш. Вельмі сумняваюся, што і кукурузнае поле сапраўднае.
— Але ж я іх адчуваю: і поле, і раку, і лодку, і…
— Гэта проста гульня ўяўлення, — перапыніў я дзяўчыну.
— Якая гульня? — абурылася Ніко. — Як ты можаш так гаварыць?…
— Я магу так гаварыць і кажу. Спрачацца не будзем, таму што любая спрэчка пустая, як гладыш, калі з яго выпіць малако.
— Ты хочаш сказаць, што і мы не існуем?
— У некаторай ступені.
Яна хацела нешта дадаць, але, відаць, перадумала, да таго ж, лодка ткнулася носам у прыбярэжны пясок, за якім пачынаўся глухі цёмны лес.
— Куды ён вядзе? — спыталася дзяўчына Ніхто.
— У нікуды, — прамовіў я, бо і сам не ведаў, што нас чакае ў гушчары.
— Я не хачу заходзіць у гэты лес! — заявіла дзяўчына.
Пачаўся дождж.
Мы імгненна прамоклі да ніткі.
А да берага набліжалася байдарка з Ім.
Хочаш не хочаш, нешта абмяркоўваць не было часу. Я схапіў Ніко за руку, і мы пабеглі ў лес, які схаваў нас ад ледзянога дажджу, але і не прапускаў да нас сонца.
Лес быў змрочны і таямнічы. Ніводзін гук не даносіўся звонку, толькі хруст сухіх галін, на якія мы наступалі. Ні птушак, ні звяроў, ніякіх казюрак не было ў гэтым лесе, нават павуціння і таго не бачна.
Лес ціснуў на мазгі сваёй зацятай маўклівасцю і невядомасцю. Складвалася ўражанне, што з яго няма ніякага выйсця, што мы апынуліся ў лабірынце, у абмежаванай прасторы. Як бы не пачалася клаустрафобія… Я ўжо задыхаўся, Ніко цягнула на ваніты.
Раптам…
Перад намі адкрылася паляна, светлая і амаль казачна прыгожая, з хаткай на курынай лапцы, за якой ў поўнай цішыні круціліся каруселі. На розных коціках, сабачках, страусах, коніках, пеўніках мясціліся фотаздымкі загінуўшых у маладым узросце спевакоў, сярод якіх я пазнаў твары Джона Ленана, Джыма Морысана, Аляксандра Башлачова, Віктара Цоя, Ігара Талькова, Фрэдзі Мэркуры, Курта Кабэйна…
Каруселі круціліся з аднолькавай хуткасцю — ні хутка, ні марудна, разам з імі круцілася, бы ваўчок, і хатка, але яна набірала абароты і, у выніку, лапка заблыталася сама ў сабе. Хатка бразнулася аб зямлю, пасыпалася шкло з вокнаў — і ўсё гэта без аніводнага гуку.
У хатцы — нікога. Відвць, Баба-яга яшчэ не вярнулася з палявання.
Як малое дзіця, што вучыцца хадзіць, хатка паднялася на лапку і зноў пачала круціцца.
— Сюжэт для постмадэрніста, — прыкмеціла дзяўчына Ніхто. Я пагадзіўся.
Аднак нам трэба было ісці. Я яшчэ не ведаў дакладна, але адчуваў, што дарога хутка скончыцца, прывядзе да лячэбні, і калі я дайду, мае жахі скончацца, і Ён назаўсёды знікне з майго жыцця.
Як шыкоўны дыван, перад намі паўстала дрыгвяністае балота. За балотам павінна быць шаша. Чамусьці я быў упэўнены ў гэтым. Толькі як яго перайсці? Здавалася, выпрабаванням не будзе канца, як у тым фільме пра чалавека, які бег. Што трэба зрабіць, каб мне адкрылася, куды ісці? Я выламаў сабе драўляную дзідку, каб абапірацца і правяраць глыбіню, але спадзявацца на яе…
Ніко ж прыспешвала, бо адчувала патыліцай Яго цяжкое дыханне.
— Добра, — прамовіў я, — трымайся за мяне і тэпай дакладна па маіх слядах.
Я ніколі не хадзіў па балоце, але нешта падсвядома падказвала, як трэба гэта рабіць.
Чарапахавай хадою мы пасунуліся наперад. Не ведаю, колькі поту з мяне сышло, але, калі б я быў анучай, то з мяне сцякло б вядро вады.
Мы амаль прайшлі небяспечнае месца, ужо відаць бабулі, якія развешваюць бялізну ўзбоч шашы, а па самой шашы праносяцца рознакаляровыя машыны.
Заставаўся нейкі метр да выратавання, як пачуўся спалоханы крык Ніко. Павярнуўшыся, я паспеў убачыць толькі руку дзяўчыны ды белую шапачку, але і яны хутка зніклі ў ненажэрнай пашчы багны. На месцы Ніко, узрадаваны, як Фрэдзі Кругер, з’явіўся Ён, гатовы націснуць на гашэтку кулямёта. Я павярнуўся да шашы. Адтуль не маглі не бачыць, што адбываецца ў багне. Я намагаўся крычаць, але крык застраваў у горле, нібы костка. Мабыць, я і крычаў, але не чуў свайго голасу, раптоўна страціўшы слых, як Бетховен. Але ж глухі Бетховен пісаў музыку. Аднак я не кампазітар…
Страх скаваў мяне кайданамі і зрабіў падсечку. Я паляцеў, гатовы ўжо адчуць брудны прысмак дрыгвы ў роце. Але чамусьці ніякага смаку не адчуваў. Расплюшчыўшы вочы, я ўбачыў, як Ён плюхаецца ў багне, спрабуючы выратаваць кулямёт, узняўшы яго над галавой. На твары Яго — нейкая разгубленасць і няўцямнасць. Відаць, монстр не мог зразумець, што адбываецца.
Нехта (ці не Бог?) шапнуў мне на вуха, каб я прыўзняў пазногцем край балота; гэта будзе лёгка зрабіць, бо нагой я ўжо адкінуў невялікі кавалак, з-за чаго Ён і праваліўся ў твань.
Я крануў пазногцем прыўзняты ўжо кавалак, ён скруціўся, што дыван. Маньяк пачаў захлынацца і праз імгненне знік. Балота зрабілася звычайным дываном, які я скруціў у рулон і пад пахай аднёс да бабуль, што развешвалі бялізну. Бабулямі яны здаваліся толькі здалёк. Насамрэч гэта былі студэнткі медінстытута. Відаць, і без таго дрэнны мой зрок яшчэ больш пагоршыўся. Студэнткі запрасілі мяне ў госці.
Я паабяцаў прыйсці і выйшаў на шашу лавіць машыну.
Ужо седзячы ў салоне «бумера», я заплакаў, бо дзяўчыну Ніхто любіў, як нікога. Але ніхто і знікае ў нішто. Магчыма, яе ніколі нідзе і не існавала, акрамя майго ўяўлення, як і кукурузнага поля з ракою і балотам, як не існавала і мяне, бо я таксама быў гульнёй нейчага ўяўлення.
Добры чалавек Мазахаў
Мазахаў курыў. Ён ляжаў на раскладушцы ў сваёй асабістай кватэры, а на ягоным ложку кахаліся яго сябар з сяброўкай. Яны так пыхцелі і так шумна цалаваліся, і так рыпеў ложак пад імі, што Мазахаву стала балюча за ложак. Ён злез з раскладушкі і пайшоў на кухню. Уключыў ваду і зачыніў дзверы, каб нічога не чуць. Мазахаў уздыхнуў і закурыў яшчэ адну цыгарэту: уключаная вада, што лілася з-пад крану вадкай трубкай, і зачыненыя дзверы не пазбавілі Мазахава гукаў з пакою. Яны сталі яшчэ больш гучнымі. Відаць, прысутнасць Мазахава рабіла больш-менш сціплымі яго сябра з сяброўкаю, адсутнасць жа нарадзіла выбух стрымліваемых пачуццяў.
Мазахаў самотна, як воўк на поўню, зірнуў у начное акно. Ён пачаў спяваць ад няма чаго рабіць і ад самоты, але хутка змоўк, бо ведаў усяго толькі адну песню, вывучаную з вялікімі цяжкасцямі яшчэ ў школьныя гады да нейкага вечара, пра Яся, што касіў канюшыну.
Яму стала няўтульна і адзінока.
З сябрам Мазахаў вучыўся пяць гадоў на адным факультэце ў адной групе. Сябар стаў беларускім пісьменнікам, а Мазахаў пайшоў працаваць падсобным рабочым на тыпаграфію, у якой друкаваліся кніжкі сябра. Ніводнай з іх ён не чытаў, бо не разумеў беларускай мовы, да таго ж праца замінала чытанню. У вольны час Мазахаў любіў гартаць «Плэйбой» і глядзець па відаку «Эмануэль». На тыпаграфіі ён паралельна засвоіў электракару і атрымаў права на яе кіраванне. Яго празвалі «Ферары-аварыя», таму што гойсаў ён на сваёй машыне па цэхах з неверагоднай хуткасцю, уяўляючы сябе кіроўцам «ферары» на аўтагонках, з-за чаго вельмі часта не паспяваў націскаць тормаз і не ўпісваўся ў вольнае месца праезджай часткі цэхоў.
Мазахаў не вельмі паважаў сваю працу і не стараўся выконваць, а тым больш перавыконваць план. Наадварот, з яго гойсаннем работа стаяла, бо Мазахаву даводзілася цэлымі днямі рамантаваць сваю кару з-за частых аварый. Затое зарплату атрымоўваў ён большую, чым тыя, хто літаральна парыўся на працы. Магчыма, начальства лічыла яго механікам?…
Мазахаву было адзінока і няўтульна на кухні. Ён падумаў было зноў закурыць, але выцягнуўшы цыгарэту з пачака і паглядзеўшы на яе, перадумаў. Мазахаў паламаў цыгарэту напалам і падсунуў пад вадзяны струмень, з-пад якога цудам выкараскаўся вялікі рыжы прусак. Ён вылез на сухое і перакуліўся лапкамі дагары.
Мазахаў закрычаў. Так, як крычаць у галівудскіх фільмах жахаў ахвяры.
На крык прыбеглі сябар з сяброўкай.
— Што здарылася? — занепакоена ўзіралася ў яго сяброўка сябра.
— Трэба выклікаць 911, прусак памірае, — пазіраючы на яе, адказаў Мазахаў.
— Ідыёт, — прамовіла сяброўка сябра і хутчэй выбегла з кухні пад цёплую коўдру, а сябар рассмяяўся і паляпаў Мазахава па плячы.
Неяк Мазахаў збіў электракарай пераплётчыцу з пераплётнага цэха (нешта яму там трэба было) Дэсадаву — дзяўчыну кроў з малаком, якая вучылася ў вольны час на стрыптызёршу. Дзякуй богу, не забіў і нічога не пераламаў ёй. Але пры ейным падзенні і сам паваліўся на яе. Яшчэ і нейкую сваю руку на левую грудзь яе паклаў, як бы між іншым. Дэсадава раскрычалася, што тая фурыя, і пабіла Мазахаву твар да крыві. Мазахаў жа з размазанай крывёй на твары запрасіў Дэсадаву ў кіно. Дэсадава падумала-падумала, перастала крычаць і прыняла запрашэнне.
Прусак не памёр. Ён і не збіраўся паміраць. Пакуль Мазахаў у калідоры набіраў па тэлефоне 911, ад прусака і слядоў не засталося. Вось незадача. Затое на падлозе засталіся сляды, што пакінулі сябар з сяброўкай. На іх Мазахаў паслізнуўся і моцна пабіў галаву. Пяць хвілін ён не памятаў як яго завуць. Мазахаў хацеў тэлефанаваць у даведачную, але тут яго паклікаў сябар і яны пайшлі курыць на балкон. Сяброўка сябра сапела ў дзве дзірачкі (стамілася), адвярнуўшыся да сценкі. З-пад коўдры відаць быў белы аксаміт попачкі.
Сябры пакурылі, паціснулі адзін аднаму рукі і вярнуліся да сваіх часова пакінутых сябар да сяброўкі, Мазахаў да раскладушкі.
Дэсадава прыйшла ў кіно ў скураной міні-спадніцы, у скураной кофтачцы, у скураных батфортах, дакладней, прыехала на «харлеі» айчыннай вытворчасці.
Мазахаў чакаў яе з кветкамі і пры гальштуку.
— Ой, гэта мне?! — узрадавалася Дэсадава кветкам і чмокнула Мазахава ў лоб, пакінуўшы свой аўтограф на ім. Мазахаў зіхацеў ад шчасця.
Пад час сеансу Мазахаў вадзіў рукамі па ножках Дэсадавай, неяк трапіў і пад спадніцу, але там было так горача, што Мазахаў спалохаўся і аддзёрнуў руку. Дэсадава сама вярнула яе назад. Ды пасля зноў, як на працы, пабіла Мазахаву твар. Адмываць павезла да сябе.
Там Мазахаў прыгрэўся і, як кот — ласы на каўбасы, прымружыў вочы ад будучага прадчування задавальнення. Ён жа быў не дурны і разумеў, што самае цікавае наперадзе.
— Я цябе кахаю! — сказаў Мазахаў.
— Дык што? — адказала Дэсадава.
— Не ведаю, — паціснуў плячыма Мазахаў.
І тады Дэсадава шпурнула ў яго падушкай. Мазахаў кінуў яе назад. Яны пачалі перакідвацца падушкамі, як жанглёры. Пасля Мазахаў памерыў камбінацыі і сукенкі Дэсадавай, але яны яму не пасавалі, і катаў яе на сабе, як на коніку.
Дэсадава не дала Мазахаву, таму што была нявінніцай. Мазахаў пакрыўдзіўся і пайшоў, не развітаўшыся. Болей ён не збіваў яе электракарай.
Раніцай Мазахаў не знайшоў у сваёй кватэры сябра. Сяброўкі сябра таксама не было. На непрыбранай пасцелі ляжаў аркуш паперы. Мазахаў прачытаў: «Дзякуй, стары! Не забудзь, у мяне сёння вяселле!»
Сябру Мазахава надакучыла пісаць, як надакучылі і жанчыны. І першую і другую работу ён стараўся рабіць як мага горш, але нічога дрэннага не атрымлівалася. Кнігі яго раскупаліся хутка, у асноўным жанчынамі, кожная з якіх марыла, калі не выйсці за яго замуж, хаця б пераспаць. Стаміўшыся ад іх сябар Мазахава вырашыў жаніцца на сяброўцы, з якой быў у Мазахава ў апошнюю ноч.
На вяселлі, якое адбывалася ў вёсцы Смаркачоўшчына, адкуль родам была нявеста сябра Мазахава, сабралася ўся пісьменніцкая братва. Гарэлкі было — хоць упіся. З-за апошняга, відаць, і пісьменнікаў было шмат, бо амаль усе яны ненавідзелі сябра Мазахава за вышэйпаложаны поспех яго ў літаратуры і ў жанчын, а гарэлку любілі. Усе лашчылі надзею, што з шлюбам сябра Мазахава ім пашанцуе хаця б на поспех у жанчын.
Смаркачоўшчына спявала і плясала. Музыкі, славутыя «Песняры», не паспявалі закусваць, іх гналі на эстраду. Сябар Мазахава піў болей за ўсіх, ён хацеў бы ўвогуле не дапаўзці да шлюбнага ложка, але дапоўз і прачнуўся раніцай паміж дзвюма жанчынамі. Можа, у яго дваілася ў вачах, таму што абедзве жанчыны былі аднолькавыя? Толькі апахмяліўшыся, сябар Мазахава ўспомніў, што ў ягонай жонкі — сястра-блізняшка.
А Мазахаву не пілося. Ён таксама хацеў жаніцца. Надакучыла аднаму ў пустой кватэры. Ён з’ехаў з вяселля ў горад і патэлефанаваў Дэсадавай, вырашыўшы папрасіць прабачэння і прапанаваць шлюб.
Але Дэсадава адмовілася. Яна засмяялася ў трубку, аб чым праз колькі хвілін пашкадавала, але Мазахаў ужо адключыўся, і колькі яна ні набірала ягоны нумар тэлефона, абанент не адказваў. Ад адчаю і злосці яна адлупцавала скураным рэменем начальніка пераплётнага цэха, які на той час знаходзіўся ў ейнай кватэры, абазвала «старым казлом» і заплакала.
Мазахаў заплакаў таксама. Ён выйшаў на вуліцу ў ноч і трапіў пад машыну. І памёр маладым.
На пахаванні сябар Мазахава, які быў беларускім пісьменнікам, сказаў, што вучыўся разам з Мазахавым у адным універсітэце і што Мазахаў быў вельмі добрым чалавекам.
Кватэра, якая любіла цішыню
Аднапакаёвая кватэра маўчала. Маўчала гнятлівай цішынёй. Нават гадзіннік на стале і той не выконваў сольную партыю. Кватэра маўчала, а магла б гаварыць з кнігамі, яны на тое і створаны, іх і было ў кватэры больш за ўсё, аднак і кнігі захоўвалі непарушнасць цішыні. Яны, у выглядзе стала, крэсла, ложка, шафы, складзеных адмыслова з зайздроснай далікатнасцю, нерухома слухалі цішыню, падпарадкоўваліся ёй. На спінцы крэсла вісеў пінжак, ложак быў засланы пледам з выявай усурыйскага тыгра, шафа на двух плечыках трымала мужчынскае паліто і жаночы шаўковы халацік, ейны халацік, той, якая часта прыходзіла ў кватэру, каб разбураць цішыню. Ёй нічога не належала ў кватэры, акрамя халаціка, падараванага гаспадаром кватэры. Не належала і цішыня, але яна разбурала яе, не знішчала. Гуляла, нібы ў кубікі з дзіцячага набору, і цішыня дазваляла ёй рабіць гэта, бо ведала, што заўтра зноў абаўе гаспадара кватэры мацней за дзяўчыну. Хоць тая, чый халацік вісеў на плечыках побач з мужчынскім паліто, вельмі прыціскалася да гаспадара кватэры і шаптала яму на вуха нешта гарачае і салодкае, ад чаго ён пераставаў курыць і пазіраў на ўладарку халаціка неяк дзіўна, а пасля яны разам клаліся ў ложак.
На падаконні стаяў літровы слоік, напалову запоўнены цыгарэтным попелам і недакуркамі. Дым, таксама, як і цішыня, падабаўся кватэры. І ён расцякаўся па пакоі і падпарадкоўваўся цішыні.
З кухні пачуўся гук упаўшай кроплі з-пад крана ў ракавіну. Выпадкова. На яе нават звяртаць увагу не мела ніякага сэнсу. Хутка ноч прыйдзе на дапамогу цішыні і тады ўвогуле стане добра. Болей за ўсё кватэра любіла ноч і цішыню.
Шчоўкнуў дзвярны замок. Дзверы ледзь чутна адчыніліся, але захлопнуліся з моцным грукатам, захісталіся кніжныя паліцы. Гаспадар кватэры, чорнавалосы малады чалавек з рэйверскай бародкай, у расхрыстанай скуранцы, шпурнуў пачак гродзенскай «Прымы» на стол, папярэдне выцягнуўшы адну цыгарэту. Ён падкурыў яе ад агеньчыка запалкі, пасля чаго, як і пачак цыгарэт, паляцеў на стол карабок. Вочы яго бегалі па ўсім памяшканні, нідзе не затрымліваючыся, губы торгаліся і крывіліся, рука з цыгарэтай дрыжэла, дым ён выдыхаў шумна, а попел страсаў на падлогу.
Малады чалавек сеў за стол. Локці на стале, пальцы з цыгарэтай ля губ, а вочы, прымружаныя ад невядомай злосці, глядзелі ў люстэрка, што стаяла на акне. Злосць і крыўда чыталіся ў ягоным твары. Ён падсунуў да сябе тэлефон, скінуўшы міжволі паперы і кнігі, якія мясціліся на стале, набраў нумар.
Доўга ніхто не адказваў. Малады чалавек нервова кусаў губы і, калі пачуў голас у трубцы, хрыпла закрычаў:
— Саня? Гэта Віктар! Чуеш?
— Ды чую, не глухі, не раві так на вуха, — адказаў апанент. — Што здарылася?
— Ды нічога. Проста… Месцы яшчэ засталіся ў тых спісах, што ты мне паказваў? Я яшчэ прасіў цябе адно пакінуць за мной…
— Надумаў ехаць?
— Так.
— Значыць, усё-ткі нешта здарылася. Ты падумай спачатку, варта табе ехаць ці не…
— Няма кулі думаць, Саня, дый позна.
— Ты ж вяселле, казаў, хутка справіш…
— Забудзь. І не задавай лішніх пытанняў. Ёсць месца для мяне ці няма?
— Ды ёсць…
— Вось і добра.
— Што добрага, Віктар? Зноў сваю Віку прыраўнаваў да блакітнага?… Пасля ж…
— Слухай, гэта мае праблемы…
— Ну, як ведаеш.
— Калі мне прыехаць і куды?
Саня назваў месца і час, Віктар даў адбой. «Сука!» — вырвалася ў яго. Ён глядзеў на сцены сваёй кватэры, абклееныя ейнымі фотаздымкамі. Але зрываць іх не стаў.
Ён рушыў на кухню, адкрыў лядоўню, дастаў бляшанку шпротаў і слоік марынаваных памідораў, з хлебніцы — батон. На хуткую руку зрабіўшы бутэрброды, захапіў шклянку і вярнуўся ў пакой. З унутранай кішэні курткі выцягнуў пляшку «Крышталя-люкс», адкаркаваў, наліў, выпіў, адкусіў бутэрброд, закурыў.
— Сука! — злосна прашыпеў.
Віктар сеў на ложак і апусціў галаву. Валасы яго былі доўгія, але шнар ад раны прыкмячаўся, хоць рану гэтую ён зарабіў не на вайне. Так, ён быў на вайне, якую за вайну ніхто не лічыць, хоць там і гінуць людзі, і зноў збіраецца ехаць туды. Чаго? Ён бы таксама хацеў ведаць — чаго? Смешна ж з-за нейкай сцервы загінуць, і ён сам разумее, што смешна, толькі іначай не можа, хоць будзе пасля шкадаваць аб зробленым ці не зробленым, якая да д’ябла розніца?!
Яна казала: інтэлігентныя людзі не сварацца… Тут не тое, што не сварыцца… Хаця, глупства гэта ўсё. Дый які ён, па сутнасці, інтэлігент? Тры курсы філфака, журналісцкая практыка, вайна… Ён жа, акрамя як страляць і пісаць, нічога не ўмее. Дый пісаць, як яна кажа, таксама.
Віктар зноў выпіў, закусваць не стаў.
…Той раз ён паехаў не з-за яе. Віктар увогуле яшчэ яе не ведаў. Працаваў у газеце, дакладней, падрабляў, пісаў вершы, якія хвалілі, раілі кніжку выдаваць ды ўступаць у Саюз пісьменнікаў.
Каханне? Каханне было, ды не такое, як да Вікі, таму і вярнуўся адтуль жывы і здаровы. Гэта ўжо тут яму галаву пабілі, а там толькі драпіны займеў; на гэты ж раз, калі паедзе, сам будзе пад кулі лезці, ведае па сабе. І тады лез, бо малады, бесталковы, Лермантава начытаўся, рамантыка ў мазгах віравала… дурны быў. А цяпер яшчэ дурнейшы.
Віктару прапанавалі паехаць у «гарачую кропку» як журналісту. Ён заганарыўся: давяраюць такі важны крок зрабіць у кар’еры! Гэта потым даведаўся, што ўся рэдакцыя ад гэтай прапановы адбрыквалася рукамі і нагамі, бо ўсе ведалі, што такое вайна, хоць на ёй ты і журналіст. Куля не разбірае, журналіст ты альбо салдат. Ёй усё роўна… А Віктар ледзь не скакаў ад шчасця, што едзе ў Таджыкістан. На развітанне рэдакцыя ў ягоны гонар наладзіла банкет, шэф абяцаў добра заплаціць і «плаціць» па сённяшні дзень… Да Вікі ўся гэтая вайна не мае аніякага дачынення, але пры чым тут Віка?
Трэці тост за тых, хто не вярнуўся з бою. І Віктар выпіў паўнюткую шклянку, закурыў.
З Вікай ён пазнаёміўся год таму. На вяселлі сябра. Яна таксама нешта пісала і любіла савецкі баявік пра мушкецёраў, як і Віктар. Мабыць, гэта і наблізіла іх адно да аднаго. Віктар вар’яцеў, калі яе не было побач. Раней жыццё яго было насычана рызыкай і гульнёй са смерцю, з Вікай — іншае. Без яе кожны дзень здаваўся яму пустым. Ды яна, як заедзь, лезла да яго з роспытамі, раскажы ды раскажы… Абуралася тым, што ён нічога не расказвае пра тую вайну… Гэта ж не анекдот, не ўрывак з любоўнага рамана. Дый што ён мог расказаць? Як яго параніла? Расказваў. Выхваляўся, як жа, герой! На спушчаных колах вывеў машыну з-пад абстрэлу з шасцю чалавекамі, там яго аднаго-адзінага і зачапіла, не цяжка, праўда, прастрэліла клуб навылёт. Што яшчэ? Самому ўспамінаць жудасна…
…Пасёлак Пештар… 27-ая застава… Чарада авечак… капітан Астравух — абруселы беларус, белабрысы і насаты, нібы Колас, высокі і худы, як Кафка, з вусікамі белагвардзейскага афіцэра… Ваня Рабінін, маскоўскі студэнт пятага курса журфака… Белыя падкаўнерыкі, якія Віктар ніколі не мяняў і дасюль не навучыўшыся іх прышываць, з-за чаго каўнер даводзілася мыць ледзь не кожны дзень… Бібліятэкарка Алеся — сінявокая 25-гадовая жанчына… Начныя ўспаміны пра баі тых, у каго хутка дэмбель… Трывогі… трывогі… трывогі…
…Забітыя вартавыя, нажамі ў спіну… Чырвоныя ад злосці твары, акамянелыя рукі на «калашах», калі бачыш, як на тваіх вачах зрэзалі таварыша, сябра, з якім яшчэ гадзіну таму курыў адну цыгарэту на дваіх… Мацюкі… стрэлы ў нікуды… Зноў мацюкі… Горы… Слёзы, і іх не стрымаць… Сярога Гвоздзікаў, распаласаваны ад пупка да шыі пятнаццацігадовым шчанюком, які папрасіў падкурыць… Удары кулакамі па чым папала парушальнікаў мяжы… Стогны… Бібліятэкарка Алеся, ссільнічаная… Карны атрад… Царандой… Перастрэлка… Мацюкі… Што яны рабілі? Павальнае вынішчэнне афганскага паселішча… Крыкі… Стогны… Арык… афганская дзяўчына… Аднойчы ўсчаты мардабой паміж сваімі… Чача… Цыгарэтны дым… Сон, як збавенне… Крыкі ў сне… Разборкі з царандоем, ці як яго там… «Ды пайшоў ты далёка-далёка! — гэта капітан Астравух на афганскага палкоўніка. — У мяне загінула дзевятнаццаць хлопцаў, якая кампенсацыя!..» Дарога праз горы… Пясок… Пыл… Лычкі старшага сяржанта… медаль… Яшчэ адзін карны атрад… Ваня Рабінін з пабітым тварам… Ваня Рабінін, які нейкі час пасля працаваў на НТБ спецкарэспандэнтам… Ваня Рабінін, які, лічы, выратаваў Віктару жыццё, ды Алесіна не паспеў… Раненне… Бальніца…
А пасля — рэдакцыя… Кіслая фізія шэфа… Праз тры дні — трое ў спартыўных апранахах ля пад’езда… Бойка… Зноў бальніца…
Так было. Аб гэтым Віка хацела ведаць? Ці, можа, яшчэ пра што-небудзь такое, ад чаго валасы становяцца дыбарам, а вочы лезуць на лоб?… Віктар напісаў пра тыя два месяцы раман у агульных сшытках, але нікому не даваў чытаць. Калі вяртаўся ў Мінск, падпісваў паперу аб неразглашэнні.
А ў бальніцы радавалі толькі напісаныя вершы, якімі Віка прыніжала яго. Яна казала, што вершы тыя нікому не патрэбны, што чытаць іх ніхто ніколі не будзе, што піша ён не так і не тое, што ён увогуле чалавек без будучага, хоць і з вялікім мінулым… Так, Віктар піў з сябрамі і без сяброў. А што яму заставалася рабіць? Вядома, Віка ведала, што яму рабіць, крычала, каб ішоў працаваць, ды калеку нікуды не хацелі браць. Зрэшты, Віктар атрымоўвае пенсію, дый ніякі ён не калека, калі толькі духоўны…
…Сёння яна павінна была прыйсці да яго. Ён чакаў дзяўчыну тры гадзіны пасля прызначанага тэрміну, пасля рушыў на Панікоўку. Звычайна Віка там бавіла вольны час. Віктар не памыліўся, яна была там, але не адна і не з сяброўкамі, што Віктар яшчэ зразумеў бы. Віку абкружыла кола здаровых лабастых хлапцоў, адзін абдымаў яе, ціскаў, цалаваў. Віка ўсміхалася, мружачы ад задавальнення вочы, ёй было прыемна. Убачыўшы Віктара, а ён наўмысна паволі ішоў да яе, яна скрывіла пагардлівую ўсмешку.
— А я, дурань, чакаю… — вырвалася ў Віктара.
— Хто гэта? — спытаўся хлопец, які абдымаў яго дзяўчыну.
— Беларускі паэт, — зноў пагардліва ўсміхнулася Віка.
— Гэта цікава, — пазіраў хлопец на Віктара. — Я люблю паэзію, толькі вось на мове яшчэ ні разу не слухаў. Прачытаеш? Я заплачу. Баксамі. Колькі?
Віктар нервова сціскаў кулакі і кусаў губы.
— Хочаш, дваццаць баксаў? Мала? Дам пяцьдзясят. Нейкі ганарлівы ён у цябе.
Пасля гэтых слоў той, хто абдымаў Віку, кульнуўся з лаўкі з паламатым носам: за моц свайго ўдару Віктар ніколі не чырванеў. Ён прыгатаваўся да сур’ёзнай бойкі, але на яго ніхто не звярнуў увагі. Нават Віка. Збіты ім з ног хлопец падняўся, і яна войкала над ім, выціраючы кроў сваёй насоўкай.
— Слухай, беларускі паэт, — прамовіў пацярпелы, — валі адсюль, пакуль я добры! І маліся свайму Купалу, ці як там яго, каб не трапіць мне больш на вочы, задаўлю. А мо табе памагчы знікнуць?…
Акружэнне Вікі ашчэрылася на Віктара ваўчынымі ікламі. Віктар плюнуў у бок дзяўчыны і пайшоў да метро. «Вот и вся любовь!» — як спявае Лагуценка.
— Сука! — выпіў у чацвёрты раз Віктар. Ён глядзеў на халацік, што вісеў на плечыках побач з ягоным паліто. У адно імгненне сашморгнуў халацік з плечыкаў і пачаў яго раздзіраць, пасля шпурнуў на падлогу, стаў рыцца ў паперах, нарэшце выцягнуў два агульныя сшыткі, загарнуў іх у халацік і падпаліў. Твар яго ўсміхаўся.
Віктар распахнуў насцеж акно, каб пасля не смярдзела ў кватэры, і доўга глядзеў, як згарала самае каштоўнае ў ягоным жыцці.
Калі на падлозе застаўся толькі попел, Віктар патэлефанаваў. Ён спытаў Віку, але дома яе не было. Вікіна маці пазнала яго і папытала, што перадаць, ды Віктар гэтага ўжо не чуў. Трубка выпала з ягоных рук.
Віктар выпіў яшчэ, закурыў… Апошняя думка засвідравала ў галаве голасам любімага выкладчыка з філфака: «Лепш бы ты ў баі загінуў, чым накладваць на сябе рукі з-за таго, што цябе нейкая Машка кінула!» Але было позна.
А кватэра маўчала. З кватэры ніжэй, праўда, пачулася «…пожалуйста, не умирай…», але кватэра маўчала, цяпер ужо сапраўднай цішынёй.
Заўтра ўпраўдом схопіцца за галаву, калі пабачыць у сваім журнале, што за ўсё існаванне дома толькі з гэтай кватэры пад самым дахам зарэгістравана дваццаць адно самагубства.
Але гэта будзе заўтра…
Вязень замка адзіноты
Адзінота наступала паволі, не спяшаючыся, нібыта дакладна ведала, што мне ад яе нікуды не ўцячы, гулялася са мной, як кошка з мышкай, цярпліва чакаючы зручнага моманту напасці, адсякаючы ўсе варыянты адступлення для мяне. Яна з матэматычнай дакладнасцю разлічыла ўсе мае хады, як у шахматнай партыі, вывучыла маё папярэдняе жыццё, як гістарычную хроніку, і, урэшце, накрыла сваім чорным покрывам, быццам ноч, ператварыўшы ў свайго вязня, не палічыўшы патрэбным спытаць у мяне дазволу на гэта. Нават смешна. Хто калі пытаўся ў патэнцыйных вязняў дазволу на жыццё ў закрытым памяшканні?
А пачалося ўсё з таго моманту, калі я з’ехаў са сталіцы на працу ў правінцыю па размеркаванню. Гэта быў першы крок адзіноты, зроблены па ейнаму бездакорнаму плану, аб чым я даўмеўся толькі зараз, знаходзячыся ў поўнай яе ўладзе, торгаючыся, як тая казюрка ў павуціне, дарма губляючы сілы, каб вызваліцца, ці адзінота сама дазволіла мне зразумець, бо цяпер ужо можна, ніякай пагрозы для ажыццяўлення яе наступных захадаў не існуе больш. Я — вязень, а чаго вязня баяцца?…
Ужо тады, калі я яшчэ быў адной нагой у сталіцы, аднакурснікі нібыта пачалі пазбягаць нават размоваў са мной. Які сэнс у размове з лузерам? Тым больш не з мінчуком? Паступова яны забыліся, што я разам з імі вучыўся, пасля перасталі адказваць на мае тэлефанаванні, а з аўтаадказнікам мне ўжо не хацелася гаварыць. Мая каханая далучылася да маіх аднакурснікаў і памяняла нумар свайго тэлефона, яна ўвогуле не хацела мяне ні памятаць, ні ведаць.
І тады адзінота прылашчыла мяне, яна яшчэ не адкрылася, як баксёр на рынгу, баючыся нечаканага ўдару з майго боку, але паведаміла пра сваё існаванне і пачала нашэптваць, што не так ужо і страшна, калі цябе забываюць. Тае бяды! Усё роўна блізкага сяброўства з аднакурснікамі ніколі не было і не магло быць па шматлікіх прычынах, пералічваць якія адзінота не схацела, а наконт каханай… яна ж не дзекабрыстка, каб паўсюль суправаджаць мяне, да таго ж, што б яна рабіла, сталічная мажорка і фотамадэль там, дзе апынуўся я?… Па сённяшнім часе рамантыка прываблівае толькі кіношная, а што я магу прапанаваць ёй, акрамя рамантыкі ды вершаў?…
У цэлым, мне спадабаўся шэпт адзіноты, такі салодка-праніклівы і гарачы-гарачы, як вадкі шакалад. А каб я не вельмі засмучаўся, яна ўсунула мне ў руку пляшку гарэлкі, а на стол паставіла дзве шклянкі. І пілі мы з адзінотаю ў той вечар удвух і на брудэршафт.
На працы я ні з кім не знайшоў паразумення. Жанчынам — за сорак і іх хвалююць толькі ўласныя праблемы і праблемы сваіх дзяцей. Мяшчанства і накапіцельства ў іхным асяроддзі лічылася за паспяховасць і росквіт чалавека як асобы. На творчасць ім было напляваць, тым больш на творчасць паэтычную. Яны не разумелі, што складанне вершаў патрабуе неверагодных высілкаў, і калі ў мяне не атрымалася сачыніць бязглуздую абсалютна здравіцу ў гонар вышэйстаячага начальства з вобласці, папракнулі: што ж я за паэт такі, што не здолеў звычайную халтурку ціснуць? А я не мог, не мог халтурку!
Дый ці растлумачыш ім, калі яны не разумелі вялікай паэзіі Ясеніна, катэгарычна забараніўшы чытаць яго вершы на злёце маладых спецыялістаў раёна…
Адзінота зноў падтрымала мяне, і зноў мы пілі з ёю на брудэршафт, а пасля танчылі пад рогат зор і поўні. Але мне было ўсё роўна на той момант, што пра мяне падумаюць такія далёкія дый ці жывыя стварэнні.
Адхланне я атрымліваў толькі падчас рэпетыцый. Мы ставілі Чэхава. «Трох сясцёр», якіх гралі школьніцы-старшакласніцы. Ды пасля рэпетыцый мне не было куды пайсці. Мае актрысы, што дурэлі і зайгравалі са мной у строга абмежаваны час, адведзены кіраўніцтвам у раскладзе па падрыхтоўцы мерапрыемстваў, у вольны час імкліва пазбягалі стасункаў са мной. Вядома, розніца ва ўзросце. Я для іх быў ужо стары.
Панурыўшы галаву, сутулячыся, я шкандыбаў праз увесь гарадок да хаты, якую здымаў у саракагадовай фарбаванай Барбі, што працавала дырэктарам банка і мяняла мужоу, як пальчаткі, а ў дадатак і прозвішча кожны раз, як выходзіла замуж. Аднойчы яна засталася начаваць у мяне, відаць, пасварылася з чарговым мужам і ён яе выгнаў на некаторы час для прафілактыкі. Была яна на моцным падпітку і ляжала на адзінай канапе, раскінуўшы рукі. Грудзі пад белай майкай у абліпку з выявай гурта «Тату» плаўна ўздымаліся і апускаліся ў такт дыханню, скураная спадніца, і без таго кароткая, задралася ледзь не да пупка, выставіўшы на агляд бездакорна бліскучы ядваб. Па стройных і даволі прыгожых ножках яе скакалі дзве мухі, гуляючыся ў даганялкі, а крыху прыадкрыты рот вабіў пульхнымі вішнёвымі вуснамі дакрануцца хаця б пальцам.
Як заварожаны, пазіраў я на гаспадыню кватэры, у якой я жыў, і яна, гаспадыня кватэры, відаць, адчула мой позірк на сабе, бо расплюшчыла вочы і доўга глядзела на мяне, быццам не пазнавала, а пасля прапанавала класціся побач, толькі не чапаць яе, бо вельмі стамілася.
Я лёг, як яна і казала, побач, адсунуў ейную руку бліжэй да яе цела, каб не замінала, і невядома што б адбылося далей, каб не ўблыталася ў сітуацыю адзінота. Яна як быццам раўнавала. Ды так і было. Столькі працы і высілкаў убухала на тое, каб пакінуць мяне для сябе і так проста дазволіць нейкай жанчыне, няхай і Барбі, карыстацца гэтым?… Ну не!
Суседка ледзь не выламала дзверы, патрабуючы выйсці на ганак сваю сяброўку, гаспадыню кватэры, у якой я жыў. Адзінота хітра ўсміхнулася, калі жанчыны, абняўшыся, пайшлі некуды, аказваецца, па важных справах.
І я застаўся адзін. Хлушу. З адзінотай. Сам-насам. Мы ляжалі і маўчалі, пазіраючы ў столь, а па паддашаку насіліся пацукі, парушаючы цішыню.
Наступным днём я паехаў у сталіцу, дзе сустрэўся з лепшым сябрам. Мы распілі з ім пляшку на вакзале, калі ён мяне праводзіў назад, размаўлялі пра паэзію, і раптам я запрасіў яго да сябе. Ён пагадзіўся, хоць грошай на дарогу ў яго не было. Але ж мы сябры.
Адзінота сустрэла нас насцярожана, але яна дакладна ведала, чым скончыцца гасцяванне майго сябра, пагэтаму не вельмі і перажывала, седзячы трэцяй і нябачнай майму лепшаму сябру за сталом, калі мы выпівалі.
Мы пілі і размаўлялі пра паэзію, і мой лепшы сябар крычаў, што я — яго лепшы сябар, б’ючы сябе ў грудзі… А пасля ў нас скончыліся цыгарэты. А курыць хацелася вельмі. Мой лепшы сябар пайшоў шукаць курыць у гадзіну ночы па незнаёмым горадзе насуперак майму тлумачэнню, што тут — не сталіца і так проста цыгарэт не знайсці.
Ён вярнуўся праз колькі хвілін дзеля таго, каб збіць мяне з ног кулаком у жывот і запытаць, дзеля чаго ён прыехаў са сталіцы да мяне? Дзеля таго, каб не знайсці пакурыць? Зноў удар. Я не чакаў такога ад майго лепшага сябра, які зусім нядаўна ірваў на сабе кашулю, даказваючы, што ён мой сябар.
У адказ я сказаў яму, што ў такім разе, ён няўдзячная жывёліна, а не сябар.
Цераз некалькі абменаў ударамі, я паслізнуўся, рухнуў на падлогу, а мой лепшы сябар наваліўмя на мяне раз’юшаным быком.
На некаторую долю секунды мне захацелася не супраціўляцца, але ўявіўшы свой труп з крывавай кашай замест твару, я пашкадаваў свайго лепшага сябра: пасадзяць чалавека, а ён жа вершы піша, Ясеніна любіць…
І я выкараскаўся, адштурхнуў сябра нагой, пабег на вуліцу, а мне наўздагон паляцела сякера, што ляжала на шырокім падаконні ў верандзе, а пасля і сябар выйшаў з касой у руках, паволі набліжаўся.
Адзінота весялілася, назіраючы за намі, — бясплатнае кіно. Але да асобага моманту. Яна нікому і ніколі не дазволіць псаваць, а тым больш нішчыць тое, што абрала для сябе ў карыстанне.
…Назаўтра мой лепшы сябар нічога не памятаў ці не хацеў памятаць. Ён з’ехаў у сталіцу, і больш мы не сустракаліся.
Праз невялікі прамежак часу я застаўся зусім адзін. Без бацькоў, без родных, без сяброў, без каханай. Каханай?…
Смешна прызнацца, але, відаць, адзінота і ёсць мая каханая. Дакладней, яе каханы я.
Аслабаніўшы сябе і мяне заадно ад верагодных перашкод для свайго дасягнення, агледзеўшыся яшчэ раз, апошні, ці няма яшчэ каго, хто здольны пасягнуць на мяне, адзінота сапраўднай гаспадыняй адчула сябе ў маёй хаце. І, нарэшце, паказалася ва ўсёй сваёй прыгажосці.
Яна захінула ўсе шторы і фіранкі, зачыніла на замкі ўсе дзверы і сховішчы, запаліла свечку і выйшла з кута, якога я раней нават не заўважаў ніколі, у вобразе такой прыгожай жанчыны, што я і ўявіць сабе не мог у самых казачных снах… А можа, гэта проста мая фантазія разгулялася?…
Факт у тым, што адзіноту я разумею як пакаранне. Толькі вось за што?…
