Цяпер, калі Зося даведалася, што гэта яна, Прузына, адбірае ў яе Алёксу, злосць, якую мела да ўсіх людзей, быццам зраслася ў адну злосць — нянавісць да Прузыны. 3 якой бы ахвотай паздзірала з яе ўсе пацеркі, істужкі, якімі заўсёды абчэплівалася гэтая Салынічышка; вочы тыя жабіныя, здаецца, павыдзірала, як котка, задушыла б, каб магла. I днём, і ноччу ў Зосі цяпер была адна думка, адно жаданне: не дапусціць да гэтага вяселля, але як і што рабіць — сама яшчэ не ведала.