Яна, перш-наперш, - прыгожая жанчына, з павабнай, трошку сумнай і ціхай усмешкай. Невысокага росту, стан досыць зграбны, з мяккай акругласцю форм. На твары троху цьмяная бледнасць і зморшчыкі навокал вачэй - такія маленькія, празрыстыя. Як усміхаецца, дык зморшчыкі збіраюцца праменьчыкамі, ахінаюць вочы ціхай, ласкавай прыветнасцю. Тады ў вачах знікае тая дзіўная палахлівая маркота, якая часам халадзіць іх, робіць пустымі, далёкімі. Тады ў іх - зеленаватыя агеньчыкі; вясёлыя, гарэзныя. І зірнуць тады ў іх, дык не стрываеш, каб не ўсміхнуцца самому.