Пяшчотна да сябе. Кніга пра тое, як шанаваць і берагчы сябе
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Пяшчотна да сябе. Кніга пра тое, як шанаваць і берагчы сябе

Ольга Примаченко

Пяшчотна да сябе. Кніга пра тое, як шанаваць і берагчы сябе

Фото Владимира Шатрова



© Примаченко О.В., текст, 2020

© Пучинская К., перевод на белорусский язык, 2025

© ООО «Издательство «Эксмо», 2025

Пяшчота першая, уступная

 

…увосень спазнаеш: вышыня адвагі – быць празрыстым, бы шкло,

уся тая крохкасць, бязважкасць, след чужых бессаромных пальцаў,

найбольшая шчодрасць – дарыць нутраное ашчаджанае цяпло,

сапраўдная сталасць – умець давяраць, памятаць, баяцца;

у нашых краях увосень прынята вяртацца,

адсутнасці час прайшоў [1].

 

Ксенія Жалудова


Восем гадоў таму маё жыццё кардынальна змянілася.

Цягам месяца я падала на развод, вярнулася жыць да мамы і змяніла працу. Першая перамена балела, другая адгукалася пякучым сорамам, а трэцяя стала вялізным выклікам: у маім маленькім утульным балотцы пачаліся спаборніцтвы ў веславанні.

Мне пашанцавала. Абышоўшы шалёную колькасць прэтэндэнтаў, я ўвайшла ў склад рэдакцыі, якой трэба было з нуля распрацаваць праект для жанчын на найбуйнейшым у той час інтэрнэт-партале навін Беларусі. Наступныя два з паловай гады я працавала Кэры Брэдшоу: пісала хвацкія тэксты пра стасункі, поўныя іроніі, кепікаў і ўпэўненасці ў тым, што я ведаю пра мужчын усё. Сустрэўшы праз нейкі час будучага мужа, я зразумела, што не ведаю пра іх нічога. Я кпіла дарма.

Таму што ў тым, што тычыцца жывых людзей, нязменных ведаў не бывае – кожны праведзены бок у бок год мяняе карціну свету. Тое, што раней здавалася нормай, перастае ёю быць, а тое, што расцэньвалася як цуд, ператвараецца ў звычку. Высновы і ўрокі мінулага перастаюць быць музейнай каштоўнасцю, экспанатамі залы баявой славы: некалі яны працавалі і абаранялі ад болю, сёння – замінаюць руху наперад.

Праз тры гады пасля разводу (нават у адзін і той самы дзень) я выйшла замуж другі раз. Яшчэ праз колькі часу мы з мужам набылі дом з цудоўным садам і пераехалі з Мінска ў прыгарад, каб слухаць, як падаюць яблыкі і расце трава.

Мы сталі бацькамі.

Я працягвала пісаць пра каханне і стасункі, але ўсё часцей лавіла сябе на думцы, што тэма распаўзаецца ў маіх руках ніткамі, разлятаецца гузікамі, прасыпаецца долу драбнюткім пяском – і просіць пакінуць яе ў спакоі. Я зразумела, што больш не хачу пісаць пра каханне. У тым сэнсе, што іншыя клопаты падаваліся больш значнымі, адчуваліся вастрэй, патрабавалі больш увагі і сіл. А каханне – ну што каханне… «Калі нешта зменіцца – я скажу».

Я стамілася хвалявацца пра каханне. Разбіраць стасункі, як памылкі ў дыктоўцы («сям’я» і «дом» праўда пішуцца праз «хачу» ці праверачнае слова – «трэба»?), думаць на перспектыву («Will you still love me when I’m no longer young and beautiful?»[2]), задавацца пытаннямі, адказы на якія не ясныя, але ўжо загадзя не падабаюцца.

Я зразумела: адзіны чалавек, які ніколі мяне не пакіне і перад кім мне не трэба танчыць з бубнам, – я сама. Мне няма патрэбы сумнявацца ў сваіх жаданнях або даказваць сабе рэальнасць свайго болю: для мяне ўсё менавіта так, як я адчуваю.

Я магу сабе верыць.

Мне можна на сябе абаперціся.

Ніхто і ніколі не будзе любіць нас так, як мы хочам, – будуць як умеюць. Але залежнасць ад іншых людзей, іх зменлівага настрою не робіць нас шчаслівымі – яна робіць зручнымі. Мы настолькі прызвычайваемся прыстасоўвацца і амартызаваць сабой, супакойваць унутранае віраванне і перапрацоўваць незадаволенасць у маўчанне, што выбух неўнікнёны. Момант, калі паляцяць шматкі на ўсе бакі, – толькі пытанне часу.

Думаць за іншых, адчуваць за іншых, прадбачыць іх рэакцыі – неймаверна стамляльна. І бессэнсоўна: пражываць чужое жыццё замест таго, каб рабіць нешта цудоўнае са сваім.

У свеце, дзе ваша радасць залежыць ад таго, наколькі дакладна вы супадаеце з уяўленнем пра вас у нечай галаве, тужліва і халодна. Гэта нармальна – заканчваць стасункі і працы, якія больш нічога не даюць. Якім больш нічога не можаце даць вы. Не таму, што з іншымі людзьмі ці ў іншым месцы будзе ярчэй і цікавей, а таму, што канкрэтна тут ярчэй і цікавей ужо дакладна не будзе.

Нармальна – адчуваць, як прыціскае часам да зямлі пытаннем: «Што ты зрабіў для хіп-хопа ў свае гады?»[3] Нармальна – разбірацца, чый голас задае гэтае пытанне, якое права ён на яго мае і як ідзецца з хіп-хопам у яго самога.

У свеце, у якім я сабе радуюся, я больш не чакаю, што нехта пра мяне паклапоціцца, а дацягваюся да радасці сама. Бяру сябе за руку і вяду туды, дзе магу адчуваць, што мне хочацца адчуваць – надзейнасць «сваіх людзей», смак гарачых хінкалі або лёгкасць у галаве пасля стрыжкі.

У свеце, у якім я сабе радуюся, я кажу сабе: гэта я зраблю пазней, гэта – праз некалькі месяцаў пасля пазней, а вось гэта я зраблю ніколі. Таму што для некаторых рэчаў ніколі – самы прыдатны час.

Так, часам здаецца, што ты настолькі звыклася быць салдатам Джэйн, што размовы пра нейкую там пяшчоту да сябе здаюцца пустой выдумкай, казкай на ноч, якую няма каму табе расказаць, дый часу слухаць няма. Але я бяру на сябе смеласць усё ж такі пачаць гэтую размову, таму што за гады існавання блога Gnezdo.by мне прыходзіла мноства лістоў пра жыццё на мяжы магчымасцяў, з гісторыямі пра тры гадзіны сну ў суткі, працу на знос і клопат пра іншых на разрыў аорты – ні адна з іх не скончылася добра. Нездарма дзесьці па сеціве блукае карцінка: «Не бывае невыканальных задач. Бываюць сардэчныя прыступы ў трыццаць».

Няхай той час, што вы праведзяце з гэтай кнігай, стане для вас магчымасцю пасядзець побач з сабой, «пабыць сваёй». Выслухаць сябе і разабрацца, як з вамі можна абыходзіцца і як нельга, што вы можаце трываць, а што не, што вас радуе, натхняе, здзіўляе, захапляе і што – раз’юшвае. Выслухаць сябе, нікому не дазваляючы перабіваць ці абясцэньваць пачутае.

Пяшчота да сябе – гэта не вынік валявой пастановы або аднойчы дадзенага сабе абяцання, гэта заўсёды дарога. Не да нейкай пазначанай на карце кропкі і дакладна не да лепшай версіі сябе, а туды, дзе вы адмаўляецеся выконваць ролю наглядчыка, крытыка і суддзі і выбіраеце верыць у сваю нармальнасць.

Гэта гатоўнасць з прыязнай цікаўнасцю даследаваць свае «не магу», «не хачу» і «не буду» і плысці не па цячэнні і не супраць яго, а туды, куды вам трэба.

Вы не бясконцыя. Вы праўда не бясконцыя.

Давайце я раскажу пра пяшчоту да сябе ўсё, што ведаю, і вы самі вызначыце, дзеля якіх слоў вам патрапіла ў рукі гэтая кніга.

Пра што я буду гаварыць? Пра права кожнай з нас адчуваць што заўгодна – і не саромецца гэтага. Пра расстаноўку прыярытэтаў і пра тое, што рабіць з чужымі спробамі вучыць нас жыць.

Пра даросласць, якая вартая таго, каб яе не баяцца, і пра грошы і ўстаноўкі, што перашкаджаюць нам без панікі прызначаць кошт сваёй працы і без пачуцця віны выдаткоўваць заробленае на сябе.

Пра тое, як святкаваць жыццё, маючы тое, што маем, і не верыць у сваю недастатковасць, няправільнасць і неабходнасць тэрмінова выправіцца.

Мы будзем даследаваць тэму пяшчоты да цела: як перастаць ваяваць за яго і з ім і з павагай прызнаць яго гісторыю. Мы ўдзелім увагу матэрыяльнаму вакол нас – немагчыма пераацаніць, наколькі прастора, сугучная нам, з’яўляецца рэсурсам падтрымкі і дапамогі.

І, безумоўна, мы будзем шмат гаварыць, як з прынцыпу пяшчоты да сябе ўзаемадзейнічаць са светам: сцвярджацца ў сваім праве думаць па-іншаму, не гуляць ні з кім у «адгадайку» і «дадумайку за мяняйку», прасіць патрэбнае, абараняць важнае, прамаўляць «не», збліжацца і аддаляцца без шкоды адно для аднаго і заўсёды – памятаць пра кантэкст.

Я раскажу вам пра каштоўнасць «сваёй зграі» і людзей – добрых люстэрак. Падзялюся прынцыпамі навядзення парадку ў інфармацыйным хаосе, у аснове якіх – беражлівасць да сардэчных мазалёў і папраўдзе цудатворны эфект функцый «перавесці ў нямы рэжым» і «скасаваць падпіску на абнаўленні».

А напрыканцы кнігі вас чакае марафон пяшчоты да сябе. Трыццаць адзін дзень заданняў і практык, якія дапамогуць лепш пазнаёміцца з сабой, расставіць кропкі над «я» – і паглядзець, што атрымаецца.

Разважаць пра сферычных коней у вакууме я не ўмею – буду расказваць толькі пра тое, што спрабавала і перажыла сама. Безумоўна, мой досвед не паказальны і не павінен разглядацца як інструкцыя да дзеянняў. Слухайце сябе, заўважайце, дзе напісанае адгукаецца вам радасцю пазнавання – «о, і ў мяне гэтаксама!», але шукайце сваю праўду самі. Паверце, вы яе не прапусціце, усярэдзіне пачне пішчаць парктронік: чым бліжэй да праўды, тым часцейшы і гучнейшы піск.

Ідэі падобныя на насенне: калі адчуеце, што прачытанае казыча і паколвае, значыць, зерне ўпала на падрыхтаваную глебу і хутка праклюнецца, дасць парастак. Калі вам спадабаецца тое, што вырасце, адсвяткуйце і абдыміце сябе. А калі расчаруе – не прымайце няўдачу блізка да сэрца. Памятайце: нават калі дослед не атрымаўся, гэта яшчэ нічога не кажа пра яго марнасць.

Я напісала гэтую кнігу, каб яе можна было разгарнуць на любой старонцы і адчуць, як расслабляюцца плечы, становіцца лягчэй дыхаць, святлее ў галаве.

І як разліваецца цёплай хваляй па целе пяшчота да сябе.

Цытата з песні Дэцла «Кто ты?».

Кампазіцыя «Young And Beautiful», выконвае Lana Del Rey, аўтары Elizabeth Grant (Lana Del Rey), Rick Nowels.

Пачытаць іншыя вершы паэткі можна па спасылцы: https://vk.com/tovarishzhe.

Пяшчота другая. Пачуцці

 

ты прыносіш яму крыху пяшчоты ў вузкіх далоньках,

склаўшы іх нетрывушчай наіўнай лодачкай;

ён смяецца, лёгенька б’е па руках знізу ўгору;

не, вядома, зусім не балюча, што ты,

ад такога балюча і не бывае;

пяшчота – разбіваецца ўшчэнт.

 

Ксенія Жалудова


Мая школьная настаўніца працы была аматаркай кніг Луізы Хей[4] і замест таго, каб тлумачыць, як рабіць роўныя швы, чамусьці прымушала нас заходзіць па адной у прымерачную, садзіцца насупраць люстэрка і прамаўляць сто разоў «я люблю сябе».

Нам было трынаццаць гадоў, мы нічога не ведалі пра любоў і яшчэ менш ведалі пра сябе, таму запэўненні ў тым, што варта толькі «палюбіць сябе» – і ў нас цудоўным чынам сыдзе падлеткавы тлушч, знікнуць прышчы і вырастуць грудзі, здаваліся бессэнсоўнымі і дзіўнымі.

Пройдзе яшчэ шмат гадоў, перш чым я хоць што-небудзь пачну разумець пра любоў, а тым больш пра каханне. Ачышчу гэтае слова ад пылу і шалупіння, літаратурных клішэ і чужых гісторый, усвядомлю і даведаюся, што такое страчваць, як гэта – заставацца адной, што значыць сыходзіць першай. І як бывае, калі прастора пачынае згортвацца і ціснуць на грудзі, а ты – мярцвець аднекуль з сярэдзіны: здорава, што вы ўсе ў мяне ёсць; шкада толькi, што ніхто з вас мне не патрэбны.

Пройдзе яшчэ шмат гадоў, перш чым я пачну нешта разумець і пра любоў да сябе, навучуся прымаць свае пачуцці, даваць імёны таму, што палохае, і вымаўляць «мне страшна», калі мне страшна, а не строіць з сябе смаркатага героя, дробна перабiраючы каленкамі пад сталом.

Узрост сапраўды шмат што спрашчае. Дакладней, досвед, які мы атрымліваем, калі сталеем.

Мы лепш разумеем бацькоў, калі самі становімся бацькамі і на сабе адчуваем цяжар клопату аб сям’і, асабліва калі патрэбныя грошы, а з працай няпроста.

Мы разумеем, што свет вачыма дзіцяці і свет шкурай дарослага – гэта два розныя Сусветы, і замест таго, каб акапацца ў крыўдзе на людзей з мінулага і лічыць сябе ахвярай, больш пяшчотна да сябе будзе прыняць няспраўджанае, аплакаць недаатрыманае, адгараваць непражытае – і закрыць тэму пошуку прычын. Памяць умее хлусіць і падтасоўваць, і можна глыбока і несправядліва пакрыўдзіцца на тых, у каго і ў думках не было крыўдзіць, бо «яны далі ўсё, што маглі, чаго не далі, дык таго і не маглі»[5].

На мой погляд, складаны, але важны крок у развіцці асобы – гэта скараціць фразу: «Я так адчуваю, таму што…» да «Я так адчуваю. Кропка» – і паспрабаваць знайсці як мага больш спосабаў падтрымаць сябе тут і цяпер, у тых умовах, у якіх вы жывяце, і з тымі, з кім жывяце.

Непрыгожых пачуццяў не бывае. Няправільных – таксама

Пяшчота да сябе пачынаецца з таго, што вы дазваляеце сабе адчуваць усё, што адчуваецца, без аглядкі на тое, што падумаюць іншыя, і не дзелячы пачуцці на добрыя і дрэнныя.

Як напісала аднойчы ў сябе ў Фэйсбуку[6] Элізабэт Гілберт[7], калі мы адчуваем радасць, яна праўдзівая і рэальная для нас, як і наш смутак, як і наша любоў да кагосьці. Ніхто не выйграе ад таго, што мы будзем пераконваць сябе, нібы адчуваем нешта іншае. Трэба жыць сваёй праўдай – няма лепшага спосабу здабыць сваю цэльнасць. Выбіраючы меншае, мы будзем выбіраць нешта не тое. Для нас.

Калі вы адчуваеце сум, гэта праўда моманту, якую няма патрэбы адмаўляць.

У вас ёсць прычына так сябе адчуваць: вас нешта засмуціла, магчыма, вы штосьці страцілі (грошы, стасункі, рэч, натхненне, планы на выходныя, каханне ўсяго жыцця), і вам патрэбны час гэтую страту перажыць, адгараваць і прыстасавацца да змены.

Гараваць – не значыць апрануць жалобу, бясконца плакаць і не выходзіць з пакоя. Гараваць – значыць дазволіць сабе прызнаць страту. Колькі часу гэта зойме, прадказаць немагчыма. Але калі забараняць сабе перажываць, то дакладна больш, чым магло б.

Пяшчота да сябе ў такой сітуацыі – прымірыцца з тым, што нейкі час давядзецца пахадзіць з кішэнямі, поўнымі смутку. Адпýсціць, калі адпýсціць. Гэта нармальна, гэта вам не пашкодзіць і зусім дакладна – не зробіць горш.

Пры гэтым паспрабуйце не заганяць сябе ў пастку «перажыванні пра перажыванне». Гэта калі мы пачынаем хвалявацца, а ці ўсё з намі добра, калі мы адчулі «нешта не тое»: пазайздросцілі, парадаваліся няўдачы сябра, прыраўнавалі, пакрыўдзіліся ці проста засумавалі і пачалі ганебна ныць, замест таго каб заставацца модна праактыўнымі.

Мы засмучаемся, калі выяўляем сябе няздольнымі без канца быць «светлымі чалавечкамі» і думаць пра лепшае. Нам балюча прызнаваць, што ёсць рэчы, якія заўсёды будуць закранаць нас за жывое, а значыць, мы будзем рэагаваць не так, як «трэба» або як мы хацелі б рэагаваць, а зыходзячы са свайго стану і колькасці сіл – каб не сесці і не расплакацца на месцы.

Такая рэальнасць. Таму, калі ласка, як толькі зловіце сябе на тым, што пачалі перажываць праз «дарэчнасць» пачуццяў, зрабіце ўдых, выдых і акуратна вярніце сябе сабе. З вамі ўсё ў парадку, вашы перажыванні адэкватныя моманту, іх не трэба саромецца ці імкнуцца перайграць.

Не страшна аднойчы адчуць да каханага чалавека нянавісць – страшна не дазваляць сабе адчуваць да яго нічога, акрамя кахання.

Пачуцці – яны ж заўсёды пра «цяпер», а не пра характар. Калі вы злуяцеся, гэта нічога не гаворыць пра тое, які вы чалавек, але можа шмат расказаць пра тое, што адбываецца. Магчыма, парушаюцца вашы межы. Або абясцэньваецца дарагое вам. Або вы настолькі доўга не адпачывалі, што цела пераключылася ў рэжым баявой гатоўнасці і цяпер рэагуе камандай «Вораг!» нават на рух ценю галінкі.

Тое самае са страхам. Калі вы баіцеся, гэта не значыць, што вы баязліўка. Проста пачуцці апярэджваюць думкі, і таму вы адчуваеце небяспеку хутчэй, чым паспяваеце растлумачыць сабе, у чым падвох. Ёсць добрая фраза пра гэта: калі вам здаецца, што нешта не так, то, хутчэй за ўсё, вам не здаецца.

Калі вы галодная, знясіленая, стомленая, бессэнсоўна чакаць ад сябе будысцкага спакою пры поглядзе на ўчынены дзецьмі вэрхал. Злосць не будзе сведчаннем вашага дрэннага характару – яна будзе сігналізаваць толькі пра тое, што менавіта цяпер вы на нулі.

Кожны раз, калі мы абцяжарваем іншых спадзяваннямі, якія тыя не здольныя апраўдаць, узнікае канфлікт чаканняў. Немаўля ведаць не ведае, што мама хоча выспацца. Муж не чытае думак і нават не здагадваецца, пра што прамаўчала ягоная жонка. Ад сяброўкі, звыклай крытыкаваць, бессэнсоўна чакаць спагады і падтрымкі. Усе яны робяць тое, што робяць, не «назло», а таму, што не ўмеюць па-іншаму. Гэта не з імі нешта не так – гэта нешта не так з нашымі чаканнямі (падкрэслю: чаканнямі, не намі).

Іншы варыянт развіцця падзей – калі вам паказваюць, што менавіта вы мусiце адчуваць, ці асуджаюць вашу рэакцыю: «Як ты можаш радавацца, што звольнілася з працы? Ты павінна месца сабе не знаходзіць ад непакою, як усе нармальныя людзі!»

Памятаю, я выходзіла з першага шлюбу не з прадпісанымі пачуццямі суму або горычы (яны былі, але фонам) – я ішла ў развод з пачуццём злосці. Наўрад ці я адчувала б яе, калі б мы «проста» не сышліся характарамі ці каханне ператварылася ў пацяруху за даўнасцю часу. Я злавала, таму што мне было балюча перажываць уласнае бяссілле перад тым, як метадычна і неадольна руйнуецца тое, што я доўга стварала, у што шмат гадоў укладвалася часам, сіламі, грашыма і агульным мінулым.

Але я катэгарычна супраць таго, каб адмаўляцца штосьці адчуваць з-за страху «недарэчнасці» гэтых пачуццяў, іх непажаданасці, нейкай для кагосьці «непрыгожасці». («“Я цябе кахаю”. – “Дзякуй”. – “Гэта не той адказ, якога я чакаў”. – “Вялікі дзякуй?”[8])

Ты кажаш: «Мне балюча», – а табе адказваюць: «Не, табе не…» Табе не балюча. Табе не страшна. Табе не дрэнна. Ты не стамілася. Гэта блазнота, будзь салдатам, вазьмі сябе ў рукі, сабярыся. І ты збіраешся. Раз збіраешся, два збіраешся, тры, чатыры, пяць збіраешся, васямнаццаць разоў збіраешся, сорак тры. І сапраўды адчуваеш, як робішся больш загартаванай і моцнай, як грубее скура, нарастае браня. І там, дзе раней было жывое і цёплае, утвараецца халодная пустэча.

І аднойчы ловіш сябе на тым, што ўжо ты прамаўляеш камусьці: табе не балюча, табе не страшна. Ты не верыш і мераеш па сабе, і мера гэтая малая, і нявер’е гэтае – нікчэмнае. А той іншы, хто прыйшоў да цябе з бядой, застаецца з ёй у адзіноце і смутку.

Мне вельмі не падабаецца, калі, спытаўшы: «Што здарылася?» і пачуўшы адказ, гавораць: «Ну што ты так пераймаешся, знайшла з-за чаго!» Па-першае, любы чалавек мае права перажываць тое, што здарылася, так, як ён хоча гэта перажываць, таму што ён лепш ведае, што аблегчыць яму маркоту. Па-другое, такія словы ставяць пад сумнеў яго здольнасць правільна рэагаваць на падзеі i пераводзяць з пазіцыі дарослага са сваёй устойлівай сістэмай каардынат у пазіцыю дзіцяці, жыццёвага досведу якога нестае, каб ацэньваць тое, што адбываецца, аб’ектыўна. Па-трэцяе, ніхто нікому не можа гаварыць «расслабся», пакуль не напружыўся да той жа ступені. Той, хто перажывае страту, ведае, чаго яму каштавала страчанае, якіх высілкаў. Людзі не бядуюць дзеля забаўкі.

Як пісала Меладзі Біці ў сваёй знакамітай кнізе пра сузалежнасць «Ратаваць ці ратавацца», «перастаньце адмаўляцца ад сябе, ад сваіх патрэб, ад сваіх жаданняў, ад сваіх пачуццяў, ад свайго жыцця і ад усяго, што вас складае. Займейце намер заўсёды клапаціцца пра сябе – і здзяйсняйце яго. Мы можам сабе давяраць. Мы здольныя справіцца і адаптавацца да любых падзей, праблем і пачуццяў, з якімі сутыкае нас жыццё. Мы можам давяраць сваім пачуццям і сваім меркаванням. Мы можам вырашаць свае праблемы. Мы можам навучыцца жыць і з нашымі нявырашанымі праблемамі. Мы павінны давяраць тым людзям, на якіх вучымся спадзявацца, – самім сабе»[9].

Луіза Хей (1926–2017) – амерыканская пісьменніца, адна з заснавальнікаў руху самадапамогі. У аснове яе кніг ідэя, што корань эмацыйных праблем і хвароб – у «няправільных» перакананнях пра сябе, якія можна змяніць з дапамогай афірмацый (пазітыўных сцвярджэнняў) і такім чынам здабыць здароўе і шчасце.

Сацыяльныя сеткі Фэйсбук і Інстаграм забаронены на тэрыторыі Расіі ў сувязі з экстрэмісцкай дзейнасцю.

Михайлова Е. Я у себя одна, или Веретено Василисы. – М.: Класс, 2010. – С. 210.

Пераклад цытаты з фільма «Хлус, хлус» (Liar, Liar, 1997) рэжысёра Тома Шэд’яка з Джымам Кэры ў галоўнай ролі: «“I love you!” – “Thank you”. – “Well, that wasn’t exactly the answer I was hoping for…” – “Thank you very much?”»

Пост на старонцы Элізабет Гілберт у Фэйсбуку ад 16.08.2016 [Электронны рэсурс] // URL: https://www.facebook.com/GilbertLiz/posts/dear-onesonce-i-went-to-visit-a-therapist-because-i-was-afraid-i-might-be-a-soci/1086540191428095/ (дата звароту: 01.05.2020).

Битти М. Спасать или спасаться? Как избавиться от желания постоянно опекать других и начать думать о себе / перевод Элеоноры Мельник. – М.: Эксмо, 2020. – С. 168.

Ціхія эмоцыі

Часам неэмацыйнасць – не сведчанне спустошанасці або свядомага заглушэння пачуццяў, а асаблівасць душэўнай будовы. Не трэба вінаваціць сябе ў нячуласці або халоднасці і гвалтам прымушаць перажываць рэальнасць ярчэй: «якаснасць» эмоцый не залежыць ад ступені іх праяўлення і не вымяраецца вышынёй скачкоў ад радасці або колькасцю вёдраў слёз.

Нармальна – кахаць жарсна, да дрыжыкаў і галавакружэння, і нармальна – так не кахаць.

Пяшчота да сябе – гэта вучыцца цаніць скрыню з уласнымі інструментамі, замест таго каб зайздросціць чужой. У аднаго ў ёй ляжыць лупа, якая дазваляе бачыць вялікае ў дробязях. У другога – сякерка, каб адсякаць лішняе. У трэцяга – рулетка, якой ён мерае ўсё вакол, у чацвёртага – выдатны сродак для згушчэння фарбаў. Нармальна, калі ўзмацняльніка эмоцый у скрыні няма. Гэта ваша асаблівасць, а не хіба.

Для большасці з нас дазволіць сабе адчуваць «негатыў» і пры гэтым нічога з ім не рабіць, не спрабаваць сябе выправіць ці сарамліва прыкрыцца – сапраўдная задача з зорачкай. Хоць часам мы баімся не так пачуццяў, як магчымых учынкаў пад іх уплывам – рэзкіх і неабдуманых дзеянняў, вострых, як скальпель, слоў. Страшыць неабходнасць разбірацца потым з наступствамі: сапсаванымі стасункамі, задоўжанай сваркай, падмочанай рэпутацыяй заўсёды ветлівага і спакойнага чалавека.

Боязь узбаламуціць чарцей з балота падобная на асцярогу адчуць сэксуальную зацікаўленасць да кагосьці, знаходзячыся ў стабільных манагамных стасунках. Нібы яна раўназначная здрадзе і сведчыць пра праблемы ў адносінах. Гэта не так. Чым часцей перакрываць намаганнем волі спантаннае нараджэнне цікавасці да кагосьці («не смей глядзець!», «не смей любавацца!», «не смей прызнаваць, што тое, што ты бачыш, табе падабаецца!»), тым вышэйшая верагоднасць, што доўга стрыманае напружанне аднойчы выбухне і адбудзецца сапраўдная здрада альбо жаданне вытхнецца ў прынцыпе, у тым ліку і да ўласнага партнёра. («"Хадзем у бар!" – "Нельга ў бар". – "Хадзем на рыбалку!" – "Нельга на рыбалку". – "Не шкадуеш, што ажаніўся?" – "Нельга шкадаваць!"»[10])

Паміж сэксуальнай цікавасцю і здрадай – мноства прамежкавых рашэнняў і канкрэтных дзеянняў. Нармальна – адчуваць узбуджэнне, але пры гэтым несці яго дадому.

Немагчыма ўплываць на тое, якія пачуцці зараджаюцца. Немагчыма намаганнем волі прымусіць сябе перастаць кахаць ці пакутаваць ад здрады. Добрая навіна:

у нас заўсёды ёсць сілы, каб справіцца з любымі пачуццямі.

Ніводнае з іх нас не заб’е, інакш прырода іх не прадугледзела б.

Як пісала Эн Ламот, «праўду не здабудзеш, седзячы на месцы і лагодна ўсміхаючыся. Гора, страты, злосць – вось крокі на дарозе да ісціны. Мы ідзём да яе праз свае таемныя пакоі і даўнія страхі, усе тыя нетры і пусткі, ад якіх нам загадалі трымацца далей. Калі ступім туды, агледзімся, уздыхнём і ўжывёмся з убачаным – тады і прарэжацца голас. Вось гэтае імгненне і ёсць вяртанне дадому»[11].

Бяжы, дыхай, гавары і зноў дзейнічай

Самае складанае ў імгненні моцных пачуццяў – не забывацца дыхаць. Адчуваць, як адрэналін разліваецца па целе, але дыхаць, свядома не дазваляючы сабе замерці, адключыцца ад таго, што адбываецца. Мой досвед паказвае, што цягліцы запамінаюць стан здранцвення лепш за ўсё, і потым патрабуюцца доўгія гадзіны расслабляльных цялесных практык, каб змякчыць наступствы замарозкі, якая ператварае цела ў саляны слуп. (У гэтым плане мяне захапляе сібірскі вуглазуб, што жыве ў раёнах вечнай мерзлаты. Гэты маленькі марудлівы трытончык здольны дзясяткі гадоў (!) праляжаць у расколіне скалы замарожаным, а апынуўшыся на сонцы, адтаць і радасна папаўзці па сваіх справах. Нават зайздросна.)

Шкоду эмацыйнага «замярзання» можна параўнаць са стратамі, якія наносяць зваротныя вясновыя замаразкі маладым парасткам на градцы. Вада ў клетках раслін ператвараецца ў лёд і разрывае клеткавыя структуры, і ў нас атрымліваецца млявае зялёнае месіва там, дзе яшчэ ўчора планаваў вырасці кабачок. Замарожваючы ў сабе крыўды, страхі, перажыты боль, мы робім гэтаксама: носім у сабе ледзякі, ранімся аб іх.

У кнізе «Выгаранне» сёстры Эмілі і Амелія Нагоскі[12] расказваюць пра стрэс-рэакцыю, якую адчувае наша цела пры небяспецы. Сустрэча з ваўком у лесе, траплянне ў зону турбулентнасці, дзіўныя паводзіны незнаёмца ў метро ці спроба нахабнага кіроўцы «падрэзаць» на дарозе – усё гэта расцэньваецца целам як пагроза, і яно імгненна пачынае напампоўваць сябе гармонамі стрэсу, каб дапамагчы сабе выратавацца.

Аўтары сцвярджаюць: каб быць больш здаровымі і шчаслівымі, цыкл стрэс-рэакцыі абавязкова трэба завяршаць, прычым актыўнымі дзеяннямі, а не ў думках. То-бок тактыка самаўгаворвання «спужаліся і забыліся, едзем далей» – шкодная тактыка. Калі ў вас трэсліся рукі, дрыжалі ногі, сэрца білася як шалёнае, у вушах шумела, жывот скручвала, ціск падвышаўся, а вочы бачылі толькі перад сабой (тунэльны зрок) – цела не атрымаецца супакоіць фразай: «Ну-ну, дружа, цяпер усё добра, расслабся». Калі вы сядзелі і міла пасміхаліся, хоць унутры закіпалі ад абурэння, ці калі на вас крычалі, а вы баяліся нешта сказаць у адказ, каб не нарвацца на яшчэ большую агрэсію, арганізм адчуваў такі самы стрэс, як і пры абрыве троса ліфта.

Па словах Нагоскі, самы дзейсны спосаб завяршыць цыкл стрэс-рэакцыі – фізічная нагрузка. Гэта своеасаблівы «сігнал арганізму, што вы паспяхова перажылі пагрозу і ў вашым целе зноў бяспечна знаходзіцца»[13].

Яшчэ задоўга да таго, як мне трапілася гэтая інфармацыя, я – ды і вы напэўна – інтуіцыйна выкарыстоўвала рух і спорт, каб зменшыць напружанне і справіцца з трывогай.

…Добра памятаю майскія святы, калі мяне накрыў жудасны крызіс ідэнтычнасці: я не проста не супадала з сабой па краях – маё «я» плавілася на сонцы і, застываючы, ператваралася ў выродлівую бясформенную масу. Ці на сваім я месцы, ці з тымі людзьмі, куды я ўвогуле іду і чаму ўсё так складана – пытанняў было процьма, адказаў – нуль.

Пакуль усе елі шашлыкі за горадам, я курыла на балконе ў пустой кватэры і, не вылазячы з піжамных штаноў, пісала тэксты: узяла працу на выходныя, не ўмеючы і не дазваляючы сабе спыніцца. Я была ў фінале сваёй кар’еры на пасадзе галоўнага рэдактара. Знясіленая нагрузкамі, адзінотай і тым, што пасля разводу прайшло паўтара года, а ў мяне так ні з кім і не атрымалася завесці стасункі (хіба што ў тупік).

За акном наркатычна салодка квітнелі яблыні, каштаны і чаромха, а я клацала па клавішах і заядала ўнутраную пустэчу варанай згушчонкай і пяццю-шасцю пачкамі марозіва за раз. Неміласэрна таўсцела і ненавідзела сябе за гэта. Ела, каб яшчэ больш развярэдзіць саму сябе, пагоршыць і без таго поўны раздрай унутры, дайсці да кропкі, вывернуцца навыварат, памерці і нарадзіцца нанова, але ўжо якой-небудзь іншай – і хоць каму-небудзь патрэбнай.

…Позна ўначы, калі я ўжо спала, прыйшла эсэмэска ад былога мужа: ён пісаў, што яго новая жанчына – ягоны персанальны цуд, што ён шчаслівы, што кахае, што «божажтымой табе не перадаць як гэта цудоўна», – і маё сэрца прапусціла два ўдары, а з левага вока выкацілася, павольна спаўзла ўніз і зацякла ў вуха сляза.

Падобна, у майго балота самаразбурэння, шкадавання і непрыязнасці да сябе ўсё ж былі межы – так цёплай майскай ноччу, з яе шолахамі, віном і знічкамі, я ўрэзалася ў сваё дно.

На наступны дзень я прачнулася ў 4:30 раніцы, узяла аркуш паперы і пачала пісаць як шалёная свой «маніфест», дзе, не саромеючыся ў выразах, выклала ўсё, што думаю пра сябе, сваё жыццё і свае перспектывы, – почыркам выдатніцы, прыгожымі друкаванымі літарамі, амаль капслокам. «Ніхто не вырашыць твае праблемы за цябе, ніхто не прыйдзе і не ўратуе цябе, таму што ну колькі ўжо можна пакутаваць. Нікому не цікавыя твае маляўнічыя дэпрэсіі – дый, ліха на яго, нікому не павінны быць. Так што вытры соплі, абуй красоўкі і бяжы. Бяжы, пакуль не ўпадзеш ад стомы, а калі ўпадзеш – паўзі ў кірунку да дому».

Я паднялася з ложка, нацягнула красоўкі, пагладзіла ашалелую котку і пабегла. Велізарныя хрушчы спароўваліся і з гучным храбусценнем падалі на асфальт, а світальнае неба было такім чыстым і ясным, што балелі вочы.

Бег стаў сродкам разагнаць кроў і благія думкі. Часам я бегала, каб не заставалася сіл плакаць. Восем месяцаў у годзе я нацягвала старыя ружовыя трэнікі, якія ляжалі ў шафе яшчэ з падлеткавага ўзросту, устаўляла ў вушы музыку і выпраўлялася на свой штодзённы марафон уздоўж трасы.

Іншы раз я літаральна за шкірку выцягвала сябе ў парную, густую, гарачую ноч, каб не заставацца адной у «таннай роспачы цемры», а бегчы. Хай захлынаючыся слязамі і соплямі, але рухацца далей.

Праз тры кіламетры слёзы высыхалі, праз чатыры спыняліся ўсхліпы, праз пяць адпускаў боль. Дзевяць кіламетраў увогуле не пакідалі надзеі – я проста вярталася дадому, клалася на падлогу і ляжала, слухаючы, як пот сочыцца праз поры, насычае дыван, размякчае бетонныя перакрыцці, пранікае ў зямлю і змешваецца з грунтавымі водамі, каб скіравацца разам з імі куды-небудзь далёка-далёка, дзе ўсё проста і ясна, як шкарлупінка ад яйка, знесенага вясковай рудой куркай…

Самая цёмная ноч – перад світанкам. А спорт сапраўды можа дапамагчы перапрацаваць стрэс.

«А ведаеце, што дакладна не спрацуе? Сядзець і гаварыць сабе, што ўсё засталося ззаду. Завяршэнне цыкла – гэта не разумовае рашэнне, а фізіялагічная трансфармацыя. Вы ж не загадваеце свайму сэрцу біцца, а кішэчніку – ператраўляць ежу. Стрэс-рэакцыя не падпарадкоўваецца вашай волі. Проста дайце целу тое, што трэба, і няхай яно займаецца тым, для чаго прызначана. Столькі часу, колькі спатрэбіцца»[14].

Як яшчэ можна дапамагчы сабе спраўляцца з наплывам пачуццяў? Паспрабуйце што-небудзь з наступнага.

Надзімаць мыльныя бурбалкі, пажадана гіганцкія. Гэта выдатны спосаб сканцэнтравацца на дыханні і супакоіцца дзякуючы павольнаму выдыху.

Трэсціся, каб не трэсла. Калі я адчуваю, што мышцы праз стрэс ператвараюцца ў камень, я імкнуся паслабіць іх з дапамогай трасяніны. Уключаю музыку, заплюшчваю вочы, лаўлю рытм і ператвараюся ў старажытную жанчыну, якая танчыць ля вогнішча пры поўным месяцы i якой усё роўна, як пры гэтым выглядае яе попа (спойлер: як жэле). Я далёкая ад эзатэрыкі, але яшчэ ні адна медытацыя, масаж або занятак фітнесам не прыносілі мне настолькі хуткага эфекту аднаўлення, як трасяніна ў рудых хатніх штанах у сябе на кухні.

Прагаворваць тое, што пужае (name it to tame it – «назаві, каб утаймаваць»). Пастарайцеся максімальна дакладна сфармуляваць, што менавіта вы адчуваеце, на што гэта падобна, як праяўляецца ў целе. Чым глыбей у вас атрымаецца наладзiць сувязь з пачуццём, тым хутчэй яно адпусціць. Уяўляйце: хваля набягае – і хваля сыходзіць назад у мора, ліжа пясок і вашы ногі, але пакідае вас на беразе – жывой, непашкоджанай.

Прысядаць, калі спалохаліся. Перажыўшы стрэс, завяршыце стрэс-рэакцыю любым фізічным практыкаваннем, якое прыйдзе ў галаву. Ідэя зачыніцца ў працоўнай прыбіральні і дваццаць разоў падскочыць пасля цяжкіх перамоў можа здацца вар’яцкай, але цела зноў успомніць, што быць вамі – бяспечна, а не адкладзе перажытае напружанне ва ўнутраную скарбонку.

Нагоски А., Нагоски Э. Выгорание. Новый подход к избавлению от стресса / перевод Антонины Лаировой. – М.: Манн, Иванов и Фербер, 2019.

Тамсама. – С. 41.

Тамсама. – С. 47.

Жарт з інтэрнэту.

Ламотт Э. Птица за птицей. Заметки о писательстве и жизни в целом / перевод Марии Сухотиной. – М.: Манн, Иванов и Фербер, 2019. – С. 217.

Напамінак пяшчоты да сябе

1. Вы маеце права адчуваць што заўгодна, калі заўгодна і як заўгодна доўга. Няма няправільных, непрыгожых ці недарэчных пачуццяў, яны ўсе – ваша праўда.

2. Толькі вам вырашаць, як пражываць свае пачуцці – з якой інтэнсіўнасцю і якімі спосабамі (пры ўмове, што яны не прыносяць шкоды іншым). Ніхто не можа раіць вам «забіць і расслабіцца», калі адзінае, чым ён уклаўся ў вашу падтрымку, – гэта сваёй дурной парадай.

3. Пытанне да сябе «Мне спадабалася?» заўсёды лепшае, чым «Што пра мяне падумалі іншыя?».

4. Не бярыце сябе на слабо, калі галодныя, не выспаліся ці стаміліся. Лепш вазьміце сябе за руку і прывядзіце туды, дзе можна здабыць цішыню, гарбату і бутэрброды.

5. Не патрабуйце ад сябе яркіх пачуццяў: шчырасць не залежыць ад гучнасці, падзяка не мае патрэбы ў спецэфектах. Наколькі можаце нагрэцца і пасвяціць – настолькі і добра.

6. Вы заўсёды маеце права сказаць: «Калі ласка, не крычыце на мяне». А калі вам усоўваюць пачуццё віны, яго можна не браць – як адмаўляюцца ад рэкламных улётак у пераходзе метро: «Дзякуй, мне не трэба».

Пяшчота трэцяя. Прыярытэты

 

…гаварыць, не захлынаючыся пытаннем, не зазіраючы ў адказы;

засвойваць катаржны чын прыняцця рашэнняў і вызначэння прыярытэтаў;

ведаць: тое, што ты называеш ісцінай, перастае быць ёю адразу,

калі ты наважышся ўголас пачаць размаўляць пра гэта.

 

Ксенія Жалудова


Кожны раз, калі я на нешта пагаджаюся і кажу «так», я загадзя ведаю, колькіх «не» гэта будзе мне каштаваць. У першую чаргу сказаных самой сабе.

Расстаноўка прыярытэтаў – гэта не расстаноўка межаў. Прыярытэты вызначаюць чарговасць, межы – ступень дазволенага.

Вызначаць прыярытэты неабходна для таго, каб разумець, чаму раней аддаваць увагу і на што выдаткоўваць сілы і час у першую чаргу.

Без іерархіі мэтаў лёгка распаўзціся, як клякса на прамакатцы – адразу ва ўсе бакі.

Растраціць сябе да адзнакі «нуль», але пры гэтым задавальнення ад выніку не атрымаць. Разгубіцца і згубіцца ў сабе, калі ўласныя жаданні не ўсведамляюцца (вось бы захацець захацець!) і ўвесь час хочацца спаць – але ўжо а пятай раніцы вы знаходзіце сябе ў ложку з расплюшчанымі вачыма, вывучаючы столь. Спадзеяцеся, што «прыйдзе выходны і ўсіх выратуе», але той прыходзіць і праходзіць, не разуваючыся, – не паспявае астыць гарбата ў шклянцы, праветрыцца пакой.

Калі няма іерархіі мэтаў, сілы размяркоўваюцца не на важнае, а на тое, што першым падвернецца пад руку, і яшчэ частка іх сыходзіць на непакой, што вы не спраўляецеся, не паспяваеце. Вось чаму важна расстаўляць прыярытэты:

• каб час на аднаўленне закладваўся ў бюджэт задачы, а не вылучаўся паводле прынцыпу рэшты. Тады можна адключыць галаву, не глядзець на гадзіннік, не думаць аб прадуктыўнасці і не вінаваціць сябе за «бязмэтнасць». Мне падабаецца, як у Італіі гэта называюць dolce far niente (салодкае гультайства), у Ізраілі – עושים חיים, «осім хаім» (даслоўна – «робім жыццё», насалоджваемся жыццём), у англамоўных краінах – me time (час на мяне, мой час);

• каб заставаліся сілы цешыцца, смяяцца ад душы і адэкватна ўспрымаць гумар у цэлым (у стане загнанасці жарты раздражняюць);

• каб у крызісныя часы ў вас хапала рэсурсаў паклапаціцца пра сябе дзякуючы загадзя створанай фінансавай падушцы бяспекі і цёпламу колу падтрымкі з блізкіх людзей.

Калі не сказаць сабе: «Вось гэта мне цяпер важна, а вось гэта – не», – то можна патануць у справах, а потым вырашыць, што з вамі нешта не так, – калі вы зноў не заўважылі, як праляцела паўгода.

Расстаўляючы прыярытэты, мы праяўляем павагу да абмежаванасці сваіх рэсурсаў, іх небясконцасці.

Але калі мы разумеем, дзеля чаго нешта робім, то лягчэй пераносім цяжкасці, таму што матывацыя ідзе знутры. Ужо сама свабода выбару – які цяжар на сябе ўзваліць і які кошт заплаціць – ператварае нас з папяровай лодачкі ў раўчуку ў жыццярадасную жоўтую субмарыну.

First things first

Я склала спіс магчымых прыярытэтаў, адштурхоўваючыся ад якога вам будзе прасцей сфарміраваць уласны.

Прыярытэт адносін (дзяцей, сям’і, сяброўства, прыяцельства). Калі вы гатовы адсунуць працу, каб сустрэцца з сяброўкай ці паспець на ранішнік да дзіцяці. Калі хворае калена не становіцца прычынай, каб адмовіць калегу ў дапамозе пры пераездзе.

Калі вы падпісваеце паштоўку ад рукі замест кароткага «Віншую!» у месенджары і стыкера з цюльпанамі. Калі вы ведаеце, якія вашы дзеянні засмуцяць сябра, і прыкладваеце намаганні, каб гэтага не дапусціць.

Прыярытэт адпачынку. Калі вы не прыбіраеце кватэру, бо стаміліся, нават калі чакаеце гасцей, свякроў ці маму. Калі вы не бераце ў працу трэці праект і шэсцьдзясят восьмага кліента, таму што пяці гадзінаў сну вам недастаткова і вы ўжо не памятаеце, як ваша імя. Калі вы просіце мужа ці дзіця глядзець тэлевізар у навушніках, таму што вам патрэбная цішыня.

Прыярытэт асалоды. Калі вы бегаеце ці ходзіце ў спартзалу не для таго, каб схуднець, а таму, што вам гэта падабаецца. Калі вы выбіраеце з меню не менш каларыйнае ці «здаровае», а чаго па-сапраўднаму хочацца. Калі вы не набываеце тое, што непрыемнае навобмацак, рэжа вока колерам, раздражняе выдаванымі гукамі ці «карыснае, але нясмачнае».

Прыярытэт грошай. Калі вам важна зарабіць як мага больш, нават пры ўмове, што дзеля гэтага давядзецца ахвяраваць сном, выходнымі, зносінамі з сям’ёй і сябрамі. Калі паміж дзвюма прапановамі працы вы выбіраеце тую, дзе большы заробак. Калі церпіце побач чалавека, якога не кахаеце, але які забяспечвае вас грашыма.

Прыярытэт працы/кар’еры. Калі вы працуеце даўжэй, чым агаворана кантрактам, каб перавыканаць план ці здаць праект раней за тэрмін. Калі вы гуляеце па правілах кампаніі, часта няпісаных, каб прасунуцца па кар’ернай лесвіцы. Калі наймаеце няньку, каб яна сядзела з дзіцем, пакуль вы ў офісе. Калі вы не адключаеце тэлефон нават уначы, таму што можа быць «нешта тэрміновае» ці званок з іншага гадзіннага пояса ад партнёраў.

Прыярытэт бяспекі. Калі перш чым паставіць подпіс на дакуменце, вы ўважліва яго праглядаеце, каб разумець усе рызыкі. Калі ў вас ёсць фінансавая падушка бяспекі і яна недатыкальная. Калі вы не згаджаецеся быць даручальнікам за вялікі чужы крэдыт, хоць сябар вельмі просіць. Калі вы прытрымліваецеся хуткаснага рэжыму нават на пустой трасе, дзе няма камер.

Прыярытэт агульнай мэты. Калі разам з калегамі вы працуеце суткі запар, каб каманда здала праект своечасова. Калі вы добраахвотна жывяце з партнёрам на заробак аднаго, каб другі адкладаць на набыццё агульнай кватэры. Калі вы вырашаеце, хто пойдзе ў дэкрэт, а хто будзе зарабляць для сям’і грошы.

Прыярытэт душэўнага спакою. Калі вы не прымаеце запрашэнне на традыцыйны абед са сваякамі, каб не слухаць, як няправільна вы жывяце. Калі не робіце таго, з-за чаго трэба хавацца ад падатковай ці іншых службаў, баяцца званкоў з незнаёмых нумароў (менавіта баяцца, а не прынцыпова ігнараваць) ці ўнікаць сустрэчы з чалавекам, якому вы нешта павінны, але не аддалі.

Вызначаючы, што для вас галоўнае, а што другараднае, вы ўмацоўваеце ўнутраны стрыжань і адчуванне надзейнай зямлі пад нагамі: што б ні адбылося, вы заўсёды зможаце абаперціся на ўжо выбудаваную сістэму прыярытэтаў, каб максімальна беражліва для сябе прыстасавацца да новых выклікаў і змен і не пасыпацца картачным домікам, калі ўздрыгне стол.

На што яшчэ можна абапірацца ў расстаноўцы прыярытэтаў, апроч здаровага розуму? На адчуванне, калі ўсярэдзіне ўсё пішчыць і падскоквае ад радасці. Не абавязкова заўсёды (я нават не ведаю, ці бывае так, каб заўсёды), але час ад часу – абавязкова.

Так адчуваецца на кончыках пальцаў сверб літар, гатовых сарвацца, ператварыцца ў словы, стаць тэкстам, у якім будзе цудоўнае ўсё – ад задумкі да апошняй кропкі.

Так адчуваецца яшчэ не каханне, але ўжо сімпатыя, ужо цікавасць, ужо не выпадковасць, а дадзенасць, якая хвалюе, – непрадказальная, узрушальная. І сэрца б’ецца больш шчыра, адчайна і моцна, і ты разумееш – засталося зусім крыху да поўнай ілюмінацыі ў галаве, калі запаляцца ўсе лямпачкі – і пачнецца свята.

Вершы, карціны, фатаграфіі, тэксты, найлепшыя гутаркі – усё нараджаецца са стану «калі прэ» і па целе бягуць мурашачкі.

Калі, думаючы пра нешта, вы адчуваеце, як усярэдзіне разліваецца святло і нараджаецца цікаўнасць і нецярпенне, гэта дакладна знак, што вам сюды. Як пісала Барбара Шэр, «у нашага сэрца ёсць свае смакавыя рэцэптары»[15]. Ім можна верыць.

Так, працэс збірання грошай на кватэру нудны, але мурашкі бягуць ад думак, які ўтульны рамонт вы ў ёй зробіце, якія фіранкі павесіце, з якім замілаваннем расставіце на паліцах кнігі, дакладна ведаючы, што больш не спатрэбіцца пакавацца ў скрыні і пераязджаць. Як запарыце смачную гарбату, уладкуецеся ў фатэлі і будзеце сузіраць, як падае за акном першы снег, нарэшце ўсёй душой адчуваючы: вы Дома.

Другое, што дапаможа расставіць прыярытэты, – імкненне да асэнсаванай дзейнасці. Прага сэнсу асабліва востра адчуваецца, калі бачыш хуткаплыннасць жыцця. Калі вы раптам разумееце, што не хочаце брацца за праекты без яснага і бачнага выніку, рэальнай карысці, адчувальнай навобмацак, як чыстая, вымытая падлога. Не хочаце ўдзельнічаць у вытворчых нарадах, якія збіраюцца для таго, каб проста разам пасядзець за сталом і паглядзець на дыяграмы і схемы. Не хочаце пісаць тэксты, што не супадаюць з вашымі каштоўнасцямі, нават калі за іх гатовыя добра плаціць.

Ніякімі грашыма не спатоліць прагу сэнсу. Дзе сэнс, там радасць, там складаней выгараць, здацца на паўдарогі, скончыцца, уперціся ў тупік.

У нас не так шмат часу, каб выбіраць ісці пад знак «дарогі няма» і марнаваць сябе на імітацыю бурнай дзейнасці.

Шер Б. Вопреки всему. Как мечтать, чтобы точно сбылось / перевод Галины Леоновой. – М.: Манн, Иванов и Фербер, 2019. – С. 99.

«Цяпер мне важнейшае іншае»

Ёсць такi добры выраз: «Гэта пытанне не часу, а прыярытэтаў». Я ўспамінаю яго кожны раз, калі чую «прабач, няма часу». Таму што ён мае на ўвазе прамое і яснае: «Прабач, няма часу на цябе». І гэта глыбока нармальна, рэсурс жадання зносін не бясконцы – прыяцельства жывіцца перыядамі пэўнага лішку душэўных сіл, добра зараджанай батарэйкай, калі хочацца да людзей, а не ад людзей, і таму вы разам гатовыя ўзаемна напружыцца, каб састыкаваць графікі. (Вядома, калі вашы стасункі не маюць на ўвазе той ступені блізкасці, калі дзеля чалавека адкладзеш усё. Ну ці калі «мама, у мяне галава ў вядры засела».)

Неверагодна важна: дазволіць сабе паважаць свае прыярытэты і не саромецца іх, не адчуваць віны за тое, што вам не хочацца адшчыкнуць ад сябе кавалачак і камусьці даць. Што замест «Я ў мамы добрая» вы выбіраеце «Я ў мамы ўсякая, але цяпер мне важнейшае іншае». Маё здароўе. Мой сон. Мае дзеці. Мая кар’ера. Мой дом. Мая магчымасць самой выбіраць, пад якую музыку танчыць. І з кім.

У прыярытэтах няма нічога ганебнага – яны дыктуюцца часам і абставінамі і змяняюцца, калі змяняюцца ўмовы жыцця. (Часам жыццё мяняецца ў лепшы бок менавіта дзякуючы належна расстаўленым прыярытэтам.)

Гэта нармальна – трымаць фокус на тым, што вас напаўняе і радуе: працаваць у зручным тэмпе; чытаць кнігі з катом на каленях у выходны дзень, а не дарабляць прэзентацыю; працаваць па найме, а не на сябе. Гэта сапраўды нармальна – не рабіць таго, што вас забівае, і не хацець «станавіцца мацнейшай» такім коштам.

Таму, калі наступны раз зловіце сябе на словах «прабач, няма часу», смела прадоўжыце фразу «таму што цяпер мне важнейшае іншае» ў сябе ў галаве.

Або ўголас.

Цяжкасці з расстаноўкай прыярытэтаў

Цяжкасці могуць узнікнуць, калі вы доўга абслугоўвалі інтарэсы іншых і згубілі ў гэтых клопатах сябе. І цяпер здаецца, быццам вы не ведаеце, чаго хочаце, – таму што звыкліся толькі рэагаваць: адказваць на пытанні, а не задаваць, падпарадкоўвацца, а не праяўляць ініцыятыву, плысці па цячэнні, а не куды вам трэба. Далей я раскажу, як можна дапамагчы сабе выбрацца з аморфнага стану і зноў вярнуць сябе сабе.

Калі здаецца, што жыццё выходзіць з-пад кантролю

Калі вы толькі вучыцеся расстаўляць прыярытэты і абапірацца на свае каштоўнасці, то, магчыма, вам знаёмае адчуванне, быццам вы нічога не вырашаеце і не значыце, круціцеся, як хамячок у коле, але не атрымліваеце ніякай аддачы. Гэта даволі непрыемны стан, які можа прывесці да вывучанай бездапаможнасці – калі не адчуваецца сувязь паміж намаганнямі і вынікам, з-за чаго ў чалавека апускаюцца рукі і знікае жаданне штосьці рабіць увогуле.

Мой сябар псіхолаг Павел Зыгмантовіч раіць у такім выпадку старацца кожны дзень і пры любой зручнай магчымасці прымаць рашэнні. Не пра тое, «куды жыць», а больш простыя: выпіць кавы ці гарбаты, на метро паехаць ці выклікаць таксі, апрануць сукенку ці джынсы, напісаць сіняй ручкай ці чорнай, памыць галаву ці не, зрабіць нешта цяпер ці пазней. Гэта трэба для таго, каб вы самі сабе паверылі, што можаце кіраваць сваім жыццём, уплываць на тое, што адбываецца ў ім. Чым больш практыкі прымання маленькіх рашэнняў, тым больш упэўнена вы будзеце сябе адчуваць, калі прыйдзе час прыняць вялікае.

Прыгнятальныя фармулёўкі

Дзіўныя рэчы можна выявіць, калі прыслухацца, як мы тлумачым сабе, чаму штосьці робім. Часцей за ўсё гучаць фразы: «Я павінна» і «Мне трэба». Паспрабуйце пры магчымасці замяніць іх такімі: «Я хачу», «Я люблю», «Я ведаю, што магу…», «У мяне ёсць рэсурс, каб…», «У мяне дастаткова часу, каб…» І адчуйце, як на гэтыя замены адгукнецца цела.

Калі я гавару: «Я павінна быць добрай маці» – я адчуваю супраціў і агрэсію (каму павінна? чаму павінна? я што, здаю іспыт?). Зусім іншыя адчуванні ўзнікаюць, калі я кажу: «Я хачу быць добрай маці», «Я люблю быць добрай маці», «Я ведаю, што магу быць добрай маці», «У мяне ёсць рэсурс, каб быць добрай маці». І ўжо зусім цёпла – ад слоў: «У мяне дастаткова часу, каб быць добрай маці». Я хачу, я ведаю, я магу, я люблю, у мяне ёсць. У гэтых словах шмат рэсурсу самападтрымкі.

Страх сутыкнуцца з незадаволенасцю іншых людзей

Страшна, што назавуць эгаісткай, зазнайкай, снобам. Ці кім там яшчэ можна абазваць, каб было больш крыўдна?

Адмова нешта зрабіць для кагосьці можа суправаджацца сорамам і пачуццём віны – іх трэба пражыць і вытрымаць. (Добрая навіна: яны не пратрымаюцца больш за пару дзён, затое ў вас застанецца тое, што вы абаранілі, – сілы і час.) Будзьце добрай да сябе ў гэты момант і памятайце: можна суперажываць чужым праблемам і цяжкасцям, але вы не абавязаны іх вырашаць.

Што можна зрабіць, калі вы гаворыце камусьці «не», таму што выбралі сказаць «так» самой сабе і прытрымлівацца сваіх прыярытэтаў, але пры гэтым у вас няма намеру зачыніць перад носам чалавека дзверы і сапсаваць з ім стасункі:

• прапанаваць альтэрнатыву – напрыклад, перанесці сустрэчу на зручны вам час (калі скончыцца праект або калі ў цэлым стане лягчэй з нагрузкай), зрабіць працу ў меншым аб’ёме або толькі нейкую частку;

• дапамагчы іншым рэсурсам – не сваім удзелам у чымсьці, а грашыма або сувязямі; напрыклад, даць кантакт іншага чалавека, якому можа быць цікавая гэтая прапанова;

• выказаць спачуванне або падтрымаць словамі, тым самым паказваючы чалавеку, што яго бачаць, ягоная патрэба зразумелая, яго пытанне пачутае, ён не пустое месца. У гэтым свеце вельмі няўтульна быць нябачным. (Як было напісана на паштоўцы цэнтра «Антон тут побач»[16]: «Можна мне вас абняць? А то памру ад сваёй гаротнасці».)

Жаданне ўсё кантраляваць

Якое, у сваю чаргу, вядзе за сабой праблему з дэлегаваннем. Гэта шкодная ілюзія ўсёмагутнасці: вы не здольная змясціць у сябе ўсё. Гнацца за гэтым – значыць добраахвотна згаджацца на зашкальванне ўзроўню трывогі і выгаранне ў перспектыве.

У гэтым выпадку прапаную расстаўляць прыярытэты, адштурхоўваючыся ад таго, дзе кошт недагляду і памылкі вышэйшы. Вам можа быць надзвычай важна аператыўна рэагаваць на званкі кліентаў, але, калі вы будзеце рабіць гэта за рулём, гэта можа каштаваць вам жыцця.

Патрэба быць паўсюль карыснай

На мой погляд, падспудна ў ёй ляжыць жаданне ўхвалення і прызнання вашай каштоўнасці іншымі. Каб пагладзілі, пахвалілі, а ў ідэале яшчэ і сказалі: «Што б мы без цябе рабілі! Не ведаем і ведаць не хочам!»

Калі даследаваць, чаму вам важна, каб вас хвалілі, можна выявіць патрэбу падзякі і прызнання намаганняў. Вы зразумееце, што па-сапраўднаму гатовы ўкладвацца толькі туды, дзе вашу працу заўважаюць і шануюць, а не прымаюць як належнае. Зрабіўшы задавальненне гэтай патрэбы прыярытэтам, вы ўратуеце сябе ад немінучага выгарання і марнага чакання цукровай костачкі ад тых, у каго ў кішэнях толькі шалупінне семачак.

Вар’яцкая карусель

Гаворка ідзе пра такі рытм жыцця, калі ў браўзеры кожны дзень адкрытыя дзясяткі ўкладак, на пошту і ў месенджары сыплюцца паведамленні з пазнакамі «Тэрмінова», без канца звоніць тэлефон, паралельна чытаюцца дзесяць кніг і ні ў воднай закладка не ляжыць хоць бы на палове. Фільтраваць, што важна, а што не, становіцца практычна немагчыма, і хочацца адключыцца ад усяго і адразу.

Як дапамагчы сабе справіцца з бамбаваннем задачамі:

• ранжыруйце задачы паводле дэдлайну і першымі выконвайце тыя, у якіх хутчэй заканчваецца «тэрмін прыдатнасці». Дамаўляючыся пра нешта, задавайце чароўнае пытанне «калі?» (калі вам ператэлефанаваць? калі вы дашляце? калі будзе зроблена?) – гэта закрывае ў думках фонавыя праграмы падвешаных станаў і нявызначанасці, якія з’ядаюць аператыўную памяць вашага мозгу;

• адключыце гук апавяшчэнняў на тэлефоне: вы будзеце чуць выклікі, але не адрывацца на месенджары і праглядаць паведамленні калі зручна. І, вядома, пераводзьце ў нямы рэжым групавыя чаты (школьныя, бацькоўскія, суседскія), каб не адчыніць выпадкова браму пекла;

• не прымушайце сябе чытаць кнігі цалкам, калі паставілі перад сабой задачу накшталт «прачытаць n кніг за год». Чытайце толькі тыя раздзелы, якія рэзануюць з вашым інфармацыйным запытам. Нічога страшнага не здарыцца, калі вы прагартаеце нуднае – аўтар не даведаецца і не пакрыўдзіцца;

• не бойцеся абмяркоўваць прыярытэтнасць задач з тым, хто вам іх ставіў (дырэктар, кіраўнік аддзела), – няхай сам вызначае, што яму больш патрэбнае цяпер. Дзякуючы гэтаму кіраўнік будзе ў курсе, якую задачу вы бераце ў працу сёння, а якую адсоўваеце, гэта значыць не прыйдзе з пытаннем: «А чаму ты займаешся вось гэтым, калі вунь тое мне патрэбнае было яшчэ ўчора?» (і не сапсуе настрой на цэлы дзень);

• запомніце і выкарыстоўвайце фразу: «Мне патрэбны час падумаць». Так, вы сапраўды маеце права так сказаць. Заўсёды.

Вострая прага ўсяго і адразу

Перш за ўсё даведайцеся, як доўга дзейнічае цікавая вам прапанова. Шмат чаго праходзіць рэгулярна або нікуды не падзенецца ў прынцыпе. То-бок вы можаце ў нешта ўпісацца ці нешта зрабіць і праз паўгода, і праз год, – калі разберацеся з цякучкай (заадно праверыце, ці па-ранейшаму вам гэтага хочацца).

У цэлым пытанні «сіта прыярытэтаў» выглядаюць так:

• «Як доўга гэта будзе яшчэ даступным?»;

• «Што з таго, што вось-вось разбяруць/скончыцца, мне цікавейшае за ўсё?» (адчуйце сваё «пішчыць і падскоквае»);

• «Мне абавязкова прысутнічаць ужывую ці тое, што мне важна, можна атрымаць дыстанцыйна?» (у запісе, тэкставых матэрыялах, у форме канспекта; некаторым увогуле дастаткова паслухаць уражанні сяброў, каб нібы самім пабываць на мерапрыемстве).

А яшчэ перад тым, як упісаць у свой планавальнік чарговую «вельмі важную» справу, праверце, ці знойдзецца ў вашым жыцці для яе месца. Раскажу гісторыю.

Аднойчы суседка Лена напісала мне: «Ёсць кусцік агрэсту. Хочаш?» Я не разважаючы адказала: «Вядома, так!» – і бадзёра паскакала яго забіраць. Прыйшоўшы дадому, хвілін дваццаць (!) хадзіла па садзе з калівам у руках, прыглядаючыся, куды яго прыстроіць: тут – дзіця затопча, там – муж выкасіць; вось сюды ўвогуле нічога саджаць нельга: будуць плот мяняць – наступяць. Сад стары, даўно склаўся, кожны лапік зямлі на ўліку. Хадзіла я, хадзіла і раптам зразумела, што дзіка злуюся і раздражняюся: «не мела баба клопату». У выніку я ўсё ж знайшла, куды яго прыткнуць, але стала на куст агрэсту мудрэйшай: цяпер, перш чым папрасіць таблетак ад сквапнасці, я правяраю, а колькі іх у мяне яшчэ ёсць.

«Антон тут побач» – першы ў Расіі цэнтр сістэмнай падтрымкі людзей з разладамі аўтыстычнага спектра (г. Санкт-Пецярбург), заснаваны ў 2013 годзе рэжысёрам і выдаўцом Любоўю Аркус, якая зняла аднайменны фільм пра жыццё маладога чалавека з аўтызмам. Цытаты студэнтаў цэнтра друкуюцца на паштоўках, кераміцы і іншых вырабах майстэрняў «Антон тут побач».

Напамінак пяшчоты да сябе

1. Расстаўленыя прыярытэты робяць жыццё больш устойлівым, а вас – больш зразумелай для іншых. Няма нічога ганебнага ў словах: «Цяпер мне важнейшае іншае».

2. Не грэбуйце падрыхтоўкай да доўгага і цяжкага перыяду-прыярытэту ў будучыні (доўгатэрміновага праекта, цяжарнасці, дэкрэта або выхаду з яго, атрымання другой адукацыі, эміграцыі і інш.). Падумайце, як вы будзеце аднаўляць сілы, вызначце свае «кропкі радасці», якія будуць вас матываваць працягваць шлях. Паразважайце, ад чаго вам давядзецца на час (ці назаўжды) адмовіцца, – і абавязкова загадзя адгаруйце гэтую страту, пражывіце расстанне ў думках.

3. Прымайце ў разлік абмежаванасць сваіх рэсурсаў і не патрабуйце ад сябе гераічных учынкаў. Важнага не бывае шмат. Няхай вашы прыярытэты берагуць вас ад бязладных выпадковых сувязяў і надзейна абараняюць каштоўнасці таго этапу жыцця, на якім вы знаходзіцеся.

4. Беражыце і песціце ўнутраныя мурашачкі. «Не пытайся, што трэба свету. Спытай сябе, што робіць цябе жывым. Потым ідзі і займіся гэтым. Свету патрэбныя жывыя людзі»[17].

Пяшчота чацвёртая. Даросласць

 

сталей, але і не думай старэць,

смерць існуе, але гэта ўсяго толькі смерць,

даніна закону кантрасту чорнага з белым.

не нумаруй старонкі жыцця дарэмна —

час не пакіне нікога цэлым.

што ж застаецца? помніць імёны, твары ды словы,

межамі пагарджаць, рушыць муры чарговыя,

кахаць і згараць у гэтым сардэчным пажары

 

 

і ведаць: усё мае сэнс, нічога не марна.

 

Ксенія Жалудова


Усё дзяцінства я марыла хутчэй стаць дарослай, каб здабыць «незалежнасць». У свой першы шлюб я ў літаральным сэнсе збегла, і перш за ўсё – з дому, таму што прага аддзялення была велізарнай, а мазгоў, каб прыдумаць, як гэта зладзіць без рашэнняў такога маштабу, не хапіла.

Пры гэтым дом, у якім я вырасла, здаваўся мне месцам, куды я заўсёды змагу вярнуцца, калі жыццё прыцісне, і дзе мяне сардэчна сустрэнуць з адбымкамі. Я шчыра верыла ў гэта, пакуль псіхолаг у працэсе тэрапіі не сказала мне, што дарма.

Дом бацькоў – гэта дом бацькоў, а мой – гэта той, які я пабудую сама.

Гэтая думка сагнула мяне тады напалам. Мне спатрэбілася некалькі гадоў, каб па-сапраўднаму яе зразумець. І пачаць сталець.

З таго часу я шмат думаю пра тое, што такое быць дарослай і ці магу я назваць сябе такой. Фармальна – так: узрост 35+, сям’я, дзіця, дом, вышэйшая адукацыя, праца, адлічэнні ў пенсійны фонд. Аднак мне ўсё яшчэ складана сказаць пра сябе «я дарослая» без таго, каб не скаціцца ў іронію і ха-ха пра «цётку» і «ўжо можна».

І гэта палохае. Бо да сваіх гадоў я нямала праз што прайшла, каб ясна бачыць прорву паміж дзіцячымі страхамі, жаўтаротым юнацтвам і спакойнай упэўненасцю чалавека, які жыў жыццё, а не толькі чытаў пра яго.

Наўскідку магу ўспомніць усяго некалькі чалавек, якіх я адчуваю як дарослых і якія зачароўваюць мяне ўменнем выразна фармуляваць думкі, працаваць з рэальнасцю, разбірацца са сваімі абмежаваннямі і чужымі межамі, смяяцца і плакаць ад усёй душы, але без публічных разбораў траўмаў – такога незразумелага мне прылюднага агалення да костак.

Зыходзячы з колькасці рэкламы тэматычных трэнінгаў, сёння моцны запыт на практыкі, накіраваныя на далашчванне «ўнутранага дзіцяці». Нібы вырашыць праблемы са светам і стасункамі можна, калі нарэшце далюбіць, даабдымаць і дапесціць сябе. Быццам мы доўга-доўга стаялі на паўзе і мерзлі на халодным бацькоўскім ветры – і вось цяпер гучанне ўзноўлена, дзяўчынка з запалкамі можа вярнуцца дадому, дзе будзе смажаная гусь, вялікая ялінка і любімая бабуля, яшчэ жывая. Ды толькі…

Тата і мама тады былі на трыццаць гадоў маладзейшыя, дрэвы – вышэйшыя, а за вокнамі рыпеў нязмазанымі коламі воз іншага часу: з іншымі гісторыямі, уяўленнямі пра шчасце і героямі. Але няма больш ні тых людзей, ні тых нас – толькі цьмяныя вобразы ў галаве, некалькі горкіх фраз, якія звонам аддаюць у вушах па начах, ды неадпушчаныя крыўды.

І нічога пра тое, як быць дарослымі.

Не вялікімі дзецьмі, якія дагульваюць у дзяцінства, з тонай прэтэнзій да ўжо састарэлых бацькоў, а дарослымі, якія не шукаюць сябе, таму што ніколі сябе і не гублялі.

Тэма даросласці – неймаверна важная ў кантэксце пяшчоты да сябе. Таму што гэта пра ўнутраную крыніцу падтрымкі і прымання, пра апоры, якія ствараюцца ўзростам і досведам, пра парадак у галаве, які наводзіш не таму, што мама сказала прыбрацца ў пакоі, а таму, што ў доме, дзе светла і прасторна, хочацца жыць.

Як гэта – быць дарослым?

Разважаючы, чаму сталенне часта палохае, я надумала пайсці далей, чым «таму што дарослыя – нудныя». Якасці, якія звычайна прыпісваюць дзецям – цікаўнасць і здольнасць шчыра здзіўляцца новаму, – не з’яўляюцца выключна «дзіцячымі» (як маркота і занудлівасць – «дарослымі»). Эмоцыі і рысы характару – гэта не малочныя зубы, каб залежаць ад узросту. Так што быць дарослай – добра, быць дарослай – можна, нават калі даводзіцца…

Не адводзіць вачэй. Больш нельга забрацца пад ложак або прыкінуцца «мёрцвенькай»[18] – трэба глядзець у твар рэальнасці і нешта з ёй рабіць. Дакладней, так: і забрацца, і прыкінуцца можна, але кошт наступстваў будзе вышэйшым. Прынцып «If I ignore it, maybe it will go away»[19] у дарослым жыцці працуе дрэнна.

Пашыраць кола клопату і адказнасці. Бацькі, дзеці, сябры, каты, сабакі, дом, машына, садкі, штрафы, крэдыты, адсоткі за крэдыты, рамонт, затопленыя суседзі… Проста як у вядомым жарце: «Дарослае жыццё – гэта крута! Можна гуляць, піць і весяліцца колькі заўгодна… па дарозе на тры свае працы».

Лічыцца з фактам, што час няўмольны. Калі вы чагосьці не паспелі, вялікая рызыка ўжо і не паспець – з прычын, якія ніяк не залежаць ад прыкладзеных намаганняў. Скура вяне, у валасах з’яўляецца сівізна, трэба больш часу, каб аднавіцца пасля бурнай вечарынкі напярэдадні. А зрэшты, перспектыва легчы спаць крыху раней і прачнуцца без пахмелля ўжо выглядае больш вабнай, чым сэкс на пляжы. Хоба – і вы ўжо пачынаеце берагчы калені, правільна паднімаць цяжар, дасушваць фенам да канца валасы зімой і радавацца, калі паліто закрывае попу. У доме раптам з’яўляюцца ражанка і кефір, мазі ад расцяжэнняў упэўнена пасоўваюць «Алказельцэр», а ў маразілцы можна знайсці не толькі лёд для віскі, але ўжо і косці для супу.

Не раздражняцца на тых, хто думае інакш. Адзін з галоўных крытэрыяў даросласці – спакойнае стаўленне да чужога меркавання, што асабліва актуальна ў эпоху сацсетак з іх «разборкамі ў каментах». Мне вельмі падабаецца думка, якую я сустрэла ў псіхолага Кацярыны Бойдэк[20]: сталага чалавека чужая пазіцыя не раздражняе. Яна ўвогуле не выклікае эмоцый, паколькі ніяк не ўплывае на яго перакананні і спакойную ўпэўненасць у сваім праве думаць і паступаць так, як ён лічыць патрэбным. Чужое меркаванне кранае, калі вы пачуваецеся перад іншым чалавекам ці дзіцем (і тады чужая пазіцыя палохае), ці падлеткам (чужыя словы выклікаюць бунт і пратэст). Але калі вы адчуваеце сябе з ім на роўных, то, што б ён ні сказаў, гэта не выведзе вас з сябе.

Адзін з самых вялікіх выклікаў сучаснага свету – заставацца сабой там, дзе гучыць іншае меркаванне, і пры гэтым не адчуваць сябе вінаватым за тое, што не ўвязваешся ў вайну за сваю праўду, не ўступаеш у канфлікт, не б’ешся да смерці за ідэю. Каб думаць па-іншаму, жыць па-іншаму і выхоўваць дзяцей у іншых каштоўнасцях, зусім не абавязкова назіраць, як міма па рацэ праплываюць трупы тых, хто думае і жыве інакш.

На жаль, такая даросласць часта расцэньваецца як нейкая душэўная кволасць, баязлівасць. Кніжкі, на якіх мы раслі, вучылі іншаму: калі ты ў нешта верыш, будзь гатовы стаяць да пераможнага фіналу, так робяць адважныя, так паводзяць сябе героі. Быць беражлівей да сябе – значыць адсочваць, калі вас спрабуюць уцягнуць у вайну, якую вы не выбіралі.

Пачуўшы тое, што разыходзіцца з вашымі поглядамі і сардэчным рытмам, проста скажыце: «У мяне іншае меркаванне». Не аргументуйце і не абараняйце яго, калі не хочацца. Вы не павінны гэта рабіць. Вы маеце поўнае права думаць інакш, хацець іншага, верыць у іншае, лічыць правільным не тое, што лічаць іншыя, а тое, што вы адчуваеце правільным для сябе, але змагацца за гэта толькі тады, калі гатовы.

Прамаўчаць там, дзе вы думаеце інакш, – гэта не слабасць і не здрада сваім перакананням. Гэта даросласць: калі разумееш, што можна жыць у згодзе са сваімі каштоўнасцямі без адчайнай барацьбы за тое, каб іх падзялялі іншыя.

Адмовіцца ад гульні ў «грандыёзнасць іншага». Не стаўцеся да незнаёмага чалавека з піетэтам проста таму, што ён старэйшы, – маўляў, пражыў больш, ведае лепш. Або таму, што пасада ў яго гучыць незразумела і складана, а выгляд – салідны і пагрозлівы.

Кожны раз, ловячы сябе на гэтым, нагадвайце сабе: не перабольшвай (іншага ў сваіх вачах), не навешвай на яго свае нявырашаныя праблемы з бацькоўскімі фігурамі (і ўсіх сабак). Ён, гэты іншы, не вялікі і не маленькі, ён свайго ўласнага памеру, звычайнага дарослага. Можа, ён сапраўды ў нечым лепшы, мудрэйшы і кампетэнтнейшы за цябе. Але вельмі можа быць, што і не.

Аддзяляцца ад «мы». З любоўю і пяшчотай знаёмячыся са сваёй даросласцю, вазьміце за правіла не лезці са сваімі страхамі і трывогамі (а таксама клопатам і няпрошанымі парадамі) у зону чужой адказнасці. Не хвалюйцеся за чужыя рэакцыі, не падмяняйце чужыя пачуцці сваімі, не цягніце эмоцыі туды, дзе і словы выдатна справяцца (словы ўвогуле ідэальныя для таго, каб вырашаць праблемы).

Ладзячы жыццё на аснове дарослых каштоўнасцей, разумееш, што шчасце не ў зліцці з кімсьці, а ў аддзяленні ад «мы».

Не прызначайце адказнымі за гэтае пачуццё сямейнікаў ці сяброў. Выдатна, калі яны разумеюць вас, падтрымліваюць, ствараюць бяспечнае і пажыўнае асяроддзе, вераць у вашы задумы і ўвогуле ўсяляк спрыяюць вашаму развіццю і росту. Але гэта – іх падарунак вам, а не абавязак.

Усведамляць, з чаго вы выраслі. Стварыце і час ад часу пераглядайце спіс пад кодавай назвай «I’m too old for this shit»[21], у якім будзе пералічана тое, чаго вы больш не робіце, таму што выраслі з гэтага, і што больш не адлюстроўвае вашы ўяўленні пра павагу, пяшчоту і любоў да сябе.

Так, магчыма, вы рабілі так некалі, згаджаліся на такое абыходжанне з сабой, прымалі такія ўмовы – але гэта засталося ў мінулым. Цяпер вам важнейшае іншае (найперш – вы самі), вы чуеце сябе лепш – і ў сваім узросце ўжо ведаеце, на што больш не падпішацеся.

У якасці прыкладу і для натхнення прывяду каля дзясятка пазіцый з майго спіса (магчыма, знойдзецца нешта агульнае з вашым).



I’m too old for this shit:

1) выслухоўваць бесцырымонныя парады ад выпадковых людзей;

2) апранацца прыгожа, але не на надвор’е – ніякіх тонкіх калготак у мароз;

3) гуляць у гульню «адгадай, чаму я пакрыўдзілася/пакрыўдзіўся»;

4) купляць непатрэбнае, нават калі яно прадаецца са зніжкай;

5) пасылаць «праменьчыкі дабрыні» замест прамога пытання: «Чым дапамагчы?» – ці непасрэдна дапамогі, калі я хачу і магу дапамагчы;

6) дачытваць нецікавыя кнігі, дагледжваць нуднае кіно;

7) саромецца свайго ўзросту або какетліва задаваць пытанне: «А колькі вы мне дасце?»;

8) захоўваць цесную вопратку ў шафе ў надзеі, што калі-небудзь схуднею.



Вызначэнне пунктаў «катэгарычна не» – важны крок на шляху развіцця пяшчоты да сябе, паколькі яны адказваюць на пытанне: «Як я магу пра сябе паклапаціцца?» А вось так: не рабіць таго, што вам не падыходзіць, не згаджацца на тое, што выводзіць з раўнавагі, не трываць у дачыненні да сябе паводзін, якія робяць вам балюча. Гэта не «бздура» і не «псіхаванасць», як могуць паспрабаваць вас пераканаць.

Гэта нармальныя дарослыя паводзіны – жыць без гвалту над сабой: і ўласнага, і чужога.

Разбіраючыся з тым, што нам не падабаецца, дзе пралягаюць межы нашых «не хачу», мы робімся здольнымі і іншым дазволіць адчуваць тое, што яны хочуць. (Або не адчуваць нічога. Або – не да нас.) Мы не марнуем свае рэсурсы, каб іх перарабіць, пераканаць, расплюшчыць ім на нешта вочы ці матываваць. Яны дарослыя людзі і самі адказваюць за свае выбары.

У мяне аднойчы быў такі досвед, калі я ўпершыню зразумела, што не «зачапіла» мужчыну. Што, нягледзячы на тое, што я была сімпатычнай, разумнай, смешнай і лёгкай, у яго ў дачыненні да мяне нічога ўнутры не варухнулася. Да гэтага мне здавалася, што права не закахацца ёсць толькі ў мяне, што гэта толькі я магу адмаўляць і прапаноўваць «застацца сябрамі». А тут мужчына, які мне вельмі спадабаўся і з якім я была б радая завесці раман, раптам даў мне зразумець, што магія не спрацавала, хімія не здарылася, агульных дзяцей у нас не будзе, карацей – «усяго найлепшага і дзякуй за рыбу».

Сустрэцца з чужым «не хачу» і не разбурыцца ад гэтага – няпроста. Але гэта абсалютна дакладна тое, чаму варта вучыцца, каб свет не рассыпаўся на часткі кожны раз, калі вы сустракаеце супраціў.

Вучыцца адпускаць без драмы. Гэта не пра знакамітае: «Калі любіш – адпусці, калі яно тваё, то абавязкова вернецца, калі не – то ніколі тваім і не было». Гэта пра тое, чаму мяне кожны год вучыць вясновая праца ў маім садзе, калі я перакопваю тоны зямлі, сею сотні зярнятак, раблюся майстрам у мастацтве прымірэння са стратамі.

Сутнасць апошняга выяўляецца ў грубаватай, але шчырай формуле: «Нешта абавязкова здохне». Як бы я ні скакала, ні біла ў чароўны бубен, у маёй уладзе – толькі частка таго, што адбываецца, бо яшчэ ёсць смаўжы, мучністая раса, бязлітаснае сонца, зваротныя замаразкі і маленькія шпаркія дзіцячыя ногі, якім усё роўна што таптаць. Гэтаксама і ў дарослым жыцці: можна старанна апрацоўваць свае ідэі, вырошчваць у «парніку», засцерагаць ад ветру, але нешта некалі абавязкова пойдзе не так і аголіць уразлівасць вашых намаганняў, калі не звядзе іх на нішто.

Аднак гэта ніколі, ніколі, ніколі не нагода, каб не спрабаваць.

Урэшце, «сталы чалавек адрозніваецца ад нясталага тым, што нясталы ведае, што будзе рабіць у выпадку перамогі, а сталы – што ён будзе рабіць у выпадку паразы»[22].

Говард Турман. Цыт. паводле: [Браун Б. Дары несовершенства. Как полюбить себя таким, какой ты есть / перевод Анастасии Иваняковой. – М.: Альпина нон-фикшн, 2017. – С. 168.]

У мультфільме «Дом» (2015) ад студыі Dreamworks адзін з персанажаў так прапаноўваў уратавацца ад захопу: «А што, калі ўсе лягуць на зямлю, а вораг падумае: мёрцвенькія…»

У вольным перакладзе гэта можа гучаць так: «Калі я прыкідваюся, што нічога не бачу, глядзіш, праблема развяжацца сама сабой».

Бойдек Е., Варанд М. #Я – мама, и я хочу на ручки. – М.: АСТ, 2017.

«Я занадта стары для гэтага лайна» – цытата з фільма «Смяротная зброя» (1987, рэж. Рычард Донер), каронная фраза сяржанта Мертафа – персанажа Дэні Гловера.

Ефимкина Р. Как дела? – Еще не родила! – М.: Класс, 2016. – С. 85.

Рэсурсы даросласці

Сталасць дорыць нам шмат падарункаў, самае прыемнае ў якіх – іх надзейнасць і «неадчужальнасць». Яны становяцца нашымі апорамі, «каштоўнымі асабістымі рэчамі», за якімі не трэба наглядаць, таму што іх немагчыма адабраць. Аднойчы здабытыя, яны дапамагаюць нам захоўваць здаровы розум і пачуццё гумару, нават калі ўсё навокал ляціць у пекла. Гэта наступныя падарункі.

Уменне тармазіць. Аж да поўнага спынення і змены курсу. Гэта калі вы не спрабуеце нешта некаму даказаць ці выглядаць у нечых вачах паслядоўным чалавекам (які, сказаўшы «А», кажа «Б», нават калі і не вельмі збіраўся), а карэктуеце шлях пры з’яўленні новых звестак, якія ўплываюць на пракладзены маршрут.

Навыкі. Любыя практычныя ўменні, якія дазваляюць у ненайлепшы год пратрымацца на плаве. Пячы хлеб, кіраваць машынай, гадаваць кветкі, лічыць падаткі, маляваць бровы, рабіць масаж, плесці лаўцы сноў або стрыгчы котцы кіпці – увогуле, усё, што змяшчаецца ў «я магу, я ўмею, я ўжо спрабавала, я ведаю як» і зможа аднойчы пракарміць, калі сферычны конь у вакууме ў выглядзе моднай і цяжкавымоўнай прафесіі раптам адкіне капыты.

Апора не толькі на натхненне, але і на руціну. Калі вы ведаеце, што немагчыма быць стабільна на ўздыме, і таму не будуеце ілюзій пра каханне да смерці, жарсць на ўсё жыццё і чароўную невычэрпную крыніцу грошай і матывацыі. Як змяняюць адна адну часіны года, так і нашы пачынанні (праекты) праходзяць свой цыкл спадаў і росту. Думка, якая дапамагае перажыць перыяд прабуксоўкі, – «Не трэба подзвігаў, досыць маленькіх крокаў».

Тут дарэчы прывесці параду, якую часта даюць у кнігах пра пісьменніцкае майстэрства, калі аўтар сутыкаецца з творчым тупіком і не ведае, пра што пісаць далей: сядай і пішы пра тое, што табе няма пра што пісаць. Глядзіш – і цэлае добрае апавяданне атрымаецца.

Усвядомлены выбар духоўнага шляху. Гэты падарунак даросласці – у магчымасці адысці ад традыцыйнага сямейнага сцэнара «ўва што верыць». Азірнуцца па баках, здзівіцца багаццю выбару, пакаштаваць усё, што здасца апетытным. Дазволіць сабе сумнявацца ў тым, што навязвалі не тлумачачы, ці, наадварот, адкрыць для сябе неверагодную і раней не ўсвядомленую глыбіню той духоўнай сістэмы, у якой выраслі, але якая ніколі не адчувалася блізкай сэрцу.

Адмова ад паспешлівых высноў і меркаванняў. Вы сталееце, калі за заплюшчанымі вачыма людзей у метро пачынаеце бачыць гісторыі, а не толькі стомленасць, што адбілася на твары: вось тут звальненне ў нікуды, тут – сям’я, якая распадаецца, тут – дзеці, якія не тэлефануюць, тут – памёр сын. І ўсе гэтыя глыбокія зморшчыны, апушчаныя куткі вуснаў, дрэнна прафарбаваныя карані валасоў і стаптаныя падэшвы чаравікаў – не ад ляноты, недалёкасці ці пустэчы ўнутры, а ад жыцця. Таго самага, якое пляваць хацела на лозунг паспяховага поспеху «Магчыма ўсё!». Бо нічога ў гэтым жыцці таксама магчыма. І ў даросласці ў рукавах назапашана шмат пераканальных доказаў гэтага.

Павага да сваіх прыхільнасцяў. У сэксе, ежы, людзях, спосабах аднаўляцца, забаўляцца і адпачываць (роўна як і ў спосабах пакутаваць і замінаць іншым весяліцца). Як пісала Паліна Санаева, «калі ўсё па-даросламу – у жыцці ў цябе больш за тое, што табе падабаецца. Уключаючы твае прыхамаці і дзівацтвы, пясчынкі і трэшчынкі, якія даўно выявіў, з якімі зжыўся і якія таксама штодня ўпрыгожваюць жыццё. Хараство ў тым, што ты ўжо дараваў сабе бздуры і з кожнай у цябе ёсць гісторыя стасункаў: адмаўленне, абурэнне, гандаль, дэпрэсія, прыняцце – і ўсё гэта ззаду»[23]. Вам ужо не трэба за іх выбачацца: тыя, хто ведае вас даўно, любяць вас разам з імі, а хто кажа, што разам з імі вас любіць немагчыма, той проста нічога не разумее ў любові да вас.

Чым старэйшай я раблюся, тым менш разумею, як нам усім жыць, каб не перагрызціся, таму што на кожнае «я веру» знаходзіцца «а я не», на любое «трэба толькі так» – супрацьлеглае «не, па-іншаму будзе лепш». Прычым усе пункты гледжання ў нейкі момант слушныя – як паказвае двойчы ў суткі правільны час зламаны гадзіннік.

Што ў нас застаецца ў сухім астатку з праўды? Толькі праўда моманту: тое, што спрацавала для вас, не факт, што спрацуе для кагосьці, таму што ён – не вы. Іншы чалавек рос у іншай сям’і, іншым асяроддзі, на іншых мульціках і гульнях у двары, таму ваш крышталёвы чаравічак на ягоную нагу ў большасці выпадкаў не налезе. Затое гэта дазваляе даведацца, што ёсць розныя чаравічкі і розныя ногі. Не горшыя і не лепшыя – проста іншыя.

Вы маеце права думаць па-іншаму. Вы маеце права не любіць тое, што вы «павінны» любіць. З вамі ўсё ў парадку. Можна.

Глядзець на сябе з пяшчотай і любоўю

Думаю, вы добра ведаеце, чыім голасам гаворыць ваш унутраны крытык – той самы, які пра «вечна ў цябе ўсё не як у людзей». Звычайна гэта бацькоўскі, але можа быць і голас настаўніка, трэнера, мужа, кіраўніка, з’едлівай суседкі ці вечна незадаволенага сваяка. Як па нотах ведаеце і ягоны рэпертуар: уздыхі, шчодрае навешванне ярлыкоў, прыгадванне няўдачаў з мінулага, прыніжальныя параўнанні з іншымі, раздражнёнае фырканне і цоканне языком.

Мой крытык заўсёды быў бязлітасны і хуткі на расправу – з такой унутранай субасобай і ворагі не патрэбныя.

Можаце ўявіць маё здзіўленне, калі аднойчы замест звыклых дакораў, якая я няправільная і «ўсёнетакая», я раптам пачула, як спакойны мудры голас унутры гаворыць (і раіць) слушныя рэчы.

Мабыць, гэта стала маім самым вялікім падарункам даросласці – калі я нарэшце змагла пакінуць права раіць, як мне жыць і якой быць, выключна сабе.

Гэты добры дарослы ўнутры мяне не спрабаваў у нечым абвінаваціць, папракнуць ці пакрытыкаваць. Яго не турбавалі астатнія – яго непакоіла толькі я, мой спакой, здароўе, настрой і расквітнелы выгляд. «Калі не хочаш мыць посуд зараз – пакінь яго ў ракавіне да раніцы, свет не абрынецца». (Спойлер: сапраўды не абрынуўся.) «А давай апранем не прыгожае, а цёплае?» (А давай.) «Які сэнс злавацца і раздражняцца – злосцю сітуацыю не выправіш, патрэбны час – і ўсё само пройдзе». (Так і здарылася.) «Дружа, я разумею, што ўсё гэта адчуваецца як канец свету, але давай не будзем класціся і паміраць, давай проста глыбока падыхаем, выйдзем з сябе і зойдзем назад нармальна, а потым яшчэ трошачку падыхаем і, калі не дапаможа, якасна пасмуткуем – нам можна».

Добры дарослы ўнутры мяне гаворыць без іроніі, пасіўнай агрэсіі, актыўнага імкнення разварушыць, паправіць, прывесці ў пачуцці. Ён дазваляе ўсё, і прымае ўсё, і дае мне роўна столькі часу, колькі патрэбна.

Паспрабуйце і вы ўбачыцца і абняцца са сваім добрым дарослым. Тым, чый голас зыходзіць з вашай глыбіні, з самай існасці, хто глядзіць на вас з пяшчотай і любоўю. Усвядомце, што ён – гэта вы. Вы-сталая. Вы-ўжо-дарослая. Вы-ўжо-здольная-суцешыць-саму-сябе. Устаць побач з сабой поплеч, узяць за руку і ніколі не адпускаць.

Адчуйце, якой цеплынёй разліюцца па целе гэтыя веды. Як захочацца плакаць з непрывычкі. І дакладна не захочацца больш дзяўбці сябе ў цемечка і праядаць лысіну.

Даросласць – у тым, каб здабыць свой голас і прыкметна прыглушыць, калі не выключыць, астатнія.

Дапамагчы ў гэтым можа адзін просты рух думкі: у канцы кожнага звароту да сябе цягам дня дадаваць «…мая любая». Незалежна ад таго, гладзіце вы сябе па шэрстцы ці сварыцеся. Асабліва калі сварыцеся. Параўнайце: «Вось блін, ізноў не паспела!» І: «Вось блін, ізноў не паспела… мая любая».

Чаму менавіта «мая любая», а не, напрыклад, «ай малайчына»? Таму што ў другім выпадку ўсё ж такі адчуваецца хваравітая фіксацыя на выніку: атрымалася – разумнічка, не атрымалася – ну во-о-о-ось… А фішка ў тым, каб нагадваць сабе, што вы – любая і цудоўная ўсё адно, у любых абставінах. Нават калі не паспелі, спазніліся, перасалілі ці пераелі.

Пяшчота да сябе – не толькі ў тым, як мы з сабой абыходзімся, але і ў словах, якія сабе гаворым. Многія стратэгіі дасягнення мэтаў пабудаваны на тым, каб трымаць сябе ў чорным целе: рабі, бяжы, стой, ідзі, няма часу тлумачыць. Гэтая манера пераймаецца і прымаецца за норму. Але гэта можна змяніць (мая любая) – дык няхай гэтая кніга стане для вас кропкай адліку, ад якой гэтая перамена адбудзецца.

Санаева П. Черная водолазка. – М.: Эксмо, 2020. – С. 266.

Напамінак пяшчоты да сябе

1. Святкуйце кожны новы навык і ўменне, расцэньвайце іх як інвестыцыі ў капітал сілы. Асабліва паважайце свае таленты: шчаслівы той дарослы, які здолеў зразумець, у чым ягоны дар – што ў яго атрымліваецца лягчэй і лепш, чым у іншых. Талент нельга забраць праз шлюбную дамову, выкрасці або паўтарыць, і пяшчота да сябе – максімальна выкарыстоўваць свае магчымасці для надання жыццю сэнсу.

2. Прапускайце міма вушэй пустое мармытанне і маралізатарства. Ніхто не мае права вас выхоўваць, папікаць ці дакараць, як малое дзіця. Памятайце пра чароўнае «праверачнае» пытанне: «Я сапраўды хачу жыць так, як жыве той, хто гаворыць мне, як трэба рабіць?» І калі адказ «не», працягвайце рух.

3. Шукайце прыемныя вам ролевыя мадэлі дарослых паводзін. Назірайце за рэакцыямі людзей, манерай падачы сябе, спосабамі выказваць думкі. Падглядайце за тым, як растуць іншыя.

4. Цаніце сваё права дапамагаць і змяняць свет добраахвотна, а не таму, што так «трэба» ці ад вас гэтага чакаюць. Валанцёрства, дабрачыннасць, экалагічныя ініцыятывы – падтрымлівайце толькі тое, што супадае з вашымі каштоўнасцямі, у што вы шчыра верыце. Не ўдзельнічайце ў чымсьці праз страх неўхвалення або папрокаў у чэрствасці, не «прычыняйце дабро» з-пад палкі.

5. Файна, калі побач ёсць чалавек, на якога можна пакласціся, але яшчэ лепш – мець досвед стаяння на сваіх нагах, рамяство, якое можа вас пракарміць, і некалькі сотняў баксаў у шкарпэтцы пад ложкам на ўсякі выпадак.

6. Гэта страшна, але насамрэч вельмі мудра і па-даросламу: браць адказнасць за сябе на сябе. Нездарма ў жарце «Мама пражыла сваё жыццё, пражыве і тваё» толькі доля жарту, астатняе – праўда.

7. «Паколькі чалавеку ўласціва імкненне ўмешвацца ва ўсё сваёй крытычнай часткай, ваша эга трэба нечым заняць. Няхай яно перадрукоўвае тэксты, піша адрасы на канвертах, ліжа маркі. Галоўнае – каб яно трымалася далей ад вашай творчасці»[24].

Пяшчота пятая. Грошы

 

у лёсу і смерці з кіпцямі рукі, заграбушчыя, жылістыя;

а каханне шчодрае, як заезджая зорка або прасцяк.

але запомні: сэрца тваё не бляшанка для міласціны,

а добры такі

швейцарскі банк.

 

Ксенія Жалудова


Кожная з нас мае сваю гісторыю стасункаў з грашыма і тэорыю, як яны прыходзяць і чаму знікаюць. Хтосьці верыць у магію чырвоных трусоў на лямпе (не пытайцеся – Гугл лепш растлумачыць), хтосьці – у тое, што чым больш аддасі, тым больш атрымаеш, а нехта проста лічыць зараблянне грошай займальнай гульнёй і насалоджваецца працэсам.

Я доўга думала, ці ўключаць тэму грошай у кнігу пра пяшчоту да сябе. Усё ж гэта не мануал ад фінансавага эксперта, як зарабіць і ўва што ўкласці, каб жыць на пасіўны прыбытак і ні пра што не хвалявацца. А потым зразумела: менавіта таму, што з грашыма звязана шмат трывогі, гэтую тэму варта разгледзець – разабрацца, чаму вы ставіцеся да грошай насцярожана, і навучыцца выбудоўваць стасункі з імі паводле прынцыпу пяшчоты да сябе.

Самыя лепшыя грошы – вашы

Найперш важна выявіць тыя перакананні ў нас, якія вызначаюць, што мы адчуваем ці як мы абыходзімся з грашыма. Калі мы верым, што «вялікія грошы – вялікія непрыемнасці», мы неўсвядомлена будзем адчуваць страх перад вялікім заробкам або імкнуцца як мага хутчэй пазбавіцца ад выйгрышу ў латарэю, каб не паліў кішэню.

Фразамі-наадварот («Вялікія грошы – вялікая радасць») справе не дапаможаш – ад звычкі думаць так, а не інакш (а нашы перакананні – гэта якраз разумовыя звычкі) так проста не пазбавішся. Многія з іх з намі ўжо дзясяткі гадоў, мы раслі на іх і сталелі, і дагэтуль чуем іх ад людзей з блізкага асяроддзя. Карані большасці з іх сыходзяць яшчэ ў дзяцінства, калі мы ўсё, што чулі вакол, прымалі за чыстую манету. Свайго досведу не было – заставалася верыць на слова.

Праца з псіхолагам у пошуку памылковых установак наконт грошай бывае доўгай і балючай: пакуль вы разам са спецыялістам даберацеся да таго, што ляжыць у яйку, якое ў качцы, якая ў зайцы, які ў куфры, які пад дубам, які на востраве ў акіяне, – сыдзе сем патоў. Але нават калі памылковая ўстаноўка ляжыць на паверхні і вы яе ўхапілі за хвост, самае цяжкае ўсё роўна пачынаецца толькі пасля гэтага: фарміраванне звычкі думаць па-новаму.

Ніжэй я прыводжу «грашовыя» ўстаноўкі, выяўленыя ў сябе, а таксама тыя, якімі са мной падзяліліся падпісчыкі. Каб зрабіць гэтую частку кнігі максімальна карыснай, я вырашыла да кожнага пераканання прывесці антыдот – ідэю-проціяддзе. Яна тлумачыць ірацыянальнасць устаноўкі, а не проста пераварочвае яе сэнс метадам «ад адваротнага».







«А колькі я каштую?»

Мяне часта пытаюцца, як прызначаць кошт сваёй працы, калі не ведаеш, колькі папрасіць. Ну вось няма ў галаве лічбы, заспелі вас знянацку з такім пытаннем. Гэта можа тычыцца як разавай падпрацоўкі, так і заробку ў цэлым. Хтосьці пачынае вывучаць сярэдні кошт на рынку і зыходзіць з яго, хтосьці арыентуецца на тое, колькі за такое бярэ «сын мамінай сяброўкі». Мой адказ не мяняецца гадамі:

прасіце столькі, за колькі вам будзе камфортна ўзяцца за працу і давесці яе да канца.

Лічба не павінна карэляваць ні з чым, акрамя вашага ўласнага адчування «так, вось за такую – нармальна». Тут важна слухаць, як на яе адгукаецца цела, а не розум, які адразу ж пачне семафорыць сцяжкамі: «Ты што, гэта дорага!» ці «Слухай, ды чаго за гэта ўвогуле грошы браць, зрабі бясплатна…»

Калі вы прызначыце кошт, з якім унутрана не згодны, даволі хутка пачняце раздражняцца на сябе за тое, што ўвязаліся ў праект. Вам будзе здавацца, і з кожным днём усё больш, што вы далі маху, што заказчык дурань і за гэты кошт не мае права ад’ядаць вам вантробы. І будзеце працягваць працаваць, павольна паміраючы. І вынік будзе прыкладна такі самы: мёрцвенькі.

У мяне на гэты конт даволі жорсткая пазіцыя: калі я разумею, што на мне пачынаюць ездзіць, патрабуючы бясконцых і аб’ектыўна бессэнсоўных правак, я адключаюся ад праекта эмацыйна і спыняю супрацоўніцтва. Забіраю тое, што мной зроблена (не дазваляю гэта выкарыстоўваць), і вяртаю грошы замоўцу альбо не бяру іх увогуле. Мяне не хвалюе выпушчаная выгада, мне не шкада страціць патэнцыйны прыбытак – мне больш шкада страціць сябе, абслугоўваючы хаос у чужой галаве. («“Я нічога ў гэтым не разумею, вы спецыяліст, вось вам грошы, раскажыце, як правільна”. – “Вось так правільна”. – “Я не згодны”»[25].)

Ёсць асаблівая разнавіднасць заказчыкаў, якім заўсёды нешта не падабаецца – не таму, што з вашай працай сапраўды нешта не так, а таму, што гэта зрабілі не яны. Але ж вы разумееце, што гэта не да вас пытанні?

Важнае ўдакладненне: не трэба блытаць спыненне супрацоўніцтва, таму што вы не можаце дамовіцца з заказчыкам, і сітуацыю, калі вы перагарэлі ў працэсе. Такое таксама бывае – вы ўзялі на сябе больш, чым змаглі выдужаць, не разлічылі сілы. У такім выпадку трэба знайсці смеласць прызнацца ў гэтым – сабе ў першую чаргу. Усвядоміць, што лепш адпаўзці ў бок, пакуль вы яшчэ дыхаеце, і паспрабаваць знайсці спецыяліста, які зможа вас замяніць, падхапіць праект. Магчыма, яму ён будзе як мага дарэчы. І вы жывая, і яму добра.

Часта пры прызначэнні кошту падспудна маячыць страх страціць кліента: «А раптам яму будзе дорага?» Тут я цвёрда трымаюся наступнага: не трэба ацэньваць чужую пакупніцкую здольнасць і хвалявацца за яе. Калі чалавеку будзе дорага – ён скажа пра гэта, звычайна ротам: «Зразумела, дзякуй, не пацягну». Аднак часта плацяць не толькі за тое, што вы робіце, але і за тое, што гэта робіце менавіта вы. У заказчыка могуць быць свае інтарэсы, чаму ён хоча працаваць з вамі. І тут мы вяртаемся да прынцыпу, апісанага вышэй: перш за ўсё кошт працы павінен быць камфортны вам, а не замоўцу. Не трэба думаць за купца. Тавар у вас.

Я так упэўнена гавару пра гэта таму, што, калі сама знаходжуся ў ролі «купца», трымаюся таго ж: паважаю чужое права прызначаць любы кошт – і проста не бяру «тавар», калі мне дорага, а шукаю варыянт, які мяне задаволіць.

Яшчэ адзін спосаб прызначыць кошт сваёй працы: папрасіце спачатку агучыць прапанову («Колькі вам камфортна мне заплаціць?»). У чалавека заўсёды ёсць у галаве нейкае ўяўленне пра тое, колькі ён гатовы (ці не гатовы) аддаць за вырашэнне сваёй праблемы. Калі кошт вас задаволіць – згаджайцеся, калі не – заўсёды можна патаргавацца і падняць кошт да камфортнага ўзроўню. Калі чалавеку будзе дорага, ён адмовіцца (і гэта цалкам нармальная сітуацыя!) – але затое вы не будзеце працаваць з гнятлівым пачуццём віны перад самой сабой, што ўвязаліся ў праект на адпачаткава нязручных умовах.

Голдберг Н. Человек, который съел машину. Книга о том, как стать писателем / перевод Марии Кульневой. – М.: Альпина Паблишер, 2019. – С. 222.

Жарт з інтэрнэту.

«У мяне няма амбіцый»

У нашай культуры не прынята пытацца пра заробак і нават сярод блізкіх сяброў абмяркоўваць, хто колькі зарабляе. Гэта пытанне, якое можа незнарок пакрыўдзіць – напрыклад, калі чалавек атаясамлівае сябе з той сумай, якую атрымлівае, і лічыць яе маленькай ці нават смешнай. Таму і сябе можа лічыць маленькім і смешным – і іншыя, як яму здаецца, таксама паднімуць яго на смех, даведаюцца пра ягоную няздольнасць «быць паспяховым і прабіўным» і ганебна нізкі ўзровень амбіцый.

Амбіцыі ў грамадскай свядомасці звязаны з жаданнем атрымліваць як мага больш і бадзёра прасоўвацца па кар’ернай лесвіцы (ад клерка да дырэктара). Гэта добрыя, выдатныя жаданні – калі гэта сапраўды тое, што прыносіць вам асалоду.

Важна памятаць, што нічога з гэтага не хацець, не любіць вялікай адказнасці і не мець задаткаў да кіраўнічай працы – таксама нармальна. Таленавітыя менеджары – гэта людзі асаблівага складу розуму, якія ўмеюць думаць на перспектыву, спраўляцца з мноствам пераменных і распрацоўваць складаныя «шматхадоўкі». Гэтаму немагчыма навучыцца з кніг, спрабуючы ўжыцца ў ролю «амбіцыйнага менеджара». Чым мацней вы будзеце прымушаць сябе да таго, да чаго не маеце схільнасцяў, тым вышэйшая рызыка сябе паламаць, але так нічога толкам і не дамагчыся. Ці дамагчыся, але неапраўдана дарагім коштам – калі ўсё будзе атрымлівацца лёгка, але перастане быць цікавым. («“Якія задачы, звязаныя з гэтай пасадай, вы плануеце вырашаць, працуючы тут?” – “Быць дома да 18:00. Максімум да 18:30”»[26]).

Здаровая амбіцыйнасць – гэта пастаянная зверка мэтаў, якіх хочацца дасягнуць, з тым, як яны адгукаюцца ўнутры.

Можна ісці па рост і пачуццё «Ух ты!» да людзей, якія сімпатычныя, у кампанію, якая стварае такі прадукт, што вы гатовы і бясплатна там працаваць, абы паўдзельнічаць у чараўніцтве. А можна – толькі па грошы і запіс у працоўнай кніжцы.

Не зразумейце мяне няправільна, мэта «тупа хачу грошай» таксама мае права быць. Але яна не пра пяшчоту да сябе – хутчэй пра складаную фінансавую сітуацыю, калі грошы – прыярытэт нумар адзін. У доўгатэрміновай перспектыве канцэнтрацыя толькі на грашах прывядзе да выгарання: складана любіць жыццё, калі большая частка дня марнуецца на змаганне з агідай да таго, што робіш, або да людзей, з якімі даводзіцца мець зносіны (калегі, кліенты, партнёры).

Бясплатная праца

Я шмат працавала бясплатна. Як маладая спецыялістка, магла пра грошы не перажываць – не было ні сям’і, ні дзяцей, ні неабходнасці плаціць за кватэру. Да таго ж гэта было выдатнай магчымасцю набрацца досведу, набіць руку, пашырыць партфоліа.

Сёння бясплатная праца для мяне раскоша. Толькі з вельмі вялікай любові – і толькі з уласнай ініцыятывы. Таму што я ведаю, чым са свайго жыцця мне давядзецца за яе заплаціць, а галоўнае – я не хачу рабіць яе, праклінаючы сябе за няздольнасць адмовіцца.

Адсюль і маё цвёрдае правіла не звяртацца да прафесійнай дапамогі сяброў бясплатна – я заўсёды прапаную прызначыць кошт працы. Калі чалавек аднекваецца, пытаюся, чым іншым я магу аддзячыць, каб яму было прыемна. Таму што я паважаю яго час, навыкі, досвед – і вельмі не люблю фразу: «Ды ладна, потым разлічымся». У маім свеце ідэальнае «потым» – гэта «зараз». Я не ведаю, у якім стане буду, калі прыйдзе ягонае «потым», – магчыма, буду ляжаць без сіл і ўсё ненавідзець. І тут раптам ён са сваім: «Снег ідзе. З першым днём зімы! Памятаеш, ты мне некалі абяцала дапамагчы? Ну дык во-о-ось…»

Аплачваючы чыюсьці працу, вы пераводзіце стасункі з сяброўскай плоскасці ў працоўную, а значыць, маеце права прасіць нешта перарабіць, смела агучваць, што не падабаецца, і задаваць столькі пытанняў, колькі ўлезе. Бясплатна мучыць сябра просьбамі «зрабіць гэтаксама, толькі з перламутравымі гузікамі» сумленне не дазволіць – і вы хутчэй пагодзіцеся з ветлівасці на тое, што вам не да душы, чым папросіце нешта перарабіць. Часта гэта не найлепшае выйсце з сітуацыі: і час разам змарнуеце, і вынік атрымаецца так сабе.

Калі вы з тых людзей, хто адмаўляецца ад грошай, таму што «браць з сяброў няёмка», проста перанакіруйце плынь падзякі ў іншае рэчышча – няхай іх перавядуць на дабрачыннасць, напрыклад. Або пакладуць на тэлефонны рахунак вашай мамы. Або набудуць на іх корм бяздомным жывёлам. Але калі чалавек хоча адплаціць, больш далікатна будзе дазволіць яму гэта зрабіць, вызваліўшы яго такім чынам ад непатрэбнай энергетычнай сувязі з вамі.

Дарэчы пра дабрачыннасць: я перакананая, што яна павінна быць выключна добраахвотнай і са стану лішку, а не на апошнія грошы. Як і міласціна, як і чаявыя. Я разумею, што вытрываць пачуццё «я не хачу даваць грошы» часта бывае складаным – падключаюцца ўстаноўкі пра «добрыя людзі дзеляцца апошнім», «скнараў ніхто не любіць», «як ты можаш радавацца жыццю, калі іншым так дрэнна» і інш. Але калі вы не хочаце даваць грошы – гэта значыць, што вы не хочаце даваць грошы і ў вас дакладна ёсць на гэта нейкая прычына, проста вы яе не ўсведамляеце (і не трэба ад сябе гэтага патрабаваць). Вашага нежадання дастаткова, каб не даваць. Вы сябе ведаеце, вы жывяце з сабой многа-многа гадоў, і вам выдатна вядома, што ў іншыя моманты вы бывалі незвычайна шчодрай, рабілі гэта ад сэрца і ні пра што потым не шкадавалі. Ніхто не вядзе падлік, колькім людзям і ініцыятывам вы дапамаглі сёлета, ці заслужылі падарункаў ад Дзеда Мароза. Аднак вы заўсёды будзеце памятаць той фальш і няшчырасць, што суправаджаюць «шчодрасць з-пад палкі», – і па законе бунту супраць прымусу пачняце дзяліцца сваімі рэсурсамі яшчэ больш неахвотна, стрымана і рэдка.

Жарт з інтэрнэту.