Бяздарныя апавяданні
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Бяздарныя апавяданні

Яўген Аснарэўскі

Бяздарныя апавяданні






18+

Оглавление

Уступ

Адкрытая чытачом кніга гэта зборнік адаптаваных пад часопісны фармат апавяданняў. Мэтай аўтара быў эксперымент, своеасаблівае самавыпрабаванне. Ці атрымаецца замаскіраваць сваю творчасць пад «нармальную чалавечую» літаратуру?

Для тых аматараў белетрыстыкі, якія сочаць за аўтарам у сацсетках, не з'яўляецца сакрэтам вельмі негатыўны прыём, якім у свой час ушанавалі стваральніка гэтай кнігі іншыя літаратары, а таксама чытаючая публіка. Разгромныя водгукі, нізкія адзнакі на профільных сайтах, здзекі і насмешкі былі заўсёднымі спадарожнікамі літаратурных досведаў аўтара з часоў яго дэбюту пад імем Яўгена Аснарэўскага. Падобны халодны душ, праўда, разбаўляўся цёплай вадой, дзякуючы цудоўнаму прыёму навукова-папулярных кніг няўмехі-празаіка. Тым не менш, у такім кантэксце назва «Бяздарныя апавяданні» выглядае цалкам дарэчнай. Акрамя таго, аўтар не адмовіў сабе ў задавальненні і дадаў дадатковы элемент іроніі ў свет гэтай кнігі. Амаль усе апавяданні зборніка або прайшлі жорсткі конкурсны адбор у прэстыжныя літаратурныя часопісы, напрыклад, найстарэйшыя дзеючыя літаратурныя часопісы Расіі і Беларусі — «Сібірскія агні» і «Полымя», — або атрымалі пазітыўны водгук ад якога-небудзь масцітага рэдактара. Сярод спецыялістаў, якія адабралі тэксты аўтара для публікацыі ў літаратурных выданнях, такія прызнаныя майстры пяра як Ларыса Мікалаеўна Падыстава, Алена Валянцінаўна Сафронава, Уладзімір Мікалаевіч Фёдараў, Ірына Ісакаўна Чайкоўская, Віктар Анатольевіч Шніп. Аповяд «Яна» увайшоў у лонг-ліст Міжнароднага Валошынскага конкурсу (2025), дзе, па дадзеных арганізатараў, было не менш за дзве тысячы ўдзельнікаў.


Некалькi слоў пра герояў, якія сустрэнуцца чытачу на старонках кнігі. Персанажы, па волі аўтара, павінны пераадольваць розныя псіхічныя і (ці) фізічныя траўмы. Тэксты апавяданняў страцілі большую частку змрочнай філасофіі і саркастычных пасажаў, якія, верагодна, бянтэжылі чытачоў у папярэдніх празаічных кнігах Аснарэўскага. Адпаведнасць тэкстаў таму, што аўтар можа назваць гуманітарнымі догмамі, добра вядомымі ў літаратуры мінулага стагоддзя, была адной з асноўных мэтаў падчас працы над тэкстамі «Бяздарных апавяданняў». Магчыма, гэта і дало неабходны вынік, дазволіўшы нарэшце атрымаць ухвалу некаторых літаратурных прафесіяналаў.

Сканчаючы гэты невячлікі ўступ, аўтар жадае чытачам цікавых уражанняў ад знаёмства з выданнем і дзякуе ўсім, хто народзіць уласнае меркаванне аб узроўні бяздарнасці апавяданняў, прадстаўленых у кнізе «Бяздарныя апавяданні». Іх стваральнік мог бы сказаць нават Эўтэрпе, што для яго такі аналіз чыёйсьці бяздарнасьці быў бы вельмі цікавы.

Рэдкае iмя

Ян — адносна рэдкае імя ў нас. Кароткае і яснае, без памяншальнай формы. Некаторыя называюць Янчык, не памяншаючы, а падаўжаючы. Але часцей клічуць Янам. Добрае імя. Я атрымаў яго ў гонар прадзеда. І ўсё ж у дзяцінстве, прызнаюся шчыра, я камплексаваў. Грэцкае Аляксандр, ці рымскае Сяргей, ці спрадвечна славянскае, вялікакняскае — Святаслаў: мне тады здавалася, што гэтыя імёны лепшыя за маё.

Бацькі дарылі мне мала ўвагі. Тата быў начальнікам на буйным заводзе, а маці працавала ў гарадской бібліятэцы.

Я стараўся не адцягваць бацькоў ад працы.

Мне часта даводзілася бываць у бабулінай хаце. Там, у вёсцы, я гуляў пад ліпамі, а яны цудоўна пахлі ў пачатку ліпеня. Я плаваў у возеры і кідаўся ў суседскіх хлапчукоў яблыкамі з нашага сада. Апалая антонаўка загнівала на вільготнай зямлі і ператваралася ў небяспечны снарад — гнілушку. Рэзкі ўзмах рукі і сусед Колька атрымліваў па сваіх жоўтых шорціках самай вялікай і агіднай гнілушкай. Ён адрывіста і гучна ўскрыкваў. Не адчуваў боль. Але не мог адцерці брудную пляму. Гэта азначала, што маці Колі — цётка Маша, — будзе бузіць і прымусіць сына прыбіраць хлеў. Ад думак пра Кольчына пакаранне мне чамусьці рабілася вельмі весела.


Я біўся лепш за суседа. Таму самае небяспечнае, што мог зрабіць Коля — кінуць у мяне гнілушку. Пшык, а не праблема! Сапернік насіў акуляры, якія злёгку спаўзалі з кавалачка пластыру на пераноссі. Таму трапнасць з'яўлялася для Колькі недасяжнай марай.

Нашы бітвы не перашкаджалі сяброўству. Раніцай, калі над спакойным возерам Рыбніца слалася бялявая смуга, мы з Колем стаялі каля напаўзгнілага бярвеністага прычальчыка і ўпарта жмурыліся на дрыготкія паплаўкі. Ніхто з нас не быў умелым рыбаком. Мы нават не вельмі любiлі рыбачыць, аддаючы перавагу актыўным гульням, а не доўгаму дзяжурству ля воднай роўнядзі. У іншым месцы нішто не прымусіла б нас узяцца за вуды. Але наша вясковае возера — найлепшае на свеце. Нам так здавалася.

Сухаватую зямлю вакол вялікай і глыбокай Рыбніцы пакрываў густы ельнік. Празрыстая вада сляпіла нас мільёнамі сонечных блікаў, вабіла прахалодай. А пасля дажджу, над зарослымi высачэзнай травой берагамi, вісеў настолькі салодкі пах, што нам нясцерпна хацелася піць з возера. Таму мы паддаваліся спакусе, апускаючы пад крыштальную, злёгку хвалістую паверхню, свае груба выдзеўбаныя, драўляныя кубачкі. Зачэрпвалі ваду. Потым пілі не адрываючыся. А летні вецер церабіў нашы вечна нечасаныя, густыя валасы.

Падслепаваты Колька, вось жа дзіва, валодаў вельмі каштоўнымі ўменнямі. Ён як сапраўдны кухар упэўнена гатаваў злоўленых намі карасёў. Лук, соль, бульбачка, часам сушаны перац — вось і ўсё, што выкарыстоўваў сусед. Няхітрыя інгрэдыенты дапамагалі Колю ператвараць наш улоў у смакату з іншага свету. Слінкі цяклі ад аднаго позірку на Кольчыны стравы.

Часам мы ласаваліся юшкай, але часцей прыкопвалі рыбу ў вуглях, якія заставаліся ад невялікіх, траскучых вогнішчаў, і пяклі свае трафеі.

Аднойчы нам удалося злавіць вялізнага шчупака. Мы не пашкадавалі часу на збор гліны і галля. Абмазаная глінай рыба і не да канца прапячонная, вязкая бульбачка, з соллю, здаваліся тады самымі смачнымі стравамі ў маім жыцці.

Аднаго разу мы гатавалі дзённы ўлоў і грэліся ля вогнішча, якое ратавала нас ад надыходзячай начной прахалоды. Дымок яловых галінак шчыпаў вочы, пакуль я ўпарта глядзеў удалячынь. За цёмным сподкам возера ўздымаўся бераг Рыбніцы: загадкавы, цяжкі і крышачку страшны.

***

Калі мне ішоў восьмы год, мама прынесла з бібліятэкі альбом, які смачна пах друкарскімі фарбамі. Тамака былі карціны знакамітых мастакоў. Мне заўсёды падабалася маляваць і таму прынесены альбом стаў любiмай настольнай кнігай. Маляваць, граць і рыбачыць з Колем, а таксама іншымі дзецюкамі, а яшчэ разглядаць карціны з альбома — вось і ўсё, што мне хацелася рабіць летам, пакуль я адпачываў ад знявiднай матэматыкі.

Я асабліва любіў адну карціну жывапісца Ван Гога. Зваўся гэты любы твор: «Зорная ноч над Ронай». Я паняцця не меў, дзе знаходзіцца тая Рона і заўсёды думаў, што Ван Гог носіць нейкае дзіўнае імя. Гэтыя думкі не перашкаджалі мне гадзінамі разглядаць выяву «Зорнай ночы». Я ўжо разумеў, што мастак выкарыстоўваў для працы над карцінай грубыя фактурныя мазкі. У авангардзе атакавалі змрочныя колеры, кантраст зорак і марскога фону. А потым на гледача навальваўся парад смелых жывапісных ліній. Яны рабілі карціну дзіўна вібрацыйнай і загадкавай. Ад прагляду мяне напаўняла салодкая трывога… Я не мог апісаць свае пачуцці да карціны, але ведаў, што моцна ўсхваляваны і хачу быць як ён… Ван Гог.

***

— Хачу намаляваць той бераг, — ціха сказаў я, гледзячы на Колю.

Сусед якраз здзіраў спаленае шмаццё лупіны, рыхтуючыся ўкусіць бок запеча

...