автордың кітабын онлайн тегін оқу 36 пытанняў па гісторыі Вялікага княства Літоўскага
Яўген Аснарэўскі
36 пытанняў па гісторыі Вялікага княства Літоўскага
Шрифты предоставлены компанией «ПараТайп»
© Яўген Аснарэўскі, 2024
У кнізе прадстаўлены як папулярныя, так і нестандартныя пытанні па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Што азначае слова Літва? Ці праўда, што літоўцы захапілі Наваградак? Як жылося жанчынам ВКЛ? Ці было ў Літве паляванне на ведзьмаў? Хто з вялікіх князёў адрозніваўся розумам? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае аўтар кнігі, цытуючы асабіста перакладзеныя ім, надзейныя дакументы.
ISBN 978-5-0064-5262-6
Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero
Оглавление
Уступ
Як зроблена нудная кніга пра гісторыю дзяржавы?
На думку аўтара, нудная кніга ўключае сухі тэкст, бясконцыя цытаты з даўно неактуальных працаў, памылковыя дадзеныя, якія вандруюць з публікацыі ў публікацыю…
Але аўтар гэтых радкоў вырашыў напісаць нянудную кнігу!
Таму чытач не сустрэне тут паслядоўнага выкладу тых падзей, якія даўно апісаны ў іншых выданнях. Кароткі храналагічны выклад гісторыі Княства можна знайсці нават у вікіпедыі, але гэтая кніга прапануе чытачу іншае.
Аўтар, у канве акадэмічнай навуковай працы, канцэнтраваўся на развянчанні гістарычных міфаў, вылучэнні гіпотэз і асвятленні менш вядомых фактаў аб Вялікім княстве Літоўскім. Але інфармацыя тут дадзена ў навукова-папулярным ключы. Такім чынам, кніга спалучае ў сабе як прыкметы строга навуковай працы, так і навукова-папулярнага выдання.
Такі падыход дазваляе аўтару спадзявацца, што кніга не стоміць непрафесійнага гісторыка, але пры гэтым будзе нечым карысная і прафесіяналам нашага цэха.
Для кнігі была адабрана некаторая колькасць пытанняў, з ліку дасланых аўтару — як стандартных, так і даволі арыгінальных.
Валодаючы дастатковай кваліфікацыяй для ўласных даследаванняў і навукова-крытычнага падыходу да матэрыялаў аўтар шануе сцісласць. Таму, падчас працы над дадзенай кнігай, не ставілася задача стварыць вялізнае па аб'ёме выданне, пры гэтым перапісаўшы ў яго дзясятак працаў іншых гісторыкаў.
У якасці доказаў, тут выкарыстаны пэўныя дакументы, а гіпотэзы аформлены як гіпотэзы, а не «абсалютная ісціна».
Усё, вядома ж, для таго, каб стварыць максімальна аб'ектыўны аповед пра мінулае.
Працягваючы нясціпла хваліць сваю працу, аўтар адзначыць, што стараўся захоўваць «нацыянальную нейтральнасць».
Не сакрэт, што еўрапейская дзяржава, якой прысвечана гэтая кніга, да гэтага часу служыць прадметам спрэчак, і гэтыя спрэчкі, нярэдка, закранаюць нацыянальныя сімпатыі спрачальнікаў; гэта значыць, палемісты імкнуцца давесці, што Вялікае княства Літоўскае павінна з'яўляцца спадчынай менавіта іх народа.
Аўтар знаёмы з літоўскімі, беларускімі, польскімі і рускімі публікацыямі і канцэптамі, якія тлумачаць, што з сябе ўяўляла ВКЛ. І таму чытач зможа ўбачыць на старонках дадзенага выдання ідэі з розных гістарыяграфічных прастор, прычым кожная з іх была падвергнута крытычнаму аналізу, а не проста бяздумна ўпісана ў новы тэкст.
Аўтар самастойна пераклаў дакументы, якія тут цытуюцца, выканаўшы, сярод iншых, рыфмаваныя пераклады.
Сканчаючы гэтае дакучлівае ўсхваленне ўласнай працы, аўтар хоча прысвяціць некалькі слоў сваёй папярэдняй кнізе пра ВКЛ, якая мае назву «Вялікае княства Літоўскае і беларускі нацыянальны міф».
Чытач быў настолькі паблажлівы, што добра прыняў тую працу, таму яе стваральнік ад душы кажа дзякуй усім, хто прачытаў кнігу і застаўся задаволены. Ну а тым, каму кніга ўсё ж не спадабалася — дзякуй за выдаткаваны час.
Чытачу незнаёмаму са згаданай кнігай, аўтар, зразумела, раіць яе прачытаць.
Асаблівае задавальненне аўтару даставіла ўвага да яго мінулай працы з боку мэтраў айчыннай навукі, у прыватнасці, водгукі Вячаслава Леанідавіча Насевіча, якога аўтар чытаў яшчэ ў школьныя гады.
Застаецца спадзявацца, што і гэтая праца прыцягне ўвагу калег. Хоць кніга, як сказана вышэй, арыентавана на масавага чытача і не ўтрымоўвае велізарнага масіва новых дадзеных, яе тэкст, як таксама было адзначана раней, паказвае дэканструкцыю ўстояных міфаў, што, тэарэтычна, можа быць цікава не толькі аматарам гісторыі, але нават некаторым прафесіяналам.
Ну вось, дарагі чытач, хопіць лішніх слоў! Прыйшоў час для пытанняў і адказаў!
Аб пачатку і ўладарах
Як зьявілася слова Літва?
Першыя згадкі Літвы адносяць да 1009 года. У яе рэгіёне тады загінуў прапаведнік Бруна Кверфурцкі — нямецкі арыстакрат, які меў высокі сан біскупа.
У Кведлінбургскіх аналах, датаваных XI стагоддзем, чытаем аб тым, што Бруна быў абезгалоўлены in confinio Rusciae et Lituae, гэта значыць «на мяжы Русі і Літвы».
Адносна значэння і паходжання назвы існуе мноства розных версій. Больш-менш пераканаўчыя гіпотэзы звязваюць назву з прытокам Віліі, маленькай рэчкай Летаўкай. Аўтар можа тут заўважыць, што шлях наймення нейкага племя па назве геаграфічных аб'ектаў здаецца цалкам лагічным. Да прыкладу, дрыгавічы — адно з леглых у аснову беларускага этнасу ўсходнеславянскіх плямёнаў, верагодна, атрымалі назву дзякуючы балоцістай мясцовасці, якую яны займалі. У беларускай мове, як вядома, і зараз ёсць слова «дрыгва».
Палачане, якія засялялі першую самастойную дзяржаву продкаў беларусаў — Полацкае княства, як можна думаць, атрымалі назву ад ракі Палаты.
У сучаснай Рэспубліцы Літва дастаткова папулярная версія з паходжаннем імя краіны ад назвы дружыннікаў, што былі ў атрадах літоўскіх нобіляў. Такіх ваяўнікоў нібы звалі «лейчы». У гэтым выпадку тлумачэнне нагадвае версію з паходжаннем не зусім зразумелага славянам слова «русь», якім першапачаткова, як лічыцца, называлася варажская дружына скандынаўскіх манархаў, што кіравалі ўсходнеславянскімі землямі.
Маргінальная версія гаворыць аб паходжанні назвы Літвы ад славянскага племя люцічаў, якія жылі на тэрыторыі сучаснай Германіі. Абгрунтоўваюць гэтую сувязь звычайна назвамі населеных пунктаў на землях Беларусі, беларускімі прозвішчамі з коранем «лют» ды іншымі, аналагічнымі па дарэчнасці, аргументамі.
Аўтар, мякка кажучы, скептычна глядзіць на падобныя развагі і прапануе прыхільнікам падобных тэорый запісаць у «спадчыну люцічаў» швейцарскі Люцэрн ці, да прыкладу, Пімпальгаон Лют у Індыі. Нашчадкам люцічаў, для людзей, якія разважаюць такім чынам, мабыць, павінен з'яўляецца і знакаміты нямецкі багаслоў Марцін Лютэр, а можа быць нават чарнаскуры змагар за правы афраамерыканцаў Марцін Лютэр Кінг. І вядома ж, у гонар люцічаў была названая кветка — казялец (люцік).
Кажучы больш сур'ёзна, варта адзначыць, што фанетычных супадзенняў, зразумела, недастаткова для вылучэння навукова абгрунтаванай гіпотэзы. Гісторыкі павінны карыстацца дадзенымі дакладных гістарычных дакументаў і дапаможных гістарычных дысцыплін, а не псеўданавуковым аналізам фанетыкі.
Капанні ў лексіцы гістарычных дакументаў увогуле з'яўляюцца любімым заняткам многіх гісторыкаў-маргіналаў.
Аўтар асабіста чытаў у інтэрнэце запісы некаторых аматараў гісторыі, якія цалкам сур'ёзна вяшчаюць пра адрозныя адзін ад аднаго народы лютаў, літванаў, літвінаў, лётаваў і іншых літванораў. Падобныя «народы» з'яўляюцца як следства разнабойнай перадачы замежнымі храністамі назову літоўцаў.
Думаць, што літваны і літоўцы з'яўляюцца рознымі народамі, гэта прыкладна так, як думаць, што замежнік які называе, да прыкладу, рускіх «рузькімі» гаворыць аб асобным народзе, а не проста перакручвае назву з-за няздольнасці яе правільна вымавіць.
Акрамя таго, прыхільнікі «люціцкай Літвы» могуць даваць спасылкі на псеўдагістарычныя працы аўтараў XIX-ХХ стагоддзяў, напрыклад, Паўла Шафарыка і Вацлава Пануцэвіча, якія ніколі не з'яўляліся кампетэнтнымі гісторыкамі.
Аўтар дастаткова падрабязна асвяціў тут «лютычную версію», каб адзначыць яе непраўдападобнасць, у сувязі з чым яе неабходна рэзка аддзяліць ад прыкладна раўназначных, у плане пераканаўчасці, «геаграфічных версій» і версіі воінаў-лейчы.
Пры гэтым, прыхільнікаў літоўцаў-лютычаў, сярод аматараў гісторыі, не так ужо і мала. Аўтар нават меў магчымасць камунікаваць з прафесійнымі гісторыкамі, якія падзяляюць падобныя погляды.
Дарэчы, не ясна навошта стваральнікам «люціцкай версіі» патрэбны гэтыя палабскія славяне, калі ва ўсходніх славян ёсць свае прыдатныя імёны. Вядомы, да прыкладу, сын кіеўскага ваяводы Лют Свенельдзіч, які згадваецца ў адносна дакладнай Аповесці мінулых часоў.
Менавіта ва ўсходнеславянскіх і балцкіх мовах дарэчна шукаць асновы для назваў населеных пунктаў рэгіёна і прозвішчаў мясцовых ураджэнцаў.
Але вернемся да назвы Літвы. Існуюць версіі, якія выводзяць назву гэтай балцкай дзяржавы ад нейкага міфічнага заснавальніка. Падобнай схемай тлумачаць назвы племя радзімічаў, легендарным правадыром якіх з'яўляецца нейкі Радзім. Ягоны брат Вятка, у сваю чаргу, нібыта даў імя племені вяцічаў.
У дадзеным кантэксце цікавыя звесткі знакамітага польскага гісторыка Юзэфа Крашэўскага, які згадвае пра князя Літво (Litwo). Гэты ўладца, паводле легенды, заснаваў замак Garto (Гродна), а імя князя перайшло на ўвесь ягоны край. Мабыць, на фармаванне такой гісторыі паўплывала найважнейшая роля Гродна ў ВКЛ, ведаючы пра якую стваральнікі легенды звязалі заснаванне наднёманскага горада з заснаваннем усёй літоўскай дзяржавы.
Часам слова Літва выводзяць ад простага і зразумелага славянам слова «ліць».
З вышэйпададзенага бачна, што адзінай, агульнапрынятай і абсалютна пераканаўчай версіі, якая тлумачыць назву Літвы, пакуль яшчэ няма.
Калі б аўтара настойліва прасілі выбраць адну з гэтых версій, то ён, мабыць, зрабіў бы стаўку на геаграфічную прыроду назвы, то бок пераход назвы ракі ці горада на тэрыторыю і этнас.
Аднак варта яшчэ раз падкрэсліць, што казаць, у дадзеным выпадку, варта толькі аб гіпотэзах.
Калі зьявілася Вялікае княства Літоўскае?
Некаторыя спецыялісты (у асноўным літоўцы) з'яўляюцца прыхільнікамі тэорыі ўтварэння ВКЛ яшчэ да Міндоўга. Да прыкладу, у пэўным Галіцка-Валынскiм летапісе згадваецца дамова валынцаў, заключаная ў першай палове XIII стагоддзя з вялікай колькасцю літоўскіх ўладароў, галоўным з якіх звычайна лічыцца той, што носіць даволі славянскае, па гучанні, імя, князь Жывінбуд.
Згодна з ГВЛ:
«Імёны літоўскіх князёў былі: старэйшыя Жывінбуд, Даўят, Даўспрунг, брат яго Міндоўг, брат Даўята Вілікаіл».
Гэтыя дадзеныя, у спалучэнні з іншымі дакладнымі звесткамі, дазваляюць абгрунтавана сцвярджаць, што ўжо на пачатку XIII стагоддзя (а, верагодна, і нашмат раней) у літоўскіх землях існавала добра пабудаваная, іерархічная піраміда, з манархам і арыстакратыяй на вяршыні.
Літоўскі гісторык Томас Баранаўскас дакранаецца да пытання існавання літоўскай дзяржавы ў сваім артыкуле «Mindaugo karunavimo ir Lietuvos karalystes problemos» і цалкам лагічна заўважае:
«Літоўская дзяржава, верагодна, існавала і да Міндоўга».
Пры гэтым традыцыйна лічыцца, што заснавальнікам ВКЛ быў першы і апошні літоўскі кароль Міндоўг, які кіраваў у XIII стагоддзі.
Аўтар падтрымлівае версію таго, што ВКЛ было менавіта аб'яднанай балта-славянскай (альбо славяна-балцкай) дзяржавай, адпаведна, менавіта Міндоўг, які першым распаўсюдзіў сваю ўладу на буйныя славянскія цэнтры Панямоння, зрабіў важны ўклад у стварэнне гэтай дзяржавы.
Гады існавання літоўскай дзяржаўнасці можна, тэарэтычна, адлічваць і ад перыяду, які папярэднічаў праўленню Міндоўга. Але казаць пра ВКЛ, да ўзвышэння літоўскага манарха ў славянскіх гарадах, усё ж, на думку аўтара, не варта.
Ці праўда, што насамрэч Вялікае княства Літоўскае стварыў Войшалк, а не Міндоўг?
Вядома, што некаторыя даследчыкі выводзяць на першы план Войшалка, абвяшчаючы менавіта яго стваральнікам ВКЛ. У такой ролі гэты ўладца паказаны, напрыклад, у беларускага гісторыка-аматара Мікалая Ермаловіча і прафесара гісторыі Сяргея Рассадзіна.
На думку аўтара, Войшалк сапраўды ўнёс важнейшы ўнёсак у фарміраванне дзяржавы. Аб'ядноўваючы мяцежныя балцкія землі пад сваёй уладай, ён пры гэтым абапіраўся на дружыны славянскіх гарадоў.
Аднак Войшалк, заручыўшыся падтрымкай валынцаў, фактычна страціў поўную незалежнасць і выступаў хутчэй васалам галіцка-валынскіх князёў, чым паўнаўладным манархам. Можа сын Міндоўга адчуваў хісткасць свайго становішча і ўсведамляў, што з'яўляецца непатрэбным канкурэнтам для валынскіх Рурыкавічаў у барацьбе за ўладу над Літвой, і менавіта таму рабіў дзіўныя для магутнага князя спробы сыходу ў манастыр? Так ці інакш, валынцы не пасаромеліся падняць руку на князя-манаха, і Войшалк быў забіты сынам і спадкаемцам караля Данііла, Львом Данілавічам.
Пасля Войшалка ў ВКЛ валадарыў галіцка-валынскі князь Шварн Данілавіч. Аднак, па невядомых спецыялістам прычынах, улада ў Літве вярнулася ў рукі мясцовага манарха, а менавіта Тройдзеня.
Некаторыя літоўскія гісторыкі жадаюць бачыць у прыходзе літоўскага ўладцы нейкі зварот да «нацыянальных каштоўнасцяў» у тым ліку паганства, хаця акалічнасці атрымання ўлады Тройдзенем невядомыя.
Затое з Галіцка-Валынскага летапісу дакладна вядома пра хрысціянскіх братоў вялікага князя, што не сведчыць на карысць нейкага «літоўска-паганскага» характару дзяржавы, а наадварот гаворыць пра «падвойную прыроду» ВКЛ, у якім улічваліся інтарэсы як Літвы, так і Русі.
Менавіта Тройдзень нарэшце пачынае паспяхова супрацьстаяць валынцам, якія да гэтага практычна ўвесь час бяруць верх над літоўцамі, прынамсі ў запісах валынскіх храністаў.
Выкарыстоўваючы славянскую ваенную сілу, у прыватнасці, гарадзенскую дружыну, вялікі князь змагаецца з валынцамі і захоплівае вялікі буйны і багаты Драгічын (Драхічын).
Такім чынам, вялікія князі XIII стагоддзя, а менавіта Міндоўг, Войшалк і Тройдзень, на думку аўтара, унеслі вялікі ўклад у фарміраванне дзяржавы на ранніх этапах яе існавання. Таму, не адмаўляючы важную ролю Міндоўга, трэба ўлічваць значэнне яго прымачоў на троне Літвы, і перш за ўсё сына літоўскага караля, вялікага князя Войшалка.
Фарміраванне дзяржавы, зразумела, не скончылася ў XIII стагоддзі. Значны ўклад у развіццё краіны ўнёс вялікі князь Гедымін, які выразна абазначыў сталіцу Літвы, горад Вільню, і значна пашырыў межы сваёй краіны.
Але нават пры Гедыміне ВКЛ усё яшчэ нагадвала нейкую унію напаўнезалежных княстваў. Зямлямі, якія фармальна ўключаліся ў ВКЛ, кіравалі не толькі сыны Гедыміна, у прыватнасці, Альгерд і Кейстут (адпаведна, віцебскі і трокскі князі), але і, відаць, члены спрадвечных, славянскіх дынастый, да прыкладу, мінскі князь Васіль.
Падобным чынам быў арганізаваны пандзяржаўны звяз, вядомы ў гісторыі як Свяшчэнная Рымская імперыя германскай нацыі, дзе асобныя землі кіраваліся адносна незалежнымі ад імператара валадарамі.
Фарміраванне ВКЛ як адзінай краіны, з выразна выяўленай і структураванай цэнтральнай уладай, было доўгім, а важнейшы ўклад у стварэнне дзяржавы ўносілі розныя манархі.
