Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства

Лявон Карповіч

Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства






12+

Оглавление

Незвычайнае акно ў Гісторыю

Для незаангажаванага чалавека паштовая марка-гэта маленькі кавалачак паперы, які служыць для выкананьня паштовай аплаты, а для філятэліста марка — гэта ня толькі прадмет для калекцыянаваньня, але крыніца ведаў. Маркі могуць ня толькі выклікаць цікаўнасьць, але быць нават мастацкімі цудамі.

Паштовыя маркі адлюстроўваюць ня толькі развіцьцё сістэм пісьмовай пошты за апошнія два стагодзьдзі, але яны таксама адлюстроўваюць увесь спэктр гісторыі, мастацтва і культуры, пачынаючы з пачатку нашай глябальнай цывілізацыі, погляды і стылістыку свайго часу.

Гэты маленькі кавалачак паперу — паштовая марка — ня толькі ўводзіць краіну ў каталёгі цэлага сьвету, робіць яе больш вядомай, але становіцца сымбалем трываласьці народу, сьведчаньнем яго існаваньня.

25 гадоў першай Беларускай паштовай марцы. Канвэрт пошты Беларусі, выдадзены ў 2017 (Памылка. 99 гадоў) А

У гэтых апавяданьнях маркі становяцца незвычайным вакном у гісторыю краіны, у якой мы жывем, запрашаюць нас паслухаць паданьні пра таямнічае і чароўнае Вялікае Княства… Яны раскажуць пра багатую, шматслаёвую, захапляльную Гісторыю праз займальныя, часта прыгожыя, а часам і эксцэнтрычныя знакі паштовай аплаты. У той жа час трэба ўлічыць, што паштовая марка не адлюстроўвае ўвесь спэктр жыцьця. Яе зьмест залежыць найперш ад дзяржаўнага ладу краіны, ад самасьвядомасьці яе грамадзян, бо праект маркі ствараецца чалавекам і друкуюць марку ў дзяржаўных выдавецтвах. Таму тут дадзена слова ня толькі Беларускім маркам, як было задумана, але і маркам іншых краін, якія апавядаюць пра Вялікае Княства, бо адпаведных Беларускіх марак няма… Паштовыя маркі Беларусі маюць вельмі кароткую гісторыю і колькасьць выдадзеных паштовых марак малая, недастатковая, каб адлюстраваць усю гісторыю Вялікага Княства. У кнізе ёсьць апавяданьні пра малазначные падзеі і адсутнічаюць некаторые вельмі значныя, бо ўсё залежыць ад таго, ці былі гэтыя падзеі адлюстраваныя на паштовых марках ці не…

Яшчэ асаблівасьць гэтых апавяданьняў такая, што яны бясконцыя, бо Гісторыя Вялікага Княства жывая, папаўняецца новымі зьвесткамі, новымі адкрыцьцямі, новымі выданьнямі марак… І новыя маркі будуць апавядаць новыя гісторыі ці дапаўняць ужо расказаныя. І гэта будзе матэрыял для наступнай кнігі апавяданьняў паштовых марак…

Папараць-кветка Гісторыі Народу

Далёка тое, што ёсьць, і глыбока-глыбока: хто дастане яго?

(Эклезіяст 7:23)

Вялікае Княства… Вялікае Княства нарадзілася на нашай зямлі ў выніку многавекавога падарожжа нашых продкаў па пакручастаму шляху Гісторыі, дасягнула найвышэйшага росквіту, стаўшы ўзорам для іншых, заняпала і зьнікла, разадраная кіпцюрамі зайздросных і драпежных суседзяў. Але ня зьнікла бясьсьледна, на што разьлічвалі ворагі, а стала для сваіх нашчадкаў таямнічай папараць-кветкай Гісторыі Народу… І хто знаходзіць гэтую папараць-кветку, пачынае разумець мову сваіх продкаў, перад ім раскрываецца ўся прыгажосьць роднай зямлі і сэрца напаўняецца любоў да Радзімы…

Любоўю да Радзімы напісаны Палянэз Агінскага Ля-мінор…

Палянэз «Разьвітаньне з Радзімай». Блёк пошты Беніну, выдадзены ў 2015

У картушы надпіс на францускай мове: 250-годзьдзе з дня нараджэньня Міхала Клеафаса Агінскага, кампазытара, пісьменьніка і дыплямата (1765—1833). На полі блёку ўверсе слова POLONEZ, ніжэй — ноты і фрагмэнт Рацлавіцкай панарамы (Бітва пад Рацлавіцамі 4 красавіка 1794).

Словы да Палянэзу напісаў Сокалаў-Воюш. Там ёсьць такія радкі:

Сонца праменьне стужкай вузкай

Ператкала помны вечар.

Край бацькоўскі, край мой Беларускі,

Я табе кажу на разьвітаньне:

«Да спатканьня, да сустрэчы».

Постаць на ростанях краiны.

Ранiць думкi шлях абраны.

Прагне сэрца ў родныя мясьціны

I Радзiмы вобраз ажывае

Растрывожанаю ранай.

Волi прагнуць волi,

Воля сьвет i доля.

Бронi звон ды конi,

Конi — клiч «Пагонi».

Крочым з багны ночы,

З ночы шлях прарочы.

Зноў залунае наш штандар,

Палыхне ўначы пажар,

I паходнаю трубой

Зноў пакліча нас з табой

на мужны бой

Мая Радзiма

край адзіны.

Да яго з выгнаньня

Шлях вяртаньня шлях змаганьня.

Вясна. Зараджэньне, нараджэньне, дзяцінства, юнацтва (ад пачатку па XIV стагодзьдзе)

Спачатку былі… шляхі-дарогі

Шляx — тaкcaмa вялiкaя дapoгa, aлe мae знaчэньне бoлeй шыpoкae i ўжывaeццa ў caмым paзнacтaйным cэнce. Мoжa пpaлягaць нe тoлькi пa зямлi, a i пa вaдзe — вoдны шляx, нaвaт пa нeбe — Млeчны Шляx, шляx дa iншыx плянeт — зopны шляx. Ёcць яшчэ жыцьцёвы шляx, бaявы шляx, гicтapычны шляx, a тaкcaмa — шляx як нaпpaмaк дзeйнacьцi, cпocaб i cpoдaк, якiмi дacягaeццa мэтa. Васіль Вітка

Сонечны Падарунак з Глыбіні Стагодзьдзяў

Звычайна гісторыя краіны ў кнігах пачынаецца з датаў і падзеяў. Я пачну Гісторыю нашай краіны з сонечнага каменя — Сонечнага Падарунку з Глыбіні Стагодзьдзяў. Так называе бурштын старажытнарымскі вучоны Пліні Старэйшы ў сваёй «Натуральнай гісторыі» згодна з легендай аб тым, што бурштын нараджаецца з сонечных прамянёў. Пра бурштын існуе мноства легендаў у многіх народаў. Грэкі называлі бурштын электронам — па назве зоркі Электра з сям'і Плеяд ў Сузор'і Цяляці. У старажытных грэкаў бурштын выклікаў асаблівую цікавасьць сваёй здольнасьцю электрызацыі.

Самае раньняе пісьмовае ўпамінаньне пра бурштын — клінапіс на абеліску Х стагодзьдзя да Р.Х., які знаходзіцца ў Брытанскім музэі.

Бурштын — адзін з першых каштоўных камянёў, што здабывалі і выкарыстоўвалі як упрыгожваньне і як лекавы сродак нашы продкі яшчэ ў часы палеаліту (450—12 тыс. да Р.Х.).

Бурштын. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 2009. Марка Латвіі, выдадзеная ў 2020

У легендах бурштын найчасьцей узгадваецца як сьлёзы ці то з нагоды гора, ці то з нагоды радасьці. Але насамрэч вучоныя кажуць, што бурштын — гэта сьлёзы дрэў у выглядзе смалы, што «плакалі» мільёны гадоў таму і якія застылі, утварыўшы сонечны камень.

Бурштын называлі золатам Поўначы, золатам Славянскім або золатам Прыбалтыкі за яго лекавыя ўласьцівасьці, за яго прыгажосьць і лёгкасьць у апрацоўцы і за легендарныя магічныя ўласьцівасьці. І з гэтай нагоды бурштын набыў яшчэ і уласьцівасьць тавару.

Бурштынавы шлях упершыню згадвае «бацька гісторыі» Герадот (484 — 425 да Р.Х.), хаця шлях дзейнічаў за тысячагодзьдзі да яго нараджэньня: вырабы з балтыйскага бурштыну былі знойдзены ў грабніцы Тутанхамона. Напрыканцы I тысячагодзьдзя да Р.Х. з пашырэньнем гегемоніі Рыму ў Міжземнамор’і найбольш важным стаў вываз бурштыну па Вісьле — Бурштынавы шлях, які меў адгалінаваньне на Заходні Буг, а з II стагодзьдзя да Р.Х. пралягаў гандлёвы Бурштынавы шлях або Вялікі сонечны шлях і па Дзьвіне і па Нёмне, аб чым піша Кулакоў Уладзімір у кнізе «Нёманскі Бурштынавы шлях у эпоху вікінгаў». Заходняя Дзьвіна была добра вядомая старажытным грэкам і рымлянам і называлася Эрыдан, Рубон, Дуна або Дзіна.

Бурштынавы шлях паводле Абрагама Артэліуcа з XVI стагодзьдзя. Блёк пошты Польшчы, выдадзены ў 1993

Гісторыкі выказваюць думку, што гэта Рымскі імпэратар Нэрон (37—68) -неўтаймаваны тыран і неабмежаваны марнатраўца — загадаў нейкаму свайму цэнтурыёну наладзіць пастаўкі бурштыну з Балтыкі ў Рым…

Камень з агнём у жылах

Бурштын і вырабы з бурштыну насельніцтва нашых земляў атрымоўвала з Прыбалтыкі ў абмен на крэмневыя прылады працы.

Першыя крэмневыя прылады працы. Марка пошты Джэрсі, выдадзеная ў 2010

Крэмневыя прылады працы ў вялікай колькасьці і высокай якасьці варабляліся, пачынаючы з ІІІ тысячагодзьдзя да Р.Х., у Краснасельскім комплексе (цяпер Ваўкавыскі раён Гродзенскай вобласьці) па здабычы і вырабу крэмневых вырабаў.

Крэмень. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 2009

Па падліках археолягаў тут было выкапана да некалькі тысяч шахтаў. Шахты захаваліся да цяперашняга часу і ў пасёлку Краснасельскім створаны музэй пра жыцьцё нашых далёкіх продкаў. Ca здабытага з кожнай выпрацоўкі можна было змайстраваць да сотні сякер і іншых прылад. Яны ў асноўным прызначаліся для абмену.

Крэмневая шахта. Марка пошты Вялікабрытаніі, выдадзеная ў 2017

Бурштынавы скарб у сонечнае Міжземнамор'е перавозілі спачатку на лодках, а цягам стагодзьдзяў па нашым рэкам ужэ плылі гандлёвыя снеккары і кнорры, часам ваенныя суровыя драккары скандынаваў з галовамі цмокаў на носе карабля ды рымскія анерарыі, астаўляючы сьляды на шляху свайго падарожжа.

Драккар вікінгаў. Марка пошты Сьера Леонэ, выдадзеная ў 2019

Многа такіх «сьлядоў» засталося ў выглядзе манэт. Найбольш раньнія знаходкі належаць да часоў Аляксандра Македонскага і яго нашчадкаў. На Ашмяншчыне вядомая нават знаходка тэтрадрахмы Піліпа Другога — бацькі Аляксандра. Гэта срэбраная манэта, адбітая ў IV стагодзьдзі да Р. Х. Трапляецца і Пталямееўскі Егіпет ІІІ стагодзьдзя да Р.Х., а таксама манэты рэспубліканскага Рыму ІІ стагодзьдзя, яшчэ да Цэзара. Зрэдку — манэты грэцкіх калоніяў на Чорным моры: Ольвіі, Пантыкапею.

Тетрадрахм Піліпа Другога з галавой Зеўса. 359 — 336 да Р. Х. Марка пошты Грэцыі, выдадзеная ў 1956

Бурштынавы шлях заняпаў толькі ў сярэднявеччы, калі зменшыўся попыт на бурштын і Прычэрнамор'е было захоплена мусульманскай Турцыяй. Але гандаль таварамі не прыпыняўся і на зьмену Бурштынаваму шляху прыйшоў Шлях «з варагаў у грэкі», які праіснаваў па XII стагодзьдзе. На тэрыторыю нашай краіны прыпадала важная частка гэтага шляху праз балтыйска-чарнаморскі водападзел, які трэба было пераадольваць па сушы. Караблі перацявалі, валаклі па напрамку, які злучаў Дзьвіну з Дняпром. Валокі бралі пад кантроль ураднікі, якія займаліся зборам «валочнага» падатку-мыта. У такіх месцах ўзьніклі першыя гарады і дзяржавы на нашых землях: Полацкае княства на Заходняй Дзьвіне, Смаленскае-на Дняпры і Тураўскае-на Прыпяці.

Старажытныя гандлёвыя шляхі. Счэпка «Шлях з варагаў у грэкі». Высадка скандынаўскіх маракоў. Славяне на баявой ладзьдзі. Сумесны выпуск Украіны і Эстоніі ў 2003

На верхняй марцы манэта дацкага караля Свэнда Эстрыдсена, а ў нізе маркі надпіс «Полоцьк». На ніжняй марцы срэбная манэта князя Уладзіміра Сьвятаслававіча.

Апісаньне маршруту ёсьць у «Аповесьці часовых гадоў» і ў творы бізантыйскага імпэратара Канстанціна VII Чырвонага «De administrando imperio» («Аб кіраваньні імпэрыяй»; складзена ў 943–953). Узьнік у канцы IX — пачатку X стагодзьдзяў, заняпаў у 1204, пасьля разбурэньня крыжакамі Канстантынопалю, у выніку чаго цэнтар сьветавога гандлю перамясьціўся ў Вэнэцыянскую рэспубліку, што вядзе да яе росквіту і страты Кіевам і Полацкам свайго стратэгічнага значэньня. Купцы, якія дабіраліся ў Канстантынопаль за 40—50 дзён, везьлі ў Бізантыю хлеб, рамёствы, срэбра ў манэтах, рабоў, футра, мёд, воск, а таксама тавары са Скандынавіі і Прыбалтыкі (зброю, бурштын). З поўдня па Дняпры везьлі віно, спэцыі, садавіну, дарагія тканіны, ювэлірныя вырабы, шкляны посуд. Дарэчы, нашы продкі пісалі і на васковых таблічках.

Байдак. Казацкая «Чайка». Маркі пошты Украіны, выдадзеныя ў 1999

Бізантыйскі імпэратар Канстанцін Багрянародны (905—959) расказвае: «Славяне, падуладныя Русі, імёны крывічы і лучаны, а іншыя славяне сякуць дрэвы на лодкі ў зімовы пэрыяд, апрацоўваюць іх, а калі надыходзіць час, калі растане лёд, апускаюць у бліжэйшыя азёры. І як толькі іх спускаюць у Дняпро, яны ідуць па гэтай рацэ, прыходзяць у Кіеў…».

Цікава, ці могуць маркі расказаць, што адбывалася вакол нас ў сьветавой гісторыі?

P.S. Падарожжа ў сьветавую гісторыю

Мэсапатамія — калыска чалавецтва

Ужо з пачатку 4 тысячагодзьдзя да Р.Х. на землях Мэсапатаміі (Міжрэчча) узьнікла калыска, асяродак найбольш старажытнай цывілізацыі. Культура Мэсапатаміі прынесла чалавецтву пісьменнасьць, заканадаўства, эпічную паэзію, кола… Тут у Мэсапатаміі магчыма быў райскі сад Эдэм, у якім жылі першыя, створаныя Богам, людзі Адам і Ева, а каля 1850—1750 гадоў перад нараджэньнем Хрыста, ці каля 4000 тысяч гадоў таму, жыў Біблейскі Абрам. Роднай мясьцінай Абрама быў Ур на паграніччы паміж сучаснымі Іракам і Кувэйтам на поўнач ад Пэрсідзкай затокі. Адлюстравана гэта месца на марцы Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, прысьвечанай Мэсапатамскай цывілізацыі, дзе кругам вылучаны Ур.

Мэсапатамская цывілізацыя. Блёкі пошты Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, выдадзеныя ў 2012

Мэсапатамская цывілізацыя праіснавала па 12 кастрычніка 539 да Р.Х., калі Пэрсідзкае войска захапіла Бабілён і настаў канец гісторыі Старажытнай Мэсапатаміі, як палітычна самастойнага рэгіёну.

Перад стваральнікамі падобных марак паўстала вельмі складанае заданьне, што адлюстраваць на марцы, каб найдасканалей перадаць сутнасьць цывілізацыі… Як у іх атрымалася, вырашайце самі.

Цывілізацыя фараонаў і пірамід

Старажытны Егіпет займаў тэрыторыю ў даліне і дэльце Нілу ў Паўночна-Усходняй Афрыцы. Праіснавала Эгіпецкая цывілізацыя з канца 4 тысячагодзьдзя да Р.Х. да 332 да Р.Х., калі Егіпет заваяваў Аляксандр Македонскі.

Эгіпецкая цывілізацыя. Блёк пошты Сан-Тамэ і Прынсіпі, выдадзены ў 2008 і блёк пошты Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, выдадзены ў 2012

Культура Эгіпецкай цывілізацыі застаецца адной з самых загадкавых і таямнічых у сьвеце. У 1280 да Р. Х. Маісей выводзіць свой народ з Эгіпту і каля 1280—1240 атрымлівае Дзесяць Божых Запаведзей на гары Сінай.

У 1995 у рамках 100-годзьдзя кіно ў Танзаніі была апублікаваная сэрыя паштовых марак і блёк, які паказвае амэрыканскага акцёра Тэадора Робертса ў вобразе Майсея ў фільме «Дзесяць Запаведзяў», які дэманстраваўся ў 1923. Майсей назірае, як Бог піша Запаведзі на каменных плітах.

Дзесяць Запаведзяў. Кадар з фільму. Блёк пошты Танзаніі, выдадзены ў 1995

Краіна Арыяў

У наш час працягваюць сваё існаваньне дзьве старажытныя цывілізацыі — індыйская і кітайская. Індыйская цывілізацыя ўзьнікла прыблізна ў 3 тысячагодзьдзі да Р.Х. і разьвівалася ў даліне рэк Інд і Ганг. Ужо ў старажытнасьці аб Індыі ведалі як пра «краіну мудрацоў». Яе жыхары першымі ў сьвеце навучыліся вырошчваць рыс, бавоўнік, цукровы трысьнёг, першымі пачалі разводзіць хатнюю птушку. Індыя падаравала сьвету лічбы, вядомыя як «арабскія», таму што перайшлі праз пасярэдніцтва арабаў, дзесятковую сыстэму рахунку, а таксама такую вялікую гульню, як шахматы. Каставая сыстэма забясьпечвала захаваньне рэлігіі індуізму і на працягу стагодзьдзяў забясьпечвала стабільнасьць індыйскай цывілізацыі. Незвычайна важная асаблівасьць Індыйскай цывілізацыі — відавочная зьвернутасьць да Сусьвету і адначасова да ўнутранага сьвету чалавека, надзвычайную «прасякнутасьць» пачуцьцём каханьня…

На блёках адлюстравана Цывілізацыя даліны Інда, або Харапская цывілізацыя, названая ў гонар старажытнага горада Харапа, — цывілізацыя бронзавага веку, тэрыторыя якой распасьціралася вакол даліны ракі Інд (сучасны Пакістан і яго навакольлі) прыкладна з 2600 да Р.Х. да 1900 да Р.Х.- першы пэрыяд Індыйскай цывілізацыі.

Цывілізацыя даліны Інда, або Харапская цывілізацыя. Блёкі пошты Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, выдадзеныя ў 2012

Паднябесная цывілізацыя

Цывілізацыя ў Старажытным Кітаі склалася прыблізна на мяжы 3—2 тысячагодзьдзяў да Р.Х. і, захаваўшы пераемнасьць традыцый, адметных рыс духоўнай і матэрыяльнай культуры, працягвае існаваць у сучасны пэрыяд. Кітайскае грамадзтва сфарміравалася ў басэйне ракі Хуанхэ (Жоўтай ракі). Найстаражытнейшым знойдзеным формам кітайскага пісьма 1600 гадоў. Падчас праўленьня першага імпэратара ў III стагодзьдзі да нашай эры пачалося будаўніцтва Вялікай сьцяны (фартыфікацыйная сыстэма), якая праіснавала да 16 стагодзьдзя, асноўнай яе функцыяй была абарона дзяржавы ад набегаў іншых народаў. Кітайцы лічылі, што іх краіна знаходзіцца ў цэнтры сьвету. Улада імпэратара была рэлігійна санкцыянаваная, а яго называлі сынам неба.

Кітайская цывілізацыя. Блёкі пошты Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, выдадзеныя ў 2012

Прадаючы паперу, шоўк і фарфор, Кітай праславіўся на ўвесь старажытны сьвет. Для гандлю кітайцы выкарыстоўвалі Шаўковы шлях, заснаваны ў II стагодзьдзі да Р. Х. Найважнейшым філязофска — этычным вучэньнем, якое стала пануючай рэлігіяй у Старажытным Кітаі, было канфуцыянства, стваральнікам якога на мяжы VI і V стагодзьдзяў да Р.Х. быў мысьляр Канфуцый. Па глыбіні эстэтычнага і паэтычнага пранікненьня ў быцьцё прыроды Кітайская цывілізацыя, бадай, ня мае сабе роўных. Мае вялізныя дасягненьні ў навуцы і тэхніцы. Кнігі ў Кітаі пачалі друкаваць у ІІ стагодзьдзі, а ў Эўропе — у XV. Сучасны Кітай займае 1-е месца ў сьвеце паводле колькасьці насельніцтва (1,404 млрд) і па абсягу замежнага гандлю. Краіна характарызуецца і як патэнцыйная звышдзяржава.

Аснова Эўрапейскай культуры

Культура Старажытнай Грэцыі і старажытнага Рыму традыцыйна называецца «антычнай культурай», бо яна была самай старажытнай з усіх вядомых культур у Эўропе ў эпоху Адраджэньня (15—16 стагодзьдзі).

Легендарная гісторыя Старажытнагрэцкай цывілізацыі налічвае амаль 30 стагодзьдзяў, пачынаючы з раньняй Мінойскай цывілізацыі, якая ўзьнікла на Крыце 2800—1100 да Р.Х., заканчваючы Эліністычным пэрыядам (323—146 да Р.Х.), калі Грэцыя становіцца лёгкай здабычай для Рымлян, якія цалкам заваявалі дзяржаву ў 147—146 да Р.Х.

Эгейская цывілізацыя. Блёкі пошты Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, выдадзеныя ў 2012

Антычная Грэчаская культура стала асновай усёй Эўрапейскай культуры. Менавіта ў старажытнагрэчаскай культуры сфарміраваліся адносіны да чалавека як да «меры ўсяго існага», вышэйшай каштоўнасьці. Першы пераклад Бібліі Старога Запавету быў зроблены з габрэйскай мовы на грэчаскую. Гэты пераклад вядомы як Сэптуагінта (ад лацінскага «семдзесят», па легендзе пераклад выконвалі семдзесят вучоных) быў зроблены ў Эгіпце для казачнай Александрыйскай бібліятэкі.

Блёкі прысьвечаныя першаму пэрыяду Старажытнагрэцкай цывілізацыі — Эгейскай цывілізацыі бронзавага веку ў 3000—1000 да Р.Х. на астравах Эгейскага мора, Крыце, у мацерыковай Грэцыі і Малой Азіі (Анатолія).

Рымская цывілізацыя

«Наўрад ці знойдзецца чалавек, настолькі легкадумны і абыякавы да навакольнага жыцьця, які б не зацікавіўся пытаньнем аб тым, якімі сродкамі, якімі прыёмамі палітыкі рымляне ў прамежак меншы 53 гадоў перамаглі амаль усе краіны населенага сьвету і падпарадкавалі іх сваёй адзінай уладзе, — факт у гісторыі бяспрыкладны», — адзначаў старажытнагрэцкі гісторык Палібій і меў рацыю.

З невялікага паселішча на Тыбры за некалькі стагодзьдзяў вырас магутны горад, які затым пабудаваў магутную і велізарную імпэрыю.

Рымляне былі выдатнымі будаўнікамі і інжынэрамі. Яны вынайшлі бэтон, дзякуючы якому маглі ўзводзіць у сваіх гарадах велізарныя будынкі — храмы, тэрмы, амфітэатры або базылікі. Ваду з крыніц у бліжэйшых гарах прыносілі ў гарады каменныя аквэдукі. Рымскае права стала ўзорам ці правобразам прававых сыстэм многіх іншых дзяржаў.

Антычная Рымская цывілізацыя аказала надзвычайнае ўзьдзеяньне на культурнае разьвіцьцё чалавецтва. Праіснавала яна каля 12 стагодзьдзяў — прыблізна з 8 стагодзьдзя да Р.Х. да 476 па Р.Х., да заваяваньня варварамі. Старажытнарымская культура многае пераняла з культуры суседніх народаў, найбольш у Грэкаў. Галоўнымі ідэаламі Рымскай цывілізацыі былі патрыятызм, вернасьць грамадзянскаму абавязку, ушанаваньне багоў, павага да продкаў, выкананьне законаў, перакананьне ў богавыбранасьці рымскага народу і што Рым цэнтар сьвету.

Рымская цывілізацыя. Блёкі пошты Гвінэі-Бісаў, выдадзеныя ў 2003

За сотні гадоў да нараджэньня Хрыста ў Бібліі былі запісаныя словы прарокаў Ізраіля, якія прадказвалі Яго прышэсьце. У Старым Запавеце, які пісаўся многімі людзьмі на працягу 1500 гадоў, зьмешчана больш за 300 прароцтваў гэтай падзеі. Першае зь іх выказана з вуснаў Бога ў прысудзе зьмею. Гэта быў плян выратаваньня грэшнага чалавека і вяртаньня яму бесьсьмяротнасьці: «І варожасьць пакладу паміж табою і паміж жанчынаю, і паміж семем тваім і паміж семем яе: яно будзе біць цябе ў галаву, а ты будзеш джаліць яго ў пяту». (Быцьцё 3:15). Прароцтва збылося ў Рымскай імпэрыі. Калі Марыя была ўжо цяжарнай, выйшаў загад Рымскага кесара Аўгуста. Дзе хто не жыў, дзеля перапісу павінен прыйсьці ў тое месца, дзе жылі яго продкі. Язэп і Марыя паходзілі з роду цара Давіда, таму павінны былі ісьці ў Віфлеем. Пакуль цяжарная Марыя змагла дабрацца да месца, усе дамы былі запоўнены прыйшоўшымі людзьмі. Свабоднай была толькі пячора, куды заганялі авечак у час непагоды. Тут у пячоры, уся мэбля якой складалася зь ясьляў з саломай, нараджаецца Збаўца.

Слова становіцца целам і пасяляецца між намі, Бог становіцца чалавекам. Многа разоў у розныя спосабы Бог прамаўляў да чалавека. Цяпер прамовіў да нас праз Свайго Сына!

Божае Нараджэньне з алтара Бад-Вільдунгена. Конрад фон Зост (1370 — 1422). Марка пошты Парагваю, выдадзеная ў 1971

У 386 вучоны Еранім пасяліўся ў Віфлееме і пачаў перакладаць Біблію на лацінскую мову. Праз 23 гады ён закончыў працу. Вульгата ці «народная» вэрсія Бібліі Ераніма была адзінай Бібліяй да 1609, якой карысталася Рыма-каталіцкая царква.

Бізантыйская цывілізацыя

Бізантыйская цывілізацыя (Усходняя Рымская) паўстала не з Рымскай, ні ў якасьці яе адшчэпку, ні як супрацьлегласьць. Радавод яе на Ўсходзе і паходжаньне ў Эліністычнай цывілізацыі. Можна сустрэць нават меркаваньне, што яна проста працяг Эліністычнай, уціснутай у хрысьціянства. Бізантыйская цывілізацыя ўтварылася ў выніку распаду Рымскай імпэрыі ў 395 і праіснавала каля тысячы гадоў да заваяваньня сталіцы горада Канстантынопаля туркамі ў 1453. Назва цывілізацыі паходзіць ад назвы заснаванага грэчаскімі каляністамі месца Бізантыя, які пазьней быў названы ў гонар імпэратара Канстанціна Канстантынопалем. Бізантыйцы называлі сябе рамеямі (рымлянамі), а краіну Імпэрыяй рамеяў. У эпоху сярэдневякоўя Бізантыйская цывілізацыя адагравала разам з Кітайскай вядучую ролю ў сьветавым культурным разьвіцьці. Асновай Бізантыйскай культуры было хрысьціянства ўсходняга веравызнаньня.

Бізантыйская цывілізацыя. Блёкі пошты Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, выдадзеныя ў 2012

У 313 імпэратар Канстанцін выдаў Эдыкт (указ) аб наданьні хрысьціянам роўных правоў з усімі іншымі рэлігіямі, а ў 324 афіцыйна абвясьціў хрысьціянства дзяржаўнай рэлігіяй Рымскай імпэрыі. Дзень Божага Нараджэньня ад IV веку, часу ўстанаўленьня гэтага сьвята, стаў днём асабліва ўрачыстым у сьвеце хрысьціянскім.

Найбольш знакаміты помнік Бізантыйскай архітэктуры — храм Сьвятой Сафіі ў Канстантынопалі (532—537).

Заварожваючая цывілізацыя

Майя зьявіліся ў Мезаамэрыцы каля 1200 да Р.Х. на тэрыторыі сучасных Мэксыкі, Гандурасу, Гватэмалы, Сальвадору. Да нашых дзён захаваліся рэшткі звыш ста гарадоў Майя. Прыблізна на мяжы Новай эры Майя стварылі герагліфічную пісьменнасьць. Народы Майя пакінулі пасьля сябе надзвычай багатую спадчыну ў выглядзе ўражлівых будаўнічых аб'ектаў і археалягічных артэфактаў. Найбольш вядомы Храм Сонца ў Паленке (другая палова 7 стагодзьдзя). Няма адзінай думкі, па якой прычыне зьнікла цывілізацыя Майя. Найчасьцей згадваюцца кліматычныя катастрофы і гішпанскія заваяваньні. Зьмярканьне гэтай цывілізацыі наступіла ў 1546 ад Р.Х. пасьля заваяваньня гішпанцамі паўночнай часткі паўвыспы Юкатан.

Цывілізацыя Майя. Блёкі пошты Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, выдадзеныя ў 2012

Пасьля гэтага незалежнымі засталіся толькі майянскія царствы Петэнскага басэйна. У 1697 Марцін дэ Урсуа ўзяў штурмам сталіцу мая — Таясаль, апошні незалежны майянскі горад.

Цывілізацыя Ацтэкаў

Ацтэкамі называюць індзейскі народ цэнтральнай Мэксыкі, які здолеў стварыць адну з найбуйнейшых імпэрый у дакалюмбавай Амэрыцы. Яны прыбылі ў даліну Мэксыкі ў XIII стагодзьдзі і заснавалі там горад Тэначтытлан, які з часам стаў сталіцай. Цывілізацыя Ацтэкаў здолела стварыць велізарную імпэрыю, канец якой наступіў толькі з прыходам канкістадораў.

Ацтэкі былі вельмі паэтычным народам. Філязофскімі разважаньнямі аб прыгажосьці чалавечага жыцьця і каханьня насычаная народная паэзія ў жанры «песьняў — кветак». Разам з гэтым Ацтэкі прыносілі чалавечыя ахвяры сваім багам і менавіта ацтэкская цывілізацыя ўвайшла ў гісторыю як самая крывавая. Для мужчынскага насельніцтва школьная вучоба была абавязковым заняткам. Гэты народ распрацаваў зорную карту неба.

Паміж 1519 і 1524 гадамі Эрнан Картэс з атрадам у 500 салдат заваяваў і авалодаў тэрыторыяй дзяржавы ацтэкаў. Гэта яму ўдалося таму што, яго прынялі за бога Кецалькоатля, які вярнуўся. Кецалькоатль — богастваральнік Сусьвету, чалавека і культуры, уладар прыродных стыхій, заступнік жрацоў, ведаў і рамёстваў. У 1545 і 1576 гадах успыхнулі дзьве эпідэміі меркаванага тыфу, які прывёў да сьмерці 80% Ацтэкаў.

У цяперашні час, у выніку канкіста, ад вялікай імпэрыі ацтэкаў засталіся толькі руіны, але ў Мэксыцы да гэтага часу жывуць нашчадкі Ацтэкаў, якія гавораць на старажытнай мове наўатль.

Цывілізацыя Ацтэкаў. Блёкі пошты Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, выдадзеныя ў 2012

Цывілізацыя «Дзяцей Сонца»

Інкі каля сярэдзіны XII стагодзьдзя стварылі дзяржаву, якая называлася Тавантінсую — Дзяржава пчол, на тэрыторыі сучаснага Перу. Найбольшае разьвіцьцё імпэрыі адбылося пасьля 1438, калі ўладу атрымаў Інка Пачакуці. Заняпад адной з самых магутных дакалюмбавых цывілізацый адбыўся менш чым праз 100 гадоў.

Крэпасьць Саксайуамана ў Куска. Блёк пошты Мазамбіку, выдадзены ў 2010

На полі блёку горад Мачу-Пікчу — таямнічы горад інкаў, пабудаваны ў сярэдзіне XV стагодзьдзя. У 2007 годзе 100 мільёнаў чалавек прагаласавалі, каб уключыць Мачу-Пікчу ў сьпіс 7 новых цудаў сьвету.

Інкі лічылі сонца сваім галоўным бажаством. Кіраўнік у інкаў лічыўся увасабленьнем бога Сонца на зямлі, таму ўсё, да чаго ён дакранаўся, спальвалася. У сувязі з сонечным культам былі вельмі распаўсюджаныя розныя вырабы з золата. Сам тэрмін «Інка» паходзіць ад слова «Сонца», таму інкаў называюць «Дзеці Сонца». Інкі не ведалі пісьменства, таму не існуе запісаў пра іх культуру. Амаль усё, што вядома, зьяўляецца заслугай працы археолягаў. Жыхары імпэрыі, якіх на піку разьвіцьця было каля 12 млн, займаліся ў першую чаргу сельскай гаспадаркай. Яны вырошчвалі бульбу, кукурузу, бавоўну, коку ў вельмі складаных кліматычных умовах: высокія горы, джунглі, пустэчы. Таксама займаліся разьвядзеньнем жывёл — марскіх сьвінак, лам і альпака — від маленькіх вярблюдаў. Найбольшай павагай у грамадзтве карысталіся сьвятары, паэты і філёзафы. Інкі былі вельмі добрымі будаўнікамі. Галоўны храм Сонца ў сталіцы Куска ўпрыгожвалі залатыя і срэбныя пласьціны, а ў сьвяшчэнным садзе пры ім знаходзіліся зробленыя з золата і срэбра жывёлы і птушкі ў натуральную велічыню.

Падзеньне гэтай магутнай цывілізацыі было вынікам трох фактараў: уварваньня канкістадораў, эпідэміі воспы і грамадзянскай вайны. У 1533 гішпанцы занялі сталіцу імпэрыі горад Куска. У 1572 ад рук канкістадораў загінуў апошні правіцель інкаў. Самая магутная імпэрыя ў Амэрыцы перастала існаваць.

Японская цывілізацыя

Японія (па — японскі 日本 Ніхон, Ніппон) -дзяржава ва Усходняй Азіі, якая раскінулася на архіпэлягу, які складаецца з 14 125 астравоў, у асноўным гарыстых, зь іх 4 буйных, у заходняй частцы Ціхага акіяна. Паэтычная назва-Краіна ўзыходзячага сонца. Гісторыя Японіі ахоплівае пэрыяд ад 40 тысячагодзьдзя да Р.Х. да нашых дзён.

Сьветавая спадчына Японіі. Паштовыя аркушы.

У сьпісе аб'ектаў Сьветавой спадчыны ЮНЕСКА ў Японіі значыцца 25 найменьняў, што складае 1,8% ад агульнай колькасьці. Уся інфармацыя па гэтых выданьнях ёсьць на сайце японскай пошты.

Гіссторыя Японіі ахоплівае пэрыяд ад 40 тысячагодзьдзя да Р.Х. да нашых дзён. Японская цывілізацыя ўяўляе сабой унікальны выпадак у сьветавой гісторыі, калі ўдалося дасягнуць высокай ступені разьвіцьця культуры без звароту да жывёлагадоўлі як да галоўнай крыніцы жывёльнага бялку. Заліўное рысасеяньне і рыбалоўства склалі тую харчовую аснову, на падмурку якой і быў узьведзены будынак японскай цывілізацыі.

Пэрыяды гісторыі Японіі.

Старажытная Японія: Пэрыяд Дземон (13000 да Р.Х. — 300 да Р.Х.), пэрыяд Яэй (300 да Р.Х. — 300 Р.Х.), пэрыяд Ямато (250 (300) — 710).

Фэадальная Японія: Пэрыяд Нара (710—794) і пэрыяд Хэйан (794—1185), пэрыяд Камакура (1191—1333), пэрыяд Мурамаці (1333—1603), пэрыяд Эда (1603—1868).

Сучасная Японія: Эпоха Мэйдзі (1868 — 1912), пэрыяд Тайсё (1912 -1926), пэрыяд Сёва «эпоха асьвечанага сьвету» (1926—1989), пэрыяд Хэйсэй (1989) — усталяваньне міру.

Легендарная гісторыя Японіі пачынаецца з 660 г. да Р.Х., калі, паводле старажытных хроніках, з нябёсаў спусьціўся Дзіму — нашчадак багоў і заснавальнік імпэратарскай дынастыі, нашчадак якога правіць у сучаснай Японіі.

Найважнейшыя для японскай цывілізацыі тэксты зьяўляюцца прадуктам трох традыцый: Сінці, будызму і канфуцыянства.

Для Японскай архітэктуры характэрна імкненьне да прастаты. Пабудовы сьветлыя і адкрытыя. Для традыцыйнай японскай архітэктуры аж да пэрыяду Мэйдзі асноўным будаўнічым матэрыялам зьяўлялася дрэва. Асноўным тыпам архітэктурных помнікаў у Японіі былі сінтаісцкія і будыйскія храмы, сьвяцілішчы, манастыры, палацы, пагады, замкі знаці, чайныя павільёны… Адным з самых вядомых помнікаў архітэктуры зьяўляецца «Залаты павільён» (Кінкакудзі). Самая старажытная драўляная пабудова ў сьвеце-будыйскі храм Харудзі, узьведзены ў пачатку 7 ст. па Р.Х.

Вытокі выяўленчага мастацтва Японіі ўзыходзяць да расьпісной керамікі (да 3 ст. да Р.Х.) і пахавальных фрэсак (2—6 ст.). Росквіту японскі жывапіс дасягнуў з прыняцьцем будызму ў 6 стагодзьдзі (сьценавыя росьпісы Залатой залі ў манастыры Харудзі недалёка ад Нары). У 7 стагодзьдзі з’явіліся першыя «эмакі» — даўгія скруткі, якія часам дасягалі 15 мэтраў і з’яўляліся ілюстрацыяй гісторыі, літаратурных твораў (напрыклад, «Аповесьць пра Гэндзі») альбо ілюстравалі прыдворныя цырымоніі. Скруткі-аповесьці («эмакімано») разам з альбомнымі аркушамі і шырмамі — адна з формаў японскага жывапісу і менавіта тут выпрацаваўся японскі стыль жывапісу «ямато-э», свабодны ад кітайскага ўплыву. У жывапісе дамінавалі пэйзажныя творы, у якіх апявалася прыгажосьць сьвяшчэнных месцаў Японіі.

Найбольш старажытныя японскія літаратурныя творы- хроніка «Запіскі аб імпэратарах» (612 год); «Кодзікі» («Запіскі аб падзеях старажытнасьці», 720); «Ніхонгі» («Аналы Японіі», 720) … У сярэдневякоўі ўзьнікла і пашырылася паэтычная форма «танка», ці кароткая песьня-верш з пяці радкоў і 31 складу Пазьней жанр паэзіі «хайку» -вершаванае трохрадкоўе з 15 складаў. «Хайкай» — пяцірадкоўе, дзе першыя два радкі пісаў адзін удзельнік, а наступныя тры-другі. Складаньне «хайкай» было паэтычным спаборніцтвам.

Японскі сад — разнавіднасьць саду, прынцыпы арганізацыі якога былі распрацаваны ў Японіі ў VIII–XVIII стагодзьдзях. Першыя сады нагадвалі месцы для правядзеньня сьвятаў, гульняў і канцэртаў пад адкрытым небам. Садам гэтага пэрыяду ўласьцівая дэкаратыўнасьць. У іх высаджвалі мноства квітнеючых дрэў (сьліву, вішню), азаліі, а таксама павойную расьліну — гліцынію.

Аднак у Японіі ёсьць і сады без зеляніны, створаныя з каменя і пяску. Японскі сад сымбалізуе дасканалы сьвет зямной прыроды, а часам выступае ўвасабленьнем Сусьвету. Характэрнымі элемэнтамі яго кампазыцыі з’яўляюцца штучныя горы і пагоркі, выспачкі, ручаі і вадаспады, сьцежкі і ўчасткі пяску або жвіру, упрыгожаныя камянямі незвычайных абрысаў. Пэйзаж саду фармуецца з дапамогай дрэў, кустоў, бамбуку, травы, прыгожа квітнеючых травяністых расьлін, а таксама моху. На тэрыторыі саду могуць таксама разьмяшчацца каменныя ліхтары, альтанкі, чайныя дамочкі.

Жыхары «Краіны ўзыходзячага сонца» атрымалі посьпех у мастацтве вырошчваньня дакладнай копіі сапраўднага дрэва ў мініяцюры — бансай. У сваёй працы, калі на малой прасторы ствараецца веліч прыроды, майстры бансай кіруюцца прыказкай — «праз малое бачыць вялікае».

Сёньняшняя Японія — дэмакратычная канстытуцыйная манархія на чале з адзіным у сьвеце імпэратарам. У Японіі культ дзяцей. І ўсё, што з імі зьвязана заўсёды мае яркія, сонечныя фарбы. Токіо-самы бясьпечны для дзяцей горад.

Японія — краіна з непаўторнай культурай, адно з самых загадкавых месцаў на зямлі.

Узьнікненьне дзяржаўнасьці. Полацкая гісторыя

Гістарычная дата нараджэньня

Археалягіныя знаходкі пацьвярджаюць, што пасяленьне людзей на месцы Полацкага гарадзішча існавала ў VII стагодзьдзі да Р. Х. Датай жа першага ўпаміну Полацку можна лічыць 447 год. Пад гэтым годам ангельская беларусістка Вера Рыч выявіла ў скандынаўскіх сагах упамін пра аблогу Полацку гунамі Атылы: «І прыйшоў конунг Атыла з усім сваім войскам да горада, які завецца Полацкам (Pallteskiu у Сазе). Горад гэты так умацаваны, што яны не ведаюць, як яго ўзяць. Была там моцная каменная сьцяна, вялікія вежы і шырокія і глыбокія равы, а ў горадзе было вялікае войска для яго абароны, і тыя, хто ахоўваў горад, мала баяліся войска конунга Атылы».

900 років «Повісті минулих літ». Блёк пошты Украіны, выдадзены ў 2013

На марцы намаляваны Нестар Летапісец (аўтар Аповесьці) за працай, на палях блёку — падзеі, апісаныя ў Аповесьці.

У славянскіх летапісах упершыню Полацак згадваецца ў «Аповесьці мінулых часоў» пад 862 годам: «Пачаў Рурык раздаваць сваім людзям гарады: таму — Полацк, таму — Растоў, а таму — Белавозера».

Трагічны лёс Полацкага князя Рагвалода і яго дачкі Рагнеды

У «Аповесьці мінулых гадоў» яшчэ многа зьвестак зьмешчана пра Полацк і наступная пра нялюдзкую і трагічную падзею пра першага вядомага Полацкага князя Рагвалода і яго дачку Рагнеду, якая атрымала назву «Крывавае вясельле» Ўладзіміра з Рагнедай.

Рагвалод — князь Полацкі. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 1993

Трывалы хаўрус з маладой Полацкай дзяржаваю быў выгадны як Ноўгараду, так і Кіеву. Шлюб быў добрай падставай для гэтага. Першым заслаў сватоў Кіеўскі князь Яраполк. Рагвалод аддаў сваю прыхільнасьць мацнейшаму, на ягоную думку, Кіеву. Па бацькавай волі дванаццацігадовая Рагнеда (у такім веку дзяўчынка ўжо лічылася тады нявестаю) дала Яраполкавым сватам згоду і пачала рыхтавацца да вясельля.

Рагнеда — князёўна Полацкая. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 1993

І тут заявіліся сваты з Ноўгараду ад Уладзіміра. Вось што апавядае пра гэта летапіс: «Запытаўся ў дачкі Рагвалод: «Ці хочаш за Ўладзіміра?» Яна ж адказала: «Не хачу разуці рабыніча, а Яраполка хачу». «Не хачу разуці» — бо існаваў звычай, што маладая жонка перад першай шлюбнаю ноччу здымала з мужавых ног абутак. Аднак тут не проста адмова, але і зьнявага, бо Полацкая князёўна гучна абвясьціла: жаніх — сын рабыні, а такі бязродны ёй не трэба. Гэта паслужыла падставай для варварскага нападу войскаў Уладзіміра на Полацк, разбурэньня горада, забойства княжацкай сям’і Рагвалодаў, згвалтаваньня і паланеньня Рагнеды, якая ў выніку мусіла стаць жонкай Уладзіміра, Наўгародзкага, а потым Кіеўскага князя.

Князь Уладзімір Вялікі. Блёк пошты Украіны, выдадзены ў 2000

У 2000 годзе Белпошта выпусьціла сэрыю «Беларускі балет», аформленую мастаком Андрэем Гапіенка, якая складаецца з маркі і паштовага блёку. На блёку намаляваная сцэна з балету «Страсьці» («Рагнеда») Андрэя Мдывані, выкананая па фатаграфіі, на якой адлюстраваны акцёры Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатру оперы і балету Рэспублікі Беларусь.

Страсьці Рагнеды. Беларускі балет. Блёк пошты Беларусі, выдадзены ў 2000

Рагнеда нарадзіла ад Уладзіміра сыноў Ізяслава, Яраслава (яго потым назавуць Мудрым), Мсьціслава і дачок Прадславу і Праміславу. «Аднаго разу, — сьведчыць летапіс, — калі Ўладзімір прыйшоў да яе і заснуў, яна наважылася зарэзаць яго. І надарылася яму ў тую хвілю прачнуцца, і схапіў ён яе за руку. І сказала яна з жалем: „Ты бацьку майго забіў і зямлю ягоную паланіў дзеля мяне, а цяпер не любіш мяне з гэтым дзіцем“. І загадаў ёй прыбрацца па-царску, як перад шлюбам, і сесьці ў хораме на белым ложы, а ён прыйдзе і заб'е яе. Яна па словах мужавых і зрабіла. І дала ў рукі сыну свайму Ізяславу аголены меч і навучыла: „Як зойдзе твой бацька, скажы яму: не думай, што ты адзін тут“. І ўчыніў так Ізяслаў. Уладзімір жа прамовіў: „А хто ведаў, што ты тут“. І апусьціў ён меч і, склікаўшы баяраў, расказаў ім усё. Яны ж парадзілі: „Не забівай яе дзеля гэтага дзіцяці, а аднаві яе бацькаўшчыну і дай ёй з сынам сваім“. І пабудаваў Уладзімір горад, аддаў яго ім і назваў горад гэты Ізяслаўлем. І з таго часу ўзьнімаюць меч Рагвалодавы ўнукі супраць унукаў Яраслававых».

На марцы, прысьвечанай Заслаўю, у левым ніжнім куце адлюстраваны помнік Ізяславу і Рагнедзе. Маленькі Ізяслаў мужна бароніць маці ад разьюшанага Ўладзіміра, засланяючы яе сабой.

Заслаўе. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 2014

Марка насычана інфармацыяй. Фон левай часткі — гэта мініяцюры Радзівілаўскага летапісу: замах Рагнеды на Вялікага князя Кіеўскага Уладзіміра і Уладзімір хоча пакараць Рагнеду, але на яе абарону паўстае Ізяслаў. Фон правай часткі — старажытнае гарадзішча «Замэчак» з памятным крыжам. Паверх фонаў знаходзяцца відарысы: помнік Ізяславу і Рагнедзе, касьцёл Найсьвяцейшай Дзевы Марыі, Герб Заслаўя, Кальвінскі Збор і руіны Замкавай брамы з шыльдай.

Прамень хрысьціянства

Ізяслаў (980—1001), не гледзячы на кароткае жыцьцё, вельмі многа зрабіў для Полаччыны. Менавіта яго летапісцы называюць кніжнікам, бо ён увёў у Полацку пісьменства і навучаньне грамаце. Пячатка з ягоным імем лічыцца сама даўнім помнікам беларускага пісьменства і другім па часе ва ўсіх усходніх Славянаў. Пачынаючы зь яго, усе нашчадкі Рагвалода нязьменна называлі сябе Рагвалодавічамі. У 992 князь Ізяслаў заснаваў у Полацку эпархію (вялікую царкоўную акругу), чым засьведчыў самастойнасьць Полацкага княства. Рагнеда і Ізяслаў сталі першымі хрысьціянамі ў Полацкім княстве. З часам Рагнеда вырашыла прысьвяціць сябе Хрысту і стала першаю на ўсходнеславянскіх землях манашкаю, прыняўшы імя Анастасіі.

Асабістым знакам Ізяслава быў трызуб з крыжападобнай вяршыняй сярэдняга зубца. У сучаснай геральдыцы трызуб Ізяслава ўвасоблены ў гербе горада Заслаўя (Мінскі раён, Мінская вобласьць, Беларусь).

Герб Заслаўя. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 2004

Існуе легенда, што Торвальд Вандроўнік (950, Ісьляндыя — 1002, Полацк, Беларусь) — легендарны хрысьціянскі місіянэр, падарожнік, чые паходы апісваюцца ў Ісьляндзкай «Сазе аб хрышчэньні», у 986 разам са сваім паплечнікам Стэўнірам Таргільсанам, рухаючыся праз Кенугард (Кіеў) па Непры (Дняпры), прыбыў у Полацк. Ім была пабудавана царква і адкрыты манастыр Сьвятога Яна Хрысьціцеля ў Полацку, дзе Торвальд памёр, як мяркуецца, пасьля 1002. («Þorvaldr andaðist í Rússía, skammt frá Palteskju. Þar er hann grafinn í fjalli einu, at kirkju Jóhannis baptistæ, ok kalla þeir hann helgan». Торвальд памёр у Русі, непадалёк ад Палтэск'я. Там ён пахаваны ў адной гары, пры царкве Яна Прадцечы, і называюць яго Сьвятым).

25 верасьня 1992 года поштай Рэспублікі Беларусь быў выпушчаны марачны блёк і канвэрт першага дня (КПД) у гонар 1000-годзьдзя Полацкай эпархіі і Праваслаўнай царквы на Беларусі. Варта заўважыць, што падзел хрысьціянства або Вялікі раскол — распад да таго часу адзінай хрысьціянскай царквы на дзьве часткі адбыўся ў 1054.

На канвэрце малюнак пляну Полацку, складзены па карце 1579 сакратаром Стэфана Баторыя Станіславам Паховічам. На фоне пляну рэканструкцыя Полацкай Сафіі. На полі блёку фрэска з Спаса-Перамяненскай царквы «Сьвяты, які моліцца» і выява Спаса-Перамяненскай царквы. На марцы — Крыж Эўфрасіньні Полацкай.

Канвэрт першага дня з блёкам ў гонар 1000-годзьдзя Полацкай эпархіі, выдадзены ў 1992

Легендарны Усяслаў Чарадзей

Пасьля нечаканай і таямнічай сьмерці Ізяслава ў 1001 Полацкі пасад заняў трынаццацігадовы Брачыслаў Ізяславіч (990-я — 1044) — князь Полацкі (1001–1044), сын Ізяслава, унук Рагнеды. Яго княжаньне адзначылася бітвай на Судоме з родным дзядзькам Кіеўскім князем Яраславам, які атрымаў прозьвішча «Мудры». Вынікі бітвы супярэчліва перадаюцца ў летапісах, але Яраслаў прызнаў самастойнасьць Полацку. У Ісландзкай «Сазе пра Эймунда» распавядаецца, што конунг Эймунд, які ўдзельнічаў у бітве, захапіў у палон жонку Яраслава Інгегерду. У якасьці выкупу Полацк атрымаў у валоданьне Віцебск і Усьвят, атрымаўшы магчымасьць кантраляваць валокі. Фактычна гэта была перамога.

...