Маё мястэчка Луна-Воля
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Маё мястэчка Луна-Воля

Лявон Карповіч

Маё мястэчка Луна-Воля






12+

Оглавление

Зварот да чытача

Мы жывем адначасова ў двух гарадах

Падваеньне асобы зрывае нам дах

Дык няўжо нам ніколі не склеіць, не сшыць Менск і Мінск —

дзьве паловы сталічнай душы?

Лявон Вольскі

Паважаны магчымы чытач…

Зьвяртаюся да Цябе з просьбай паразуменьня. У гэтай кніжцы я сабраў у адно сваё бачаньне, мары, сны, сваё адчуваньне мястэчка Луна-Волі, таксама ўспаміны, замалёўкі, назіраньні іншых людзей. Не адкідаў у бок знойдзеныя дакумэнты. Але ўсё напісанае і сабранае адносіцца да таго майго, мной успрынятага мястэчка Луна-Волі. Гэта не гістарычны твор. Калі гэтыя запісы трапяць у рукі чытачу ці то з «агрогородка Лунно», ці то (прабачце за нясьціпласьць) з гішпанскай Гернікі дэ Луна, ці яшчэ якога месца з падобнай назвай і ён раптам пазнае ў нейкім пэрсанажы сябе ці свайго знаёмага, ведайце, што Вы чытаеце мае суб’ектыўныя думкі да тога «майго» мястэчка без прэтэнзіі, што гэта адзіная правільная ацэнка падзеі ці асобы… Для кагосьці, магчыма, не існуе мястэчка Луна-Воля, а ёсьць вёска Лунна, ці «агрогородок Лунно», так як піша Лявон Вольскі пра Менск і Мінск. Кожны мае права на сваё бачаньне…

Да ўсяго знойдзенага, хоць трошкі зьвязанага з мястэчкам матэрыялу, я адносіўся вельмі хціва. Мне шкада было нешта не ўключыць. Але гэта прывяло да таго, што я ня змог аб’яднаць мае набыткі ў адно цэлае. Так атрымаліся часткі тэксту, аб’яднаныя ці-то ў часе, ці гістарычнай падзеяй, ці лёсам людзей, ці аддзельнай тэмай, напрыклад, пра Нёман.

Я марыў зрабіць кніжку аб улюбёным мной мястэчку, бо канчаткова перакананы, што людзі павінны ведаць гісторыю свайго роду, сваёй «малой радзімы», дзе нарадзіўся ён ці яго продкі, Гісторыю сваёй Айчыны. Не, я не памыліўся, напісаўшы Гісторыя з вялікай літары, бо Гісторыя сваёй Айчыны для грамадзяніна заўсёды вялікая, нягледзячы на яе сьветлыя і цёмныя старонкі. Кажуць, што ў нашых продкаў існаваў такі звычай, калі юнака пасьвячалі ў мужчыны, то адным зь іспытаў было веданьне гісторыі свайго роду ў сямі пакаленьнях! Ня ведаеш, ня маеш права быць мужчынам! Гэта забясьпечвала, каб чалавек дбаў пра гонар свайго роду і памнажаў яго. Спадзяюся, што з дапамогай гэтых запісаў частка жыхароў мястэчка больш блізка пазнаёміцца з гісторыяй Луна-Волі і больш яго палюбіць.

У зьбіраньні матэрыялаў пра мястэчка мне дапамагалі без перабольшваньня пару дзясяткаў людзей. Усіх пералічыць не магу нават з той прычыны, што кагосьці ня ўспомню і гэта будзе несправядліва. Але не магу не назваць Язэпа Палубятку, які заахвоціў мяне да гэтай працы і першы вычытваў, набіраў на кампутары і друкаваў у газэце «Мастоўскі весьнік» першыя артыкулы; Уладзіміра Хільмановіча, які не даваў памерці надзеі ў вынік, першы вычытаў усё сабранае і дапамог выправіць недахопы, упарадкаваць матэрыялы; Рут Маркус з Тэль-Авіва, якая сваёй патрыятычнай паставай да мястэчка Луна-Волі і велізарнай працай па зьбіраньню і захаваньню памяці аб месцы, дзе жылі яе бацькі, натхняла да працы, а таксама дазволіла выкарыстаць яе матэрыялы ў гэтай кніжцы; ксяндза Люцыяна Радомскага, які падзяліўся сваімі матэрыяламі аб гісторыі мястэчка; маю жонку Валянціну Карповіч, якая напісала свае ўспаміны і дадала ў кнігу; Паўла Мажэйку, які забясьпечыў усё, што зьвязана з першым выданьнем кнігі, бо без яго працы выданьне было б немагчымым.


З павагай,

аўтар сабраных і даданых запісаў Лявон Карповіч з Луны-Волі

Цэнтар Луна. 2020 год. Крыніца: https://yandex.by/collections/card/5e04d6373959b2e14b267eeb/

Прадмова

…І няма ў людзей больш простага

спосабу ўдасканальвацца, як праз

веданьне дзеяў мінулых.

Палібій

«Бацькаўшчына мая, родная маці Беларусь! Ты ё для мяне найдаражэйшым, найцаньнейшым скарбам: пры табе я жыву кожнай думкай сваёй! Бацькаўшчына Беларусь, люблю я цябе, тваё поле і пожні вялікія, што разьвярнуліся ўсім сваім хараством перад вокам чалавека. Люблю цябе, Беларусь, бо я частка цябе. Люблю цябе, бо ты мая: усюды, дзя я цябе бачу, — бачу сябе. Люблю я гутарку тваю найхарашэйшую і найразумнейшую, бо ў ёй я толькі адчуваю, што я праўдзівы сын Беларусі. Люблю цябе, мая мова родная, ты для мяне неацэнны скарб, бо ты ўліта мне ў душу маёй маткай роднай, калі яшчэ быў у калысцы. Ня буду браць прыкладу з другіх сыноў Беларусі, што, паехаўшы ў сьвет, наўмысьля стараюцца забыцца свае роднае мовы і чураюцца перад другімі нацыямі назваць сябе беларусамі… Такі чалавек не дастойны называцца сынам Беларусі, ён здраднік свае Бацькаўшчыны і ўсяго Беларускага народу.

Беларусь, маці мая, зямля маіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў, што дзеля цябе жылі, крывёй сваёй і духам сваім цябе баранілі. Беларусь, Бацькаўшчына мая, на цябе я хачу глядзець аж да сьмерці. Ты для мене ёсьць жыцьцём, навукаю, ты вучыш мяне ад калыскі да дамавіны кахаць цябе, цярпець за цябе і дзеля цябе…» — 1921 г. Язэп Шпэт.

Чытаючы словы Язэпа Шпэта, можа падацца, як усё проста. Як проста быць сынам Беларусі: толькі любі Бацькаўшчыну, любі родную мову…

І ў задуменьне прыводзяць другія словы: «Люди, которые говорят на белорусском языке, не могут делать ничего, кроме как разговаривать на белорусском языке, потому что по-белорусски нельзя выразить ничего великого. Белорусский язык–бедный язык. В мире существует только два великих языка: русский и английский». А. Лукашэнка. З выступа на сесіі Гомельскага гарсавета 1 сьнежня 1994 г. «Народная газета» 01.02.1995 г.

Як, адкуль і чаму могуць у людзей узьнікаць такія пачуцьці і думкі аб самым сьвятым? Комплекс гістарычнай непаўнавартасьці, манкуртызацыя, служэньне не свайму народу, а захопнікам, мае гістарычныя прычыны.

Беларусь два стагодзьдзя была паланянкай, якую закавалі ў кайданы і кінулі ў вязьніцу. Ды крый Божа, каб хто яе ўбачыў, каб магла яна варухнуцца і даць аб сабе знаць. Бо баяліся яе і нашай прыгожай, велічнай, мудрай гісторыі. Баяліся і баяцца тыя, хто не хацеў і не хоча, каб падняўся з небыцьця ды годна расправіў плечы адзін з найстаражытнейшых эўрапейскіх народаў–беларусы.

Час сьціскае стагодзьдзя, збліжае падзеі. Час абыякавы. Але вечны чалавек, яго памяць, яго трывогі і надзеі. Гэта чалавек надае часу рух. Нястрыманая і вечная плынь часу зносіць і людзкую радасьць і людзкі смутак. І зьнесла бы ўсё ў нябыт без астатку, калі б не былі такімі глыбокімі і чыстымі крыніцы народнай памяці, што песьняй і казкай, балядай і паданьнямі зьвязалі нас з далёкімі продкамі нашымі і далі магчымасьць дазнацца адкуль ёсьць і пайшла наша Беларусь, што прайшла, чаму сьведкаю была і што перажылі людзі ад тых часоў, як памятаюць сябе… Пакуль ёсьць гэтая памяць–жыве Беларусь!

Вобраз роднай зямлі ў кожнага чалавека свой, адметны, непаўторны. У ім колеры і пахі, гукі і мроі, факты гісторыі і ўласныя перажываньні. І гэты вобраз становіцца пэрлам толькі для таго, хто не парваў сваіх каранёў, чые пачуцьці асьветлены любоўю.

Кожнай жывой істоце неабходна ведаць свой дом. У кожнага з нас ён ёсьць. Разам у ім жывуць нашыя родныя і ўтвараюць сям’ю. Побач у сваіх дамах жывуць суседзі. Усе мы жыхары Беларусі жывём у доме-краіне Рэспубліцы Беларусь. Беларусь мае сваіх суседзяў, тыя — сваіх, і ўсе людзі жывуць у доме — плянэце Зямля.

Каб дом быў добрым, людным, прыгожым, неабходна берагчы яго, клапаціцца аб ім, любіць яго. Каб любіць вялікую Зямлю, неабходна спачатку палюбіць невялікую яе частачку–Радзіму. Так як любоў да чалавецтва, праяўляецца праз любоў да блізкіх, так любоў да Зямлі праяўляецца праз любоў да месца, у якім жывеш.

Як часта можна пачуць выказваньне: «Ад мяне нічога не залежыць. А вёска наша нікому не патрэбная». Гэта дакладна тое, аб чым мараць, над чым працуюць ворагі Беларусі, каб так думала большасьць.

Кажуць, што мы, беларусы, гістарычна малады народ. Каля 1000 гадоў таму назад у нас адбыўся культурны выбух. Практычна адначасова ўзьніклі гарады, пісьменнасьць, дзяржава, распаўсюдзілася хрысьціянства. За вельмі кароткі час нашы продкі вышлі з гістарычнага нябыту і стварылі вялікую магутную цывілізаваную дзяржаву, якая стала культурнай зьявай Эўропы…

Сэрцам эўрапейскай культуры былі гарады. Беларускія гарады карысталіся Магдэбурскім правам, мелі самакіраваньне і вольнае саслоўе, былі цэнтрамі гандлю, рамесьніцтва, адміністрацыі і рэлігіі, станавіліся духоўнымі і культурнымі цэнтрамі народу. Але для гэтага паміж гарадамі і астатнім людам, вясковым, павінна была існаваць надзейная сувязь. У сярэдневяковай Беларусі, гэта значыць у Вялікім Княстве Літоўскім гэтая сувязь ажыцьцяўлялася праз славутыя беларускія мястэчкі. Мястэчка было цэнтрам кіраваньня і парафіі.. Тут былі і царква, і касьцёл, і сынагога. Тут жылі ня толькі сяляне, але і гандляры, мяшчане і рамесьнікі, былі крама, школа, аптэка, шпіталь, пошта, кляштар і палац. У мястэчку існавала галоўная гандлёвая плошча і рынак. Мястэчкі мелі самакіраваньне, магдэбурскія гербы і вольных жыхароў. Мястэчкі разьмяшчаліся на адлегласьці 12—16 км адно ад другога… Жыхар любой вёскі ў любы час мог у разе патрэбы на працягу адной — дзьвюх гадзінаў трапіць у мястэчка. У мястэчку адбываўся культурны абмен паміж горадам і вёскай.

Каб разарваць культурны ланцуг расейскія акупанты ліквідавалі ня толькі гэту важнейшую функцыю мястэчак, але і саму назву, ператварыўшы іх у «дзярэўні» або ў «гэпэ» («городские посёлки»). А ў 1964 годзе быў распрацаваны плян ліквідацыі на Беларусі вясковых паселішчаў, дзе яшчэ захоўвалася беларуская мова і жыла беларуская гістарычная памяць. «Працэс» працягваецца. Цяпер былым мястэчкам надаюць абразьлівую і недарэчную назву «агрогородок».

Ідзе змаганьне і, каб зрабіць асэнсаваны выбар, паспрабуем прыадкрыць пліты памяці роднай зямлі, на якіх пыл многіх вякоў. Прыадчынім, каб ніхто па легкадумнасьці або невуцтву недасьведчанасьці, ня плюнуў на пліту памяці, незнарок зачапіўшыся за яе ў сваім неасэнсаваным мітусьлівым бегу па пакутных дарогах жыцьця. Бо той, хто плюне на памятныя знакі мінулага, здольны плюнуць на ЧАЛАВЕКА, на МАЦІ, на АЙЧЫНУ… Тысячы год жыве памяць людзкая, каб папярэдзіць разумных і неразумных, злых і добрых: асьцярожна, тут жыве наша з вамі ГІСТОРЫЯ.

Мястэчкі, як людзі: у кожнага свой твар, свой характар свой лёс. Гісторыя мястэчка–далёкая і блізкая–вартая засьведчаньня ў дакумэнтах, летапісах, творах. Узрост мястэчка — прадмет гонару для местачкоўцаў.

Кожнае пакаленьне разумее гісторыю па-свойму, бо ў кожнага пакаленьня сваё разуменьне ЧАСУ.

Паспрабуем зазірнуць у тоні ЧАСУ і, калі ўдасца, убачым і «простых» людзей, якія сваімі мазалямі кармілі яснавяльможнае шляхецтва, а на плячах сваіх трымалі дзяржаўны падмурак. І тых, хто жыцьцём і кроўю баранілі родны край, бо ён належаў ім, а яны–яму. І тых, каму выпала стаяць на вяршыні ўлады, каб служыць народу і Айчыне. Не мінем і тых, хто аказаўся падманутым, не мог разабрацца ў хітраспляценьнях варожага лябірынту, і тых, хто ў здрадзе шукаў і шукае асабістую выгаду, прадаўшы ворагу і мінулае і будучыню і душу. І тых, у каго сілком адабралі памяць і зрабілі манкуртамі. Бог усім судзьдзя.

Знайма толькі, калі ёсьць яны-носьбіты і ахоўнікі вечнага Духу Любові да Літвы-Беларусі, верныя рыцары яе «Пагоні» і Бел-Чырвона-Белага Сьцяга, яму ня згаснуць і шляху нашаму не зарасьці быльнягом забыцьця.

«Мы здалёк убачылі свабоду,

І яшчэ ня вырваліся з пут.

Божа, не дадай майму народу

Пошасьці, нязгоды і пакут».

Генадзь Бураўкін.

Спачатку быў лёд

Неўміручасьць даўніх пакаленьняў,

Водгульле мінулага быцьця,

мы — як сьведкі вашага істненьня,

Ваш далейшы паясок жыцьця.

Ларыса Геніюш

Пачатак

У апошнія 5 мільёнаў гадоў на мясьціну, дзе мы жывём 5 разоў насоўваліся і адступалі ледавікі. Апошні раз ледавік пакінуў нашу мясцовасьць 14 тысяч гадоў таму назад. Разам з ледавіком адышлі холадалюбівыя жывёлы, найважнейшыя для першабытных людзей — мамант і валасаты насарог. Паляваньне на гэтых волатаў забясьпечвала людзей ежай, скурай для адзеньня і жытла, вялікія косьці таксама выкарыстоўваліся ў будаўніцтве, з меншых рабілі прылады працы і ўжывалі як паліва. Таму людзі вандравалі сьледам за мамантамі, якія вандравалі за ледавіком. Першымі паляўнічымі на мамантаў былі нэандэртальцы. Так іх назвалі вучоныя па назьве мясцовасьці, дзе знайшлі іх жытло. Па невядомай прычыне 40—35 тысяч гадоў таму назад нэандэртальцы поўнасьцю зьнікаюць. І каля 26 тысяч гадоў да новай эры (да Нараджэньня Хрыстова) на тэрыторыі сучаснай Беларусі ўжо знаходзіліся краманьёнцы — другая галіна першабытнага чалавека. 10 тысяч гадоў таму назад заканчваецца ледавіковая эпоха. Валасаты насарог і маманты зьнікаюць. Асноўным аб’ектам паляваньня становіцца паўночны алень. Кліматычныя зьмены холаду і цяпла прымушаюць людзей прыстасоўвацца, вынаходзіць спосабы захаваньня жыцьця, робяць іх больш разумнымі і ўмелымі. Яны выраблялі прылады працы з дрэва, косьці, крэмню, палявалі на дзікіх коней, першабытных быкоў, аленяў, пясцоў, умелі рабіць сякеры, цёслы, глянцавальнікі, іголкі, нават тлушчавыя сьвечкі, вынайшлі лук і стрэлы.

7—6 тысяч гадоў да нашай эры вызваленыя ледавіком землі заняў лес — бярэзьнікі і хвойнікі, а пры пацяпленьні сталі расьці дубы, вольхі, асіны, арэшнік. Зьяўілася многа расьліннай ежы: лясных і вадзяных арэхаў, жалудоў, каранёў, грыбоў, ягад. Каб іх захоўваць патрэбен быў посуд, які сталі рабіць з гліны. Лес засялілі высакародны алень, тур, зубар, ласі, дзікі, казулі, мядзьведзі, птушкі. У рэках і азёрах было шмат рыбы, баброў.

Першабытныя людзі засялялі новыя землі, рухаючыся ўздоўж рэк, паволі засялілі ўсю цяперашнюю тэрыторыю нашай краіны. Яны жылі ў паўзямлянках радавымі абшчынамі, займаліся паляваньнем, рыбалоўствам ды зьбіральніцтвам. Аснову абшчыны, якая налічвала 25—30 чалавек складалі родзічы па маці, таму гэты пэрыяд гісторыі называецца матрыярхатам. З родавых абшчын з цягам часу ўтварылася племя. Колькасьць насельніцтва ў сёньняшніх межах Беларусі магло быць каля 6000 чалавек.

Той час называюць каменным векам па матэрыялу прыладаў працы. Прыблізна 4 тысячы гадоў да нашай эры ў жыцьці першабытных людзей адбыліся вельмі важныя зьмены, або, як іх называюць, тэхналягічная рэвалюцыя: чалавек авалодаў новай тэхнікай апрацоўкі крэмню, пачаў шліфаваць прылады працы, навучыўся вырабляць гліняны посуд, вынайшаў лук і стрэлы, ткацтва. Дзякуючы гэтаму людзі сталі пераходзіць да аселага ладу жыцьця, асвойваць земляробства ды жывёлагадоўлю.

У найбольш зручных для жыльля мясьцінах рабілі свае паселішчы некаторыя абшчыны, ствараючы гнёзды, што добра відаць на карце стаянак каменна — бронзавых вякоў, выяўленых ля Песак, Мастоў, Дубна, Луна, на Нёмні, Шчары, Росі і Зяльвянцы.

Стаянкі каменнага і бронзавага вякоў

Паляваньне ажыцьцяўлялася разнастайнымі спосабамі. Рабілі аблавы з выкарыстаньнем агню і ям, высочваньнем з выкарыстаньнем масак. Але найбольш вытрымкі, сілы і выносьлівасьці патрабаваў гон –пераследаваньне жывёлы да яе зьнясіленьня. Для такога паляваньня зімой выкарыстоўваліся лыжы. Лукі рабілі з вяза, дуба, цеціва была даўжынёй 150—180 см. Стрэлы былі драўляныя або трысьняговыя, з крамянёвым наканечнікам, даўжынёй 70—90 см. Чалавек прыручыў сабаку і меў дамашнюю жывёлу: сьвіней, авечак, коз, коней. Незвычайна вялікую ролю ў жыцьці першабытнага чалавека адыграў крэмень, пра які Вольга Іпатава піша, як пра жывую істоту: «агонь у жылах крэмню».

Усё найбольш дасканалыя прылады працы першабытныя людзі рабілі з крэмню, які зьбіралі спачатку на паверхні, а потым сталі здабываць у шахце, бо на паверхні не было камянёў вялікіх памераў 30—40 см у папярочніку для вырабу сярпоў, сякер і іншых вялікіх памераў прылад.

Такія шахты былі па суседзтву з Лунай па сярэднім цячэньні Росі, каля пасёлку Краснасельскі.

Краснасельскія шахты

Для здабычы крэмню ў крэйдавай тоўшчы спачатку выкопвалі калодзеж — ствол дыямэтрам да 1,5 м і глыбінёй у залежнасьці ад заляганьня крэмню ад 2 да 8 м. Далей рабіліся падбоі да 1 мэтра даўжынёй. Даўжэйшыя не рабілі, каб пазьбегнуць абвалу. Разумней было выкапаць побач новую шахту. Выпрацаваныя шахты засыпалі друзам з суседніх шахтаў, застаўляючы месцы для майстэрні па апрацоўцы крэмню. На крэйдавых радовішчах Росі знаходзілася некалькі тысяч шахтаў. Тут была выраблена незьлічоная колькасьць крамянёвых вырабаў, найважнейшымі з якіх былі сякеры. Вырабы распаўсюджваліся на ўсё Панямоньне і па-за яго межамі. Такія сякеры знойдзены і ў Луна і знаходзяцца ў школьным музэі. Краснасельскія шахты, крэмнеапрацоўчыя майстэрні, паселішчы шахцёраў і майстроў, суседзкія стаянкі ўтварылі ідэальны комплекс, які існаваў некалькі тысяч гадоў, бо каменнымі сякерамі карысталіся нават у жалезным веку. Дзівіць сучасьнікаў, як правільна былі сканструяваны шахты, прадуманы спосаб здабычы крэмню, дасканаласьць шахцёрскага інструмэнту, некаторыя захаваліся да нашага часу, Якасьць яго гаворыць аб вельмі высокім узроўні першабытнай вытворчасьці, у якой існаваў прафэсійны падзел працы шахцёраў, майстроў па апрацоўцы крэмню і мянял, якія мянялі вырабы з крэмню на нешта іншае.

Крамянёвыя сякеры на стэндзе музэю Луненскай школы

Апрацаваўшы крэмень, першабытныя людзі, не маглі не адкрыць «агонь у жылах крэмню» — уласьцівасьць утварэньня іскры, а магчыма і лекавыя ўласьцівасьці, распрацаваныя цяпер Алесем Белакозам, стваральнікам Гудзеўскага літаратурна-краязнаўчага музэю.

Арыі?

Тут спляліся карані ятвягаў,

прусаў, крывічоў.

Бацька Нёман…

Беларуская магутная рака…

Птушак гоман…

Штосьці шэпча патаемна асака….

Генадзь Аўласенка

У канцы ІІІ і пачатку ІІ тысячагодзьдзяў да нашай эры ва ўсёй Эўропе адбыліся ключавыя зьмены. Сюды прыйшлі плямёны, якія размаўлялі на аднолькавай мове, што была раньняй формай санскрыту. Яны атрымалі назву індаэўрапейцы або арыі. У Беларусь арыі прыйшлі праз басэйны Нёмна і Дняпра. Праўда вядомы нямецкі вучоны Пашэ лічыць, што радзімаю арыяў была тэрыторыя сучаснай Беларусі. Прышлыя насельнікі ўжо карысталіся бронзавымі прыладамі працы (з чым зьвязаны пачатак бронзавага веку і на нашай тэрыторыі), займаліся матычным земляробствам і жывёлагадоўляй, жылі ў дамах слупавай канструкцыі. Сьвятынямі для арыяў былі, агонь сонца і вада. Сьляды санскрыту поўняць сучасную беларускую мову.

Адбылося, што на зьмену эпохі каменных прыладаў працы, рыбалоўства і зьбіральніцтва, калі галоўную ролю ў грамадзтве выконвала жанчына (матрыярхат), прыходзіць час бронзавых прылад працы, жывёлагадоўлі, земляробства, новых адносін паміж людзьмі, калі ўзрастае галоўная роля мужчыны (патрыярхат). Арыі прыдумалі і выкарыстоўвалі кола, што было сапраўднай тэхнічнай рэвалюцыяй, роўнай з выкарыстаньнем мэталю. Індаэўрапейцы лічылі, што сьвет пабудаваны з трох міроў, якія аб’ядноўваліся дубам. У верхнім міры былі арлы, вораны. У ніжнім міры жылі зьмеі і рыбы. Сьвяшчэннымі былі мядзьведзь, бык, конь. Месца пакланеньня знаходзілася каля збудаваных з камянёў ідалаў і сьвяцілішча, дзе спальвалі памерлых.

Але галоўная гістарычная заслуга арыяў у тым, што ў выніку доўгага сумеснага жыцьця з мясцовым насельніцтвам, карыстаючыся яго мовай і звычаямі, утварылі шмат розных народаў, такіх як: германцы, кельты, італійцы, грэкі, славяне, балты, венды, індусы ды іншыя. Амаль усю сучасную тэрыторыю Беларусі да 1- 7 ад Н.Х. (1300 год таму назад) засялялі балцкія плямёны (яцьвягі, літва). Новыя вялікія зьмены ў жыцьці людзей на зямлі прынесла адкрыцьцё жалеза. Зьяўленьне жалезных прыладаў працы і жалезнай зброі зьмяніла спосаб жыцьця людзей і адносіны між імі. Земляробства становіцца больш дасканалай і надзейнай крыніцай ежы. З дапамогай жалезных прылад лягчэй было вырабляць розныя патрэбныя чалавеку рэчы. І сама апрацоўка жалеза, і прылад працы ды зброі з яго садзейнічалі разьвіцьцю рамёслаў. Аднак трэба сказаць, што калі ў Эўрапейскім Гальштаце жалеза ведалі ў 8 да Н.Х., то ў Панямоньні жалеза пачалі вырабляць з балотнай руды каля 500 гадоў да Н. Х. Балотную руду варылі ў печах — домніцах з гліны і крэйды 50 см у папярочніку, куды пластамі засыпалі драўляны вугаль і балотную руду. Дзякуючы ўдзіманьню паветра тэмпэратура ў печы дасягала 1200 градусаў, што недастаткова, каб расплавіць жалеза, але дастаткова, каб атрымаць з руды простую жалезную масу — крыцу. Крыцу трэба было ў разагрэтым у гарне стане апрацоўваць на накавальні, каб атрымаць «крычнае» жалеза. Першыя молаты і накавальні былі з каменю.

У 370-х гадах качавы народ гуны пачалі прасоўвацца з Азіі на захад. Гэта дало штуршок Вялікаму перасяленьню народаў, прычын якому было многа: колькасны рост плямён, неспрыяльныя ўмовы жыцьця на спустошаных землях, ціск суседзяў, распад абшчынных адносінаў у выніку ўзьнікненьня бедных і багатых, усталяваньне ваеннай дэмакратыі, калі галоўную ролю адыгрывалі ваенныя дружыны і іх кіраўнікі.

На Панямоньне, дзе ўжо не меней двух тысячагодзьдзяў жылі балты пачынаюць у Х стагодзьдзі пранікаць славяне. Рухаючыся па рэках, славяне сяліліся побач з балтамі, часам падпарадкоўваючы іх, займалі іх гарадзішчы.

Панямоньне было краем пушчаў і балот з невялікай колькасьцю насельніцтва, таму славяне часьцей за ўсё, сяліліся на новых землях без ваенных дзеяньняў, мірна. Яны мелі лепшыя, чым у балтаў прылады працы, больш дасканалую гаспадарку. Панямоньне стала месцам працяглага сумеснага жыцьця балцкіх плямёнаў яцьвягаў, літвы і славянскіх плямёнаў дрыгавічоў і крывічоў. Стагодзьдзямі тут была зьмешаная балта-славянская зона і менавіта тут сталі выпрацоўвацца асаблівасьці беларускай мовы-аканьне, дзеканьне, цеканьне, цьвёрдае «р» і інш.

Раскрываем 3 том «Жывапіснай Русі» на стар. 87 і прачытаем: «Шафарык лічыць, што народы Літоўскі і Славянскі ў дагістарычныя часы складалі дзьве галіны аднаго племені, але ў гістарычную эпоху так паміж сабой разьдзяліліся, што цяпер трэба іх прымаць за два племені розныя, хаця ж паміж індаэўрапейскімі плямёнамі самыя родныя».

Салаўёў жа гаворыць, што «насупраць, у дагістарычны час славяне і літоўцы належалі двум розным плямёнам, але ў гістарычную эпоху так паміж сабою зблізіліся, што з усіх індаэўрапейскіх народаў зьяўляюцца самымі роднымі».

А яшчэ там сама на стар. 11: «Достоверно однако то, что Литовцы и Белорусы сидят на землях собственных, унаследованных спокон века».

Але мне асабіста больш да спадобы гіпотэза майго добрага знаёмага Віктара Стахвюка. Страшэнна энэргічны, працавіты і таленавіты чалавек. Мастак, пісьменьнік, бізнэсовец, патрыёт сваёй вёскі і навакольнай прыроды. Захапляецца падводным фатаграфаваньнем. Усяго не пералічыць.

Сутнасьць ідэй спадара Віктара, як я іх зразумеў наступная.

Першабытны чалавек пакінуў свае сьляды на этнічнай тэрыторыі Беларусі 100 000 г. таму. Беларусы жывуць на сваёй зямлі спакон веку. Яны не прышэльцы, а знаходзяцца на сваёй зямлі па задумцы Ўсявышняга, які аб’явіў вытокі і ісьціну быцьця ва ўсіх формах і мірах. Да 7 тысячагодзьдзя да нашай эры былі заселены ўсе этнічныя землі беларусаў, у тым ліку дрыгавіцка-крывіцкае Панямоньне. І магчыма мы не стварыліся ні з каго, а ёсьць старымі, як і іншыя дабіблейскія народы.

Багоў ня выдумалі, а ведалі ад пачатку, бо розум і сьведамасьць у справах рэлігіі найменш прыдатныя. Першабытны чалавек верыў, а жрэц ведаў, што прырода адухатвораная, жывая і разумная і намнога дужэйшая за самога чалавека, якога яна яго самога, яго род ці племя можа ўзнагародзіць, а можа пазбавіць усяго. Гэту веру арнамэнтавалі абрадамі, пэрсанафікацыяй зьяў прыроды, ідалапаклонствам. Але істота веры ёсьць нязьменная. Гэта вера ў зьверхпрыроду сілаў дабра і зла, без якіх нішто не адбываецца. Нішто немажліва: ні прырода ні час. Гэта вера ў Бога. Ёю спакон веку быў надзелены чалавек. Гэта вера жывая да сёньня і не зьмянілася нічуць. Трэба ня блытаць веру ў Бога і форму абрадаў на розных ступенях разьвіцьця чалавека. Разьвіваліся і зьнікалі абрады — твор чалавечага розуму, але ня вера, вытокі якой па-за розумам, выплываюць з глыбіняў памяці ці інтуіцыі.

На шатах паганскіх ідалаў былі напісаны іх імёны. Праславяне мелі свой алфавіт, які быў зьнішчаны разам з ідаламі з прыходам хрысьціянства. Станіслаў Якубоўскі ў кнізе «Bogowie Slowian» піша, што біскуп Цэтмар брат цэзара Генрыха ІІ бачыў запісаныя пісьмом runiernym імёны багоў на адзежы, у якую былі апрануты ідалы.

Не магу не расказаць пра цікавы выпадак, які адбыўся са мной летась у Кіеве. Я ўпарта шукаў паштоўку з помнікам князёўны Вольгі. Перабраўшы ўсе наборы паштовак і не знайшоўшы патрэбнае, запытаўся, чаму няма такой паштоўкі. На што пачуў адказ ад адной з гандлярак: «Мы ня любім Вольгу, таму і няма». «Але ж побач з Вольгай Сьв. Кірыл і Мяфодзій». «І што з таго. У нас пісьменнасьць была да іх» — прагучала ў адказ.

Дзясяты век як магічная граніца гісторыі ўсёй славяншчыны, якая з гэтага моманту раптам становіцца густа заселена, мае свае гарады і замкі, дзяржавы, у якіх уладарылі князі, паводле ўстаноўленага права і сваёй рэлігіі. Што было прычынаю, тымі дражджамі гісторыі, што запоўнілі прастору і час бурлівым жыцьцём і данесьлі да нас памяць мінулага? Гэта было хрысьціянства элітнае і адукаванае. Праціўнікам яго было лагоднае, як характар славян, паганства, багі якога не ўвасаблялі ваяўнічасьці, а ні хітрасьці, таму былі асуджаны на гібель. На Панямоньне ў 11 ст. прыйшлі не славяне, а прыйшло хрысьціянства. «Зрэшту в школах нас увогулэ нэ ўчылі про дрыговічув, бо нас одэ нэ мело быці! Алэ мы одэ былі» -Віктар Стахвюк.

Многа гадоў Панямоньне было не ў сваёй краіне. За гэтыя гады чатыры разы памянялася назва карэннага насельніцтва: крывічы — дрыгавічы — ліцьвіны — рускія — беларусы. А чалавек павінен жыць у рэчышчы свайго Этнасу і Роду. Той, хто разрывае сувязі, бярэ адказнасьць ня толькі за сябе, але і за будучыя пакаленьні.

Такі зьмястоўны водступ, на мой погляд, патрэбны каб мець хоць які шанс зразумець, адкуль тая нітачка, якая пятае стагодзьдзе трымае тут беларускую культуру.

Спляліся ў Панямоньні

Зямля, Вада і Неба.

Дзіўлюся ў аняменьні

На непаўторны сьвет.

Праз сон тысячагодзьдзяў

Радзіма па каменьні

Плыве…

Пятро Ламан

Над Лунай

Індура, Лунна… Прыгожыя назвы вёсак непадалёку ад Гродна. Упершыню пачуў ix у раньнім юнацтве, са старонак вялікага патрапанага аднатомніка Усевалада Крастоўскага, дзе апроч любоўных вершаў («Андалузская ночь горяча, горяча…», «Ванька-ключник» i іншае), апроч рамана «Деды» былі яшчэ цікавыя i вясёлыя нататкі афіцэра гродзенскага, здаецца, драгунскага палка. Лунну потым я ўбачыў. Там i пачуў ад незнаёмага дзядзькі пра красу гэтай мясьціны над Нёманам: «Здаецца, браце, i хлеба трэба менш — так хораша!». Янка Брыль «Пішу як жыву»

У летні вечар з аблокаў

Луна… Колькі таямніча-чароўнага, летуценнага, ласкава-пяшчотнага у гэтай назве. Луна над Нёманам…

Каб пазнаць усе чары Луна, трэба выбраць летні вечар, калі сонечныя цені толькі-толькі зьніклі. У гэта імгненьне зьяўляюцца цені мінулага. У шэпце Нёмна ўзьнікаюць водбліскі вогнішча, заціхае тужлівая песьня, разносіцца лёгкі стогн, бераг ажывае. Гэта бурлакі дайшлі да адпачынку. над Нёмнам. Калыхаюцца на хвалях цені караблёў. Над мостам пралятае кавалькада за шыкоўнай карэтай. Можа сам Леў Сапега аглядае свае ўладаньні. На адлегласьці пару соцень крокаў вырысоўваецца палац. Шэлест доўгіх сукенак, о! ужо і пацалунак прагучаў над люстэркамі ставаў пад покрывам палянэза Агінскага. Ці не сабраліся ў паноў Ромэраў госьці? Хто там раз-пораз нагінаецца долу, вырывае травінку, разглядае і хавае паміж лісткамі? Так, гэта яна і «людзі і кветкі над Нёмнам». Людзі і кветкі і Эліза Ажэшка. Вось нібы маланка мільганула постаць чароўнай амазонкі на крылатым кані. Гэта кінулася ў бой за Радзіму Эмілія Плятэр. Аж ускалыхнуўся звон у касьцельнай званіцы. Бон… бон… Бона… бон… І над касьцёлам узьнікла цень у каралеўскім убраньні. Але бляск убораў не пакрывае халоднага павеву ад суровага італьянскага твару фундатаркі Луненскага касьцёлу каралевы Боны Сфорцы, сьпевамі званоў якога захаплялася Эліза Ажэшка. Далей шумы нарастаюць, цені ўсё гушчэй, яны мільгаюць як сьпіцы ў коле.

Швэды, рускія, французы, палякі немцы, бальшавікі, фашысты, камуністы… Радасьць, боль, сьлёзы, нянавісьць. Усім насычана паветра! Душа халадзее. Дзе міласьць, дзе любоў? Павінна ж быць! Хутчэй, хутчэй, далей. Хвілінка цішы і прасторы. І зноў енкі, грымоты, мэтастазы расійскага мата… Не, гэта ўжо не цені. Гэта абак царквы-мураўёўкі ідзе ідэалягічнае…. мерапрыемства пад назвай дыскатэка. Царква, клюб, сельсавет утвараюць нейкі мясцовы бэрмудзкі трохкутнік. Рэзка павернем улева, каб выйсьці з гэтае мясьціны.

Але тут, дзе празрыстай ніткай уецца, барукаючыся за жыцьцё, рачулка Лунянка цені згусьціліся ў чорную хмару з жоўтымі шасьціканцовымі зоркамі. Дзіцячы плач, гартанныя выкрыкі на незразумелай мове, дзіўныя мэлёдыі, і скрыпка. Скрыпка плача і высьпеўвае смутак, як бы пытае: чаму? Чаму нас забылі? А нас было 1549. 1549 жыхароў Луна сталі ценямі і зьвяртаюцца да жывых — успомніце, дайце нам знак, што вы памятаеце. Ці пачуюць? Ноч хавае цені.

Апяклі мяне росы раньнія,

Краскі водарам абдалі,

Прыпадаю я сэрцам раненым

Да каханай сваёй зямлі.

А яна, на кускі пакрамсаная,

У хлусьлівым чужым тумане,

Плугам родных сыноў неўзараная,

Ціха помачы просіць у мяне.

Ларыса Геніюш

І сапраўды, як водарам абдаў Бел-Чырвона-Белы Сьцяг… і надпіс «Жыве Беларусь!» Гэта знак таго, што ўсё будзе яшчэ добра!

Як жа ўзьнікла гэта цудоўная назва Луна?

Лунь на паляваньні

Балта — яцьвягі маглі даць такую назву ад слова Lіunas, што значыць балота. Бо мясьціна тут да сярэдзіны ХХ стагодзьдзя была вельмі балоцістай. І славяне крывічы ці дрыгавічы далі б такую назву, бо амаль заўсёды вісеў у вышыні зоркі шуляк, выглядаючы здабычу. Шуляк ці лунь балотны. Ён і гнездаваўся тут, гэты прыгожы (сівы як лунь) драпежнік.

Называлася гэта паселішча дакладна так Луна. Гэтаму ёсьць многа доказаў. Так на карце Вялікага Княства Літоўскага, выдадзенай Мікалаем Радзівілам-Сіроткам у 1613 годзе складзенай Тамашам Кшыштафам Макоўскім у Нясьвіжы выразна напісана Luna.

Радзівілаўская карта (1613)

Луна на карце ВКЛ 1665 года выданьня.

Фрагмэнт Карты Вялікага Княства Літоўскага 1665 года

Так і на многіх пазьнейшых картах замежнага выданьня (карта ВКЛ і Русі Белай з Нюрынбергу ад 1687 г., карта ВКЛ з Нюрынбергу ад 1710 г., карта ВКЛ з Амстэрдаму ад 1733 г.) Луна з адным «н» згадваецца разам з Гродна, Мастамі, Ваўкавыскам, Слонімам.

Фрагмэнт Карты Слонімскага намесьніцтва 1796 г.

Гістарычная назва Луна (з адным «н» трымалася вельмі доўга. У заяве вучыцеляк Волькі Рубаніхі і Галены Бубяненкі ў Вучыцельскую раду Гарадзеншчыны (так напісана ў арыгінале) ад 20.9. 1919 г. напісана: «Не зрабіўшы нічога ў Луне, нам вельмі не хацелася ехаць з пустымі рукамі ў Гарадзен…». Дый цяпер жыхары навакольных вёсак кажуць: «Паеду да Луны…». Гучыць, як да цёткі ў госьці.

Луна і Воля на карце 19 ст.

Калі зьяўілася другая «н» у назве Луна дакладна цяжка сказаць. Хутчэй за ўсё пасьля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, калі тэрыторыя ВКЛ была акупавана Расейскай імпэрыяй. Так, у Рапартах земскага спраўніка Гарадзенскаму губэрнатару ад 1862 года друкуецца ўжо «Лунна». Хаця на старажытных дакумэнтах можна сустрэць напісаньне з двума «n», як, напрыклад, у дакумэнце пра Луненскі ключ.

Пабудова двару і ўтварэньне Луненскага ключа

Будучыня мінулага

Не ведаючы, што адбывалася

да таго, як нарадзіўся, гэта так

як бы ніколі не стаць дарослым.

Цыцэрон.

Людзі заўсёды цікавіліся паходжаньнем чалавека і сваім мінулым. Яшчэ ў VІІІ ст. да Н.Х. грэцкі пісьменьнік Гесіёд пісаў, што чалавецтва прайшло ў сваім разьвіцьці пяць вялікіх гістарычных эпох. Самую раньнюю ён назваў Залатым векам, калі «людзі знаходзіліся ў спакоі». А самую апошнюю — Ваенным векам, пад час якога даводзілася цяжка працаваць і перажываць найвялікшае гора. Дапамагаюць пазнаць мінулае археолягі, сапраўдныя сьледапыты, дасьледчыкі і аналітыкі. Яны ствараюць уражаньне сьмелых падарожнікаў і паляўнічых на скарбы, дэтэктываў, якія дасьледуюць таямніцы даўно мінулага. Але сучасная археалёгія — гэта не паляваньне на скарбы і не фантазіі накшталт пошукаў загінуўшых сьветаў — гэта сыстэмнае дасьледаваньне чалавецтва ў мінулым. 99% гісторыі вывучаюць дагістарычныя археолягі.

Дагісторыя — гэта частка чалавечай гісторыі, якая існавала яшчэ да ўзьнікненьня пісьменнасьці і архіўных крыніц. Гістарычныя археолягі свае знаходкі могуць пацьвердзіць дакумэнтамі. Археолягі маюць тры галоўныя мэты: вывучэньне культурнай гісторыі, рэканструкцыя спосабаў жыцьця ў мінулым, тлумачэньне прычын культурных зьмен. Гэта аснова ўсіх дасьледаваньняў, бо канчатковая задача вельмі простая — апісаньне, разуменьне і тлумачэньне чалавечых паводзін у мінулым. Дагістарычныя археолягі дасьледуюць жыцьцё чалавека шляхам выяўленьня сьлядоў яго існаваньня ў археалягічных рэштках ежы, пабудовах, рэчах, вырабленых чалавекам. Вельмі важна адносіцца да кожнага археалягічнага помніка (якім зьяўляецца любы прадмет зьвязаны з чалавечай дзейнасьцю) як да апошняга і непаўторнага. Толькі тады ў мінулага будзе будучыня. І той, хто зьнішчыў у Луна сынагогу і стары млын, габрэйскія могілкі і самалёт генэрала Жукоўскага, назвы вуліц і палац Ромэраў нанесьлі непапраўную страту мінуламу і будучаму.

Праца дагістарычных археолягаў дазволіла скласьці карту стаянак каменнага і бронзавага вякоў, выяўленых на тэрыторыі Мастоўшчыны. Знаходкі экспэдыцыі доктара Сырасека, занатаваныя ў І т. «Варшаўскай бібліятэкі» пацьвярджаюць, што ў каменным веку на нашых землях жылі нашчадкі арыяў?: балты — яцьвягі і славяне дрыгавічы і крывічы, якія карысталіся вырабамі з крэмню. У 1879 г. гэта экспэдыцыя дасьледавала старадаўняе селішча на беразе Нёмна ля Луна. Ужо ў савецкія часы археоляг Уладзімір Ісаенка знайшоў сьляды паселішча бронзавага веку (2—3 тысячагодзьдзя да Н.Х.) У нашай мясцовасьці знойдзены і дасьледаваны археалягічныя помнікі характэрныя для яцьвягаў у выглядзе курганоў і каменных магіл. Іх на Луненскай тэрыторыі на левым беразе Нёмна ва ўрочышчы Баторыя каля вёскі Жылічы дасьледаваў Л. Д. Побаль. Ф. Д. Гурэвіч, кіраваўшая ў 1955 г. археалягічнай экспэдыцыяй, выявіла да 10 курганоў паміж Дзенькаўцамі і Кавалямі, якія адносяцца да рэдкіх тыпаў помнікаў мінулага. У 1982 г. каля в. Навасёлкі геоляг А. В. Квяткоўская знайшла 60 магілаў з падшліфаванымі магільнымі плітамі і тарчма пастаўленымі камянямі.

Яцьвягі займаліся паляваньнем, жывёлагадоўляй, бортніцтвам, земляробствам. У канцы Х і пачатку ХІ ст. адбываецца калянізацыя яцьвягаў дрыгавічамі. Аб чым сьведчыць зьмяненьне характару археалягічных помнікаў, якія ўжо належалі, відавочна, не ўласна яцьвяскаму насельніцтву, а славянізаваным нашчадкам або славянам, якія перанялі яцьвяскі пахавальны абрад.

Племя яцьвягаў зьнікла, хоць яшчэ доўга заставаліся сьляды ў гісторыі. Так Т. Нарбут у 1807 г. чытаў надпіс на зрубе Скідальскай царквы, што нейкі Варфаламей хрысьціў яцьвягаў у 1553 г. А П. Д. Бранцаў выдаўшы ў 1899 г. «Гісторыю Літоўскай дзяржавы і старажытных часоў» пісаў: «У ваколіцах мястэчка Скідаль жыве насельніцтва праваслаўнай веры, гаворыць на беларускім нарэччы, але з літоўскім акцэнтам. Яны адрозьніваюцца ад іншых беларусаў смуглым колерам твару, чорнымі валасамі і некаторымі асаблівасьцямі нораваў. Вельмі магчыма быць, што гэта патомкі яцьвягаў».

У ваколіцах Луна многа вялікіх валуноў, але толькі адзін з іх мае ўласнае імя. Гэты камень ляжаў паміж в. Камянчаны і Стральцы, ля шашы, што вядзе ў Гародню. У народзе завуць яго Турэцкая шапка і распавядаюць, што пад час нашэсьця туркаў, адзін з іх згубіў тут сваю шапку.

Камень «Турэцкая шапка»

Вось такія веліканы — ворагі нападалі на нашых продкаў, але ўцякалі пабітыя так, што гублялі шапкі… Аналягічных помнікаў аб Луне выяўлена не багата, але гэта не значыць, што іх няма.

Краязнаўцы Ваўкавыска зрабілі свой горад старэйшым на 277 гадоў, знайшоўшы пісьмовыя ўспаміны аб Ваўкавыску ад 1005 г. Для краязнаўцаў, улюбёных у свой край, кніга гісторыі ніколі не заканчваецца…

Гісторык Павал Бароўскі, апісваючы спусташэньне Гродзеншчыны ў 1241 г. піша: «З упадку сталіцы ўпала ўдзельнае княства Гарадзенскае. Пасярод спустошанай краіны, яшчэ стаяць рэшткі ўмацаваньняў, калі ў тым жа годзе прыйшлі з поўначы літоўцы (літвіны?) пад кіраўніцтвам сваіх князёў Эрдзівіла, Вікінда, Таўціла Манцівілавічаў, высланых дзядзькам сваім, Вялікім князем Міндоўгам, для заняцьця спустошаных і безабаронных зямель славянскіх. Эрдзівіл без супраціву зрабіўся ўладаром гораду, аднавіў умацаваньні і паблізу вала з драўлянай сьцяной, па звычаю Славянаў, пабудаваў умацаваную вежу. Усё гэта было зроблена з такой хуткасьцю і з такім посьпехам, што, калі манголы, у спадзяваньні новай здабычы, рушылі з поўдня пад началам царэвіча Шэйбака і разьбілі Міндоўга на берагах Нёмна бліз Луна, Эрдзівіл, маючы апору на Гарадзенскія ўмацаваньні, сьмела рушыў на дапамогу свайму дзядзьку і садзейнічаў бліскучай паразе мангольскіх полчышчаў дзесьці ў Лідзкім уезьдзе. Шэйбак загінуў, манголы ўцяклі і Міндоўг, трыюмфуючы і ў другіх перамогах зрабіўся ўладальнікам многіх зямель, складаючых цяперашнюю Гарадзенскую губэрню»… Як тут зразумець? Луна існавала ў 1241 г.? Ці гэта толькі прывязана да сучаснай мясцовасьці? На гэтыя пытаньні трэба шукаць адказу.

Заснавальнік Вялікага Княства Літоўскага першы Вялікі Князь і кароль Міндоўг. Блёк пошты Літувы, выдадзены ў 2003 годзе

З прац пісьменьніка — краязнаўца Дзімітрыя Гаўрыліна можна зрабіць выснову, што ў 1409 г. паміж Луна і Ваўкавыскам адбылася бітва Гарадзенскіх дружын з крыжакамі, якія ў 1284 г. упершыню зьяўіліся ў нашых мясьцінах і пасьля каля 20 разоў паўтаралі напады аж да 1410 г.

Але першы ўспамін аб Луне (Волі) у гістарычных дакумэнтах пад годам 1503. Заўважым, што і далей будуць пераплятацца: маёнтак Луна, мястэчка Луна і мястэчка Воля, якую ў цяперашні час называюць «сельгасхімія», якой ужо там няма.

Пры нападзе Масквы на Смаленск князь Канстанцін Крошынскі страціў там сваю маёмасьць і атрымаў ад вялікага князя Аляксандра двор Дубна над Нёмнам, а на пусташах у 1513 годзе пабудаваў двор Луна? (Воля)? і запісаў свайму зяцю Янухне Багдановічу Сапегу (1490—1546).

Так з прац гісторыкаў і археолягаў можна навобмацак складаць гісторыю Луны, тым самым надаючы мінуламу будучыню.

Луна і Воля

Libertas civitatis.

(Вольны народ. Вольная краіна.)

Воля-не тое, што рукі разьвяжуць,

Зьменяць на большую клетку малую.

Воля-не тое, што«вольны ты» — скажуць.

Воля-то воля, якую адчую.

Ларыса Геніюш

Дзьве гісторыі

Са старажытных часоў Луна мела свайго «спадарожніка» — Волю. Таму старажытнае Луна мае як бы дзьве гісторыі: самога Луна і Волі. У тым, што Луна старажытнае, няма ніякага сумневу. Найбольшы ўзрост надае паселішчу кніга «Памяць, Мастоўскі раён»: «Лічыцца, што гэта паселішча ўзьнікла не пазьней 12 ст.». Але ж з часоў позьняга нэаліту (2-я пал. 3-га тыс. да Н.Х.) вядомыя так званыя «бурштынавыя шляхі». Адзін з іх праходзіў па Нёмне і Заходняму Бугу. Ці не існавала Луна ўжо тады? А ці не мог існаваць «крамянёвы шлях» з Краснасельскага комплексу крамянёвых вырабаў праз Луненскі «порт»? Але напэўна Луна існавала, калі дзейнічаў на Нёмне і «шлях з варагаў у грэкі» у 9—13 ст., што адпавядае запісу ў кнізе «Памяць».

На жаль пісьмовых крыніц аб гэтым я не знайшоў. І, як часта здараецца ў жыцьці, пісьмова ўпершыню ўспамінаецца не Луна, а яе «спадарожнік» Воля. Калі ж спасылацца на кнігу «Памяць» Мастоўскага раёна, можна знайсьці наступныя запісы пра Луна: «У літаратуры канстатуецца такі факт, што вясной 1400 г. крыжакі ішлі ў Ваўкавыск праз Луна». У 1410 г. адбылася вырашальная бітва пад Грунвальдам, у якой удзельнічалі 17 беларускіх харугваў. «Ёсьць меркаваньні, што ў іх былі жыхары Мастоўшчыны, бо наш край уваходзіў у гэтыя (Гродзенскае і Ваўкавыскае) княствы. А ў гэты час існавалі Масты, Луна, Пескі, Мікелеўшчына, Сьцяпанішкі». Многія нашы прашчуры загінулі на полі бою, а ўдзячныя землякі насыпалі ў іх гонар сымбалічныя курганы. Такія курганы захаваліся ў ваколіцах Луна ва ўрочышчы, якое называецца Цвінтар. Старажылы сьцьвярджаюць, што ў мінулым тут была царква. «Відаць курганы былі насыпаны пасьля адпяваньня па загінуўшых на ратным полі», — распавядаецца ў «Памяці». І як ня прыкра пра гэта гаварыць, але «зь песьні слова ня выкінеш»… Па загадзе калгаснага начальства разаралі тыя курганы «магутнымі трактарамі» і пасеялі цукровыя буракі. Як успамінае былая калгасьніца Гэлена Байкоўская, ёй маладой тады яшчэ дзяўчыне, далі дзялку тых буракоў. Але яна не магла іх абрабляць, бо калі прыходзіла на поле, то яе тут жа пачынала рваць ад выгляду мноства раскіданых чалавечых касьцей…

Шлях з «Варагаў у грэкі» па Нёмне. Малюнак В. Сташчанюка. Кісялёў У. М. Пуцявінамі Наднямоньня. Мн.: Полымя, 1994. Стар.113

Але вернемся ў 16 ст., зь якога аб Луне засталіся канкрэтныя зьвесткі.

У артыкуле глыбокапаважанага пана Вітольда Карпызы «Восемдзесят гадоў пазьней» («Мagazyn Polski» №2—3, 1992г.) разьмешчана «Штабоўка ваколіц Росі», на якой каля мястэчка Луна знаходзіцца населены пункт Воля. Воляй няволяй пачаўся пошук зьвестак пра Луненскую Волю. На жаль ні ў кнізе «Памяць» Мастоўскага раёна ні ў Беларускіх Энцыкляпэдыях (ці не сымбалічна?) Волі няма. Толькі ў Тлумачальным слоўніку беларускай літаратурнай мовы «воля» мае аж восем значэньняў. Знайшлося і патрэбнае: воля — свабода, незалежнасьць. Прышлося зьвярнуцца да польскіх крыніц. У «Слоўніку геаграфічным каралеўства польскага і другіх краін славянскіх з 1880 г.» паселішчам з назвай Воля прысьвечана 46 старонак, на якіх даюцца кароткія зьвесткі аб больш чым 900 такіх мясьцінах на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. З іх толькі 22 разьмешчаны на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Праўда, кажуць, што ва ўсходняй частцы Беларусі паселішчы такога тыпу называлі «слабада», але і слабод у нас зусім не багата.

Луна і Воля на расейскай карце 1910 г.

Воля (libera villa, libertas). Пачынаючы з 13 ст. каб загаспадараваць незаселеную (пустую, пусташ) зямлю ўладальнік (князь, рыцар, духавенства) запрашаў вольных людзей, нават іншаземцаў, каб яны сяліліся і гаспадарылі на яго зямлі на льготных умовах. Пасяленцам (каляністам) даваліся надзелы зямлі з звальненьнем да 20 гадоў ад усялякіх чыншаў, аплат і падаткаў. Пры гэтым часта давалася права на самакіраваньне ці магдэбурскае права. Чым не свабодная эканамічная зона? Такім мясьцінам давалі назву Воля, часта з дадаткам ад назвы бліжэйшага мястэчка ці іншым дадаткам, напрыклад, Воля Красная, або Воля Вялікая, заложаная Сапегамі на Шчары… Росквіт Воляў прыйшоўся на 14 ст. з паступовым распаўсюджваньне на ўсход, што дыктавалася палітычным і эканамічным станам у Эўропе.

Vola Warszowiensis

Сярод шматлікіх «воляў» непасрэднае дачыненьне да нашай гісторыі мае Вялікая Воля — вёска і прадмесьце Варшавы (Vola Warszowiensis). Тут на роўным сухім узвышшы, пануючым над Варшавай, адбываліся выбары караля Польшчы (значыць і Вялікага князя Вялікага Княства Літоўскага) ад Стэфана Баторыя (1575г.) пачаўшы. Месца выбараў было аточана ровам і валам. У сярэдзіну вялі тры брамы, прызначаныя для ўезду прадстаўнікоў Вялікапольшчы, Малапольшчы і Літвы. Для сэнатараў будавалася драўляная павець. Вакол павеці разьмяшчалася кола рыцарскае і паслы. Шляхта, якая прыбывала з добрай волі, мела вызначанае праз маршалка месца ў пэўным аддаленьні і групавалася паводле ваяводзтваў. Абоз разьмяшчаўся па-за валам у намётах. Нярэдка падчас выбараў адбываліся бойкі. У 1587г. падпалілі павець, у 1669 г. стралялі ў сэнатараў… Астатнімі былі выбары ў 1764г. Станіслава Аўгуста. Пазьней тут адбываліся знакавыя бітвы: у час паўстаньня 1794 г. з Прусакамі, у 1831г. з маскалямі. Пашырэньне Варшавы зрабіла з Волі прадмесьце, улюбёнае млынарамі, бо ўзвышша спрыяла працы ветракоў.

Сойм элекцыйны ў Вялікай Волі

У 1831г. Вялікую Волю абараняла 1200 паўстанцаў пад камандай генэрала Іосіфа Савіньскага, вэтэрана без нагі, якую згубіў у вайну 1812г. Якраз на Волю рушылі галоўныя сілы Расейскага войска, На шанцы №54, калі абаронцаў амаль ня стала, а маскалі радаваліся перамозе, нехта з патрыётаў узарваў парахавы склад і ўсё ўзьляцела ў паветра. Шанец №57 абараняла каля сотні паўстанцаў. Толькі, калі іх засталося чатыры, вораг сьвяткаваў перамогу. Апошнія абаронцы Волі на чале з генэралам І. Савіньскім зачыніліся ў касьцёліку. Генэрал без сіл сеў каля алтара і сказаў: «Жаўнеры, я буду апошнім». Маскалі ўварваліся ў касьцёлік і ўсіх закалолі штыкамі. Пасьля ўтраты Волі шансаў утрымаць Варшаву не было. Паўстаньне пала.

Гісторыя ўзьнікненьня Луненскай Волі

Вернемся да Волі каля Луны. Час і гісторыя ўзьнікненьня Луненскай Волі вядомы дакладна. У 1487 г. войска вялікага князя Маскоўскага Івана ІІІ захапіла Смаленскія землі, дзе вотчынамі валодалі князі Крошынскія (Крашынскія?) герба «Ліхтар». Адзін з іх князь Канстанцін Фёдаравіч Крошынскі акольнічы і казначэй Смаленскі атрымаў ад Вялікага князя Літоўскага Аляксандра 8 красавіка 1503 г. маёнткі Дубна і Луна ў Гарадзенскім павеце «на хлебокормленье» князю да «очищеня» вотчыны яго, захопленай «Маскоўскім непрыяцелем», «съ челядю неволною, и з жытомъ, и с коньми и з жывотиною, и з людми путными и тягълыми, и с конюхи, и з рыболовы, и зъ земълями пашными и бортъными, и с озеры, и з даньми грошовыми и медовыми, и з дяклы, и з бобъры, и со въсимъ с тымъ, какъ тотъ двор былъ на нас держанъ». Вялікі князь Жыгімонт пацьвердзіў гэтае наданьне 8 сьнежня 1506 г., а затым лістом ад 30 кастрычніка 1509 г., бо «многие люди хотели ся в насъ подъ нимъ того двора и людеи подъпрохивати», і нарэшце трэцяе пацьверджаньне было ад 5 кастрычніка 1512 г. Ачышчэньня вотчыны ад «непрыяцеля Маскоўскага» аднак у хуткім часе не адбылося і не прадбачылася. Выдаючы дачку Ганну за пана Яна Багданавіча Сапежыча, Канстанцін Іванавіч 8 ліпеня 1513 г. запісвае ў якасьці пасагу дварэц на рацы Луннай, які ён справіў на пустоўшчынах двара Дубенскага, 60 службаў і 40 пустоўшчынаў каля двара Луна і за Нёмнам на р. Чарлёнай, «а сеножатеи дворныхъ Чесноковъскихъ за Новоселцы у Крестовъ на две стирте», а таксама землі, лясы і трэць вярсты берага бабровага на Сьвіслачы, (які адспрэчваў яшчэ раней сам князь Крошынскі з баброўнікамі гарадзенскімі, каторыя між іншым напэўна і заснавалі сёньняшнюю вёску Баброўнікі на р. Сьвіслачы). Далей у пасазе агаворваліся два стаўкі на р. Луннай і перавоз на Нёмне зь перавозьнікамі Іванцом і Багданцом Карпавічамі, а так жа палі дворныя, сенажаці, луг і лес Хмельнік, што былі з боку двара Лаўнае пана гараднічага (напэўна гарадзенскага гараднічага Федзькі Гаўрылавіча) і паабапал Чарлёнскага рова, гумно на Чарлёньскім полі, «и озеро уступъное з Немъна, и сякли, по которымъ сеножатемъ здавъна к тому озеру бывали на имя Бурносовъская, Ровец, Безовъщина Черленьская, на другои стороне Немъна Волчегребъ, а против Ширневых сяклъ Клепачовская», а таксама колькі чалавек чэлядзі дубенскай ды смаленскай, якую пасьпелі прывесьці з сабой Крошынскія, пакідаючы свае смаленскія ўладаньні. У 1515, а пасьля ў 1523 годзе Януш Багданавіч Сопежыч заручаецца пацьвярджальным лістом Вялікага Князя на гэтыя ўладаньні. Выдаючы другую дачку Мар’ю за пісара вялікакняскай канцэлярыі пана Копця Васільевіча, Канстанцін Іванавіч недзе ў адзін час з Сопежычам запісвае ў якасьці пасагу 30 службаў-конюхаў Церашкоўскіх «подле церкви Сьвятого Спаса» ў Дубенскай воласьці, на што той неўзабаве ў 1517 годзе атрымлівае вялікакняскі пацьвярджальны ліст. Двор на дубеньскіх пустоўшчынах князь Крошынскі справіў і для дзяржаўцы ўруцкага Міхаіла Міхаілавіча Халецкага, за каторага выдаў трэцюю сваю дачку. Княгіня Ганна ўжо пасьля сьмерці мужа князя Канстанціна і двух зяцёў Сапегі і Копця просіць у траўні 1531 г. апекі і абароны ў Вялікай княгіні Боны ад наездаў і рабаваньня з боку суседзяў — ад уціску з боку ўладаньняў Воўпы, князя біскупа луцкага й берасьцейскага Паўла і з боку ўладаньняў, якія меў каля двара Дубна Мікалай Юр’евіч Пацэвіч. Разам з гэтым княгіня Ганна «по своемъ животе» перадала двор Дубна Боне, заручыўшыся аднак аб захаваньні сваім дачкам і ўнукам іх уладаньняў.

Падзел маёмасьці. Камень Боны Сфорцы

Бона Сфорца, каралева Польская і Вялікая княгіня Літоўская, другая жонка Жыгімонта I Старога, маці Жыгімонта II Аўгуста. Імкнулася ўзмацніць уладу караля і Вялікага князя эканамічным шляхам, усяк павялічвала зямельную ўласнасьць Ягелонаў. Заслугі Боны Сфорца ў Вялікім Княстве многія і рознастайныя цяжка пераацаніць. Дзякуючы Боне Сфорца Эўропа пачула «Песню пра зубра», менавіта пры яе падтрымцы знакамітая паэма Мікалая Гусоўскага была выдадзеная ў 1523 годзе ў Кракаве. Зь яе віны сталі нашы продкі карыстацца да гэтага невядомымі ім відэльцамі. У выніку ўзнагародаў, падараваньняў і купляў займела многія воласьці, вярнула многія захопленыя фэадаламі землі, у тым ліку Гарадзенскае староства. Акрамя феадальнага маёнтку намесьнік каралевы Боны Ежы Заляпуха зь яе загаду на рацэ Лунянцы заснаваў у 1531 г. месца Луна, дзе Бона Сфорца фундавала драўляны касьцёл. Наведваючы свае ўладаньні, каралева «часта ў гэты касьцёлік заходзіла».

Бона Сфорца на карціне Яна Матэйкі з сынам Жыгімонтам Аўгустам

Да сёньня ля касьцельнай агароджы (апошним часам перанесены на касьцельную тэрыторыю) ляжыць вялікі камень з чырвонага граніту, які нібыта каралеўскімі ручкамі быў закладзены Бонай у падмурак касьцёла.

Камень Боны Сфорца

Маладыя пары, якія бяруць шлюб без дазволу бацькоў павінны прыйсьці да гэтага каменя, каб папрасіць каралеву ня помсьціць ім, як яна гэта зрабіла сваёй нявестцы каралеве Барбары Радзівіл.

Пасьля пажару апошні кароль Польшчы і Вялікі князь ВКЛ Аўгуст Панятоўскі фундаваў тут у 1744 г. новы касьцёл мураваны ў строгіх формах клясыцызму, які быў перабудаваны і набыў сучасны нэаклясычны выгляд у 1895 г. на сродкі князя Друцкага-Любецкага.

Але Сапегі падалі скаргу на Заляпуху, што ён «на ўласных іх грунтах двара Луненскага» стварыў паселішча. Каралева Бона прызначыла для разгляду гэтай справы спэцыяльную камісію. Вывады камісіі былі разгледжаны і зацьверджаны 6 сакавіка 1532 г. Вядома, Луна засталося ўласнасьцю каралевы Боны. Але ж князь Канстанцін Крошынскі, як раней успаміналася, запісаў свой маёнтак Волю свайму зяцю Янушу Багданавічу Сапегу. Тады ж была ўстаноўлена граніца паміж уладаньнямі па рацэ Лунянцы (ці Луннай? па назве таго часу). Гэта граніца існавала аж да часоў другой сусьветнай вайны, падзяляючы паселішча на дзьве часткі: Луна і Волю. З вышэй сказанага можна зрабіць выснову, што маёнтак Луна існаваў да перадачы яго Князю Канстанціну Крошынскаму і дата яго заснаваньня застаецца таямніцаю. Воля ж узьнікла ў выніку дзейнасьці князя.

Пасьля сьмерці Янухны (1530г.) яго спадкаемцамі становяцца сыны Міхал, жанаты на Марыне з Быстрыцкіх, Глеб, Дзьмітрый, Сьцяпан, а таксама дачкі Тацьцяна, якая выйшла замуж за Ждана Словіка, і Настасься, якая была замужам за Гаўрылам Тышкевічам. Паколькі паміж братамі не было згоды, па ініцыятыве Глеба ў 1541 г. маёнткі Луна, Сьвіслач і Вайкелішкі былі падзелены на шэсьць роўных частак. На працягу 40–50-х гадоў XVI ст. Чарлёна паступова вылучаецца ў асобны двор. Гэты працэс суправаджаўся судовымі спрэчкамі і ўзаемнымі нападамі братоў і сваякоў адзін на аднаго. У 1552 г. Андрэй Мацкевіч скардзіцца ад імя маці і айчыма Сьцяпана Сапегі на Дзьмітрыя, які напаў на іх спадчыну Луна і забраў лісты. У 1554 г. памірае малодшы з братоў Міхал і Сьцяпан бяспраўна займае яго спадчыну. У сувязі з гэтым у яго была судовая справа з Мацвеем Быстрыцкім, каралеўскім каморнікам, родным братам жонкі Міхала Сапегі Марыны Быстрыцкай, якая памянялася з братам завешчанай ёй часткай маёнтка Луна на іншы маёнтак. У 1555 г. Мацвей Быстрыцкі напаў на чарлёнскія валоданьні Сапегаў. У 1556 г. ужо Дзьмітрый і Сьцяпан Сапегі са шваграмі Жданам Словікам і Гаўрылам Тышкевічам, а таксама служылымі людзьмі і падданымі ў колькасьці каля 300 чалавек нападаюць на ўладаньні Чарлёна Быстрыцкага і рабуюць іх. Пасланыя ў двор Сапегаў гаспадарскі дваранін Ян Васільевіч Клікоўскі, судовыя выканаўцы і служылыя людзі былі абстраляны апошнімі, прычым некалькі чалавек загінула. У 1557 г. за 12 коп. грошай Быстрыцкі адмаўляецца ад сваіх прэтэнзій на Чарлёну. Браты дамаўляюцца аб сумесным валоданьні набытымі землямі, але дамоўленасьці не прытрымліваюцца. Спрэчкі заканчваюцца тым, што ў час чарговага нападу ў 1560 г. (паводле іншых дадзеных у 1561 г.) людзі Сьцяпана ў час учыненай перастрэлкі забіваюць Дзьмітрыя. Маёмасьць атрымаў трэці сын Глеб, які адказваў перад судом за даўгі бацькі і, неўзабаве, памёр.

Пасьля гібелі Дзьмітрыя ў 1561 г. стрыечны брат іх бацькі Павел спрачаўся з Глебам за частку Луна і Чарлёны, якую Глеб самавольна захапіў пасьля сьмерці Дзьмітрыя. Павел даказваў, што Дзьмітрый яшчэ ў 1558 г. пазычыў у яго 500 коп. літоўскіх грошай і да моманту іх вяртаньня аддаў Паўлу ў арэнду свае часткі Луна і Чарлёны.

Удава па Сцяпану Сапегу па першым мужу Мацкевічава запісала трэць маёмасьці свайму сыну ад першага мужа Андрэю. Сваркі за маёмасьць набылі яшчэ большы размах. Анрэй Мацкевіч жаліцца каралю і просіць дапамогі ў споры з Міхалам Сапегам ваяводам Падляскім сынам Івана Багданавіча дваюрадным братам Паўла Сапегі. Не гледзячы на спрыяньне караля Андрэю, Міхал у 1565г. насылае сваіх людзей з Чарлёны на ўладаньні суседа. Натоўп напаў на двор Волю, запасы зьнішчыў і разрабаваў, сялян зьбіваў, а некалькі зьвязаных у Чарлёну прывалок. Чым закончылася гэта вайна, невядома, але з маёмасьці каралеўскай эканоміі Гарадзенскай была вылучана прыватная ўласнасьць Воля. А Міхал Сапега сам прыехаў у Луна і непадзельна запанаваў над маёнткам.

Сынам Міхала, Мікалаю і гродзенскаму земскаму судзьдзі Льву, пасьля бацькі і бязьдзетных дзядзькаў Глеба, Дзьмітрыя і Стэфана дасталіся часткі зямель маёнткаў Луна (Воля), Чарлёна і Кулёўшчына. Гэта выклікала незадавальненьне сваякоў па жаночай лініі, а менавіта Грыгорыя Войны, ваўкавыскага земскага судзьдзі, які выступаў ад імя дачок, Настасьсі з Сапегаў Тышкевіч і яе сына Міхала, а таксама трох братоў Словікаў, з якімі абодва браты вымушаны былі судзіцца. Суд прысудзіў Мікалаю і Льву тры часткі маёнткаў Луна і Чарлёна.

Восеньню 1567 г. Мікалай прыслаў са сваіх уладаньняў у Луна ў каралеўскі лягер для радашковіцкай выправы двух конных і аднаго пешага салдата. У той час ён служыў у падканцлера літоўскага Еўстафія Валовіча. Перад 25 студзеня 1574 г. Мікалай стаў каралеўскім дваранінам. 7 студзеня 1581 г. браты падзялілі маёмасьць. Луна (Воля) адышла Льву. 21 сакавіка 1586 г. суд у Гродна пацьвердзіў іх правы на датыхчасовую маёмасьць. Леў, віцебскі войскі, быў малодшым сынам Міхала. 21 жніўня 1593 г. браты зноў падзялілі маёмасьць. Леў атрымаў аседлую службу Шчэчыцы, якая належала да Луна (Волі) і плошчы з агароднікамі ў Гродна каля замку і над Нёмнам. Такім чынам, канчаткова аддзяліліся маёнткі Луна (Воля) і Чарлёна. Граніцай паміж імі была рака Нёман.

Луна заставалася ўласнасьцю каралевы Боны да 1557г., да яе сьмерці і ўваходзіла ў склад Гарадзенскага староства, а з 1558 г. стала «уласнасьцямі сталовымі», значыць даход з Луненскіх земляў быў прызначаны на ўтрыманьне караля, і ўвайшла ў склад «эканоміі Гарадзенскай», якая дзялілася на воласьці, а тыя на ключы. Для прыкладу, у 1680 г. ключ Луненскі Гарадзенскай эканоміі прынёс 9866 злотых польскіх 26 грошаў гадавога даходу.

7 лютага 1589 г. кароль здаў у арэнду мястэчка Луна разам з вёскамі Марцінаўцы і Петрашоўцы Мікалаю Сапегу. Па некаторых дадзеных Сапегі іх арандавалі па 1680 г. 20 сьнежня 1602 г. Мікалай Сапега пісаў да Льва Сапегі: «У Гродна ў цяперашні час небясьпечна (у сувязі з эпідэміяй), а там назначана правядзеньне сойміка, таму я выбраў прыгажэйшае месца і зусім небясьпечнае ў маіх арэндных уладаньнях мястэчка Луна для правядзеньня сойміка ў адпаведнасьці з унівэрсалам 3 лістапада». Соймік у ВКЛ у 16—18ст. — сход шляхты павета (зямлі, ваяводзтва). На сойміках шляхецкая супольнасьць прымала рашэньні і выбірала двух прадстаўнікоў ад павета для ўдзелу ў сойме.

Леў і Мікалай Сапегі, малюнак праектаваны, 1709 г. https://pl.wikipedia.org/wiki/Sapiehowie_herbu_Lis

Тут ужо вельмі цяжка разабрацца, у якім выпадку размова ідзе пра Волю, а ў якім пра Луна. Кухмайстар у 1593г. мяняе Луна са сваім братам Львом судзьдзёй гарадзенскім на выспу з царквою на Возеры Троцкім.

Сапегі ў гісторыі Луна — Волі

Абодва брата Мікалай і Леў былі праваслаўнымі. Дзякуючы стараньням Мікалая ў 80—90 гадах 16 веку ў Чарлёне была пабудавана царква, у каторай ён быў пахаваны ў 1611 годзе, а пазьней і яго жонка.

Царква ў Чарлёне. Сучасны выгляд

Леў Сапега сын Мікалая (не блытаць з канцлерам ВКЛ Львом Сапегам) у завяшчаньні, напісаным у Луна 20 жніўня 1610 г., выказаў жаданьне, каб яго пахавалі ў садзе маёнтка Луна. Хутка пасьля напісаньня завяшчаньня памёр. Яго астатнюю волю занесьлі 20 верасьня 1610 г. у кнігі Літоўскага трыбунала. Леў Сапега быў жанаты на Алене, дачцэ мінскага кашталяна Міхаіла Гарабурды. Дзяцей у яго не было. Усю сваю маёмасьць завяшчаў сынам брата Мікалая — Яну Дамініку, Мікалаю і Фрыдэрыку, пры ўмове, што яны заплацяць яго жонцы 4 тыс. коп. грошай літоўскіх.

Каралі Рэчы Паспалітай апекаваліся мястэчкамі. У прыватнасьці, у 1612 г. Луна ахапіў страшны пажар — практычна ўсё мястэчка згарэла. Кароль Польскі і Вялікі князь Літоўскі Жыгімонт III Ваза вызваліў луненскіх мяшчан «ад падводнай павіннасьці, пабораў і чыншу з сенажацяў, палявых, агародных участкаў і падаткаў у дзяржаўную казну» тэрмінам на 4 гады.

31 жніўня 1615 г. браты Ян Дамінік і Фрыдэрык падзялілі маёмасьць. Трэці брат Мікалай быў псыхічна хворым. Фрыдэрык атрымаў Чарлёну, а Ян Дамінік стаў гаспадаром Луна. 31.10.1637г. Фрэдэрык Сапега, стараста Астрынскі і Гарадзенскі, разам са сваёй жонкай Крысьцінай Пацеявай каля свайго двара Чарлёна фундуюць уніяцкі манастыр для 4 манахаў-базыльянаў пры старадаўнім храме Раства Найсьвяцейшай Панны Марыі і сьвятога Мікалая. У гэтым храме, як напісана ў акце, пахаваны целы бацькоў Фрэдэрыка Сапегі Мікалая Сапегі кухмайстра ВКЛ, Астрынскага, Луненскага старасты і Багданы Масальскай Сапегі, маці Фрэдэрыка; а таксама — манашак Ганны і Ефрасіньні — сясьцёр- базыльянак; Мікалая Сапегі — брата і Рыгора Валовіча, старасты Рагачоўскага, Дубіцкага, Канеўскага, сына Алены Сапегі і Рамана Рыгоравіча Валовіча.

Фрэдэрык Сапега, малюнак праектаваны, 1709 г. https://pl.wikipedia.org/wiki/Fryderyk_Sapieha

Сярод

...