автордың кітабын онлайн тегін оқу Вершы 1908–1909 гадоў
Максім Багдановіч
ВЕРШЫ 1908-1909 ГАДОЎ
На чужыне
Вакол мяне кветкі прыгожа красуюць.
Маркотна між іх я хаджу адзінок,
Аж бачу — мне сіняй галоўкай ківае
Наш родны, забыты ў цяні васілёк.
«Здароў будзь, зямляча!» Чуць бачны ў даліне,
Панура, нявесела шэпча ён мне:
«Ўспамянем, мой дружа, ў багатай чужыне
Аб беднай, далёкай сваёй старане».
1908
Мае песні
І
Калі смутак моцна дзьме душу маю
І шкада мне дзён загубленых сваіх, —
Я паціху песні сумныя пяю,
Ўсю жуду сваю выкладываю ў іх.
Ціха песня разліваецца, звініць,
Вымаўляе, як я моладасць згубіў,
Як дагэтуль не патрапіў палюбіць
І саўсім, бадай, праўдзіва шчэ не жыў.
ІІ
А як родную згадаю старану,
Як згадаю яе буднасць і нуду, —
Сэрца сціснецца, і я пяяць пачну, —
Мо душу хоць трохі гэтым адвяду.
Грозна песня разліваецца, грыміць,
Долю горкую, мужыцкую кляне,
Бо нявідзімы ланцуг на іх вісіць,
Бо ім цяжка жыць у роднай старане.
1908
Ноч
Ціха ўсё было на небе, зямлі і на сэрцы...
Ноч цемнатою навокала ўсё пакрывала,
Ясныя зоркі блішчалі, і месяц ўжо выплыў,
Неба, і лес, і палі серабром аблівая.
Ўсё ўжо уснула, і толькі бярозы шапталісь,
Толькі асіны шумелі, і толькі калоссі,
Ў полі шырокім качаясь, зямлю цалавалі.
Ціха ўсё было на небе, зямлі і на сэрцы.
1908
Над магілай
Каля шляху ў чыстым полі
Магіла стаіць;
Кругом круціць завіруха,
Гуляе, шуміць.
На магіле адзінока
Каліна расце;
Яе вецер абвявае,
Мяцеліца гне
І навокала магілы
Спявае-гудзіць
Пра таго, хто ў чыстым полі
Пахаваны спіць...
[1908]
Прыйдзе вясна
Холадна. Вецер па полі гуляе,
Вые, як звер,
Снег узрывае, нуду наганяе, —
Кепска цяпер!
Але мне сэрца пяе: не нудзіся!
Прыйдзе вясна!
Гукне: «Прачніся, зямля! прабудзіся
З цяжкага сна!»
Сонца прагляне, зазелянее
Траўка ў лугу,
Гукне вясна і, як ветрам, развее
Гора-нуду!
1908
З цыкла «Эрас»
І
У космас схаваліся кветы
чырвоныя,
Кветы чырвоныя,
Неапылёныя.
Хцівасць жадання іх томіць
таёмная,
Томіць таёмная,
Сіла няскромная.
Але дарэмна ў іх сокі б'юць
шпаркія,
Сокі б'юць шпаркія,
Свежыя, яркія.
Звянуць яны, тыя кветы
чырвоныя,
Кветы чырвоныя
Неапылёнымі.
ІІ
Зірнуў, як між валос, між хмар калматых, цёмных
Чырвоны маладзік
І ўраз згадаў мне рад уздыхаў прыглушоных,
І мук любоўных крык,
І цела гібкага шалёнасць, ізвіванне,
І п'яны, душны пах...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Ў грудзях сціскаецца гарачае дыханне,
Кроў хваляй б'е ў нагах.
[1908-1909]
* * *
Хмурыя, цёмныя гудзяць і шэпчуць елі.
Бор чырванее на яснай зары.
Грудзь вольна дыша, кроў калышацца ў целе, —
Ціха цалую мяккі мох на кары.
Сэрца гарачае да ствала прыжымаю,
Ясныя слёзы на смалу ціха лью,
Ў неба сінеючыя вочы падымаю, —
Дзіўнае нешта грудзь калыша маю.
Даўней цураўся я вас, сосны, елкі,
У месцы пыльным і душным праклятым жыццё прайшло,
А цяпер бачу я зялёныя іголкі,
Чую, як глуха стучыць дзяцел у дупло.
А цяпер бачу — неба борзда дагарае,
Сам у гэтым свеце ледзьве-ледзьве гарыш;
Ноч ідзе: месяц тонкі, белы выплывае
Там, дзе падняла ель зялёны свой крыж.
[1908-1909]
* * *
Я, бальны, бесскрыдлаты паэт,
Помню, раз пазабыў сваё гора, —
Гэта чуда зрабіў Ваш прывет.
Я — бальны, бесскрыдлаты паэт!
Мо жыцця майго верш ужо спет, —
Дык няхай Вам хоць песня гавора,
Як бальны, бесскрыдлаты паэт
На гадзіну забыў сваё гора.
1909
