Лідскі замак. Кароткая гісторыя
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Лідскі замак. Кароткая гісторыя

Леанід Лаўрэш

Лідскі замак

Кароткая гісторыя






12+

Оглавление

Дык жа стой, харашэй і змагайся,

Замак мой, замак роду майго.

Станіслаў Суднік.

Ад аўтара

Горад Ліда і Лідчына заўсёды займалі важкае становішча ў гісторыі і культуры Беларусі. Зараз старажытны беларускі горад Ліда месціцца ў Гродзенскай вобласці і з'яўляецца цэнтрам Лідскага раёна. Знаходзіцца за 112 км на ўсход ад Гродна і 96 км на поўдзень ад Вільні. Горад з'яўляецца чыгуначным вузлом, ад станцыі Ліды адыходзяць чыгуначныя лініі на Гродна, Вільню, Маладзечна, Баранавічы. Плошча Ліды каля 25 км2, у горадзе жыве 103 262 чалавекі (на 1 студзеня 2025 года), на самым пачатку XX ст. — каля 10 000.

У горадзе працуе шэраг буйных прадпрыемстваў, маецца 14 агульнаадукацыйных сярэдніх школ, ліцэй, гімназія, каледж, музычны каледж, 2 прафесійныя каледжы, школа алімпійскага рэзерву, 53 дашкольныя ўстановы. Працуюць 5 паліклінік, цэнтральная раённая бальніца і міжабласная псіханеўралагічная бальніца «Астроўля».

Як і ўсе беларускія гарады, Ліда мае сваю працяглую і слаўную гісторыю.


Лідзяне не могуць уявіць свой горад без замка і іх заўсёды будзе цікавіць яго гісторыя і хваляваць яго лёс.

Дом маіх бацькоў стаяў зусім недалёка ад замка, і гэты помнік беларускай гісторыі і культуры з'яўляецца часткай майго дзяцінства. Таму я і пішу пра замак, бо ён — сэрца і пачатак горада, гонар і наша галоўная архітэктурна-гістарычная каштоўнасць.

Адзін з першых малюнкаў з выявай Лідскага замка i горада належыць мастаку Юзафу Пешку (19.02.1767 — 4.09.1831). Гэта акварэль паказвае замак і горад у пачатку XIX ст., на ёй бачны стаў вакол маляўнічых руін замка, на поўнач ад муроў — будынак фарнага касцёла, узведзены ў 1770 г.

Гэта кніга — толькі невялікі нарыс, у якім я, як аўтар, раскажу дасведчанаму чытачу не шмат новага ці раней невядомага. Мэта кнігі — коратка расказаць пра гісторыю замка ад пачаткаў да нашага часу, каб зацікаўлены чытач мог хутка атрымаць усю неабходную інфармацыю. У гэтым сэнсе я іду па шляху невялікай, але вельмі важнай у свой час кнігі нашага выбітнага гісторыка і даследчыка Лідскага замка Алега Трусава «Старадаўніх муроў адраджэнне. Мінулае і сучаснасць лідскага замка» (Мінск, 1990.), якая пэўна была першай кнігай, цалкам прысвечанай гісторыі замка, аднак пачаткам лідскага краязнаўства, бясспрэчна, стала кніга лепшага ў XX ст. знаўцы гісторыі Лідчыны Міхала Шымялевіча «Город Лида и Лидский замок: исторический очерк» (Вильна, 1905.).

Лідскі замак даследаваў Тэадор Нарбут, яго ўсебакова вывучалі Вандалін Шукевіч, кс. Казіцкі, Вацлаў Студніцкі, Пётр Пакрышкін, др. Лорэнц. Яўстах Тышкевіч першым вызначыў, што замкі ў Лідзе, Крэве, Гальшанах, Міры па сваім тыпажы блізкія да заходнееўрапейскіх. Але галоўную працу па вывучэнні замка зрабілі даследчыкі ў ХХ ст., прозвішчы якіх я ўзгадаю ў гэтым тэксце.

Пачаткі Ліды

У канцы 1933 г. у Лідзе на Выгане (тэрыторыя сучаснага гарадскога парка, пошты, школы №1 і педагагічнага каледжа) падчас земляных работ на зямлі, якая належала настаўніку Мар'яну Міхальчыку, была знойдзена вялікая колькасць чарапкоў, раскіданых на значнай тэрыторыі. Таўшчыня чарапкоў была характэрнай для вырабаў з керамікі старадаўніх часоў. Інжынер, які кіраваў работамі, пераслаў чарапкі ва Управу па кансервацыі (управа, якая займалася аховай помнікаў) у Вільні і прыпыніў работы.

Аналагічная кераміка была знойдзена таксама і ў трошкі іншай частцы Выгана. Абодва месцы знаходзіліся па краях ўчастка Міхальчыка. Была высунута ідэя, што на гэтым месцы знаходзілася гарадзішча ці паселішча. Лідскі стараста Багаткоўскі выклікаў у Ліду асістэнтку кафедры археалогіі Віленскага ўніверсітэта др. Хелену Цэгак (якая хутка стане вельмі вядомым і аўтарытэтным археолагам). З прыездам навукоўцаў плошча раскопак была пашырана і знойдзены новыя керамічныя чарапкі. Чарапкі мелі «славянскі стужкавы арнамент, які адносяць да племянных груп, што ішлі з усходу», і так стала вядома, што з XI па XIII ст. тут існавала славянскае паселішча. У Лідзе др. Хелена Цэгак знаходзілася разам са сваім будучым мужам і будучым вядомым археолагам Уладзімірам Галубовічам, які напісаў два газетныя артыкулы пра паселішча: «Знаходка старажытных слядоў чалавека ў Лідзе» і «Падарожжа ў невядомае».

У сваім другім артыкуле др. Галубовіч канстатаваў: «Можна ўжо рабіць высновы. Некалі ў акрэсе часу ад ХІ да ХІІІ ст. існавала на гэтым узвышшы славянскае паселішча. Сляды яго сёння цалкам знішчаны. Чаму славянскае? Чарапы посуду маюць славянскі стужкавы (пасьмавы) арнамент, характэрны для племянных груп, якія ішлі з усходу. Лідскі стараста Багаткоўскі зрабіў вялікую паслугу навуцы. На археалагічнай карце… з'явіцца новы знак, які паказвае, што на тэрыторыі Выгана знойдзены сляды побыту славян у раннегістарычную эпоху ў нашым краі»[1].

Можна зрабіць выснову, што знойдзенае на Выгане паселішча — гэта і ёсць Ліда, пра якую пісаў Нарбут, Ліда, заснаваная ў 1180 г.

Істотным з'яўляецца тое, што і брат-блізнюк нашага замка — замак у Крэве, быў таксама пабудаваны недалёка ад старога славянскага гарадзішча. Працытую фрагмент з тэксту даследчыка Крэўскага замка, гісторыка Алега Дзярновіча: «Старажытнае ўмацаванае паселішча Крэва выяўлена за 2 км ад замка, па Смаргонскаму шляху, у межах сённяшняга разлеглага мястэчка Крэва. … Стала неспадзяваным, што выяўленыя крэўскія матэрыялы цалкам адпавядаюць матэрыяльнай культуры гарадоў Усходняй Еўропы, ці, інакшымі словамі — Старажытнай Русі.

Паводле гэтага комплексу артэфактаў… можна сцвярджаць аб прысутнасці на Крэўскім гарадзішчы ўсходнеславянскага насельніцтва ў ХІ–ХІІІ стст.».

Вядома, што і другі сваяк нашага замка — замак ў Медніках (Мядзінінкаі), таксама быў пабудаваны недалёка ад шчыльнай драўлянай забудовы старога паселішча, культурныя слаі якога выявілі археолагі. Заўважу, што ў «Списке русских городов дальних и ближних» (канец XIV ст.) разам з мноствам несумненна старабеларускіх гарадоў, такіх, як Полацак, Мінск, Слуцак, Віцебск і г. д., прысутнічаюць таксама і Меднікі. Аўтарытэтны беларускі археолаг Эдвард Зайкоўскі лічыў, што гэты спіс складзены яшчэ ў часы Гедыміна.

Магчыма таму даследчык гісторыі ВКЛ Стэфан К. Роўэл пісаў, што «… медніцкі, лідскі і крэўскія замкі былі перабудаваныя на мураваныя», магчыма, Роўэл лічыў верагодным існаванне папярэднікаў мураваных замкаў, якія стаяць і сёння.

Грунтуючыся на фактах, можна высунуць гіпотэзу, што гэтыя замкі адмыслова будаваліся каля славянскіх гарадзішчаў на мяжы з балцкім насельніцтвам.

Водная сістэма г. Ліды, прамаляваная на аэрафотаздымку красавіка 1944 г., месцазнаходжанне «Ліды Нарбута» і лідскага замка. Цікава, што горад Ліда 16–18 стст. стаяў як раз паміж «Лідай Нарбута» і лідскім замкам.

Працяглы час лічылася, што старая Ліда знаходзіцца пад нашым замкам. І толькі, калі да меркаванага юбілею горада ў 1980 г. археолагі не знайшлі старой Ліды ні пад замкам, ні каля яго, было прынята дзіўнае і нічым не абгрунтаванае рашэнне значна амаладзіць Ліду. Цікава, што сярод вялікай колькасці пляцовак у нашым горадзе, дзе праводзіліся раскопкі і бурэнні, беларускія археолагі праводзілі раскопкі на дзвюх пляцоўках, якія знаходзяцца прыкладна за 100 м ад старой Ліды, але ў той час лёс быў супраць яе адшукання…

Той самы «Мар'ян Міхальчык», на пляцы якога была старая Ліда, знайшоўся ў маіх базах дадзеных, у тэлефонным даведніку 1939 г., у якім маецца наступны радок: « [тэлефон №] 171 — Міхальчык Мар'ян, 11-га Лістапада, 2». Тагачасная вуліца 11-га лістапада сёння мае назву 7-га лістапада. Дом №2 выходзіў проста на вуліцу Міцкевіча, якая ў сучасным выглядзе з'явілася толькі пасля адкрыцця пошты. Улічваючы, што ўчастак дома №2 Міхальчыка, магчыма, зараз часткова знаходзіцца пад вуліцай Міцкевіча і на тэрыторыі сучаснага парку, а таксама тое, што археолагамі «была знойдзена вялікая колькасць чарапкоў, раскіданых на значнай тэрыторыі… чарапкі таксама былі знойдзены ў іншай частцы Выгана», і «з прыездам археолага плошча раскопак была пашырана» ў бок Выгана, дык старая Ліда, павінна займаць тэрыторыю сучаснага дома №2 па вуліцы 7-га Лістапада і паўдзённую частку парку насупраць гэтага дома.

Каардынаты меркаванага цэнтра гэтага старажытнага паселішча: 53.89506085696649, 25.293034591800847.

«Ліда Нарбута» на аэрафотаздымку красавіка 1944 г. і сучасным здымку з гугль-карты. 1 — Дом Мар'яна Міхальчыка №2 па вуліцы 11-га Лістапада (7-га Лістапада), 2 — Лідская пошта па вуліцы Міцкевіча, 3 — тагачасная школа, сучасная школа №1.

Некалькі словаў, пра тое што такое Выган. Практычна любы беларускі горад у старыя часы меў так званую «Ферму» — месца дзе гараджане мелі свае гароды, і «Выган» — месца дзе гараджане пасвілі сваю жывёлу. На аэрафотаздымку 1944 г., я прамаляваў водную сістэму нашага горада, добра бачна, што наш замак Гедыміна стаіць на зліцці рэк Лідзейкі і Каменкі, а старая Ліда месцілася на ўзгорку сярод двух рукавоў рэчкі Каменкі — у абодвух выпадках паселішча і замак добра засланяліся ад нападнікаў рэкамі і дрыгвой. Пэўна, замак быў перанесены прыкладна на 1 км на поўдзень (у такое ж самае балоцістае месца зліцця Лідзейкі і Каменкі) з-за адсутнасці адпаведнага па памерах пляца, неабходнага для будаўніцтва вялікага мураванага замка ў старой Лідзе паміж рукавамі Каменкі.

Вядома, што ў нашым рэгіёне пераважаюць балцкія назвы рэк, аднак рэчка Каменка мае цалкам славянскую назву, якая паходзіць ад слова «камень». Магчыма, з-за наяўнасці тут камянёў і была выбрана пляцоўка для Лідскага замка. Бо цяжка сабе ўявіць, каб у той час мелася магчымасць перавозіць такую колькасць камянёў на вялікую адлегласць. Калі гэта так — дык у сценах нашага замка мы бачым камяні з берагоў рэчкі Каменкі. Але гэта толькі гіпотэза.


Было б цудам, каб у глыбіні зямлі на вызначанай тэрыторыі «Ліды Нарбута» яшчэ заставаліся нейкія археалагічныя артэфакты, але пасля знаходкі дакладнага месца старога беларускага паселішча, тут трэба было б усталяваць памятны знак, ролю якога зараз выконвае вядомы ўсім лідзянам знак «Я люблю Ліду», які стаіць прыкладна на паўночнай мяжы былога гістарычнага паселішча.

Як па мне, дык гэта і сёння самая прыгожая частка нашага горада.

 Holubowirc Włod. Wyprawa po nieznane // Kurіer Wileński. №292 (2833). 30 października 1933.

 Holubowirc Włod. Wyprawa po nieznane // Kurіer Wileński. №292 (2833). 30 października 1933.

Пачаткі Лідскага замка

Такім чынам, к моманту пачатку будаўніцтва Лідскага замка, недалёка ад яго на рэчцы Каменцы ўжо існаваў населены пункт.

Лідскі замак — помнік абарончага дойлідства XIV стагоддзя, пачатак яго будаўніцтва адносяць да 1323 года. Замак уваходзіў у лінію ўмацаванняў Наваградак — Крэва — Меднiкi — Трокi. З пункту гледжання архітэктуры ён спалучае рысы раманскага стылю і ранняй готыкі. Пабудаваны на пясчаным узгорку (вышэй 5–6 м) і раней быў абкружаны балоцістымі берагамі рэк Лiдзеi і Каменкі, а

...