автордың кітабын онлайн тегін оқу Гісторык Юстын Нарбут. Яго навуковая дзейнасць, сям’я і сядзіба, яго дачка Каміла
Леанід Лаўрэш
Гісторык Юстын Нарбут
Яго навуковая дзейнасць, сям’я і сядзіба, яго дачка Каміла
Шрифты предоставлены компанией «ПараТайп»
© Леанід Лаўрэш, 2025
У кнізе расказваецца пра гісторыка Юстына Нарбута, яго працу, яго сям’ю, сядзібу і яго час.
У дадатках друкуецца аповесць дачкі Юстына Камілы Юрэвіч з Нарбутаў.
ISBN 978-5-0067-7878-8
Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero
Оглавление
Першым вядомым нам гісторыкам на Лідчыне, які пачаў навуковую працу раней за свайго сваяка Тэадора, быў Юстын Нарбут. У гэтай кнізе я пастараюся падсумаваць усю знойдзеную інфармацыю пра гэтага чалавека, яго сям’ю і яго навуковую працу. Асаблівая ўвага будзе звернута на дачку Юстына Камілу Юрэвіч з Нарбутаў і ў дадатку да кнігі будзе надрукаваны пераклад яе невялікай аповесці.
Жыццё Юстына Нарбута
Дачка Юстына Нарбута Каміла пісала пра свайго тату:
«Сын дыгнітарыя (саноўніка, вяльможы — Л. Л.), мой бацька нарадзіўся і вырас у дастатку, але калі потым страціў багацце, дык абыякава прыняў зменлівы лёс і ніколі не марыў пра новыя ласкі няўстойлівай фартуны.
Ветлівы да ўсіх, ён умеў цаніць асабістыя якасці кожнага чалавека, але меў адну загану — часам выхваляўся перад сябрамі старажытнасцю свайго роду, які выводзіў з адной крыніцы з Радзівіламі, ад паганскага архісвятара Ліздзейкі»[1].
Вядома, што ў чэрвені 1792 г. Юзаф Нарбут хадайнічаў аб уладкаванні свайго сына Юстына ў двор караля[2], што ў асноўных рысах супадае з інфармацыяй Камілы: «… бацька яшчэ ў калысцы атрымаў мачаху, бо мой дзед, калі быў дэпутатам на сойм у Варшаве, зноў ажаніўся на шасцідзесятым годзе жыцця. Маладая жонка мела гарэзлівы шарм і сапсаванае сэрца, яна хутка наставіла яму рогі і растраціла багацце. Няшчасны сірата ад першага шлюбу пасля заканчэння школы быў адпраўлены да генерала Касцюшкі, які 17-ці гадоваму юнаку надаў годнасць афіцэра, праз тры месяцы тату прысвоілі званне капітана.
Неўзабаве скончылася вайна: змяніўся палітычны лад. Бацьку вызвалілі ад службы, і некаторы час ён жыў у Варшаве. Адбываў некалькі дзяржаўных службаў у Літве. Нарэшце ўбачыў цалкам спустошаны нягоднай мачахай маёнтак і з'ехаў да аднаго са сваякоў у Беларусь, дзе яму здарылася добра ажаніцца»[3].
Удзельнік паўстання Тадэвуша Касцюшкі, Юстын Нарбут у чыне палкоўніка камандаваў пяхотным палком у бітве пад Соламі 25.06.1794 г.
Вядома, што Юстын Нарбут — выхаванец вышэйшай школы Вялікага Княства Літоўскага (універсітэта), быў жанаты з Петранелай Сабаньскай. Яго дачка Каміла пісала пра свайго дзеда па маці: «Мой дзед па матчынай лініі, як і яго продкі, заўсёды збіраў мясцовых беднякоў на Панскую Вячэру. Аднойчы сабралася амаль сто чалавек. Пасля свята яны ўжо збіраліся сыходзіць, калі мая цётка, трынаццацігадовая дзяўчынка, якая па загаду бацькоў дзяліла паміж імі грошы, міжволі прайшла міма старой жанчыны, якая, п'яная ці са злосці, так моцна схапіла дзяўчынку за руку, што тая з крыкамі ад болю, пабегла скардзіцца бацьку. „Я рады гэтаму ўроку для цябе, — холадна адказаў мой добры дзед, — бо нельга праходзіць міма беднага чалавека без міласціны“»[4].
Ажаніўшыся, Нарбут стала жыў у Лідскім павеце, у маёнтку Юршышкі (зараз вёска Юршышкес у Літве, каля Эйшышкаў), у 1820 г. быў членам межавога суда Лідскага павета[5].
Маёнтак Юршышкі меў шэсцьсот дзесяцін зямлі. Захавалася статыстычнае апісанне гэтага маёнтка, створанае ў 1846–1849 гг.[6] Юршышкі знаходзіліся за 63 вярсты ад Вільні, за 42 вярсты ад Ліды і за 8 вёрст ад Эйшышак, да паштовай дарогі з Ліды ў Вільню было каля 27 вёрст. У 1846 г. тут жылі 68 прыгонных сялян — 39 мужчын і 29 жанчын, якія павінны былі адпрацаваць 3 дні паншчыны на тыдзень і па 6 гвалтаў на жніво. А яшчэ яны мелі начныя варты, рамантавалі дарогі і адпрацоўвалі іншыя работы. Сялян-мужчын аддавалі ў рэкруты. За дробныя правіннасці выносіліся вусныя папярэджанні, але часам сялян каралі фізічна. У панскім двары мелася сем слуг — чатыры мужчыны і тры жанчыны.
Больш за палову тэрыторыі маёнтка займаў лес, і таму меліся ідэальныя ўмовы для галоўнай забавы тагачаснай шляхты — палявання, а галоўным прыбыткам сядзібы быў гандаль лесам. Плошча ворнай зямлі ў Юршышках была вельмі невялікай — ледзь толькі пятая частка ад усёй зямлі маёнтка. Зямлю апрацоўвалі канём ці запрэжкай з двух валоў. І панскія, і сялянскія землі ляжалі ў нізіне, і таму глеба ў Юршышках была прыдатнай для сяўбы пшаніцы, ячменю, аўсу. Вырошчвалі таксама каноплі, лён, гарох, фасолю, капусту, цыбулю, бульбу. У гаспадарцы меліся 30 кароў звычайнай пароды, 6 рабочых коней і 12 авечак. Быў і вінакурны завод, але ён выкарыстоўваўся толькі для ўнутраных патрэб. Прадукты, вырашчаныя ў маёнтку, прадаваліся ў Вільні, Эйшышках ці проста на месцы.
Вядома, што Юстын і Петранела Нарбуты 20.09.1835 г. прадалі за 3525 рублёў Яну Антонію Канапацкаму (сыну Казіміра) маёнтак Сумарокаўшчына[7].
Панскі дом у Юршышках быў драўляны, аднапавярховы, ацэнены ў 1000 рублёў срэбрам. А гаспадарчыя пабудовы двара — гумно, стайні, куратнік — у 935 рублёў срэбрам. Трэба дадаць, што Юршышкі, як і суседнія Шаўры Тэадора Нарбута (паміж імі 28 км), былі сядзібай-архівам. У маёнтку захоўвалі не толькі збожжа на выпадак голаду (а ён звычайна наведваў Юршышкі раз на тры гады), але і вельмі каштоўныя гістарычныя дакументы, якімі карыстаўся ў тым ліку і Тэадор Нарбут, і менавіта тут упершыню на гістарычнай Лідчыне пісалася гісторыя ВКЛ[8].
Магчыма, галоўнай справай Юстына Нарбута было вывучэнне гісторыі роднага краю. У 1818 г. у Гародні выйшла з друку яго першая кніга «Нарыс першавытокаў ліцвінскага народа» («Rys pierwiastków narodu litewskiego, z różnych dawnych autorów zebrany»), якая змяшчае звесткі пра гісторыю і міфалогію. Гэта невялікая па фармаце для таго часу кніга in-quarto (у чацвёртую частку ліста, памеры старонкі — 24,15 — 30,5 см) мае 56 старонак, аўтар пазначаны крыптонімам «J. M.» Невялікі наклад кнігі хутка разышоўся, і ў 1820 г. выйшла яе другое выданне, якое мела тую самую назву, але на гэты раз на вокладцы была пададзена імя аўтара кнігі. Першую кнігу Юстына Нарбута сучаснікі амаль што не заўважылі, і гэты твор нібы растварыўся ў часе. Але, паўтаруся, гэта была першая кніга пра нашу гісторыю, напісаная на гістарычнай Лідчыне.
У 1842 г., незадоўга да смерці аўтара, у Вільні выйшла другая кніга Юстына Нарбута «Унутраная гісторыя літоўскага народа з часоў Яна Сабескага і Аўгуста II…» («Dzieje wewnętrzne narodu litewskiego z czasów Jana Sobieskiego i Augusta II, królów panujących w Polsce; wyciąg z różnych notacyów i manuskryptów.» T. 1–2, 1842 г., 2-е выд. 1843 г.).
Другая кніга Юстына Нарбута выклікала сапраўдную ўвагу з боку інтэлектуальнай эліты таго часу — дастаткова сказаць, што рэцэнзію на яе напісаў сам Юзаф Крашэўскі. У гэтай працы аўтар галоўным чынам апісаў гісторыю барацьбы паміж біскупам Канстанцінам Бжастоўскім і гетманам Казімірам Сапегам у 1693–1701 гг., якая скончылася бітвай пад Алькенікамі. Дарэчы, вядома, што ад лідскай шляхты акт канфедэрацыі ў Алькеніках у 1700 г. падпісалі продкі маёй жонкі Стэфан і Казімір Хрулі[9].
Гісторыкі лічаць, што, магчыма, інспіратарам напісання гэтай кнігі быў нехта з Сапегаў, бо Юзаф Крашэўскі ў рэцэнзіі на яе ставіць у віну аўтару празмернае абяленне Сапегаў і ачарненне біскупа Бжастоўскага, асабліва ў другім томе гэтай працы, а таксама невыкарыстанне Нарбутам шэрагу крыніц, напрыклад, багатага збору лістоў Андрэя Хрызастома Залуцкага.
Сёння абодва гэтыя, напісаныя ў Юршышках творы, для нас аднолькава каштоўныя. Першы — бо ён з'яўляецца адным з першых даследаванняў гісторыі ВКЛ, другі, хоць ён ахоплівае толькі дзевяць гадоў з 1693 па 1702, бо вельмі добра перадае дух эпохі. Важна, што праз усю другую кнігу чырвонай ніткай праходзіць галоўная выснова Юстына Нарбута — вераломства і нянавісць разбураюць дзяржаву. Гісторык гаворыць пра катастрафічныя наступствы палітычных інтрыг для жыцця краіны. Таму князі Сапегі ў кнізе Нарбута, нібы апошнія магікане Вялікага Княства Літоўскага, спрабуюць супрацьстаяць хаосу, які ахоплівае дзяржаву. Па меркаванні Нарбута, разам з выключэннем Сапегаў з палітычнага жыцця, заканчваецца і само ВКЛ. «На гэтым перыядзе я спыняю сваё пяро, якое апісвае гісторыю Літвы, бо ў наступныя часы пачынаюцца ўплывы суседніх народаў, і да гэтых часоў я не смею дакрануцца», — заканчвае Юстын Нарбут сваю кнігу[10].
Дачка Каміла пісала: «Мой тата быў прыгожы ў маладосці, бо і ў сталым узросце ён меў прыгожую і высакародную постаць. Меў мяккі характар, яго здаровы розум быў адшліфаваны адукацыяй, быў добрым грамадзянінам, суседам, паблажлівым панам для слуг і сялян, яго любілі тыя, хто ведаў блізка. У добрай кампаніі бацька жартаваў і мог лёгка выказваць свае самыя складаныя думкі. Ён любіў літаратуру і сам любіў пісаць. Нават выдаў два невялікія гістарычныя творы, а пераклад з французскай гісторыі пра Генрыха IV пакінуў у рукапісе»[11].
Як бачым, у рукапісе застаўся яшчэ і пераклад кнігі пра Генрыха IV.
Таксама нам вядомы рукапіс Юстына Нарбута пра наведванне царом Пятром І родных мясцін гісторыка. Нарбут перадаў рукапіс Адаму Кіркору, які надрукаваў яго ў розных крыніцах[12]. У адным са сваіх артыкулаў і я карыстаўся гэтым тэкстам.
Юстын Нарбут памёр 25 верасня 1845 г. ва ўзросце 72 гады і быў пахаваны на віленскіх могілках Росы, надмагільны помнік-камень з надпісам паставіла па бацьку дачка Каміла[13]. Помнік-камень, памерам 90 на 100 см, мае адшліфаваную пярэднюю частку, на версе якой выбіты выпуклы крыж, нахілены ўлева, а ўнізе выгравіраваны надпіс:
«ПАРЭШТКІ / С. П. / ЮСТЫНА НАРБУТА / ПАЛКОЎНІКА / ПАМЁР У ВЕРАСНІ 1845 г. / 25-ГА ДНЯ ВА ЎЗРОСЦЕ 72-ГАДЫ / АД УДЗЯЧНАЙ ДАЧКІ / К. НАРБУТ //.»[14]. Адрас пахавання, Старыя Росы, сектар — 12, нумар магілы — 0038.
Тэадор Нарбут пісаў у Вільню свайму сябру, бібліяфілу і доктару Аніцэту Рэніеру[15]: «Сумнай для мяне навіной стала смерць с. п. Юстына Нарбута, бо стары меў моцнае здароўе і хуткая дапамога добрага лекара магла б яго ўратаваць. Шляхетная Каміла 2 верасня (відочна, па юліянскім календары — Л. Л.) пісала мне, што яе бацька вось ужо 10 дзён як хворы, яна хацела ведаць, ці не гасцюеш ты ў мяне ў Шаўрах, і я радзіў ёй паслаць па цябе ў Вільню. Развітаўся з нябожчыкам 14 верасня (27 верасня па грыгарыянскім календары Л. Л.)»[16].
Адзначу, што Тэадор Нарбут быў дастаткова далёкім сваяком Юстына. Лінія Тэадора пайшла ад лідскага маршалка Казіміра Нарбута (нар. каля 1650 г., жанаты з Мар'янай Навіцкай), які быў родным братам Міхала Нарбута — дзеда Юстына. Лідскі маршалак Казімір Нарбут з'яўляўся прадзедам гісторыка Тэадора Нарбута. Як бачым, паміж Юстынам і Тэадорам атрымаўся зрух на адно пакаленне, і таму бацька Тэадора Нарбута — Яўхім, быў траюрадным братам Юстына[17]. Але ў традыцыях тых часоў, нават самыя далёкія сваякі называліся кузынамі і паміж імі падтрымліваліся сваяцкія адносіны, якія, як бачым з ліста Тэадора Нарбута, меліся і паміж гэтымі дзвюма галінамі рода.
З тэкстаў Камілы Нарбут[18] бачна, што яна неаднаразова сустракалася з Тэадорам Нарбутам і слухала яго расказы пра нашу гісторыю.
У гістарычным архіве Летувы захоўваецца рукапіс успамінаў Камілы Нарбут пра Тэадора Нарбута[19], якія надрукаваны ў маёй кнізе пра нашага славутага гісторыка з Шаўроў[20]. Сярод іншага, з яе тэксту даведваемся, што сярод найважнейшых гістарычных экспанатаў, якія Тэадор Нарбут збіраў ўсё жыццё, у маёнтку Шаўры меліся рыцарскія даспехі і «ідал» — каменная статуя ўяўнай багіні кахання. Калі Каміла наведала Шаўры ўжо пасля смерці гісторыка, пасля секвестру маёнтка і вывазу яго збораў у Вільню, яна напісала: «У прасторным жылым доме, у якім мелася грунтоўная бібліятэка і вялікая калекцыя археалагічных старажытнасцей, цяпер пануе страшэнная пустата. Няма ўжо застаўленых кніжных шафаў, няма бронзавага літоўскага бога вайны, якім так ганарыўся наш гісторык»[21].
Лаўрэш Леанід. Тэадор Нарбут. Навуковая і літаратурная дзейнасць, сям’я і сядзіба, яго час. Издательские решения, 2025. С. 153–158.
LVIA. F. 1135, Ap. 11, B. 4. Lap. 103r–105v. Jurewiczowa z Narbuttów Kamilla. Wspomnienie o Dziejopisie Litwy Teodorze Narbucie, 1875. Lap. 105.
Гл: Jurewiczowa Kamilla. Kolęda Kamilli Narbut dla kuzynek i przyjaciółek na rok 1852. Wilno, 1852.
LVIA. F. 1135, Ap. 11, B. 4. Lap. 103r–105v. Jurewiczowa z Narbuttów Kamilla. Wspomnienie o Dziejopisie Litwy Teodorze Narbucie, 1875.
Polski Słownik Biograficzny. Wrocław — Warszawa — Kraków — Gdańsk, 1977. T. XXII. S. 533.
Jurewiczowa Kamilla. Kolęda Kamilli Narbut dla kuzynek i przyjaciółek na rok 1852. Wilno, 1852. S. 13.
Trzy razy jeden. Obrazek z XVIII wieku Kamille z Narbuttów Jurewicz. Wilno. 1855. S. 146.
Jurewiczowa Kamilla. Kolęda Kamilli Narbut dla kuzynek i przyjaciółek na rok 1852. S. 14.
Гл: LVIA. F. 394. Ap. 4. B. 757. L. 1–11. Статистическое описание усадьбы Юршишки. 1846–1849.
Polski Słownik Biograficzny. T. XXII. S. 533.
Reda Griškaitė. Dvaras kaip «archyvas»: bajorija ir Lietuvos istorijos tyrimai (XIX a. 4–7 d.) // Metai. 2016. №10. Vilnius. P. 136–138.
Malewski Czesław. Rodziny szlacheckie na Litwie w XIX wieku. Powiaty lidzki, oszmiański i wileński. Warszawa, 2016. S. 108.
Лаўрэш Леанід. Лідскія Хрулі герба «Праўдзіч» // Герольд Litherland. 2022, №23. С. 148.
Kronika Rodzinna. Nr. 13. 1888. S. 396.
Нарбут А. Н. Нарбуты Гродненской губернии. Москва, 1998. С. 49–50.
ZWŁOKI / S. P. / JUSTYNA NARBUTTA / PUŁKOWNIKA / ZMARŁEGO 1845 ROKU WRZEŚNIA/ 25 DNIA WIEKU LAT 72 / PRZEZ WDZIĘCZNOŚĆ CÓRKA / K. NARBUTTA //.
Пра яго гл: Лаўрэш Леанід. Бальтазар Калясінскі, Аніцэт Рэніер і Каятан Дарашкеіч // Лідскі летапісец. 2021. №1 (93). С. 37–44; Лаўрэш Леанід. Апошні беларускі базыльянін XIX ст. // Наша слова. №28 (1439), 10 ліпеня 2019; Яшчэ раз пра Летаўта // Наша слова. №31 (1442), 24 ліпеня 2019.
Материалы для географии и статистики России собранные офицерами Генерального штаба. Виленская губерня. Санкт-Петербург, 1861. С.748–755.
Polski Słownik Biograficzny. T. XXII. S. 533.
Narbutt J. Dzieje wewnętrzne narodu litewskiego, z czasów Jana Sobieskiego i Augusta II, królów panujących w Polsce, wyciąg z różnych notacjów i manuskryptów. T. 2. Wilno, 1842. S. 97.
Jurewiczowa Kamilla. Kolęda Kamilli Narbut dla kuzynek i przyjaciółek na rok 1852. S. 13.
Jurewiczowa Kamilla. Kolęda Kamilli Narbut dla kuzynek i przyjaciółek na rok 1852. Wilno, 1852. S. 13.
Polski Słownik Biograficzny. Wrocław — Warszawa — Kraków — Gdańsk, 1977. T. XXII. S. 533.
Jurewiczowa Kamilla. Kolęda Kamilli Narbut dla kuzynek i przyjaciółek na rok 1852. S. 14.
Trzy razy jeden. Obrazek z XVIII wieku Kamille z Narbuttów Jurewicz. Wilno. 1855. S. 146.
Polski Słownik Biograficzny. T. XXII. S. 533.
Гл: LVIA. F. 394. Ap. 4. B. 757. L. 1–11. Статистическое описание усадьбы Юршишки. 1846–1849.
Malewski Czesław. Rodziny szlacheckie na Litwie w XIX wieku. Powiaty lidzki, oszmiański i wileński. Warszawa, 2016. S. 108.
Reda Griškaitė. Dvaras kaip «archyvas»: bajorija ir Lietuvos istorijos tyrimai (XIX a. 4–7 d.) // Metai. 2016. №10. Vilnius. P. 136–138.
Лаўрэш Леанід. Лідскія Хрулі герба «Праўдзіч» // Герольд Litherland. 2022, №23. С. 148.
Narbutt J. Dzieje wewnętrzne narodu litewskiego, z czasów Jana Sobieskiego i Augusta II, królów panujących w Polsce, wyciąg z różnych notacjów i manuskryptów. T. 2. Wilno, 1842. S. 97.
Jurewiczowa Kamilla. Kolęda Kamilli Narbut dla kuzynek i przyjaciółek na rok 1852. S. 13.
Материалы для географии и статистики России собранные офицерами Генерального штаба. Виленская губерня. Санкт-Петербург, 1861. С.748–755.
Polski Słownik Biograficzny. T. XXII. S. 533.
ZWŁOKI / S. P. / JUSTYNA NARBUTTA / PUŁKOWNIKA / ZMARŁEGO 1845 ROKU WRZEŚNIA/ 25 DNIA WIEKU LAT 72 / PRZEZ WDZIĘCZNOŚĆ CÓRKA / K. NARBUTTA //.
Пра яго гл: Лаўрэш Леанід. Бальтазар Калясінскі, Аніцэт Рэніер і Каятан Дарашкеіч // Лідскі летапісец. 2021. №1 (93). С. 37–44; Лаўрэш Леанід. Апошні беларускі базыльянін XIX ст. // Наша слова. №28 (1439), 10 ліпеня 2019; Яшчэ раз пра Летаўта // Наша слова. №31 (1442), 24 ліпеня 2019.
Kronika Rodzinna. Nr. 13. 1888. S. 396.
Нарбут А. Н. Нарбуты Гродненской губернии. Москва, 1998. С. 49–50.
Гл: Jurewiczowa Kamilla. Kolęda Kamilli Narbut dla kuzynek i przyjaciółek na rok 1852. Wilno, 1852.
LVIA. F. 1135, Ap. 11, B. 4. Lap. 103r–105v. Jurewiczowa z Narbuttów Kamilla. Wspomnienie o Dziejopisie Litwy Teodorze Narbucie, 1875.
Лаўрэш Леанід. Тэадор Нарбут. Навуковая і літаратурная дзейнасць, сям’я і сядзіба, яго час. Издательские решения, 2025. С. 153–158.
LVIA. F. 1135, Ap. 11, B. 4. Lap. 103r–105v. Jurewiczowa z Narbuttów Kamilla. Wspomnienie o Dziejopisie Litwy Teodorze Narbucie, 1875. Lap. 105.
Радавод Юстына Нарбута
Спынімся трошкі на радаводзе Юстына Нарбута.
Прадзед Юстына — лідскі падкаморы Уладзіслаў
