Ашуканае Сэрца
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Ашуканае Сэрца

Юлія Сяргееўна Макарэвіч

Ашуканае Сэрца






12+

Оглавление

Ашуканае сэрца

Позняй купальскай ноччу блытаюцца дарогі, зоркі мяняюць сваё становішча, а малойцы губляюць галаву ад зазовак, што заводзяць іх у гушчар і губяць там. Некаторыя адпраўляюцца на пошукі кветкі папараці, каб выканаць свае самыя запаветныя жаданні, іншыя ж самі твораць свой лёс. Цудоўная і бясконца цёмная Купальская ноч для падарожнікаў і незнаёмцаў.

Алесь прайшоў па хаце, зачапіў галавой саламянага павука, падвешанага да столі. Абярэг трывожна захістаўся, быццам спрабаваў зазваніць у саламяныя званочкі і сагнаць саламяных птушак, якія на ім прымасціліся. Хлопец зірнуў на падкову над дзвярыма, у думках просячы аб поспеху. Вузельчык з патрэбным скарбам быў ужо складзены каля парога, і Алесь захапіў яго з сабой.

У вячэрнім паветры пахла травой, кветкамі і цяплом вогнішчаў. Алесь далучыўся да карагода, а затым да спеву традыцыйных купальскіх песень, але адчуваў, быццам бы ён тут чужы. Голас не хацеў вымаўляць знаёмыя словы.

Упушчу цябе Купаленька,

Прыйму сэрцам шчырым;

Паіць буду мёдам, півам,

Карміць буду сырам.

У галаве шумела, а вочы ніяк не маглі запрыкмеціць галоўнае. Фарбы блыталіся, змешваліся пахі, гукі зліваліся.

Ты ж Купаленька,

Ночка маленька,

— Ды дзе ж ты была?

— За гарой была.

— Што рабіла?

— Кужалі прала, ткала, бяліла.

Алесь углядаўся ў знаёмыя твары, але ніяк не мог разгледзець сваю нарачоную. Ванда не прыйшла на вогнішча, дзе сабралася ўся моладзь, каб расказаць гісторыі аб гэтай ночы.

— …А я нават касну бачыла! — загаварыла Паўлінка. — Хвост у яе, як у змяі, а крылы дакладна як у птушкі. І ўсё цягнецца, каб высмактаць кроў!

— Хлусіш ты ўсё, — хутка абарвала яе Соня. — Дзе ж ты яе бачыла?

— У лесе, калі папараць-кветку шукала! Потым каснаў разагнаў пан нейкі, ён таксама па пошукі кветкі пайшоў.

Алесь напружыўся. Ванда кожны год кідалася шукаць кветку, быццам знойдзе яе — і зменіцца нешта важнае. Гэтым разам і Алесь паабяцаў далучыцца да пошукаў, бо менавіта сёлета вырашыў, што лепшай дзяўчыны яму не адшукаць. Ніводная, акрамя яе, не ўмела так строга глядзець і гэтак заразліва гучна смяяцца. Няўжо ж Алесь не змог бы здабыць кветку, калі ёй так хочацца? Ды ён і месяц бы з неба зняў, калі б пажадала.

— А дзе Ванда? — рассеяна спытаў Алесь.

Паўлінка ўся сціснулася.

— Не ведаю. Кветку трэба адной шукаць, іначай не з’явіцца.

Алесь падхапіўся на ногі. Турбота запаўняла ўсе думкі.

— А дзе ты гэтага пана сустрэла?

Паўлінка махнула рукой і ён павольна, як зачараваны, пайшоў да паказанага месца. Ля самага берага ракі паказаўся чарнявы і каржакаваты Янка, які толькі на імгненне пакінуў у баку агульную весялосць.

— Чаго застыў, Алесь? — крануў яго за плячо Ян цёплай шырокай далонню. — Хапай вянок прыгажэйшы — і годзе.

— Ці бачыў Ванду? — разгублена азваўся Алесь. Усе думкі засяродзіліся на ёй, усе імкненні.

Ян нахмурыўся, над пераноссем утварыліся пацешныя маршчынкі, якія зрабілі яго падобным на вожыка.

— Алесь, што з табой? — ляпнуў па спіне Янка. Цені ад вогнішча так ляглі на зморшчыну паміж броваў, што Янка здаваўся злавесным і непрыемным.

Алесь бы з радасцю растлумачыў, але ў яго галаве не было аніводнага слова. У вачах пекла, быццам у іх трапіў пясок або парушынка.

— Пачуццё ў мяне нейкае брыдкае, — буркнуў сабе пад нос Алесь. І, спрабуючы выглядаць больш упэўнена, пастукаў па грудзях. — Вось тут.

Янка, на здзіўлення, не засмяяўся. Маршчынкі разгладзіліся, і ён зноў ператварыўся ў старога сябра. На яго твары застыў выраз турботы. Прыгадаў, дакладна, гісторыю, як з суседняй вёскі дзяўчына купальскай ноччу згінула. Любіць паскуддзе ноч гэтую, гаспадарыць на зямлі, як у сябе ў хаце.

— Ты ж нарачоны яе, значыць і на самай справе трэба знайсці, — сур'ёзна адгукнуўся Янка, сажмурыўшы чорныя, як бяззорная ноч, вочы. — Можа, дапамагчы табе? З табой пайсці?

...