Леанід Лаўрэш
Фарны касцёл у Лідзе
Шрифты предоставлены компанией «ПараТайп»
© Леанід Лаўрэш, 2026
Кароткая гісторыя рыма-каталіцкага веравызнання ў горадзе Ліда (Беларусь) і фарнага касцёла. Асобы, падзеі, архітэктура, мастацтва.
ISBN 978-5-0069-3035-3
Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero
Оглавление
Пачаткі
Гісторыя Ліды сягае ў глыб стагоддзяў, але дата заснавання горада да апошняга часу выклікала спрэчкі ў даследчыкаў, якія падавалі супярэчлівыя звесткі пра час узнікнення Ліды: ад 1180 да 1380 г. Аднак сёння можна з адноснай упэўненасцю казаць пра існаванне паселішча на тэрыторыі Ліды ўжо ў XII ст., рэшткі якога былі знойдзены ў 1930-х гг. Цікавым і важным для нас з'яўляецца тое, што паселішча гэта было славянскім, а не балцкім, як пра тое пісаў Тэадор Нарбут, пры тым, што датыроўка археолагаў адносна добра супадае з датай заснавання нашага горада, якую Нарбут дае як 1180 г.
На працягу 1323—1328 г. Гедымін пабудаваў каля паселішча Ліда, заснаванага паміж Х-ХІІ ст., магутны мураваны замак з байніцамі і чатырохпавярховай вежай. З 30-х г. XIV ст. Ліда пачынае фігураваць у кантэксце розных падзей, на старонках летапісаў і хронік Вялікага Княства Літоўскага і горад упершыню згадваецца ў адзін год са сталіцай дзяржавы Вільняй. Верагодна, большасцю насельнікаў Ліды былі язычнікі.
Каля магутнага замка рос горад, і ў ім паступова распаўсюджвалася хрысціянства. У першай палове XIV ст. горад, у першую чаргу дзякуючы замку, з'яўляўся адным з рэгіянальных ваенна-адміністрацыйных цэнтраў ВКЛ. Ліда стала цэнтрам намесніцтва, вядомага з 1382 г., а потым і павета ў складзе Віленскага ваяводства. Пасля Крэўскай уніі 1385 г. Ліда аказалася важным, бліжэйшым да Вільні населеным пунктам, каля якога ляжаў шлях ад сталіцы ВКЛ да польскай сталіцы Кракава. Такое геаграфічнае размяшчэнне Ліды, разам з наяўнасцю добра ўмацаванага і да таго ж досыць камфартабельнага замкавага комплексу еўрапейскага тыпу, зрабіла горад месцам прыпынку Ягайлы ў яго частых паездках. Тут адбываліся важныя для абедзвюх дзяржаў сустрэчы, перамовы, урачыстасці. Усё гэта вабіла ў Ліду і хрысціянскіх місіянераў з захаду.
Пачатак каталіцтва ў Лідзе адносіцца да часоў княжання Альгерда. Адзін з літоўскіх вяльможаў, Гаштольд, прыняў рыма-каталіцкую веру, узяў пад сваё заступніцтва манахаў ордэна св. Францішка і пабудаваў для іх манастыр ў Вільні. У 1366 г. тры францішканы прыбылі ў ВКЛ з Польшчы, каб распаўсюджваць тут хрысціянскую веру і пасяліліся ў Лідзе. Праз тры гады місіянераў забілі паганцы. Але ў Ліду прыйшлі новыя браты-францішканы. Над магілай сваіх папярэднікаў яны пабудавалі капліцу, пры якой і пасяліліся. Лідскім старастам тады быў хрысціянін Даўгерд. У 1376 г. колькасць місіянераў павялічылася да 9 манахаў. Крыніцы паведамлялі, што яны прывезлі з сабой з Візны абраз Маці Божай. Але вядома, што ў Візне ніколі не было францішканаў, а ў той час не было нават касцёла і каталіцкая парафія там з'явілася толькі ў 1390 г.
Новы этап хрысціянскай гісторыі Лідчыны пачынаецца з заключэння ў 1385 г. Крэўскай уніі. Ёсць звесткі, што ў горадзе адбылася выдача дзяржаўных грамат, звязаных з хрышчэннем Літвы. У 1387 г. была створана Віленская рымска-каталіцкая епархія. Ва ўласнасць епархіі вялікі князь перадаў воласць Дуброўня каля Ліды.
У 1387 г. Ягайла заклаў у Лідзе адзін з першых касцёлаў у ВКЛ. Ён перадаў яму вёску, якая зараз называецца Плябанцы, і даход з нейкай іншай воласці. Так сама Ягайла надаў зямлю «на 6 сох», 3 пляцы, лугі і корчмы, дзесяціну з усёй каралеўскай маёмасці ў Лідскім павеце і 6 рублёў. Гэты фундуш быў пацверджаны 7 ліпеня 1616 г. каралём Жыгімонтам ІІІ. Касцёл знаходзіўся на падзамчы і згарэў у 1392 г. пры нападзе крыжакоў. У 1397 г. быў пабудаваны новы касцёл. Яго асвяціў віленскі біскуп Андрэй, які зноў адкрыў пры касцёле францішканскую місію, бо ранейшыя місіянеры гэтага ордэна былі хутчэй за ўсё забітыя або выгнаныя падчас нападу крыжакоў на Ліду ў 1394 г.[1]
І гэты касцёл згарэў у 1406 г. У 1414 г. ён быў узноўлены як парафіяльны і высвечаны пад назвай «Найсвяцейшай Дзевы Марыі Панны, Усіх Святых».
Фрагмент прывілею касцёлу, дадзены Ягайлам, бярог сярод іншых дакументаў Лідскі пробашч. У дадатку да пятага тома «Старажытнай гісторыі літоўскага народа» Т. Нарбут змясціў тэкст гэтага прывілею, а таксама спіс пробашчаў Лідскага касцёла, які прыводзіцца ў дадатках[2].
У Метрыцы ВКЛ Лідскі касцёл згадваецца ў 1516 г. з-за таго, што намеснік Лідскага дзяржаўцы Юрыя Ільініча не аддаў арыштаванага слугу гетмана Канстанціна Астрожскага, калі «тотъ нятецъ самъ прибегъ на цвинтаръ и въ костелъ Лидски на кони звязанъ, и ноги подъ конь окованы».
Пад час спусташальнай вайны 1654—1663 гг. горад быў цалкам знішчаны, і таму пасля вайны быў пабудаваны новы, па маіх падліках, ужо 4-ты ці 5-ты касцёл (бо не вядома, ці прастаяў касцёл 1414 г. 240 гадоў, ці да 1654 г. у горадзе быў пабудаваны ўжо наступны, таксама драўляны касцёл).
Цікавай з'яўляецца інфармацыя Тэадора Нарбута, пра тое, што ксёндз Міхаіл Зянкевіч, які быў лідскім пробашчам у 1747 г., а потым стаў віленскім біскупам, перанёс касцёл «на іншае месца з падзамча, дзе зараз пляц перад Домам Скарбовай касы». Тэадор Нарбут, верагодна, ведаў і размаўляў з асобамі, якія сваімі вачамі бачылі той стары драўляны касцёл, і таму няма прычын сумнявацца ў гэтай інфармацыі. Растлумачу, што месца на якім стаяў гэты касцёл, знаходзіцца каля сучаснага помніка Гедыміну. Зразумела, што да моманту пабудовы мураванага фарнага касцёла, які стаіць і сёння, ужо больш за 300 гадоў на гэтым пляцы вакол яго існавалі могілкі, аднак. Аднак вядома, што падчас шматлікіх земляных работ на поўнач ад замка, дзе зараз стаіць помнік Гедыміну, не знаходзіліся чалавечыя парэшткі. Адзінае тлумачэнне гэтай загадкі — касцельны пляц з другой паловы XVII ст. быў вельмі вялікі і нейкі час уключаў ў сабе падзамча разам з сучасным касцельным пляцам (на якім шмат чалавечых парэшткаў), але пахаванні нябожчыкаў заўсёды рабіліся прыкладна на тэрыторыі сучаснага пляца фарнага касцёла. Гэта значыць, што ўсе першыя драўляныя касцёлы стаялі недзе недалёка ад сучаснага фарнага касцёла і толькі драўляны касцёл, пабудаваны каля 1670 г., стаяў на падзамчы.
Як раз пра гэта і можа сведчыць кавалак тэксту (верагодна ад 1670 г.) лідскага Магдэбургскага прывілею:
«… касцёл Лідскі ад найяснейшых папярэднікаў нашых быў фундаваны і нададзены, але ніякага пляца для шпіталя не мае, але нашы лідскія гараджане маюць месца недалёка ад касцёла на падзамкавым рынку, на якім можа быць пабудаваны шпіталь»[3].
Як бачым, пабудаваны тут на падзамчы быў не толькі шпіталь, але і касцёл.
У тэксце візітацыі касцёлаў Віленскай дыяцэзіі ў 1674 г. біскупам-суфраганам Мікалаем Слупскім, пра Лідскі касцёл зроблены наступны запіс:
«Касцёл новазбудаваны, драўляны, пабудаваны коштам мясцовага дэкана, ксяндза Ігната Рэберта, асвечаны пад час знаходжання візітатара».
З дрэва гэтага касцёла потым была пабудавана ўніяцкая царква Уваскрасення Гасподняга на Зарэччы.
Рэктар лідскіх піяраў у першай палове XIX ст. кс. Язафат Вайшвіла пісаў:
«Стары фарны драўляны касцёл… стаяў каля замка на пачатку галоўнай вуліцы. Тыя, хто сваімі вачамі бачыў стары драўляны касцёл, казалі, што ён падобны на сучасны і таксама быў павернуты да галоўнай вуліцы».
Адсюль даведваемся, што стары, драўляны лідскі касцёл быў пабудаваны ў стылі барока, меў дзве вежы і стаяў з боку замка. Каштоўная інфармацыя.
Пры касцёле меліся капліцы: у Чэхаўцах, Перапечыцы, на гарадскіх могілках (св. Барбары, пабудавана ў 1805 г.,), у Востраве (на свае сродкі фундаваў Тадэвуш Нарбут, ліквідавана ў 1866 г.) і філіяльны касцёл у Кір'янаўцах (фундаваны ў 1602 г. Марцінам Курчам, ліквідаваны ў 1866 г.).
Як філіяльны, у 1460 г. Ганнай Давойнай быў фундаваны касцёл у Крупаве:
«Крупа, 25 мая 1460. Анна, удава па Івашку Давойнавічу з выразнай волі мужа, надае касцёлу Найсвяцейшая Панны Марыі ў Крупе частку вёскі Ястрэмблі ў Пінскім павеце, якая належала яе мужу, па згодзе яго брата Алехны Давойнавіча і сваіх дачок Хелены і Юльяны і міма супраціву ўпартага сына Пятра. Запісвае плябаніі касцёла сажалку з млынам, і луг у вёсцы Альхова, і два камяні воску ў вёсцы Саганевічы для святла каля магілы свайго мужа».
На дакуменце маецца надпіс, зроблены 2 жніўня 1636 г. пробашчам лідскім кс. Адамам Ліпніцкім, які ад імя віленскага кс.- біскупа дадаў гэты фундуш да актаў касцёла.
Узгадаю тут вядомых мне біскупаў, якія нарадзіліся ці служылі ксяндзамі на Лідчыне.
Першы вядомы мне біскуп з Лідчыны — гэта луцкі біскуп Вацлаў з роду Клаўсуцяў. Ён быў братам Міхны і Юндзілы, вядомы нам таксама як віленскі дэкан, якога 10 верасня 1459 г. папа Пій ІІ высвяціў у луцкія біскупы. Пасаду біскупа займаў да сваёй смерці, толькі тры гады. Разам з братамі быў адным з фундатараў касцёла ў Ваверцы. У 1444 г. нейкі Venceslaus de Wawerka Lithwanus аплаціў вучобу ў Кракаўскім універсітэце і ў 1451 г. атрымаў ступень бакалаўра. Верагодна, гэта і быў будучы луцкі біскуп. Вацлаў быў сынам Якуба Рачкі Табутавіча, які валодаў значанай часткай радавых двароў Клаўсуцяў, а менавіта Дзітвой і Ваверкай на Лідчыне, а таксама Крамяніцай і Струбніцай на Ваўкавышчыне.
Пра другога біскупа піша Тэадор Нарбут, гэта лідскі пробашч з 1559 па 1580 г. Ян Андрэевіч, які займаў пасаду біскупа луцкага і берасцейскага.
Трэці біскуп, датычны Лідчыны — біскуп Міхал Зянкевіч, які стаў віленскім біскупам у 1747 г. Менавіта па яго ініцыятыве пачалося будаўніцтва сучаснага мураванага лідскага фарнага касцёла. Тэадор Нарбут паведамляў пра яго як пра лідскага пробашча ў 1747—1760 гг.
25 мая 2024 года ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксаверыя ў Гародні адбылося біскупскае пасвячэнне біскупа-каад'ютара Гарадзенскай дыяцэзіі Уладзіміра Гуляя, які з 2003 па 2024 г. з'яўляўся пробашчам парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе.
19 ліпеня 2024 года, Яго Святасць Папа Францішак прызначыў ксяндза Андрэя Зноску, да гэтага часу пробашча парафіі Божай Міласэрнасці ў горадзе Лідзе Гарадзенскай дыяцэзіі, дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі, надаючы яму тытулярны пасад Скардоны.
«Віленскі біскуп Андрэй з волі караля Уладзіслава Ягайлы і князя Вітаўта eryguje кляштар меншых братоў (францішканаў) у Лідзе і konsekruje ім касцёл пад вызваннем св. Крыжа і св. Францішка». — цыт. па: Kodeks dyplomatyczy. Krakow, 1932. T. 1, z. 1, S. 51.
Narbutt T. Cokolwiek z historyi miasta Lidy // Narbutt T. Dzieje starozytne narodu litewskiego. T. 5. Wilno, 1839. Dodatek I. S. 1. (In nomine Dni Amen. Vladislaus dei gratie Rex polonie lituanieque Princeps supremus e. t. c. Heres mie e. t. c. Ad perpctuam rei memoriam. Quamquam ex suscepli cura Regiminis universorum nostrorum Regimini subditorum utilitale tenemur ad ea tanien que diuini cultui administracionem decus ac gloriam ac statum felicem et quietem, ac virium firmitatem Ministrorum Omnipotentis conspiciunt, tanio dignius intendimus quantum pro ceteris mundi Princibibus nomen Regale solum magniricencie extollit et mirabilius universorum prouidencie creatoris consideranles sane Omnipotenlis inimensam clemenciam qua nos ovem pridem perditam ad Begales dignitates solium Clementissimi sublimauit, volentesque tanquam fidelis commissorum gubernator pro infinibis heneficiis aliquibus licet tamen exilio meritis obuiare. Ecclesiam vetere nostre fundacionis olim pp. cc. ord. s. Francisci Apostolis Lituanie cominendandam in opido nostro Lida nunc de nouo conslructam et ad honorem Omnipotentis Dei Gloriosissime Virginis Marie Omnium Sanctorum specialiler Sancti Crucis… dicalum......dotauirnus bonis prouenlibus et utilitatibus ut in nostris literis ........clare nitilur confirmamus et incorporamus donamus et appropriamus Lidensem..........Dougirdi........ommos thelonis vulgariter. На абаротным баку стаяла дата даданая потым: A. Domini M. CCC. XIIII. Feria iijj. in hebd. Pentecost… У імя Бога, аман. Уладзіслаў Кароль Божай міласцю Польшчы, вялікі князь Літоўскі… і г.д… На вечную памяць… Касцёл нашай старой фундацыі ордэна Святога Францішка, Апостала Літвы, заснаваны раней у нашым горадзе Ліда, зараз нанава збудаваны і названы ў гонар Усіх Святых, асабліва Святога Крыжа, мы надзяляем маёмасцю і прывілеямі…).
Шпіталь пры касцёле ці царкве ў той час выконваў ролю дома састарэлых, якія не мелі сваякоў і жылі ў ім на сродкі парафіі.
