автордың кітабын онлайн тегін оқу Жораў і чапля
Беларускія народныя казкі
Жораў і чапля
Жылі сабе па канцах балота жораў і чапля. Стала ім сумна жыць, і вось задумаў жораў к чаплі ў сваты ісці. Ціпяху-ліпяху, сем вёрст па маху, цераз бор ды ў чаплін двор.
— Здароў, чапля!
— Здароў, жораў!
— Ці не пойдзеш, чапля, за мяне замуж?
— А, твае ногі доўгі, пер’і кароткі, дужа ты непрыгож і ні к чорту не гож; ідзі сабе дзе быў!
Жораў перабраўся зноў цераз бор ды і прыйшоў у свой двор. Раздумалася чапля, што за жорава замуж не пайшла: «Дай-ка пайду яго перапрашу». Ціпяху-ліпяху, сем вёрст па маху, цераз бор ды і к жораву ў двор.
— Здароў, жоpay!
— Здароў, чапля!
— Вазьмі мяне замуж за сябе!
— Твая шыя і сіня, і крыва, і сама ты гарбата; такая мне не трэба!
Хоць і стыдна і абідна, аднак чапля паплялася цераз бор назад у свой двор. Жалка стала жораву, што не ўзяў чаплю ўбогую, і зноў пайшоў ён тою самаю дарогай. Ціпяху-ліпяху, сем вёрст па маху, цераз бор ды ў чаплін двор.
— Здароў, чапля!
— Здароў, жораў!
— ІДі не пойдзеш, чапля, за мяне замуж?
— А, твае ногі доўгі, пер’і кароткі, дужа ты непрыгож і ні к чорту не гож; ідзі сабе дзе быў!
Жораў перабраўся зноў цераз бор ды і прыйшоў у свой двор. Раздумалася чапля, што за жорава замуж не пайшла: «Дай-ка пайду яго перапрашу».
Так цэлы свой век яны ходзяць адзін к другому ў сваты, але ўсё-такі па канцах балота абаіх іх засталіся хаты.
