автордың кітабын онлайн тегін оқу Пяць лыжак зацiркi
Змітрок Бядуля
Пяць лыжак зацiркi
- Агата! Агата!
- Ну чаго глотку дзярэш?
- Скора зацірка згатуецца?
- Маеш часу пачакаць трохі, не панясу прадаваць на кірмаш!
Яшчэ не паспела яна адказаць свайму Антосю, які ляжаў на пяколку і стагнаў, - не то ад болю, не то ад голаду, - як з усіх бакоў апанавалі яе дзеці - нямаведама, хлопчыкі ці дзяўчынкі, бо яны былі адзеты ўсе ў доўгія да пят кашулькі... Запішчалі яны ўсе ў адзін голас:
- Мамка зацільку гатуе!
І давай скакаць вакол маці і цягнуць за фартух і спадніцу, як галодныя ваўчаняты.
- Мамка, мне дасі!
- Мамка, мне дасі!
І блішчалі іх галодныя вочы ад радасці...
- Ці-і-ха, каб вы скіслі! - крыкнула Агата. - Згатаваць не даюць, хоць ты тут на кавалкі рассыпайся! - і адагнала іх вілачнікам ад прыпечка...
Гэта было вясной, якраз у тую пару, калі галадуха пануе па вёсках, калі няма чым і муху накарміць. Апошні запас выйшаў, хоць зубамі ляпай; шчаўя яшчэ нямашака... Горкае цяпер жыццё ў хворага Антося. Ён сам рабіць не можа. Адна толькі жонка працуе на яго і дзяцей.
Учора ёй, Агаце, пашанцавала. Яна выенчыла ў суседа фунт мукі на зацірку.
Вось і гатуе яна для сямейкі снеданне... У цёмнай малой хатцы вялікае свята...
Пазіраў Антось на прыпечак і ціха бурчаў. Ён ведаў, што цяпер Агата валадарніца.
Пазіралі дзеткі з-пад цёмнага тапчана на вясёлы аганёк у печы і шушукаліся.
Агата ўсё падлівала вады і мяшала зацірку вялікай лыжкай. Нарэшце паставіла на стол.
- Гатова! - крыкнуў весела Антось і давай карабкацца з пяколка.
- Гатова! Гатова! - запішчалі дзеткі і скакалі, як зайчыкі, да стала, дзе ўжо стаяла вялікая паліўная міска, у якую Агата пераліла зацірку з гаршка. Густы пахучы пар клубіўся над міскай і павялічваў галодны апетыт шчаслівай у гэты момант сям'і.
Шчасце не мае сваёй асобнай меркі для ўсіх людзей на свеце, але кожны чалавек мае сваю асобную мерку да шчасця і свой асобны погляд на самое шчасце...
І шчаслівая сямейка хваталася за лыжкі.
- Ай! Ай! - запішчалі дзеткі.
Антось вылупіў вочы і моўчкі давіўся гарачай заціркай.
- А каб вас ліханька не ўзяло. Я ж вам казала - не хапайце, бо гарачая! - лаяла іх Агата.
Пазіралі, пазіралі яны на гарачую зацірку і не вытрывалі - зноў давай есці... Ажно слёзы каціліся з вачэй. Не з'елі яшчэ і трэцяй часткі, як у хату ўвайшла суседка Сцёпчыха.
- Дзень добры!
- Дзень добры!
- Хлеб ды соль!
- Дзе тут хлеб, - зацірку ядзім, просім на снеданне! - кажа Агата.
- Ого! На зацірку і я ахвотніца! - адказала Сцёпчыха, і яе галодныя вочы заблішчалі. Узяла лыжку і спрытна падсела да міскі...
Спахмурнеў Антось і толькі ніжэй апусціў галаву.
«Нам і самім мала», - падумаў ён.
З'ела Сцёпчыха адну лыжку і ўзялася за другую.
«О, каб цябе!» - хацеў сказаць Антось і ледзь стрымаўся. Дзеткі таксама пачулі небяспеку і, скоса пазіраючы на Сцёпчыху, спрытна запрацавалі лыжкамі...
«Тры!» - чуць не крыкнуў Антось, як Сцёпчыха зачэрпнула лыжкай у трэці раз.
«Ратуйце! Ратуйце!» - ледзь не плакаў ён, як яна апусціла лыжку ў міску ў чацвёрты раз. А як з'ела пятую, то ўжо міска была пустая...
- Разбойніца! - крыкнуў Антось на сваю Агатку, як ужо Сцёпчыха падзякавала і пайшла. - Разбойніца!..
- Ці я вінавата, што яна гэткая свіння! - лямантавала Агата.
І папсулася свята беднай сямейкі. Спахмурнелі твары.
Кожны думаў: «О-го! Каб лепей я з'еў гэтыя пяць лыжак заціркі...»
Няшчасце не мае сваёй асобнай меркі для ўсіх людзей на свеце, але кожны чалавек мае сваю асобную мерку да няшчасця і свой асобны погляд на самое няшчасце.
1912 г.
