автордың кітабын онлайн тегін оқу Несцерка
Беларускія народныя казкі
Несцерка
Жыў сабе так Несцерка, меў дзетак шэсцерка. Рабіць ляніцца, красці баіцца, папрасіць не пасмее — не з чаго яму пражыць. Вот ён узяў ды й пайшоў к Богу. Ідзе, ажно едзе Юр’я-залатое сядло.
— Здароў, святы Юр’я!
— Здароў! Хто ты такі?
— А я, — кажа, — Несцерка, маю дзетак шэсцерка, рабіць ля-нюся, красці баюся, папрасіць не пасмею!
— Куды ты ідзеш?
— К Богу!
— Чаго?
— А вот чаго: не з чага мне пражыць, дык пайду к Богу спрашу, чым мне займацца: ці чытаць, ці пісаць, ці з гаршкоў хватаць? А ты куды, святы Юр’я?
— К Богу й я!
— Зачым?
— А пра свае надабнасці!
— Ну ўспомні там, святы Юр’я, пра мяне!
— Добра, успомню!
— Спытайся ў Бога, святы Юр’я, чым мне займацца?
— Добра, спытаюся!
— Забудзеш, святы Юр’я?
— Не, не, спытаюся!
— Не забудзеш? Дай мне ў заставу сваю залатую страмяну, што не забудзеш!
— А як жа я паеду!
Несцерка ўзяў лазінку, зрабіў страмяну і прывязаў, а залатую ў заставу ўзяў. Паехаў той Юр’я к Богу, а Несцерка дажыдае, пакуль ён вернецца. Тады святы Юр’я распрасіў у Бога пра свае надабнасці і стаў садзіцца на каня. А Бог убачыў лазовую страмяну і пытаецца:
— А дзе твая страмяна?
— А, Госпадзі, Несцерка атабраў, — мае дзетак шэсцерка, рабіць ляніцца, красці баіцца, папрасіць не пасмее, з чаго яму пражыць?
— А няхай круціць ды матае і душу пітае!
Юр’я і паехаў. Пад’ехаў ён к Несцерку, той Несцерка пытае:
— А што, святы Юр’я, што табе Бог казаў?
— А вот што Бог казаў: «Няхай круціць ды матае і душу пітае!» Ну, дай жа, Несцерка, маю страмяну, што ты ў мяне ўзяў у заставу залатую!
— А калі я ў цябе яе браў? Я яшчэ сам табе даў страмяну лазовую. Падавай яе мне назад! Во мая страмяна, ля сядла!..
Што той Юр’я набраўся з Несцеркам, але-ткі мусіў заплаціць за лазовую страмяну. Той Несцерка пабег у хату:
— Троху пажытку ёсць, слава Богу! Мне-ткі не напрасна Бог сказаў, што як салгу, дык жыў буду і з таго хлеба!
Пражыў тое, што заплаціў яму Юр’я за лазовую страмяну, тады ўзяў і павесіў залатую страмяну на варотах. Ажно едзе пан багаты. Убачыў страмяну, што вісіць на варотах, і кажа свайму кучару:
— Зайдзі, папытайся, ці не ёсць у яго прадажныя сёдлы?
Кучар зайшоў у хату і спрашвае:
— Што, ты сёдлы дзелаеш?
— Дзелаю, — кажа Несцерка, — ды толькі па заказ, патаму я дзелаю сёдлы дарагія — сярэбраныя, залатыя!
Кучар пайшоў і сказаў пану. Той пан злез і стаўдагаварвацца. Дагаварыліся, каб ён здзелаў яму сядло за сто рублёў і згары-грошы. Узяў Несцерка грошы ды і сядзіць на печы.
Прыязджае той пан за сядлом, а ён ляжыць босы на печы.
— Дзе сядло?
— Якое сядло, паночак?
— Ды тое, што я табе даваў грошы.
Несцерка толькі ксціцца:
— А вой, а вой! Якое ў мяне сядло? Я не ўмею лапцей сплесці...
Пан той крычаў, крычаў ды і кажа:
— Адзявайся, пойдзем на суд!
А Несцерка кажа:
— А што, ці я босы пайду?
— Ах, д’яблы яго вазьмі! Кучар, дай яму мае валенцы! Ну, адзявайся, пойдзем!
— А што, ці я голы пайду?
— А, нех ці, пане, д’яблы ўзялі! Дай яму, кучар, маю хутру!
Кучар прынёс хутру. Несцерка абуўся, адзеўся. Выйшлі вон.
Пан стаў садзіцца на каня. А Несцерка паглядзеў ды кажа:
— А што я ці сабака, ці што, што я пяшком пабягу!
— А, нех ці д’яблы, пане, узялі! Дай яму, кучар, прысцяжнога каня!
Сеў той Несцерка, і паехалі на суд.
Прыехалі туды. Сталі іх судзіць.
— Ну, што ты, Несцерка, грошы папу не аддаеш?
— Ды я ж яму не вінават! Ён ка мне вяжацца, сам не ведаю чаго. Хоча, мусіць, сарваць што-небудзь! Зараз скажа, што гэта і боты яго на мне!
Пан той кажа:
— Дурань ты! Дык гэта ж мае боты!
— Ну вот, бачыце! Ён кажа, што боты яго на мне. Можа, ён скажа, што і хутра гэта яго!
Пан зноў:
— Ах, каб цябе д’яблы, пане! Гэта ж мая хутра!
— Ну во, бачыце, гаспадзіны суддзі: ён ужо прызнаецца і к хутры! Можа, зараз скажа, што і конь гэта яго!
Пан той зноў крычыць:
— Ах, каб цябе д’яблы, пане! Гэта ж і конь мой!
— Ну вот, бачыце, гаспадзіны суддзі: ён ужо кажа, што і конь яго!
Суддзі тыя думалі, думалі ды і кажуць пану:
— Не, брат, відаць, што ты маніш, што гэта ўсё тваё: і хутра, і боты, і конь, і грошы!
I нічога не прысудзілі Несцерку. Сеў той Несцерка на каня і паехаў у двор. Засталіся яму і конь, і хутра, і боты, і грошы. I цяпер ён жыве з тых грошай.
