автордың кітабын онлайн тегін оқу Вялікдзень
Янка Купала
Вялікдзень
Два сьвяты на сьвеце – ад нівы да нівы:
Хрыстос уваскрос! Наступае вясна!
Глянь сьмела, глянь вольна, шчасьліў, нешчасьлівы.
I далей к жыцьцю з паніжэньня і сна!
Гэй, гэй, на спатканьне вялікіх двух сьвятаў
Сьпяшыце супольна, хто ў путах ня згніў!
Хай льюцца-зыльюцца ад хаты да хаты
У адно ўсе грамады, ўсе людзі ўсіх ніў!
*
Вялікдзень! Вялікдзень! – ад нівы да нівы.
Забыў не адзін з нас нядаўныя дні,
А ўспомні-прыпомні, шчасьліў, нешчасьлівы,
Аб тых, што ў сьвітаньні навек адышлі, –
Усе костачкі тыя на гонях папарных, –
Жывых, што ў бяспуцьці акуцьце зьвіняць...
Прыпомні, дай слова ня шчэзнуці марна,
Пачатую справу шырыць, расшыраць!
*
Вялікдзень! Вялікдзень! – ад нівы да нівы
Заводзіць бацькоў сваіх песеньку сын.
Зірні ж, азірніся, шчасьліў, нешчасьлівы.
I заўтра на поле да сох як адзін!
Дагэтуль мы плачам, дагэтуль мы стогнем,
Адвечных ня можам пазбыціся сьлёз...
Наперад па шчасьце! Хай злое ўсё дрогне
Вясна ўжо на сьвеце, – Хрыстос уваскрос!
(1909)
