Жалейка
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Жалейка

Янка Купала

Жалейка

Першы зборнік Янкі Купалы, які ў першыню быў выдадзены ў 1908 годзе ў Санкт-Пецярбургу. Центральная тэма вершаў, якія ўвайшлі ў зборнік “Жалейка” – апісанне патрэбаў беларускіх сялян. 

У зборнік увайшлі 95 лірычных вершаў, а таксам паэма “Адплата кахання”, у якой Янка Купала як быццам дае адказ на такія пытанні: хто такі паэт Янка Купала, якія ў яго думкі, перажыванні, песні, каму ён іх прысвячае.

У гэтым зборніку ўпершыню было апублікаван верш “А хто там ідзе?” (зараз уваходзіць у школьную праграму), які заняў асаблівае месца ў творчасці Янкі Купалы і на доўгі час стаў неафіцыйным беларускім гімнам. 

Вы  можаце спампаваць зборнік Янкі Купалы “Жалейка” бясплатна ў фармаце 

Я не паэта

Да песень

Зь песень аб сваёй старонцы

Зь песень беларускага мужыка

Я мужык-беларус...

Зь песень нядолі

Пашкадуй мужыка!

Гоніш мяне, панічок...

Лапці

Саха

Вось тут і жыві...

А ты, браце, сьпі!

Ня рвіся к багатым

Мая хатка

Так... не...

Ах, ці доўга...

З маіх песень

На старую ноту

Ой дана, ой дана!..

Паніч і марыся

Вясна

Зь песень аб вясьне

Засьвяціла цяпло...

Восень

З асеньніх напеваў

Зіма

Да дзяўчатак

Касцу

А хто там ідзе?

Любімось, мае суседзі!

Шавец

Песьня аб песьнях

Плачуць мае песьні

Дзяўчынка, галубка мая!

Эй, скажы, мужычок!..

Люді, люлі, мужычок!

Перад вясной

Песьня вольнага чалавека

Зь песень а бітвах

Песенька для некаторых маладых людзей

Хоць ты, сэрца, лопні, трэсьні...

Дзе ні вылеці зь няволі...

Нуда

Песьня жней

Да сваіх думак

Думкі

Дзе б і праўда жыла...

Па жыцьцёвай пуцявіне

Я ня сокал...

Канюх

Над магіламі

Спрасоньня

Як пайду я, пайду...

Ой, чаму на хаты гэтыя?..

Чаго б я хацеў

На добры стары лад

Нябожчык

Шчасьце

Адзін

Над сваёй айчызнай

Вольха

Я бачыў

Ліпа

Думкі

Пара

На жалейцы

Каму?

Сон на куцьцю

Шчупак, лебедзь і рак

Над калыскай

Чаго нам трэба

Змачу пёрка...

Пры скаціне

Падарожны

Працуй

Сяўцу

Кепска...

Гэта крык, што жыве Беларусь

Сватаная

Маладым на вясельлі

Агароднік

Сьцёпка жук

Бабулька – прадаўчыца зёлак

Старцы

Касьба

Град

Гарэлка

Я відзеў душы сільныя...

І як тут не сьмяяцца...

Каму вас, песьні?..

Адповедзь

Эпіграма

Аўтарцы «Скрыпкі беларускай»

«Нашай долі»

Беларускай выдавецкай суполцы «Загляне сонца і ў наша ваконца»

Адплата каханьня

Я не паэта

Я не паэта, о крый мяне Божа!

Ня рвуся я к славе гэткай німала,

Хоць песеньку-думку і высную можа,

      Завуся я толькі – Янка Купала.

Славу паэтаў разносяць па сьвеце,

Вянкі ўскладаюць і звоняць пахвалай,

Я ж ціха йграю, хто ж ціхіх прымеце?

      Ат! ведама, зь вёскі – Янка Купала!

Кожны край мае тых, што апяваюць,

Чым ёсьць для народа ўпадак і хвала,

А беларусы нікога ж ня маюць,

      Няхай жа хоць будзе Янка Купала.

Доляй убогі, ён ціхі, нясьмелы,

Бяда, яго маці, узгадавала,

Сьлёзы пагарды п’е толькі век цэлы,

      От, ведама, просты Янка Купала.

Песьні пачаў пець той мовай убогай,

Якой пагарджаюць горка, нядбала,

Пэўна і песьняў счураюцца многа,

      От, ведама, здумаў Янка Купала.

Шчасьце так рэдка над сьветам усходзе;

Усё ж досыць бывае меці хоць мала, –

Долю каб бачыў у родным народзе,

      А быў бы шчасьлівы Янка Купала.

Эт, з часам людзі ўпадаюць на сіле,

Сьмерць скосе, глядзі – і больш крыжам стала;

Нехта спытае: хто ў гэтай магіле?

      А напіс пакажа: Янка Купала.

Да песень

Песьні мае, песьні!

Смуткаў маіх дзеці,

Калі ж вам час прыйдзе

Весела запеці?

Ой! сваю ды з вашай

Роўну долю бачу:

Плачаце вы, песьні,

І я з вамі плачу.

Хацеў бы вас, песьні,

Зрачыся, пакінуць, –

Сілачкі ж мне мала,

Буду ўжо так гінуць.

Выплакаў вас сэрцам,

Высьніў вас душою,

Б'ючыся зь нядоляй,

Б'ючыся зь бядою.

I цяпер за мною

Ходзіце вы ўсюдах –

I вясной патраўцы,

I ўвосень па грудах,

Па сьнягу зімою,

Па загонах летам;

Вы мяне спазналі

З горам, зь людчым сьветам.

Шмат чаго нагналі

Мне ў душу смутную,

I йшчэ знаю, знаю,

Шмат чаго пачую.

І так мне здаецца,

Колькі ні тужыці,

Са мной вы, я з вамі

Вечна будзем жыці.

Толькі, мае песьні,

Смуткаў маіх дзеці,

Калі ж вам час прыйдзе

Весела запеці?!

Зь песень аб сваёй старонцы

Невясёлая старонка

      Наша Беларусь:

Людзі – Янка ды Сымонка,

      Птушкі – дрозд ды гусь.

Поле – горы ды каменьне,

      Потам зьліта ўсё,

Сенажаць – адно карэньне,

      Сівец ды куп'ё.

Родзе шнур несамавіта,

      Колькі б працы ўнёс, –

Ячмень з сажай, з званцом жыта,

      Зь сьвірэпкай авёс.

Небагатыя і вёскі,

      Садоў ў іх ня знаць,

Толькі часам дзе бярозкі,

      Як тычкі, стаяць.

А па вёсках люд убогі,

      Век бяда ў крук гне,

Вечна ў лапцях гное ногі,

      Зрэб'е сьпіну тне.

Цёмны, цёмны народ гэты,

      Трудна і сказаць,

Абарваны, неадзеты,

      Ня ўмее чытаць.

Зь яго кожны насьмяецца,

      Назаве дурным...

Бедны люд... так бы, здаецца,

      Плакаў разам зь ім.

Так няміла, як магілай,

      Неяк выдае

Беларусь, мая старонка,

      Дый люблю ж яе.

Я, калі б зь ёй разлучыўся,

      Плакаў з усіх сіл...

Эй, бо дзе воўк урадзіўся,

      Яму куст той міл!

Дома голаду дазнаю, –

      Зьем хлеба, вады...

Горай жыці ў чужым краю,

      Болей сьлёз, нуды.

Там ня знойдзеш братніх сэрцаў,

      Там кожны чужым,

Будзеш жыць з нудой у спрэчцы

      Ды адзін-адным.

Песьню родную зацягнеш,

      Хто пачуе, хто?

Там любіць свой край прысягнеш

      Лепей, як жыцьцё.

Зь песень беларускага мужыка

Я – багач, я – магнат! –

Усім рад, усім сыт!

Што мне пан, што мне кат?! –

Цэлы сьвет мне адкрыт!

Я усё закляну,

Усё сілай папру, –

З гор зраблю даліну,

А з далінкі гару!

Затрымаю ваду,

Цёмны бор павалю,

А як з сошкай пайду, –

Увесь сьвет накармлю!

Кажуць, кволы дух мой...

А ўсё ж я маладзец:

Замахаю касой –

Трупам ляжа сівец!

Кажуць, крыўджу людзей...

Ах, каб іх жа багі! –

Ці ж ня з працы маей

Карыстае другі?!

Эй, дуж я да ўсяго –

На ральлі, на лугу!

Толькі гора свайго

Я змагчы не магу!..

Толькі шнур мой вузкі

Град аполе, пажне,

I залом ведзьмакі

Заплятуць на мяне.

Толькі ў хатцы маей

Зімой сьвішча віхор,

Хлябок вынесе зьмей,

Дроў ня дасьць панскі бор.

Толькі, як памру я,

Прападаю, як мыш, –

Няма хоць бы гнільля

На труну і на крыж...

Толькі, як памру я,

Не ўмірае бяда, –

Хоць з магілкі маей

Насып змые вада.

Я мужык-беларус...

Я мужык-беларус, –

Пан сахі і касы;

Цёмен сам, белы вус,

Пядзі дзьве валасы.

Бацькам голад мне быў,

Гадаваў і карміў,

Бяда маткай была,

Праца сілу дала.

Хоць пагарду цярплю, –

Мушу быць глух і нем;

Хоць сьвет хлебам кармлю, –

Сам мякіначку ем.

Зь цяжкай працы маей

Карыстаюць усе,

Толькі мне за яе

Няма дзякуй нідзе.

Глянь, высокенькі бор,

Вокам нельга прабіць;

Загудзеў мой тапор, -

Як блін поле ляжыць.

Сошку з вышак сьцягнуў,

Кабылічку ўшчаміў,

Плечы трохі прыгнуў, –

Лес на пахань зрабіў!

Дый засеяў кусок,

Потым з жонкай пажаў...

Пан пшанічкі тачок –

Люба глянуць – наклаў.

Дык вось, людцы, які

Я мужык-беларус!

Пад ілбом сінякі,

Цёмен сам, белы вус.

Эй, каб цёмен ня быў,

Чытаць кніжкі умеў, –

Я б і долю здабыў,

Я б і песенькі пеў!

Я б патрапіў сказаць,

Што і я – чалавек,

Што і мне гараваць

Надаела ўвесь век.

Зь песень нядолі

Шумныя бярозы

      Пабяліў мароз.

Хацеў бы я плакаць,

      Дый ня маю сьлёз.

Хацеў бы я пеці

      Аб сваёй бядзе,

Дый мне сэрца ные,

      Песенька ня йдзе.

Хацеў бы, каб зімаў

      Строгіх не было,

Каб зарэла цягам

      Летняе цяпло.

Хацеў бы, каб доля

      У хатцы жыла,

Каб з бурлівай рэчкай

      Нядоля сплыла.

Хацеў бы, каб воля

      Гуляла са мной,

Каб сонейка грэла,

      Як грэе вясной.

Але, Божа мілы!

      Долі не відаць, –

Кайданы няволі

      На руках зьвіняць.

Няма вясны, сонца,

      Сьветлых дзён няма, –

Марозам марозіць

      Строгая зіма;

Марозам марозінь,

      Сьнегам адзяе,

На работу гоніць,

      Есьці не дае.

Эх, пайду я ў поле

      Долечкі шукаць

З востраю касою,

      Як на сенажаць.

Ой, пайду я ў поле,

      Як бы на вайну,

Шукаючы волю,

      Шаблячкай махну!

Ой, пайду я ў цэркаў,

      Сьвечачку куплю, –

Можа, згіне гора,

      Якое цярплю.

Можа, ўзойдзе доля

      Ясьненькай зарой,

Можа, блісьне сонцам

      Воля нада мной!