Выйдзі
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Выйдзі

Янка Купала

Выйдзі...

Ўстань ты, старонка, родная маці!
Годзе зімовага рабскага сну,
Годзе табе ўжо сьлёзна ўздыхаці, –
Выйдзі на поле, на сенажаці,
           Выйдзі спаткаці вясну!
Скінь лахманы, што доўгія векі
Ты валачыла з кастры, з палыну;
Выйдзі з-пад дзікай зімняй апекі,
Што над табою строіла зьдзекі, –
           Выйдзі спаткаці вясну!
Вырылі сьцюжы віхрамі, сьнегам
Яму глыбоку табе не адну;
Сьнежныя наспы мела начлегам...
Глянь, сьнягі таюць, рэчкі йдуць бегам...
           Выйдзі спаткаці вясну!
З поўначы сівер кідаў табою,
Як абадрану зь лісткоў галіну;
З захаду зьверы йшлі чарадою
Рваць твае грудзі... Выйшла жывою, –
           Выйдзі ж спаткаці вясну!
Дзетак тваіх скрозь крыўдай сьляпілі,
Мучылі, гналі бяз часу ў труну,
Казак вучылі, што ты ў магіле,
Толькі ж бліск сонца здраду асіліў –
           Выйдзі спаткаці вясну!
Ясна, сьвяточна ў красы ўбярыся,
Птушкай свабоднай сягні ў вышыну
З сонцам злучыся, зорамі йскрыся,
Песьняй расьпейся, славай акрыйся,
           Выйдзі спаткаці вясну!
Сплецену зь церняў маеш карону,
Хорам твой – неба і нівы краса,
Царства ў чатыры дрэмле староны,
Слугі – мазольных рук міліёны...
           Выйдзі... Чакае вясна!..

(1912)