Мая малітва
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Мая малітва

Янка Купала

Мая малітва

Ва ўсяку мінуту, ва ўсякай патрэбе
І ў полі шырокім, і ў вузенькай хатцы
Малюся я гэтаму сонцу на небе
         І зоркам, што ночкай мігцяцца.

Малюся свабоднаму ветру – віхуры,
Што лётае птушкай ад краю да краю,
І пасьвіць у высях панурыя буры,
         І ў комінах песьні іграе.

Малюся агню я, што сее пажары,
Як стане пара, па нязьмераным сьвеце,
Наводзячы жудасьць вялікаю карай,
         Пужаючы старцаў і дзеці.

Малюся жывучай вадзіцы – разводдзю,
Ў дзень ясны бліскучай, а страшнай уночы,
Што, нівы палошчачы, йдзе, не праходзе,
         І хаты, і чоўны друзгоча.

Малюся я небу, зямлі і прастору,
Магутнаму Богу – Усясьвету малюся,
Ва ўсякай прыгодзе, ва ўсякую пору
         За родны загон Беларусі.

(1912)