автордың кітабын онлайн тегін оқу Братка і сястрыца
Янка Купала
Братка і сястрыца
(З народнага)
Ой, у лузе у зялёным,
Каля быстрай рэчкі,
Маладзенькая дзяўчына
Пасьціла авечкі.
Залатое сонца зь неба
Грэла, спаць гарнула,
Аж пастушка у цянёчку
Лягла і заснула.
Па гасьцінцы жаўнеранька
Зьнекуль заблудзіўся,
Ён к дзяўчыне маладзенькай
Зь сядла нахіліўся:
«Ўстань, галубка, маё сэрца,
Годзе спачываці,
Кладзі ножкі у страмёна,
Будзем вандраваці!»
Уставала маладзенька,
Ножкі ў стрэмя клала
I з малойчыкам удалым
У сьвет вандравала.
Едуць поле і другое,
Ўзьехалі на трэцьце,
Пад дубочкам пад махнатым
Селі пасядзеці.
Прытуліўся жаўнеранька
Да грудзей дзявочых,
Абдымае і цалуе
Губанькі і вочы.
Гэтак песьцячы галубку,
Стаў яе пытаці:
«Скуль, дзяўчынка, будзеш родам,
Хто твой бацька, маці?»
А яна яму гаворыць,
Пахіліўшысь нізка:
«Старшыні я дочка буду
З гэтай вёскі блізкай».
Спахмурнелі ясны вочы
Ў хлопца маладога;
Ён адказу ад дзяўчыны
Не чакаў такога.
«І я, – кажа жаўнеранька
Да таей дзяўчыны, –
З той жа самай вёскі родам,
Сын таго старшыні!»
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Зацямнілі хмары неба
Чорнымі крыламі,
Пачалася шура-бура
З громам, зь перунамі.
I ударыў перуночак
У два сэрцы тыя,
Што пасьмелі снаваць грэшна
Думкі маладыя.
Пад тым дубам іх абое
Пахавалі людзі,
Насып сыпалі жвіровы
На вочкі і грудзі.
На тым насьпе ўзышлі кветкі,
Як вясной сьнег стаяў, –
Адна жоўценькая кветка,
Сіняя – другая.
Хто ў магілцы сьпіць, усьпелі
Людзі ўжо забыцца, –
Тыя ж кветкі ахрысьцілі:
«Браткай і Сястрыцай».
