автордың кітабын онлайн тегін оқу Вецер, і сокал, і я
Янка Купала
Вецер, і сокал, і я...
І вецер, і сокал, і я —
Сыны адной долі-жыцьця,
Наводзім маркотныя мы
І думы, і песьні адны.
*
Разьняў вецер крыльлі свае,
Ляціць, і шуміць, і пяе;
Пяе а свабодзе сваей,
Пяе а няволі людзей.
*
Як вецер, і я б так ляцеў,
Як вецер, аб тым самым пеў,
Як вецер, свабодны мой дух,
Хоць рукі закуты ў ланцуг.
*
Пад зорамі сокал завіс,
Глядзіць па-арлінаму ўніз.
Там сокалу сьвету ня жаль;
Мілей яму небная даль.
*
Як сокал, і я б мкнуў да зор:
Там сонца, раздольле, прастор;
Бяз жалю б пакінуў зямлю,
І хатку, і долю сваю.
*
І вецер, і сокал, і я —
Сыны адной долі-жыцьця;
Наводзім маркотныя мы
І думы, і песьні адны.
(1906—1907)
