автордың кітабын онлайн тегін оқу Воўк і авечка
Злавіў воўк ягнятка
I панёс жывое!
Плачуць сын і матка,
Як бабры, абое.
Воўк над маткай злітаваўся,
Як які аконам,
У аўчынку перабраўся
Ды ідзець з паклонам.
«Прыйшоў,— кажа,— я здалёчку
Расказаць пані авечца
Добру вестку аб сыночку,—
Як яму цяпер жывецца.
Не пазнала б ты ніколі,
Такі стаў дасужы
I жывець сабе на волі,
Без бяды, без нужы.
Зубы выраслі з клыкамі,
I адпалі рожкі,
Ножкі цяпер з пазурамі,
Хвост даўжэйшы трошкі.
I ўжо воўка не баіцца,
Ў хлеў ніхто не гоне;
Мае чым абараніцца
I другіх бароне!
Прыйдзі, імасць, да нас ў госці,
Справім сабе вечарынку:
Будзе мяса, будуць косці,
Будзем есць без адпачынку!»
«Дзякуй, дзякуй, ягамосці,
За весці такія!
Няхай прыйдзе сын у госці,
Пагляджу, ці вые?
Бо, кажуць, меж вамі
Трэба выць ваўкамі.
Я ж па-воўчу не умею
Ні выць, ні есці, ні лгаць.
Ды скінь скурку, дабрадзею,
Бо зубкі відаць».
I авечка, хоць дурная,
А воўка ж пазнае!
(1891)
