автордың кітабын онлайн тегін оқу Плач пралескаў
Змітрок Бядуля
Плач пралескаў
Плакалі пралескі, дзеці вясны...
- Гэта раса на голых лепястках! – пяяў жаўранак і кружыўся над імі...
Фарбаваныя небам, узгадаваныя сонейкам, яны на чорнай зямлі не хацелі перажыць нават ад маладзіка да ветаха вясенняга месяца... плакалі ды плакалі... Месцамі на лагчынках лядок стаяў, месцамі траўкі зазелянеліся.
Новыя нарогі панёс на плячах араты ад каваля; дзяцюк ахвотна быкоў
накарміў. Палала зарніца над бярэзнікам. У вёсцы з закураных комінаў круціўся ўверх, быццам кудзеля, белы дым – гаспадыні снеданне гатавалі. Выйшла дзяўчына першы раз босая ў чыстае поле; убачыла, як пралескі слёзы льюць, ды сама заплакала.
- Ой, мяне за нямілага замуж выдаюць!
Ой, пагубіла я леты маладыя свае!..
Абхапіла рукамі бярозку маладую ды абамлела разам з ёй, а вакруг плакалі пралескі, дзеці вясны...
