Вайна ваўка з сабакам
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Вайна ваўка з сабакам

Беларускія народныя казкі


Вайна ваўка з сабакам

Жыў-быў багаты мужык. У яго быў добры сабака. Ён вельмі яго любіў, а як той сабака зусім пастарэў, то ён ужо і не даваў яму есці.

Жанкі гэтае хаты пайшлі жаць жыта і ўзялі з сабою малое дзіцятка. За імі ішоў стары сабака. Жанкі прыйшлі на поле, павесілі калыску і ўлажылі туды дзіцятка, а сабаку прагналі, каб ён не паеў іх хлеба. Сабака з гора адышоў і лёг пад кустом. Прыходзіць да яго шэры воўк і пытае:

— Што ты ляжыш?

— Адступіся, пракляты! Што ты лезеш ка мне ў вочы? Ты наеўся, а я яшчэ нічога не еў.

Воўк кажа яму:

— Дурань ты! Вот я цябе навучу! Я пайду і схвачу дзіця, а ты бяжы за мною, гаўкай і кусай мяне за лыткі.

Так ён і зрабіў. Жанкі як пачулі, што сабака гаўкае, азірнуліся назад і ўбачылі, што воўк нанёс дзіця, а сабака адбірае. Яны прыбеглі і адабралі дзіця. I з гэтых пор сталі зноў даваць сабаку есці.

А хлопчык гэты расце ды расце не па гадах па гадзінах, і дарос да васямнаццаці год, і бацька засватаў яго. У гэту самую пару прыйшоў той воўк пад гумно, каб пажывіцца. Сабака пачуў ваўка і стаў гаўкаць.

Воўк і кажа:

— Я ж табе даў хлеба, а ты мяне праганяеш!

— А,  гэта ты, брат? — пытае сабака.

-Я.

— Ну, прыдзі ты, брат, к нам за дзве нядзелі: у нас будзе вяселле, і я цябе пачастую.

Настала вяселле. Сабака п’е, гуляе і забыўся аб сваім браце, а пасля падумаў:

— У мяне ж ёсць брат. Пайду пагляджу яго.

Выйшаў, глядзіць, а воўк ляжыць за гумном. Сабака яму кажа:

— Што ты ляжыш тут? Пойдзем у хату!

— Як жа ты ўвядзеш мяне ў хату?

— Не бойся, пойдзем.

Прыходзяць яны к сенцам. Сабака і кажа:

— Ты пастой, а я ўпярод схаджу ў хату.

Сабака ўвайшоў у хату, мельнуў хвастом па лучыне, патушыў яе, пабег і сказаў ваўку:

— Бяжы борзда ў хату і лезь пад стол.

Сабака добра накарміў і напаіў ваўка. I ляжаць сабе абодва пад сталом.

Зачалі каравайніцы спяваць:

У нашага гаспадара Кудравая галава,

Ён кудзёркамі патрасе I нам гарэлкі паднясе...

Сабака ляжыць сабе ціхенька — нічога, а воўк:

— Я, брат, не вытрываю, заспяваю па-свойму.

— Маўчы! Бо будзе табе і мне!

Другі раз каравайніцы заспявалі:

У нашага свата Пабелена хата;

Печ яго кахляна,

Чэсць яго кахана...

Воўк зноў кажа сабаку:

— Не вытрываю...

I зачаў спяваць па-свойму. Людзі пазналі, што гэта воўк, і ўхваціліся хто за качаргу, хто за чапялу і зачалі біць ваўка і саба-ку. Білі-білі і выгналі абаіх вон.

Вoўк кажа сабаку:

— Я табе гэтага не дарую! Ты мяне добра ўгасціў.

А сабака яму:

— А чаго ты крычаў? Я табе казаў: «Маўчы!»

— Я на цябе пайду вайною і будзем з табою ваяваць пад хваінаю. Ты вазьмі сабе на помач трох, і я сабе трох.

Воўк узяў сабе дзікага вепрука, мядзведзя і льва, а сабака — качара, пеўня і ката. Воўк прыйшоў на месца напярод і чакаў іх гадзіны тры. Потым кажа мядзведзю:

— Лезь ты на дрэва і паглядзі, можа ўжо ідуць.

Мядзведзь узлез і глядзіць.

Яго пытаюцца:

— Ці ідуць?

— Ідуць, браце.

Воўк кажа яму:

— Ну, злезь!

— Не злезу, страшна!

— I што там такі за страх, хто ж там ідзе?

— Адзін, — кажа, — з пікаю, а другі нясе дзве шаблі, а трэці ўсё кажа: «Таму так будзе, і таму так будзе!»

Дзік зарыўся ў мох.

Прыходзіць сабака з сваім войскам — і пачаў ваяваць. Зайшоў кот ззаду і хваць дзіка за хвост. Дзік і схваціўся.

А певень спалохаўся, падляцеў угару і закрычаў: «Кудах-кудах!» А мядзведзь думаў, што кажуць «падай-падай!» — і проста з гэтага дзерава зваліўся на зямлю. Глядзіць леў, што мядзведзь і дзік ужо ўцяклі, — і ён кінуўся за імі. Застаўся воўк адзін.

3 гэтай пары яны сталі жыць добра, мірна.