Бабіна дачка і дзедава дачка
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Бабіна дачка і дзедава дачка

Беларускія народныя казкі


Бабіна дачка і дзедава дачка

Быў дзед ды з бабай, была ў дзеда дачка ды ў бабы дачка. Не ўзлюбіла баба дзедаву дачку. Дзед той гадзіў-гадзіў бабе — ніяк не ўгадзіць. Жалка яму сваёй дачкі, а баба адказвае:

— Дзень яе дзе хочаш.

Тады ён гаворыць:

— Адзявайся, дачушка, пойдзем з табой.

Пайшлі яны ў лес. Прыходзяць у лес — стаіць хатка на курыных ножках. Ён гаворыць:

— Хатка, хатка, стаяла па-новаму, стань па-стараму: ка мне акном, а к дочцы маёй дзвярмі!

Тая хатка абярнулася і стала па-стараму: к яму акном, а к дочцы яго дзвярмі. Тады ён гаворыць:

— Ідзі, жыві з Богам, а я пайду дроўцы сеч.

Адсек венічак і пабаешачку, звязаў і павесіў на асіну. Венічак шась-шась, а пабаешачка стук-стук! Яна думае, што бацька дроўцы сячэ, і ўсё яго чакае. Вечар прыходзіць, бацькі яна чакала-чакала, — ніхто не прыходзіць. Тады яна гаворыць:

— Хто ў лесе, хто ў балоце, хадзі ка мне начаваць!

Мядзведзь адгукаецца:

— Я ў лесе, я ў балоце, прыду к табе начаваць!

А яна думае, што бацька ёй адказвае. Тады прыйшоў к ёй мядзведзь нанач:

— Ну, дзеўка, адмыкай дзверы!

Яна адамкнула і дужа спужалася.

— Ну, — гаворыць мядзведзь, — затапі печ, вары кашу, пячы бліны.

Тады шчурка падскочыла і гаворыць:

— Дзеўка-дзявіца, красная красавіца, дай ложачку кашы аблізаць.

А яна гаворыць:

— На табе, шчурка, кашкі.

З’ела шчурка кашу і зноў прыбягае:

— Дзеўка-дзявіца, красная красавіца, дай мне блінка з печы, у худой гадзіне прыгажуся...

Яна кінула блінца, шчурка і пабегла пад печку.

Яны павячэралі.

- Ну - гаворыць мядзведзь да дзеўкі, — пасцель пасцялі: рад камення, рад палення і ступу ў галовы.

Ён лёг і даў ключыкі, і прыказаў бегаць па хаце і бразгаць ключамі. А шчурка падскачыла і яе падмяніла.

— Дай, — гаворыць, — мне ключыкі, я цябе падмяню, а то цябе заб’е.

Стаў мядзведзь кідаць паленні — нікога не забіў.

На другі дзень мядзведзь, устаўшы, гаворыць:

— Шчасце тваё. Ну, дзеўка, мы з табой ажэнімся.

Яны ажаніліся і сталі жыць добра. Ён ёй нанасіў і мёду, і коней, і ўсяго.

У яе бацькі была сучка рабая, — яна выскачыла на вуліцу і стала брахаць:

— Гаў-гаў-гаў! Дзедава дачка ў госці шасцёркай едзе і грошай многа вязе!

А бабе то не спадабалася. Яна сучку чапялой:

— Што ты, сучка, воўк це заеж, брэшаш! Дзедавай дачкі даўно па свеце няма!

А тут дачка і прыехала, і грошай бацьку прывязла. Бабе гэта не спадабалася, яна і кажа:

— Адвядзі і маю дачку туды, дзе твая была.

Нечага рабіць, дзед адвёўяе. Прыйшоў дзед улес. Там стаіць хатка на курыных ножках. Ён гаворыць:

— Хатка, хатка, стаяла па-новаму, стань па-стараму: ка мне акном, а к дочцы маёй дзвярмі!

Тая хатка абярнулася i стала па-стараму: к яму акном, а к дочцы дзвярмі. Тады ён і гаворыць:

— Ну, дзіця, жыві тут, я пайду дроўцы сеч.

Адсек венічак і пабаешачку, звязаў і павесіў на асіну. Венічак шась-шась, а пабаешачка стук-стук! Яна думае, што бацька дроўцы сячэ, і ўсё яго чакае. Вечар прыходзіць, бацькі яна чакала-чакала, — ніхто не прыходзіць. Тады яна гаворыць:

— Хто ў лесе, хто ў балоце, хадзі ка мне начаваць!

Мядзведзь адгукаецца:

— Я ў лесе, я ў балоце, прыду к табе начаваць!

А яна думае, што бацька ёй адказвае. Тады прыйшоў к ёй мядзведзь нанач:

— Ну, — гаворыць мядзведзь, — затапі печ, вары кашу, пячы бліны.

Тады шчурка падскочыла і гаворыць:

— Дзеўка-дзявіца, красная красавіца, дай ложачку кашы аблізаць!

А яна гаворыць:

— Мядзведзь, мядзведзь! Шчурка кашкі просіць.

— У лоб яе ложкай!

Яна яе ўдарыла, шчурка пабегла, — сама стала печ бліны...

— Дай мне блінка з печы, у худой гадзіне прыгажуся...

Яна:

— Мядзведзь, мядзведзь! Шчурка бліна просіць.

Ён:

— У лоб яе чапялой!

Яна яе ўдарыла, шчурка пабегла пад печку, і закацілася, і завалілася. Яны павячэралі. Мядзведзь гаворыць:

— Сцялі мне пасцель: рад камення, рад палення і ступу ў галовы.

Ён лёг і даў ёй ключыкі, і прыказаў бегаць па хаце і бразгаць ключамі. Як ён стаў кідаць паленнямі, дык з першага разу яе і забіў. Дзедава сучка выскачыла:

— Гаў-гаў-гаў! Бабінай дачкі даўно на свеце няма!

Бабе гэта не спадабалася.

— Што, сучка, брэшаш? Мая дачка шасцярнёй прыедзе, у карэце, грошы прывязе. Дзед! Што твая сучка на мяне брэша? Ідзі прывядзі мне маю дачку, а то сучку заб’ю.

Дзед узяў кашалёк на плечы, пайшоў за бабінай дачкой. Прыходзіць у тую хату — аж там дачкі няма, адны косці ляжаць, дзед падабраў косці ў кашалёк і пайшоў дамоў. Тады сучка:

— Гаў-гаў-гаў! Бабіну дачку дамоў вязуць, у кашальку косці нясуць!

Бабе гэта не спадабалася.

— Што ты брэшаш? Мая дачка шасцярнёй прыедзе, у карэце, грошы прывязе.

Сучка зноў забрахала:

— Гаў-гаў-гаў! Бабіну дачку дамоў вязуць, у кашальку косці нясуць!

Тады баба ўрабела і злегла ў пасцель. А каб дачка яе шчурцы блінок дала з’есці, то была б жывая.