автордың кітабын онлайн тегін оқу «Верны» слуга
Беларускія народныя казкі
«Верны» слуга
От да аднаго пана прыехаў пан, і сталі яны гаварыць пра свае слугі. От першы гаворыць:
— У мяне слуга — пастух, такі верны! От, у мяне ест вол з залатымі рагамі, і ён яго пасе. Ніхто ў яго не ўкрадзе таго вала і ніхто за ніякія грошы не купіць.
Другі пан кажа:
— А я вот украду.
Ну, вот і залажыліся там, як даўней бывала, паны на некалькі тысяч рублёў: украдзеш — значыцца, я праіграў, а не ўкрадзеш — ты праіграў.
Сказалі выправіць гэтага пастуха ў поле. Там недалёка рэчка, кусты. Пасе ён ды трымае гэтага вала па вяроўцы.
Зараз прыходзіць паненка, харошая-харошая. Стала на беразе, раздзелася, стала гімнастыкі рабіць над рэчкай. Загледзеўся ён, зацікавіла яго гэта. Узёў ды і пусціў гэтага вала з рук. I прытаіўся сабе, думае: «Яна, мусіць, мяне не бачыць». Прытаіўся і паглядае.
Тая парабіла сабе гімнастыкі, тое-сёе, ускочыла ў ваду, сплесанулася, адзелася і пайшла. Зірк ён назад — вала няма! «Што ж рабіць? Што ж пану гаварыць? Як гэта гэтак палучылася?»
Прыходзіць у двор. А тыя зладзеі прывялі ўжо вала да пана.
— Вот, — кажа пан-госць, — табе і верны слуга. Вот і ўкраў я вала твайго.
— Дык дзе ж ты падзеў вала? — пытае пан-гаспадар у пастуха. — Ты яго ў руках трымаў, і ў цябе ўкралі? Гвалтам у цябе не адбіралі?
-Не.
— Дык, а як жа гэта зрабілася?
— От ведаеце, панок, што: як прыйшла пакуса без барады і вуса, як раздзелася дагала — дык я і забыўся на вала.
