автордың кітабын онлайн тегін оқу Бацькавы наказы
Беларускія народныя казкі
Бацькавы наказы
Жыў бацька з сынам. Бацька быў стары, і прыйшла гадзіна яму паміраць. А сына свайго ён вельмі любіў і хацеў, каб той жыў правільна, не горай за другіх. А для гэтага даў яму перад смерцю шэсць наказаў: кабылы жаробнай на чужыя рукі не давай; з двара жонкі не бяры; няпрошаны на вяселле не ідзі; каб заўсёды з мёдам снедаў; каб, праходзячы, у працы людзям не казаў «памажы Божа»; а калі ў пуню будзеш вазіць снапы, то павуцінне на пацёсе каб шапкай выцер.
Сын бацьку не паслухаўся. Узяў ён ды і даў жаробную кабылу свайму суседу. А тая кабыла на трэці дзень жарабё скінула. Пагараваў ён ды і супакоіўся, а для навукі жарабё закапаў і на тым месце дубочак пасадзіў — для запамятавання пра бацькаў наказ.
Прыйшоў час яму жаніцца, а сасватаў ён дзяўчыну не прастую, а дваровую. Згулялі яны вяселле, пара ўжо б і за працу прыняціся, а жана нічога рабіці не ўмее ды і ўдабавак не хочыць, вельмі ж дужа працаваць яна не прывыкшы. Тады й успомніў хлопец наказ бацькі, але позна — жонкі не закапаеш.
У вёсцы вяселле, а яго на вяселле не клічуць; ён бярэ кумпяк, добры літр водкі і ідзе на вяселле. Стаў у парозе і стаіць, чакаець, пакуль яго за стол папросюць. А за стол яго не клічуць. Пастаяў, пастаяў і дахаты так вараціўся, а кумпяк ды літру з водкай падвесіў на бэльцы — для запамінання бацькавага наказу.
Спіць, спіць гэты сын, а потым устане і снедаць не хоча, бо дужа ж доўга ён спаў. I бярэ тады да свайго снедання мёд i есць, бо ўспомніў, што бацька казаў, каб ён з мёдам еў. А нейк раз прыйшлося яму з рання, яшчэ да снедання, добрапапрацаваць. Прыйшоў ён снедаць і так смачна паеў, што як з мёдам усё роўна. Вось тады і ўспомніў ён чацвёрты бацькаў наказ.
Прыйшла пара звозіць жыта дамоў. Едзе ён звозіць жыта, а людцэ ўжэ ўсе даўно ў полі. Успомніў сын бацькаў пяты наказ, каб нікому ў працы не казаў «памажы Божа», ён і не кажа, а людзі дзівяцца: вось дзе які ірад - пройдзе і нікому нічога не кажа. У той дзень звазіў ён саўсім мала снапоў. Тады назаўтра ўстаў ён да свету і паехаў у поле, а ў полі яшчэ нікога не было. Вось вязе ён з поля снапы, а людзі ў поле ідуць і «памагай Бог» яму кажуць. Вось толькі тады зразумеў сын, што азначае бацькаў пяты наказ.
Ну, і апошні, шосты наказ: як будзе вазіць снапы ў пуню, ён павінен шапкай павуцінне з пацёсу выцерці. Ну, ён і ўзяўся. Ну, думае, хоць гэты наказ выканаў. I пачаў вазіць снапы, вазіў, вазіў і столькі шмат навазіў, што ажно да пацёсу шапкай пачаў даставаць і разам павуцінне выціраць. Агледзеўся сын і думае: нашто ж я гэта мэнчыўся, лазіў, выціраў, калі яно само выцерлася? I зразумеў, што яму хацеў сказаць бацька.
Вось так выкапаў сын бацькавы наказы.
