Аб рачку
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Аб рачку

Беларускія народныя казкі


Аб рачку

Ехаў адзін чалавек у лес па дровы, аж глядзіць — сядзіць у хворасце рак, так ён спалохаўся і адкінуў яго галіною, а рак давай прасіцца:

— Чалавечку, вазьмі мяне дахаты.

— Адчапіся ты, гадзе нялюдскі, на чорта мне здаўся!

Але як стаў рак прасіць, як стаў прасіць, так ён нішто, узяў. А там недалёчка жыў кароль і меў тры надта-надта харошыя дачкі: рак як адагрэўся на печы, так давай прасіць свайго гаспадара, каб пайшоў да караля і сказаў, што ў яго ёсць сын рачок і што ён хоча з каралеўнаю ажаніцца. Гаспадар кажа:

— Здурзў ты, гадзіна, ці што? Як ты смееш так казаць!

Але як стаў рак прасіць, як стаў прасіць, так пайшоў.

Прыходзіць дый то неяк адважыўся і кажа: так і так. Так кароль:

— Ну, калі твой сын гэтакі разумны, то няхай мне за гэту ноч ад твае хаты да майго палаца дыяментавы мост зробіць.

Так гаспадар прыйшоў і кажа:

— А што, казаў, што не варта хадзіць, цяпер глядзі, казаў, каб ты за адну ноч дыяментавы мост выставіў!

А ён:

— Ну, то і добра, — кажа, — гэта ўжо не ваша бяда, толькі вынесіце мяне на двор ды на стаўбцы пасадзіце.

Так ён яго і вынес. На заўтрашні дзень, зрання, кароль выходзіць, ажно ззяе ужо дыяментавы мост! Так прызваў да сябе таго гаспадара дый кажа:

— Відаць, твой сын разумны, то няхай жа яшчэ зробіць, каб за гэту ноч ад твае хаты да майго палаца мак расцвіў.

Гаспадар, прыйшоўшы дахаты, наваліўся на рачка і кажа:

— Ну, мост то ты зрабіў, але гэтага не ведаю, ці дасі рады.

— Кажыце! Ну што ён там вычварыў?

— А то ж казаў, каб ад хаты да палаца мак расцвіў за гэту ноч!

А рачок кажа:

— Ну, гэта яшчэ не бяда! Стойце, толькі вынесіце мяне на двор і дайце жменьку маку.

Ён гэтак зрабіў. Калі на заўтрашні дзень кароль прачнецца, глядзіць праз акно, ажно праўда, найхарашэйшы мак цвіце! Кароль прызваў гэтага чалавека дый кажа:

— Калі так, то няхай твой сын той дачцы, каторую ён сабе выбера, сукню, не мераючы, справіць.

Той гаспадар прыйшоў, кажа так і так, ажно за ноч і сукня стала гатова. Тады ўжо яго ўзяў дый завёз да караля. Паказаў ён сукшо, так кароль сказаў сваім дочкам станавіцца ў рад, а яму выбіраць. Так ён серадольшай дачцы на ножку ўспоўз, памералі сукшо — ажно як уліта на яе!

Тады зараз сталі хадзіць каля вяселля, палажылі рака на талерцы, паабкладалі дыяментамі і так ім шлюб давалі.

Па шлюбе кладуцца спаць, ажно ён узяў струхнуўся, так шкарлупіна абляцела, дый зрабіўся харошы каралевіч. А тую шкарлупіну пад падушку палажыў. Як каралеўна ўгледзела такога нязмерна харошага, так надта ўцешылася і ўжо тады перастала плакаць.

А гэта не быў рак, ды каралевіч, закляты праз адну ведзьму ў рака. Ажно назаўтра незнарок яна агледзела гэту шкарлупіну дый, схапіўшы яе, кінула ў агонь.

Прыходзіць ён, хоча на сябе ўзлажыць — няма! Так ён да яе:

— Не бачыла ты таго, што пад падушкаю было?

— Чаго? Брыды гэтай? А то ж я ўзяла і спаліла.

— Ну ж цяпер ты мяне навекі згубіла! Мне ўжо толькі месяц было пакутаваць, а ты мне вырабіла, што я не ведаю, калі пакута скончыцца.

I даў ёй жалезныя чаравікі дый кажа:

— Як гэтыя чаравікі стопчаш, тады хіба я выпакутуюся.

Гэта кажучы, перакінуўся ў галуба і паляцеў. Яна ад таго часу як дзень, так ноч усё плакала ды лямантавала, ды усё хадзіла па лесе ды па полі, па карэннях, па каменнях, каб хут-чэй чаравікі патаптаць.

Ажно аднаго разу зайшла да аднае хаткі, а ў той хатцы была ведзьма, што каралевічаў заклінала. Яна просіцца на службу, а ведзьма кажа:

— Мне не трэба, у мяне і так ёсць задосыць, хіба ідзі гут недалёка да аднае пані, то яна цябе возьме галубкі пасвіць.

А тая пані таксама была ведзьма і згадзіла яе пасвщь, а тыя галубкі ўсё былі заклятыя каралевічы. Тая ведзьма ей так сказала:

— Як будуць усе галубкі цэлыя, то я табе добра заплачу, а калі не, то галаву зніму.

I здала ёй на рукі ўсё чыста. Гоніць яна іх пасвіць дый між усімі пазнала неяк свайго. А ён яе таксама пазнаў і з тае пары стаў ёй пасабляць: як галубкі дзе паразлятаюцца, ён іх пазганяе да горбы.

Выбыла яна год і ідзе па плату, ажно яе каханы сядзіць на дубе і кажа:

— Глядзі ж, ты нічога не бяры, толькі аднаго галубка, а ўжо ты мяне пазнаеш, бо я няўзнак кіўну галоўкаю.

Ведзьма, пералічыўшы галубкі, бачыць, што ўсе, і кажа:

— Ну, дзеўка, добра ты пасвіла — дам, што хочаш, а мо на другі год аставайся?

А яна кажа:

— На другі рок застацца не магу і грошай не хачу, толькі за тое дайце мне аднаго галубка.

— Добра, — кажа, — які ж табе даспадобы?

А каралевіч кіў няўзнак галоўкаю, так яна кажа:

— Вось, я гэтага хачу! — і ўзяла сабе.

Варочаецца яна да палаца, ажно на дарозе чаравікі падраліся, так ён як бач і перакінуўся зноў у чалавека.

Кароль, угледзеўшы іх, надта ўзрадаваўся, зараз ім справіў вялікі банкет, усе каралі на ім былі, віно лілося рэкамі, і я там была, мёд-віно піла, па барадзе цякло, а ў роце не было.