Дзіва
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Дзіва

Беларускія народныя казкі


Дзіва

Жыў сабе чалавек вельмі бедны, не было ў яго чаго есці. Пакінуў ён сваю жонку дома, а сам пайшоў у свет. Ідзе ён дзень, ідзе другі і прыходзіць у лес. У лесе стаіць хатка; ён зайшоў у гэту хатку, а там сядзіць нейкі старычок. Вот ён і пытае:

— Ці можна ў цябе, старычок, пераначаваць?

А старык адказвае:

— Чаму ж? Начуй!

Сядзяць яны час, а можа і два, пара ўжо вячэраць, а на стале і хлеба ні куска. Вот старык і гаворыць:

— Мый, брат, рукі!

I сам памыў. Селі за стол, а хазяін і гаворыць:

— Дзіва, ідзі ў хату жыва! Сячыся, рубайся, у гаршчок накладайся, да агню прыстаўляйся і на стол падавайся!

Вот уваходзіць у хату нейкі індык, сам зарэзаўся, аскубся, да агню прыставіўся, зварыўся і на стол падаўся. Хазяін і кажа госцю:

— Еж, брат, толькі касцей не грызі!

З’елі яны ўсё мяса, косці палажылі на стол, а хазяін кажа:

— Дзіва, сабірайся, ды і за парог выбірайся!

Дзіва сабралася, ды і за парог выбралася. Вось госцю стала зайздросна, — ён і просіць:

— Прадай мне, добры чалавек, гэта дзіва!

А старычок адказвае:

— Я не прадаю нікому за грошы, а добрым людзям і так даю.

I падарыў гэта дзіва чалавеку. Чалавек узяў яго к сабе, занёс дамоў і кажа жане:

— Вот я прынёс дзіва, ты толькі паглядзі, што тут будзе!

I загадаў накласці дроў у печку, а сам з жаною сеў за стол.

Індык стаіць у сенях. Вот хазяін кажа:

— Дзіва, ідзі ў хату жыва! Сячыся, рубайся, у гаршчок накладайся, да агню прыстаўляйся і на стол падавайся!

Дзіва заходзіць, само зарэзалася, аскублася, да агню прыставілася і на стол падалося. З’елі яны ўсё мяса, а косці палажылі на стол, і кажа хазяін:

— Дзіва, сабірайся, ды і за парог выбірайся!

Сабрала яно ўсе свае косці, саскочыла са стала і пайшло, як прыходзіла. Пабылі яны з дзень, і выйшлі ў іх усе дровы. Хазяін паехаў у лес пa дровы, а к жане яго прыходзіць поп і заве к сабе мыць бялізну. Вось яна і хваліцца:

— Ох, мой бацюхна! Што ў нас ёсць за дзіва! Садзіцеся за стол.

Селі. А яна і заве:

— Дзіва, ідзі ў хату жыва!

А дзіва ўсё не слухае. Узяла баба качаргу і крычыць:

— Вось, я ж табе!

Ды як дасць па ім качаргою — качарга так і ўрасла к дзіву, а баба к качарзе. Крычыць баба на ўсё горла:

— Ой, бацюшка, памажы ад качаргі адарвацца!

Прыйшоў поп і гаворыць:

— Ды што гэта такое?

Узяўся спасаць бабу і сам прырос. Прыходзіць дзяк і кажа:

— Бацюшка! Ды што так доўга сядзіце? Трэба абедню служыць.

А поп гаворыць:

— Відзіш, што не магу адарвацца.

Дзяк стаў памагаць папу адрывацца — і сам прырос. Прыходзіць стараста і тожа стаў спасаць бацюшку, ды і ён прырос. Прыйшла матушка, а поп крычыць:

— Не бярыся, а то прырасцеш, — пайдзі пазаві шаптуху, штоб памагла нам.

Прыйшла шаптуха, стала шаптаць, ды як возьмецца за качаргу, ды і сама прырасла. Дзіва павалакло іх усіх у лес, к хазяіну, цераз грэблю, дзе быў мост. Выскаквае з-пад маста чорт і гаворыць папу:

— Калі пусціш за царскія дзверы, то я цябе адарву.

Поп абяцаў пусціць. Чорт ўзяўся адрываць папа ад качаргі — і сам прырос. Ідуць усе яны к хазяіну. Прыйшлі на месца, а хазяін высек шэсць дубін — на чорта самую тоўстую, ды і гаворыць к яму:

— А ты чаго тут?

Ды як стаў даваць! Біў-біў, а потым сам узяўся за качаргу — і чорт адстаў. Адарваўшыся, ён пусціўся на сваё месца, адкуль выскачыў, толькі лінію леса выламаў па дарозе. Прыйшла чарга і да папа.

— А ты чаго? — пытаецца хазяіп, ды і аб папа пабіў дубіну.

Пусціўся поп бегчы дадому — аж рукавы ды полы матаюцца. Так усіх ён угасціў дубінамі, і ўсе паўцякалі дамоў. А хазяін узяў сваё дзіва на воз, прывёз яго дадому. I цяпер ён жыве з жаной i не нуждаецца ні ў якой страве.