автордың кітабын онлайн тегін оқу Ня сілай, а розумам
Беларускія народныя казкі
Ня сілай, а розумам
Адзін чалавек пайшоў у лес дровы секчы. Насёк дроў, сеў на пань адпачыць.
Прыходзіць мядзьведзь:
— Гэй, чалавек, давай будзем барукацца!
Паглядзеў чалавек на мядзьведзя: дужы калмач — дзе зь ім барукацца! Сьцісьне лапамі — і дух вон!
— Э, — кажа чалавек, што мне з табою барукацца! Давай сьпярша паглядзім, ці маеш ты сілу.
— А як глядзець будзем? — пытаецца мядзьведзь.
Узяў чалавек сякеру, рашчапіў пень зьверху, убіў у расколіну клін і кажа:
— Калі разьдзярэш гэты пень лапаю, значыць, маеш сілу. Тады я з табою буду барукацца.
Ну, мядзьведзь, не падумаўшы, тыц лапу ў расколіну. А чалавек тым часам трах абухам па кліну — той і выскачыў.
Тут пень і сьціснуў мядзьведзеву лапу, як абцугамі.
Раве мядзьведзь, танцуе на трох лапах, але ні расчапіць пень, ні вырвацца зь яго ня можа.
— Ну, што, — кажа чалавек, — будзеш барукацца са мною?
— Не, — енчыць мядзьведзь. — Ня буду.
— Вось бачыш, — сказаў чалавек. — Ня толькі сілаю барукацца можна, а і розумам.
Убіў ён клін назад у пень, мядзьведзь вырваў лапу ды ходу ў гушчар без аглядкі.
З таго часу ён і баіцца сустракацца з чалавекам.
