Гіпаліт Корвін-Мілеўскі
Успаміны пра семдзесят гадоў (1855–1925)
Шрифты предоставлены компанией «ПараТайп»
Переводчик Лаўрэш Леанід
© Гіпаліт Корвін-Мілеўскі, 2025
© Лаўрэш Леанід, перевод, 2025
Скарочаныя ўспаміны Гіпаліта Корвін-Мілеўскага (1848–1932), доктара права, польска-беларускага грамадска-палітычнага дзеяча, публіцыста, уладальніка маёнтка Лаздуны, заснавальніка віленскай газеты «Kurier Litewski» («Літоўскі кур’ер») і дэпутата Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі ад Віленскай губерні ў 1906—1909 гг.
У дадатку падаецца фрагмент успамінаў Аляксандра Мяйштовіча. Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.
ISBN 978-5-0065-4589-2
Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero
Оглавление
Ад перакладчыка і каментатара ўспамінаў
Цікавыя ўспаміны Гіпаліта Корвін-Мілеўскага (1848–1932)[1] маюць аб'ём у 600 старонак. Большая іх частка прысвечаная жыццю аўтара па-за межамі сучаснай Беларусі, у значнай ступені ён з'яўляўся еўрапейцам прафранцузскай арыентацыі. У Францыі Корвін-Мілеўскі атрымаў сярэднюю і вышэйшую (да ступені доктара) адукацыю, меў тут шмат сяброў і знаёмых, добра ведаў гісторыю, культуру і палітыку гэтай дзяржавы, і па яго словах, пісаў па-французску лепш, чым па-польску (мне здаецца, у яго дастаткова своеасаблівая, не віленская, польская мова, але не бяруся рабіць ацэнкі ў гэтай справе). Амаль што ўсё сваё жыццё, ён кожны год па 3 — 4 месяца жыў у Еўропе, займаўся палітыкай, пісаў, але пры гэтым жаліўся на лёс буйнога абшарніка. Заўважу, што сваю вялікую гаспадарку Корвін-Мілеўскі прывёў ва ўзорны стан, і менавіта гэта дазваляла яму жыць тым жыццём, якім ён жадаў жыць, час ад часу пісаць і друкаваць публіцыстыку, займацца грамадзянскай дзейнасцю.
Але ўсё ж, у значнай ступені, ён быў спадчынным вільнянінам, меў багатую кватэру у фешэнэбельнай частцы горада з вялікай бібліятэкай, напоўненай, па яго словах, творамі мастацтва. Вялікая бібліятэка мелася ў Корвін-Мілеўскага і ў Лаздунах, якія ён, здаецца, разглядаў толькі як месца сваёй «цяжкай» працы, неабходнай, каб весці звычайны для яго лад жыцця.
На працягу стагоддзяў Лаздуны ўваходзілі ў склад вялізных уладанняў князёў Радзвілаў і здаваліся імі ў арэнду (заставу). Апошні нясвіжскі ардынат Дамінік Радзівіл перадаў гэты маёнтак на вечныя часы Юзафу Валадковічу і яго жонцы Караліне з Бжастоўскіх. У 1810 г. Лаздуны набыў Самуэль Воўк-Ланеўскі, ён перадаў гэту маёмасць сваёй унучцы Вераніцы, мужам якой быў Аскар, а сынам Гіпаліт Корвін-Мілеўскія. Аўтар успамінаў цікава расказвае пры свой род і яго маёмасць, падае шмат важанй інфармацыі пра суседнія, літоўскія заможнай роды абшарніцкай шляхты.
Гіпаліт Корвін-Мілеўскі да 1878 г. пабудаваў у Лаздунах свой палац-рэзідэнцыю, пра які Чэслаў Янкоўскі пісаў, што пакоі палаца вызначаліся «вялікім густам і не вясковым камфортам». Што не дзіўна, улічваючы еўрапейскаць гаспадара, а таксама творчы патэнцыял яго сям'і: яго бацька Аскар Корвін-Мілеўскі (1818–1906) быў публіцыстам і аўтарам лібрэта да операў Манюшкі[2], а ўладальнік Геранёнаў, брат Ігнат Корвін-Мілеўскі (1846–1926) з'яўляўся вядомым мастаком і калекцыянерам.
Як дэпутата расійскай Дзяржаўнай думы Гіпаліта можна лічыць часткай палітычнай эліты Расійскай імперыі. Здаецца, сярод вышэйшага чынавенства імперыі яго лічылі сваім чалавекам — разважным кансерватарам і нават манархістам.
Думаю, у палітычным сэнсе Гіпаліта Корвін-Мілеўскага можна аднесці да катэгорыі так званых «віленскіх зуброў» — мясцовых абшарнікаў з кансерватыўнымі поглядамі, які пры гэтым, у адрозненні ад шматлікіх іншых яго калегаў, вельмі адмоўна ставіўся як да беларускага, гэтак і да летувіскага нацыянальнага руху.
Трэба трошкі расказаць пра брата аўтара ўспамінаў? Ігната Корвіна-Мілеўскага. З 1856 г. разам з братам Гіпалітам ён жыў і вучыўся у Парыжы, у ліцэі Банапарта. У 1865–1866 гг. браты вучыліся ва ўніверсітэце ў Дэрпце. У 1868 г. Ігнат Корвін-Мілеўскі вярнуўся ў Геранёны, дзе жыў да пачатку вучобы ў студыі выяўленчага мастацтва ў Мюнхене. У 1873 г. прымаў удзел у Міжнароднай выстаўцы ў Вене, праз год — у Парыжскім салоне.
Бацькі аддалі Лугамавічы і Лаздуны сыну Гіпаліту, а маёнтак у Геранёнах — Ігнату. Ігнат атрымаў тытул графа, меў свой герб, быў кавалерам Мальтыйскага ордэна. Жыў у Вене і Вільні, у Вільні пабудаваў палац у італьянскім стылі. Пасля 1905 г. ажаніўся з Янінай Оструг-Садоўскай, багатай удавой, сваячкай Уладзіслава Умястоўскага, але гэты саюз трываў нядоўга. Праз некалькі гадоў з дапамогай Ватыкана шлюб быў скасаваны. Пасля гэтага Ігнат Корвін-Мілеўскі купіў востраў на Адрыятычным моры і яхту. Замовіў у Парыжы вялікія габелены са сваім новым гербам. Яхту назваў «Літва» і плаваў на ёй па Міжземным, Балтыйскім і Паўночным морах, за Паўночны палярны круг у нарвежскія і рускія парты, у Канстанцінопаль, Венецыю, Каір, Амстэрдам, Стакгольм, Гданьск і іншыя месцы. Многа пісаў. Надрукаваў свае нататкі аб падарожжах у 1897 г. У 1899 г. выдаў другую кнігу ўспамінаў. У 1905 г. апублікаваў некалькі публіцыстычных прац. Судзіўся з многімі людзьмі і нават з ксяндзом Бародзічам з Суботнікаў. На сваім двары для аховы трымаў 20 стражнікаў.
Ігната Корвіна-Мілеўскага найбольш цікавілі гістарычныя карціны і пейзажы. У яго калекцыі налічвалася каля 250 карцін, але ён быў не толькі калекцыянерам, ён яшчэ і дапамагаў маладым мастакам. Сваю карцінную галерэю Ігнат спачатку планаваў размясціць у Кракаве, але да 1893 г. галерэя знаходзілася ў яго палацы ў Вільні і заўсёды была адкрыта для наведвальнікаў. У 1895 г. ён арганізаваў выстаўку сваіх карцін у Вене. Пасля выстаўкі ў Вене меркаваў перавезці карціны ў Берлін ці Геранёны, дзе меў вялікі мураваны будынак. Але пасля разводу з жонкай забраў іх з сабой на востраў Санта-Катарына.
Вяртаемся да аўтара ўспамінаў Гіпаліта Корвін-Мілеўскага, якія я з цікавасцю прачытаў, але пераклаў толькі тое, што наўпрост датычыць нашага краю (каля 20%) — у асноўным гэта першая кніга ўспамінаў. Большая частка яго мемуараў можа быць цікавай толькі для вузкай групы гісторыкаў, якія спецыялізуюцца на тым часе, некаторыя яго думкі і заўвагі сёння могуць выклікаць толькі ўсмешку, але некаторыя з іх паказваюць аўтара адукаваным і ўніклівым чалавекам.
Спадзяюся, што мая праца не будзе дарэмнай і ў большай ступені, чым раней, увядзе гэтую асобу ў лік актараў нашай мясцовай і агульнабеларускай гісторыі. Заканчваючы, не магу не заўважыць артыкулы пра Корвін-Мілеўскіх цудоўнай пісьменніцы і даследчыцы гісторыі роднага краю з Іўя Алены Смалянічэнка.
Леанід Лаўрэш.
Korwin-Milewski Hipolit. Siedemdziesiąt lat wspomnień (1855–1925). Poznań, 1930.
Напісаў лібрэта на наступных опер Манюшка: «Ідэал ці новая Прэціёза» («Ideal czyli Nowa Precioza»), «Карманьёл ці французы любяць жартаваць («Karmaniol albo Francuzi lubie zartowac») і «Латарэя» («Loteria»).
Korwin-Milewski Hipolit. Siedemdziesiąt lat wspomnień (1855–1925). Poznań, 1930.
Напісаў лібрэта на наступных опер Манюшка: «Ідэал ці новая Прэціёза» («Ideal czyli Nowa Precioza»), «Карманьёл ці французы любяць жартаваць («Karmaniol albo Francuzi lubie zartowac») і «Латарэя» («Loteria»).
Кніга першая. Прыватнае жыццё
Доўга я пражыў на гэтым свеце, нашмат даўжэй, чым абяцаў аўтар псалмоў простым смяротным. І, дзякуючы абставінам, пра якія чытач далей даведаецца, маё жыццё з ранняга дзяцінства і да нядаўняга часу развівалася ў розных краінах, я меў розныя заняткі і вёў справы з самымі рознымі сацыяльнымі класамі — ад ніжэйшых да вышэйшых, гэта рабіла мяне сведкам ці нават дадатковым чыннікам розных цікавых падзей і гістарычных дэталяў, не заўсёды вядомых даследчыкам. Бо, паўтаруся, перыяд маіх цалкам ясных успамінаў ахоплівае цэлых семдзесят гадоў, і пачаліся яны на маёй радзіме, яшчэ ў па-сапраўднаму феадальныя часы і дайшлі да часоў, калі на трэцяй частцы нашага кантынента ўсё жыццё еўрапейскіх народаў развіваецца пад уладай камунізму, яго пагрозай і пастаянным страхам перад ім. Таму матэрыял для назіранняў і ўспамінаў я маю даволі багаты.
Ужо перад сусветнай вайной (тут і далей, Першай сусветнай — Л. Л.) многія мае сябры пачалі падахвочваць мяне пачаць пісаць дзённік. Я іх не слухаў, бо я чалавек дзейны і працавіты нават і ў глыбокай старасці. Таму я не меў схільнасці паглыбляцца ў сваё мінулае, бо пакуль, каб запоўніць сваё жыццё, свой час і свае думкі, мне дастаткова сучаснасці. І калі, амаль раптоўна, у 1920 годзе надышоў перыяд поўнай бяздзейнасці і жыццёвага вакууму, узнік сімптом, якога я не пажадаў бы ніводнаму разумова гнуткаму чытачу, — старэчая лянота і абыякавасць. Іх магла пераадолець толькі нейкая «іскра».
Затрашчала гэтая «іскра» восенню 1925 года ў таварыстве паляўнічых. Паміж двума калегамі адбылася размова пра 1918 год. Адзін з гэтых паноў перажыў той час па гэты, а другі — па той бок «кітайскай сцяны», створанай фронтам. […] Калі я атрымаў параду пісаць ад адукаванага, начытанага пана і выключна кампетэнтнага дарадцы, дык падумаў, а што яшчэ я магу зрабіць карыснага, і ўзяўся за працу. На самым пачатку ўзнікла некалькі пытанняў. Па-першае, на якой мове мне пісаць? Я шмат пісаў і публічна гаварыў па-польску, па-руску і па-французску. Але галоўнай скрыпкай для мяне заўсёды была французская, віяланчэллю — польская, кантрабасам — руская мова. Для мяне было б забавай пісаць па-французску, але па-польску гэта стала сапраўднай працай. Тым не менш, я спыніўся на польскай мове, бо кожнага пісьменніка найперш цікавяць чытачы. Сярод замежнікаў іх не знойдзеш, і ў нас змяншаецца колькасць асоб, якія ахвотна і свабодна чытаюць па-французску.
Таму многія прыдзірлівыя чытачы напэўна сустрэнуць словы ці фразы, якія пахнуць галізмамі. Прашу яго прыслухацца да парады сапраўднага «музыканта» польскай мовы, пана Часлава Янкоўскага, які ў некалькіх артыкулах, прысвечаных мне, заўсёды раіў чытачам ці слухачам звяртаць увагу не на тое, як гаворыць ці піша пан Мілеўскі, а на тое, што ён кажа ці піша.
Другое пытанне: якога тыпу гэты дзённік? Згодна з нямецкай тэрміналогіяй: «суб'ектыўны» ці «аб'ектыўны»? Я, безумоўна, аддаю перавагу другому, а не першаму тыпу. На розных мовах я чытаў шмат успамінаў і практычна ўсе яны цікавілі мяне больш, чым раманы, бо самая яркая чалавечая фантазія пра падзеі ці характары не дасягае рэчаіснасці. Які Вальтэр Скот, Гофман, Эжэн Сью, Крашэўскі маглі б прыдумаць… Распуціна? Нават самыя таленавітыя і вядомыя пісьменнікі, як Ж. Ж. Русо ў сваёй «Споведзі» […] пагружаюцца ў нястомнае назіранне за ўласным пупком і знаёмяць чытача са сваімі сардэчнымі рэфлексамі або драбнюткімі дэталямі хатняга жыцця, што ў мяне часам выклікае агіду. Нас людзей, асоб на двух нагах і нібы разумных стварэнняў, на свеце не менш за паўтара мільярды. Кожны з нас у свой час марыў пра манну нябесную, быў закаханы, меў сяброў, кожны ў жыцці меў ад іх разнастайныя сюрпрызы, падманы, прыгоды і г. д. Доўга расказваць пра ўсё гэта чытачам, як гэта робіць Мараўскі[1] пра свае стасункі з чыноўнікамі кансісторыі ці віленскімі месцічамі, або як нядаўна зрабіў знакаміты заходні арыстакрат пра свае шлюбныя спрэчкі, мае такі ж сэнс, як і ваша кухонная кніга.
Аднак гэтаму не будзе супярэчыць тое, што я спачатку больш падрабязна разгледжу паходжанне самога аўтара ўспамінаў. Два погляды падштурхоўваюць мяне зрабіць так.
Па-першае, гэта дазволіць мне звярнуць увагу чытача на малавядомую гістарычную з'яву, памяць аб якой, як я зразумеў тут у Познані, хутка згасае нават у той частцы краіны, дзе яна мела месца, а менавіта размова пойдзе пра каласальнае пераразмеркаванне зямельнай уласнасці, сацыяльных, грамадскіх чыннікаў і эканамічных фактараў, якія адбыліся, галоўным чынам у Літве і Беларусі, у часе паміж пачаткам агоніі Рэчы Паспалітай, г. зн. ад Станіслава Аўгуста і па самы страшны жыццёвы крызіс, якім стаў 1863 год.
Па-другое, я маю цвёрды намер пісаць праўду, калі буду апісваць гісторыю, людзей і падзеі, падабаецца гэта камусьці ці не. Аднак загадзя ведаю, што цалкам гэты намер я не выканаю. Чаму? Таму што ў меркаваннях чалавека няма абсалютнай праўды. Гэта зразумела нават, калі не прымаць тэорыі адной філасофскай школы, якая адмаўляе існаванне любой рэальнасці, бо яна нібыта ёсць толькі ўяўленне, створанае нашымі пачуццямі. Гэта бачна з пастаянных, штодзённых разыходжаннях у аднолькава шчырых, добрасумленных і перакананых паказаннях сведкаў падчас судоў. Гэта дастаткова даказвае, што заявы і перакананні залежаць перш за ўсё ад схільнасці і пункту гледжання чалавека. Тут самы галоўны і непераможны ўплыў аказваюць паходжанне, спадчынныя традыцыі і звычкі, а таксама дзіцячыя ўражанні і выхаванне кожнага чалавека. Для хранікёра, які шчыра думае, што ён толькі фатаграфуе жыццё, усё гэта з'яўляецца тым, чым для сапраўднага фатографа будзе вышыня, святло ці бок, на якія ён паставіў сваю камеру. Таму, кожная фатаграфія выглядае па-рознаму.
Няхай чытач, гледзячы на апісанне падзей праз свае акуляры, якімі стала для яго жыццё, ведае, з якога паверха (з першага ці з верхняга) і праз якія акуляры глядзеў на іх мемуарыст. Маючы жаданне наблізіцца да ісціны, ён можа вылічыць нешта прапарцыйна-сярэдняе.
Што ж да раздзелаў гэтай працы, дык іх мне падказала сама хада майго жыцця. У першай яе частцы, самай працяглай, бо яна дасягае 50-гадовага ўзросту, я быў толькі простым мінаком, які сачыў за гістарычнымі падзеямі і не ўдзельнічаў у іх асабіста. Мае ўспаміны пра гэты перыяд (1848–1898) могуць мець вартасць толькі як альбом малюнкаў і партрэтаў, як, напрыклад, цікавыя і пазнавальныя дзённікі канца XVIII ст. Другі перыяд пачаўся ў 1898 годзе падчас кароткай паўзы, калі імператар Мікалай ІІ выпаўз з-пад спадніцы сваёй маці, але яшчэ не трапіў пад спадніцу жонкі і калі нейкія промні святла і паветра ўвайшлі ў падзямелле, у якім 30 гадоў задыхалася наша грамадства. Гэта быў час, калі мне было наканавана разгортваць грамадска-палітычную дзейнасць. Апошні перыяд 1914–1921 гадоў пачаўся, калі пад уплывам майго бацькі, пагаршэння здароўя і некаторага расчаравання я збіраўся паставіць крыж на сваёй дзейнасці і, кіруючыся парадай Мантэня, вырашыў апрануцца ў халат старасці. Але грамадская жылка яшчэ падштурхнула мяне далучыцца да шматлікага тады рою мух, якія пхалі польскі рыдван. Хаця я мала што рабіў, але бачыў многае спачатку з аднаго, а потым з другога боку […] і не аднойчы пераканаўся, што многія суайчыннікі, якія не пакідалі сваёй радзімы ад пачатку і да канца драмы, і сёння вельмі слаба ўсведамляюць, асабліва, пачынаючы з сярэдзіны 1915 г., тое, што рабілася па-за межамі нямецкага жалезнага кальца. Паколькі гэты гістарычны перыяд, несумненна, будзе прадметам шматлікіх даследаванняў, як дагэтуль перыяд Вялікай французскай рэвалюцыі, мая праца можа служыць дадатковай крыніцай інфармацыі. […] Такім чынам, пасля анансаванага вышэй кароткага гістарычнага пралогу мы будзем мець успаміны пра:
1) прыватнае жыццё 1848–1898 гг.;
2) грамадска-палітычнае жыццё 1898–1914 гг.;
3) катаклізм 1914–1921 гг.
[…]
Познань, май 1926 г.
Верагодна маецца на ўвазе: Morawski S. Kilka lat mlodosci mojej w Wilnie, Warszawa 1924. — Л. Л.
Верагодна маецца на ўвазе: Morawski S. Kilka lat mlodosci mojej w Wilnie, Warszawa 1924. — Л. Л.
Раздзел I. Старажытная гісторыя, паходжанне аўтара
Нарадзіўся я 6 жніўня (26 ліпеня) 1848 г. у Друскеніках, курортным мястэчку каля Гародні, ад бацькі Аскара Корвін-Мілеўскага гербу Слепаўрон і маці Веранікі Ланеўскай-Воўк герба Дзве трубы[1].
Мінулае абодвух маіх ліній, бацькоўскай і матчынай, цесна звязана са згаданым вышэй эканамічным і сацыяльным пераваротам (пераразмеркаваннем), які адбываўся сярод шляхты ў Літве і Беларусі (а таксама на Падоллі і ў Украіне) паміж сярэдзінай XVIII і сярэдзінай XIX ст. У сярэдзіне XVIII ст. гэты вялікі край, роўны па плошчы ўсёй сучаснай Польшчы, у сярэдзіне XIX ст. належаў (разам з плошчамі, занятымі прыгоннымі сялянамі) у прапорцыі большай чым 2/3, шляхце — польскай або спаланізаванай. Тады, як у часы першага падзелу шляхта мела менш за 1/3. Ільвінай доляй гэтай зямлі раней валодала некалькі вялікапанскіх сем'яў — Радзівілы, Пацы, Сапегі, Хадкевічі, Пацеі, з якіх адзін Караль Радзівіл Пане Каханку меў каля 12 мільёнаў гектараў. Потым ішлі шматлікія і вялікія каралеўскія і дзяржаўныя маёнткі — староствы, польскай артылерыі і г. д., і, нарэшце, у канцы — маёмасць касцёлаў і кляштароў.
Усё гэта памянялася ў XIX стагоддзі. З вялізнай фартуны (маёмасці — Л. Л.) Караля Радзівіла Пане Каханку, у руках унучкі яго брата княгіні Вітгенштэйн, дачкі князя Дамініка, каля 1840 г. заставаўся толькі мільён сто тысяч гектараў. Гэта фартуна пацярпела ўжо падчас першага падзелу 1772 г. праз канфіскацыі маёнткаў у Магілёўскай і Віцебскай землях, зменшылася яна дзякуючы так званым эксдывізіям[2], якія праводзіліся згодна са Статутам ВКЛ і вялі да ліквідацыі буйной нерухомай маёмасці. Апошні Сапега з літоўскай лініі, эмігрант 1831 г. князь Яўстах, бацька знакамітай пані Марыі Браніцкай з Белай Царквы і дзед міністра замежных спраў у 1921 г., як і апошні з Пацаў, пацярпеў ад канфіскацыі сваіх вялікіх маёнткаў (хоць паменшаных ўжо ў XVIII ст.) у Гарадзенскай зямлі. Род Пацеяў згас перад апошнім падзелам, род Хадкевічаў яшчэ добра трымаўся на Валыні да Сусветнай вайны, але іх вялізныя маёнткі на Віленшчыне ў ХІХ стагоддзі пайшлі пад эксдывізію. Шматлікія езуіцкія маёнткі пасля роспуску ордэна ў 1773 г. былі раздадзены Рэччу Паспалітай «заслужаным у краіне людзям» на правах поўнага дзедзіцтва з вельмі памяркоўнай штогадовай аплатай, грошы гэтыя ішлі на асвету. Шматлікія староствы і каралеўшчыны пры кожным падзеле Рэчы Паспалітай сваім фаварытам раздавала царыца Кацярына ІІ, і ўсе яны, за выключэннем аднаго Платона Зубава, хутка распрадавалі сваю маёмасць мясцовым панам.
Такім чынам менш, чым за стагоддзе, больш за дзесяць мільёнаў гектараў зямлі змянілі гаспадароў і амаль што выключна на карысць аднаго з трох тагачасных слаёў шляхты, а менавіта сярэдняга слоя. Гэта мела вялікае значэнне не толькі ў эканамічным і сацыяльным, але і ў культурным і нацыянальным планах. Паўсталі шматлікія двары, населеныя сем'ямі, якія маглі даць сваім дзецям добрую адукацыю, гэтыя двары сталі цэнтрам польскасці, але пры гэтым падтрымлівалі беларускую ці летувіскую мовы. Таму пасля знікненнем дзяржаўнасці, за сто гадоў агоніі (1762–1862), нацыянальная справа прасунулася наперад больш, чым за ўсе папярэднія амаль што чатыры стагоддзі — ад Уладзіслава Ягайлы да Станіслава Аўгуста.
Тры слаі шляхты, пра якія я толькі што згадаў, за выключэннем цяпер ужо вымерлых магнатаў, складаліся з:
1) Верхняга слоя. Гэта не вельмі шматлікія сем'і (100, максімум 200), якія часам былі звязаны сямейнымі сувязямі з адным з магнацкіх родаў, раней займалі нейкія сенатарскія пасады і зваліся «кармазынамі»[3]. Яны мелі значныя але не празмерныя сродкі і ўтрымлівалі толькі абмежаваную шляхетную кліентуру. Пры тым, што, напрыклад, Караль Радзівіл трымаў сапраўднае войска, якое ў асноўным складалася са шляхты.
Вось гэты слой, пішу папамяці і таму падаю далёка не поўны спіс родаў, ідучы пры гэтым, з усходу на захад:
— у Магілёўскай зямлі, роды Цеханавецкіх, Солтанаў, Галынскіх, Свяцкіх;
— у Віцебскай і на Інфлянтах, роды Борхаў, Шадурскіх, Бяніслаўскіх, Лапацінскіх, Ліпскіх (галіна вялікапольскага роду), галіна роду Плятэраў і роду Грабніцкіх, на самым усходзе (да першага падзелу) Ланеўскіх-Ваўкоў;
— на Меншчыне, роды Несялоўскіх, Рэйтанаў, Вайніловічаў, Ваньковічаў, Абуховічаў, Войнаў, Прушынскіх, Прозараў, Цюндзявіцкіх, Лагойскіх Тышкевічаў, Незабытоўскіх;
— на Віленшыне, роды Тызенгаўзаў, Жабаў, Юдыцкіх (усе тры згаслі), Мірскіх, Сулістроўскіх, Яленскіх, Прускіх (згаслі), Хамінскіх, Друцкіх-Любецкіх, Гячэвічаў;
— на Гарадзеншчыне, роды Скірмунтаў, Старжэнскіх, Нямцэвічаў, Сегяняў, Улодкаў, Пуслоўскіх і інш.;
на Ковеншчыне — роды Гурскіх (з іх выйшлі сем жмудскіх цівуноў), Карпаў, Чапскіх (адзін з іх, паморскі, ажаніўся са зводнай сястрой «пана Каханку»), Агінскіх, Пузынаў, Белазораў, Касакоўскіх, Ваўжэцкіх, Гружэўскіх, Плятэраў, Забелаў, Белазораў, Завішаў і інш., і інш.
Гэтаму слою «паноў», згаданая грунтоўная эканамічная эвалюцыя, прынесла мала карысці. Яны і так мелі для сваіх патрэб ажно зашмат зямлі, але, каб скарыстацца магчымасцямі, не мелі капіталу і характарызаваліся адсутнасцю ініцыятывы і прадпрымальнасці — недахопам, тыповым для ўсіх сацыяльных класаў, якія даўно прывыклі да свайго росквіту. З гэтага патрыцыяту, наколькі я ведаю, выйгралі толькі легендарны палкоўнік (войска Радзівілаў) Міхал Тышкевіч, Ігнацы Плятэр у Літве, сенатар Галынскі ў Беларусі, Ксаверый Пуслоўскі, Умястоўскі[4] і, нарэшце, мой прадзед Ланеўскі-Воўк — яны скарысталіся ад гэтай багатай «маёнткавай манны» і дасягнулі па-сапраўднаму вялікага багацця.
2) Яшчэ менш магла скарыстацца з сітуацыі трэцяя катэгорыя шляхты, так званая шарачковая, засцянковая ці загродавая шляхта — яшчэ вельмі шматлікая на пачатку ХІХ стагоддзя. Дзякуючы патрабаванням расійскай геральдыкі яна паступова занепадала, пакуль амаль не злілася з сялянскім класам. Гэтыя небаракі «не мелі з чаго пачаць».
3) З гэтай сітуацыі амаль выключна скарысталася толькі сярэдняя шляхта, якая валодала ад некалькіх дзясяткаў і да якіх ста — паўтараста сялянскіх сем'яў (г. зн. дымоў). Мільёны магнацкіх гектараў перайшлі ў рукі гэтай шляхты без усялякіх грашовых выдаткаў — як да крэдытораў і арандатараў. А крыху большыя маёнткі старостваў, маёнткі кляштароў і г. д., з-за недахопу капіталаў і адсутнасці канкурэнцыі, былі выкуплены імі за бясцэнак, бо прапанова значна перавышала попыт. Лад жыцця тагачаснай шляхты да сялянскай рэформы і паўстання 1863 г. і яе менталітэт у любым выпадку выключалі прыцягненне капіталу, дарэчы капітал можна было захоўваць ці толькі ў выглядзе тэрміновай пазыкі іншаму абшарніку, які меў патрэбу ў грошах і таму не выклікаў вялікага даверу, ці ў дукатах і срэбры, якія ляжалі ў мяшках і акутых скрынях.
У той час усё яшчэ пераважаў распаўсюджаны стыль часоў Сасаў (саксонскіх каралёў)[5] — есці, піць і расслабляцца. Сярэднестатыстычны землеўладальнік сярэдняга калібру не жыў лепш, чым дазваляў яму маёнтак, але жыў лепш чым дазваляў яму яго даход, бо амаль не бачыў яго. Розум чалавека мае межы, але глупства бязмежнае. Знеахвочаныя нядобрасумленным «эканомам» ці «цівуном» сяляне прыносілі малы прыбытак, і яго значную частку «з'ядала» абшарніцкая гасціннасць. Да таго ж, падчас кантрактаў на «Юр'я» ці на «Юзафа» трэба было купіць запас тканін для пані і паненак, сухафруктаў і арэхаў для кладоўкі і хатняга венгерскага віна ў піўніцу — каб зрабіць гэта, трэба было ісці да Іцкі, а потым прасіць адтэрміноўку даўгоў у іншага шляхціца-скапідома. І ў выніку, яго вялікасць аддае Богу душу і пакідае сям'ю ў бядзе, але ён будзе акружаны павагай і шкадаваннем братоў-шляхты: «Шляхетны чалавек, сапраўдны шляхціц, што тут скажаш!»
Побач з ім, у значна меншай колькасці, меліся абшарнікі з памяркоўным ва ўсіх адносінах характарам. У цвярозым стане яны не сядзелі тыднямі і месяцамі ў суседзяў і сваякоў і таму маглі даглядаць сваю гаспадарку. Яны мелі дастатковы даход каб жыць камфортна, адпраўляць сыноў у школы, забяспечваць дачок дастатковым пасагам, яны маглі эканоміць грошы і карысталіся магчымасцю купіць больш вялікі маёнтак. Паміралі без даўгоў, але пакідалі толькі некалькі сотняў дукатаў на сваё прыгожае пахаванне. У пахавальнай прамове над імі, казалі: «Чалавек прыстойны, але лічыў грошы». А гэта ўжо было не вельмі добра.
І зусім рэдкім быў тып гаспадара (якіх у Францыі 9/10 сярод сярэдніх землеўладальнікаў), тып, які метадычна наглядаў за сваім маёнткам, планаваў свае выдаткі ў адпаведнасці са сваімі рэальнымі даходамі і штогод адкладваў частку гэтага даходу на «чорную гадзіну». У скарбец такога шляхціца дукаты лезлі, як мухі ў смятану.
Па-праўдзе, ураджаі з гектара былі мізэрныя, але засяваліся вялізныя плошчы, што прыносіла прыбытак. Калі я ў 1877 г. атрымаў Лаздуны, дык знайшоў гаспадарчыя запісы 1856–1861 гг. Той самы маёнтак, у якім праз 50 гадоў пры высокаінтэнсіўнай гаспадарцы, выдаткі складалі 80% ад агульнага даходу, раней прыносіў толькі 4%. Расходы былі — сціплыя заробкі эканомаў, крыху жалеза і алею для млына. Натуральна, што ледзь не палову чыстага даходу яшчэ ў 1862 г. прыносіла дармовая праца прыгонных.
Шляхціц гэтай 3-й катэгорыі, які не паіў сваiх братоў-шляхту і заўсёды меў вольныя грошы, па літаратурнаму называўся «скнарай», а па-суседску — «свіннёй».
З тагачасных першакласных гаспадароў вялікую фартуну (маёмасць) меў толькі палкоўнік Тышкевіч. Іншыя ж, калі і не займаліся бязладным п'янствам са шляхтай, дык толькі таму, што ім была агіднай пошласць і гучная пампезнасць п'янак. Ксаверый Пуслоўскі рос у багацці і элегантнасці, першы ардынат[6] Ян Тышкевіч, філантроп англійскага кшталту, шчодра адбудаваў свае Біржы і ператварыў там свае 1200 сялянскіх хат у англійскія фермы. Мой дзед Воўк трымаў 60 цугавых коней, уласны аркестр і дрэсіраваных мядзведзяў са Смаргонскай акадэміі, пазычаў дзесяткі тысяч рублёў пад мізэрны працэнт або раздаваў суседзям, якія яму ліслівілі і г. д. Але ўсяроўна, жаданне валодаць капіталам было «свінствам»: «Не па-рыцарску гэта, мой пане».
1863 г. і яго горкія наступствы неадкладна змянілі гэты менталітэт. Ужо каля 1880 г. добрае гаспадаранне і захаванне акцый ці застаўных лістоў Віленскага банка лічылася грамадзянскай цнотай. А паколькі «свіння», якая набыла маёнтак, не мела канкурэнтаў, то праз 5 гадоў нованабытая маёмасць акуплялася і куплялася новая і г. д.
Такім чынам на месцы вялізных магнацкіх абшараў і каралеўскіх дзяржаўных ці касцельных уладанняў, утварыўся новы патрыцыят, які геральдычна быў ранейшым, за выключэннем некалькіх сапраўдных выскачак, часткова яўрэяў, часткова сялян. Вельмi хутка, асаблiва дзякуючы шлюбам i аднолькаваму ладу жыцця, гэты слой зблізіўся з ранейшым, хоць пільнае вока дазволіла заўважыць у першых у параўнанні з другімі маленькія «мушкі ў носе», аднак пад канец ХІХ стагоддзя гэтую дэмаркацыйную лінію ўжо нялёгка было заўважыць. Яна бясследна знікне, калі абодва слаі пачнуць чысціць свае боты.
У такім асяроддзі як па бацькоўскай, гэтак і па матчынай лініі я нарадзіўся і вырас[7].
Мяне мала цікавіць генеалогія, і я не буду, як нейкі інфляндзец[8], весці генеалогію ад Адама, а задаволюся аповедамі бацькоў і хатнімі дзённікамі.
У сярэдзіне XVIII стагоддзя ў Слуцкім павеце жыў пан Дамінік Корвін-Мілеўскі гербу Сляпаўрон. […] Меў ён нядрэнны маёнтак і быў жанаты з Войнянкай[9] якая паходзіла са знатнай на Наваградчыне сям'і. Але ён дазволіў заблытаць сябе нейкаму аферысту, за якога паручыўся, пасля чаго памёр ад згрызотаў, удава не дала сабе рады, і маёнтак заняпаў. Тады яна пасялілася ў Слуцку, і там маім дзедам Гіпалітам, які быў яшчэ падлеткам, апекаваўся вельмі заможны сваяк Юдыцкі (гэты род згас). Ён даў дзеду добрае выхаванне і пасля апошняга падзелу накіраваў на дзяржаўную службу, якая тады грунтавалася на выбары шляхты. Пасля буры 1812 г., як Ашмянскі суддзя, Гіпаліт набыў пад Смаргонямі па-езуіцкі маёнтак Цыцін з васьмідзесяці хат, глеба тут была вельмі добрай для пшаніцы. Маёнтак ушчэнт спалілі і зруйнавалі французы і казакі, і Гіпаліт набыў яго ў растэрміноўку з невялікай першай выплатай. Дзед заняўся аднаўленнем маёнтка, што заняло некалькі гадоў і разам са сваёй жонкай з Шваньскіх (малодшая сястра другой пані Воўкавай), заняўся памнажэннем шляхты — яны мелі сямёра дзяцей, з якіх застаўся сын і тры дачкі. Рана аўдавеўшы, дзед даў добрую адукацыю ў Віленскай гімназіі і пансіянаце француза пана Генры свайму выключна таленавітаму сыну. Дачок аддаў за роўных яму абшарнікаў і памёр, як я памятаю, у 1856 годзе. Яго паважалі і любілі, хоць ён і «лічыў грошы». Дзед, уласна кажучы, як усе шчаслівыя людзі, не меў сваёй гісторыі.
Я меў вельмі рознабаковага, амаль што легендарнага дзеда (фактычна прадзеда) па матчынай лініі — пана Самуэля Ланеўскага-Воўка.
Нарадзіўся ён у 1768 г., быў нашчадкам вельмі заможнага кальвінісцкага роду на Віцебшчыне. Яго дзед, пан Міхал, займаў пасаду перадапошняга вялікага літоўскага пісара[10]. Яго бацька быў удаўцом, другі раз жанатым з Гружэўскай (са жмудскіх кальвіністаў). Калі адбыўся першы падзел 1772 г. і Кацярына ІІ загадала ўсім значным землеўладальнікам прысягнуць ёй пісьмова або адмовіцца ад сваіх уладанняў, ганарлівы пан пайшоў па прыкладу Караля Радзівіла «Пане Каханку», які такім жа чынам пазбавіўся некалькіх мільёнаў дзесяцін зямлі. Ад першага шлюбу ён меў двух 20-гадовых сыноў[11], якім перадаў свае беларускія маёнткі, а сам з новай сям'ёй пераехаў у Наваградскі павет, дзе меў староства і незадоўга да другога падзелу, набыў яшчэ маёнтак Сеняржыцы. Хутка, перад другім падзелам памёр, пакінуўшы пасля сябе старэйшую дачку, баранесу Остэн-Сакен і 16-гадовага сына Самуэля. Яго яшчэ маладая ўдава праз 10 месяцаў выйшла замуж за… гувернёра свайго сына. Пакрыўджаны гэтым мезальянсам, фанабэрысты паніч падаў на інтрыгана скаргу ў суд, абвінаваціўшы яго ў атручванні бацькі, але пазбавіўся падтрымкі апекуноў і збег з дому.
Неўзабаве пасля гэтага яго сваяк, пан маршалак Шукевіч — вялікая рыба ў Лідскім павеце, знаходзячыся ў Кёнігсбергу, зайшоў у цырк і пазнаў свайго маладога сваяка на арэне вярхом на кані — ён весела размахваў бізуном. Шукевіч зацягнуў яго ў сваю кватэру, добра «намыліў» яму галаву, апрануў, як трэба, і залічыў падхарунжым у войска Фрыдрыха Вялікага, які яшчэ знаходзіўся на піку славы. Калі Чатырохгадовы Сойм загадаў усім афіцэрам замежнай службы вярнуцца і далучыцца да нацыянальнай арміі, пан Самуэль так і зрабіў. Прыехаўшы ў госці да свайго дабрадзея Шукевіча, ён закахаўся ў яго выключна прыгожую (і дурную) дачку, маю прабабулю — раз-два — ажаніўся і толькі тады задумаўся, дзе знайсці сваё гняздо? У суседнім Ашмянскім павеце прадаваўся маёнтак Якуні — частка былога Трабскага староства, больш за 4 тысячы дзесяцін. З дапамогай цесця купіў яго, пасадзіў туды жонку і бадзяўся паміж Якунямі і Вільняй, дзе раіўся з гетманам Касакоўскім[12]. Калі падчас паўстання Касцюшкі паўстала і насельніцтва Вільні, пан Самуэль быў у начной варце гетмана на рагу вуліцы Дамініканскай і Шварцавага завулка, каля дома, які пазней стаў домам Даўкшы. Ён даведаўся, што прыехала жонка і, каб убачыць сваю юную прыгажуню, памяняўся чаргой. Тым часам прыйшлі паўстанцы і патрабавалі аддаць ім гетмана-здрадніка. Афіцэр, які не захацеў іх прапусціць, быў забіты на месцы[13].
Войска распусцілі, прадзед вярнуўся ў вёску і напладзіў тут дзяцей і куль грошай. Пасля апошняга падзелу, Кацярына ІІ аддала сенатару Мардвінаву Дудскае староства, большую частку якога складала маёмасць Лугамовічы. Мардвінаў хутка прадаў маёмасць заможнаму абшарніку Гарадзенскай зямлі Корсаку (уладальніку маёнтка Жукаўшчына), сын якога пазней ажаніўся з унучкай пана Самуэля, маёй роднай цёткай. Ён хутка зразумеў, што не дасць сабе рады з аддаленым лясным маёнткам, і прадаў яго з добрым прыбыткам, хоць і вельмі танна, пану Ваўку. Воўк адразу пачаў высякаць амаль безвартасцевыя на той час лясы і заснаваў на іх месцы новыя фальваркі і вёскі, пабудаваў у Лугамовічах прасторны драўляны «палац» і ў 1802 г. аўдавеў пры нараджэнні трэцяй дачкі. Праз некалькі гадоў ажаніўся другі раз з суседняй паннай Ганнай Шваньскай, старэйшай сястрой маёй бабкі Мілеўскай. Яна засталася бяздзетнай[14].
У 1810 г. Самуэль ужо назапасіў дастаткова грошай, каб пасля эксдывізіі купіць былы радзівілаўскі маёнтак Лаздуны. У наступным годзе ён аддаў у расейскую армію свайго адзінага 17-гадовага сына Ігнацыя. У той час, асабліва дзякуючы куратару Віленскага ўніверсітэта і навуковай акругі Адаму Чартарыйскаму, Аляксандр I карыстаўся вялікай папулярнасцю ў Літве. У 1812 г., калі сын ваяваў супраць Напалеона пад Барадзіно, бацька, які застаўся ў Лугамовічах, дзякуючы сваёй знанай энергіі, тым жа Напалеонам быў прызначаны прэфектам павета і кіраваў тылам войска. У яго сядзібу прыйшлі трое вюртэмбержцаў-валацуг і пачалі шумець на кухні, дзед загадаў іх звязаць і адвесці ў бліжэйшую вайсковую каманду, пасля чаго ляпнуў за сабою дзвярыма. Тады адзін з марадзёраў паспеў стрэліць, на шчасце — праз дзверы. Але куля глыбока засела ў правую лапатку дзеда і паралізавала яму правае плячо. Праз некалькі гадоў, пад ўласнай вагой, куля выйшла, і дзеду вярнулася свабода руху. На той момант ён ужо амаль што тры гады адседзеў на выбранай пасадзе старшынём павятовага суда і да канца жыцця застаўся «панам старшынём».
У канцы 1818 г. Самуэль паслаў у Люнявіль, што ў Латарынгіі, чатырохконны воз з разумным фурманам і, вядома ж, разам з ім паслаў яшчэ і разумнага яўрэя. Ягоны сын Ігнацы служыў там у акупацыйным рускім войску і потым да канца жыцця атручваў сябе французскай літаратурай. Адразу пасля вяртання, ён ажаніўся з паннай Ляскавічоўнай з Лідскага павета і пасяліўся ў фальварку свайго бацькі Цяцерніках, дзе ён даволі хутка аўдавеў, сам памёр у 1836 г., пакінуўшы трох дачок, якіх перавялі ў Лугамовічы пад крыло бабкі-мачахі, у якой таксама меліся адна ці дзве пляменніцы, сіроты з Мілеўскіх. Самуэль вельмі цешыўся з гэтага, бо здраджваў сваёй бяздетнай жонцы і таму быў рады, што яе акружае шматлікая дзятва.
Самуэль працягваў зарабляць грошы і, нягледзячы на сваё жыццё на шырокую нагу, набліжаўся да годнасці «свінні». Страціўшы надзею пакінуць сваё прозвішча нашчадкам, ён выдаў замуж сваю малодшую дачку за заможнага жыхара Наваградскага павета, пана Адольфа Ваўка — хоць іншага герба і прыдомка (Карачэўскі) і вырашыў зрабіць спадчыннікам усіх сваіх маёнткаў іх адзінага сына Уладзіслава ў надзеі, што ён зможа перарабіць Карачэўскага ў Ланеўскага, што было няцяжка ў той час. Тры ўнучкі ягонага сына выходзілі замуж за не самых лепшых партнёраў — старэйшая Казіміра ў 1840 г., другая Вераніка (мая маці) у 1845 г. Яны атрымалі ў пасаг па 25 000 руб гатоўкай і адракліся ад спадчынных правоў[15].
Майму дзеду было ўжо за восемдзесят, калі ён ледзь не вырас з «свінні» ў «бегемота». Адзін з сыноў Платона Зубава, які жыў у Маскве, уступіў у мезальянс, яго сям'я пачала круціць носам, ён стаў капрызіць і паслаў «хадатая» ў Вільню, каб хутка прадаць свае два (Кацярынінскія) вялізныя ключы Юрбаг і Таўрогі, два вялікія гандлёвыя мястэчкі на Нёмане з некалькімі дзясяткамі фальваркаў на лепшай жмудскай зямлі. Галоўныя таўстабрухі былі ўжо насычаныя, застаўся толькі адзін «пан старшыня». Яго ўгаварыла любімая дачка (яна другі раз была замужам за Мілашэўскім), якая ўжо бачыла свайго адзінага сына Уладка «шахін шахам» сярод літоўскай моладзі.
Самуэль купіў усё за паўмільёна рублёў, з якіх 400000 даў гатоўкай. Дакументы былі ўжо аформлены, грошы выплачаны, калі пра ўсё стала вядома яго суседу з-за Нёмана, самаму сардэчнаму сябру і «кіту» такога ж калібру на Уселюбскім экс-старостве (600 хат), мікалаеўскаму генерал-аншэфу, графу О'Рурку. Затаіўшы дыханне, граф махнуў у Вільню да генерал-губернатара Міркавіча і сказаў яму, што пераход у польскія рукі двух памежных мястэчкаў за трыццаць кіламетраў ад мяжы ўяўляе вялікую небяспеку для расійскай дзяржавы і, калі сам Міркавіч не звернецца да імператара Мікалая каб спыніць куплю-прадажу, дык ён, О'Рурк, паклапоціцца аб гэтым сам. Міркавіч пачаў хвалявацца за сваю пасаду і неўзабаве Мікалай скасаваў здзелку, прыняў усю маёмасць у скарб і загадаў вярнуць заплачаныя сумы Ваўку з выдаткамі і працэнтамі (у наш час, ці не глупства гэта?), Юрбарг і Таўрогі зрабіў дзяржаўнымі і аддаў маёнткі свайму фаварыту князю Васільчыкаву, унук якога (мой калега па Дзярждуме) валодаў імі яшчэ ў 1914 годзе.
Пан Самуэль неўзабаве знайшоў магчымасць «адплаціць дабром», толькі ўжо іншаму суперніку. Памёр Ксаверый Пуслоўскі, пакінуўшы чатырох сыноў, трох у краі, а чацвёртага ў эміграцыі. Яму ўдалося пазбегнуць канфіскацыі (гэта дазваляла расійскае заканадаўства для набытых маёнткаў), і ён падзяліў сваю велізарную маёмасць паміж трыма сынамі, вусна загадаўшы ім не забываць свайго брата-эмігранта, што яны добрасумленна і выканалі. У меркаваную спадчыну эмігранта, якую трэба было хутка прадаць, уваходзілі былыя маёнткі літоўскай артылерыі, якія былі падараваныя Безбародку і прададзеныя ім Пуслоўскім, а менавіта Ліпнішкі, якія набыў пан Аляксандр Вольскі з Наваградскага і Геранёны, былая рэзідэнцыя Гаштольда[16], першага мужа Барбары Радзівілаўны. Гэту маёмасць жадаў купіць пан Казімір Умястоўскі, брат і спадчыннік «старасты Вывяндлінскага», пра якога Мараўскі шмат піша ў сваіх успамінах. Пуслоўскія жадалі акрамя крэдытных грошай банка (у той час дзяржаўны банк ужо выдаваў доўгатэрміновыя пазыкі па 70 рублёў за 1 сялянскую душу) 50 000 рублёў даплаты. Як толькі пан Самуэль даведаўся пра гэта, адразу паслаў па майго бацьку: «Ляці ў Вільню і купляй Геранёны». «Для дзядзькі?» «Не, я занадта стары — купі для сябе і Вэрці». «У мяне няма грошай». «Дык я дам, каб толькі Умястоўскі не панюхаў Геранёнаў».
Бацька пералічыў мяшкі з грашыма, за ноч прыехаў у Вільню і разам з маёй маці купіў Геранёны. Я тады ўжо нарадзіўся. Адразу заклалі геранёнскі палац, вельмі шчасліва выбраны маім бацькам насупраць руін замка Гаштольдаў.
Неўзабаве ўсе дынастычныя праекты пана Самуэля зруйнаваліся. Уладак Воўк служыў у гусарах, якія стаялі ў Наваградку. На нейкім афіцэрскім сходзе ён ударыў калегу, пасля чаго хутка адбылася дуэль на пісталетах, і стрэл абражанага забіў Уладка. Натуральна, прадзеду трэба было змяніць тастамант, бо інакш па расійскіх законах амаль увесь яго фундуш атрымалі б тры ўнучкі — дочкі сына. Старэйшая ўнучка, пані Дмахоўская, атрымала Якуні з вялікай даплатай, малодшая, пані Корсакава — Лаздуны з малой даплатай, мая маці — Лугамовічы з выплатай на карысць абедзвюх сясцёр і з побытам тут бабулі, пані Мілашэўскай. Сянержыцы ў Наваградкім павеце і капітал (прыкладна 400 тыс. руб.) дастаўся ўнучкам па двух старэйшых дочках — паням Чыжовай і Жабінай. Іншая маёмасць адышла як падзяка розным слугам, суседзям, на дабрачынныя мэты і г. д. Памёр дзед у 1851 г. ва ўзросце 84 гады.
Гэтаму адважнаму помніку сянкевічаўскіх часоў, Адам Міцкевіч у сваім «Пане Тадэвушу» прысвяціў восем радкоў, у якіх для ўсіх чытачоў гэтага твора зрабіў сапраўдную пачвару з нябожчыка пана Самуэля[17]. […]
Бацька Міцкевіча не меў сялян і таму не разумеў, што Воўк, які валодаў не менш як 4000 сялян рознага полу і ўзросту, вольна ці міжвольна павінен быў кіраваць імі. Яны былі не толькі яго працоўным інвентаром, якім ён, як добры гаспадар, павінен быў добра карыстацца і клапаціцца пра яго так, як сумленны конюх корміць і чысціць сваіх коней, але і паганяе іх пугай. Яму была даверана значная частка дзяржаўнай улады над сялянамі. У адносінах да іх на ўсёй сваёй тэрыторыі Воўк адказваў за падаткі, быў паліцыяй, цывільным і крымінальным судом і, нарэшце, павінен быў па ўласным выбары забяспечваць рэкрутаў для войска.
Усё гэта патрабавала выкарыстоўваць сваю ўладу, а ўлада ў той час рэалізоўвалася толькі ў форме… лупцоўкі. Секлі ўсе і паўсюдна. Секлі па ўсёй дзяржаве. Бацькі ад нараджэння секлі сваіх дзяцей. Яны загадвалі ім прачытаць гімн да розгі і пацалаваць яе пасля пакарання. Секлі ў школах, і сам вялікі Адам, дома ці ў школе, дзесяткі ці сотні разоў даставаў у скуру. Секлі ў паліцыі, у судзе, у войску і г. д. І пан Самуэль Воўк таксама сек шмат і па-шляхецкі. Але сек ён не толькі дзеля сваёй карысці, але і на карысць селяніна, як бесстаронна прызнае Чэслаў Янкоўскі.
Селянін нядбайна заараў або схаваў у сваім кажуху жменю зерня: 10 бізуноў без дадатку, напіўся і страціў мяшок збожжа, які вёз на продаж — 20 бiзуноў без дадатку. Той жа селянін заснуў на «начлезе» і дазволіў скрасці ўласнага каня: 25 бізуноў з падараваннем дармавога каня ад маёнтка. Люлькай выпадкова спаліў сваю сядзібу: 100 бізуноў і новыя будынкі, і г. д. Для майго бацькі і асабліва для мяне з гэтага вырасла сапраўдная эканамічная катастрофа, калі былыя падданыя ў Лаздунах і Лугамовічах былі нашмат лепш забяспечаны зямлёй у параўнанні з суседнімі гмінамі і так старанна гаспадарылі, што мне ўвесь час даводзілася змагацца з нястачай рабочых рук — улетку для ўборкі ўраджаю прасіць і потым карміць да 100 жаўнераў ці адпраўляць дзесяткі фурманак, каб прывезці людзей з суседніх гмін і г. д. Не буду паўтараць лацінскае «qui bene amat, bene castigat» (лац., «хто моцна любіць, той карае» — Л. Л.), бо Воўк, напэўна, не любіў сялян, але і ў сябе, і ў таго ж селяніна, любіў парадак і працу.
Чэслаў Янкоўскі, цытуючы вершы Міцкевіча пра дзеда, цытуе таксама яшчэ адну паэму, якую ён знайшоў у пустых пакоях у Лугамовічах. Напэўна, яна і цяпер вісіць яшчэ недзе ў Лаздунах, калі яе не пашкодзілі «пераможныя шаблі» 9-й польскай дывізіі падчас гадавога побыту. Гэта аздоблены малюнкамі вінаграду і персікаў, цудоўна, каліграфічна напісаны акраверш старога сябра дзеда Самуэля — пана Адама Рымашэўскага, дзедзіча маёнтка Бабінск, мужа пані Евы з Гарабурдаў[18], дзедзічкі Ятатловічаў, што мяжуюць з Лаздунамі. У паэме гэтага другога Адама, Міцкевічавы «злыдзень» прадстаўляецца ягнём божым, беззаганным голубам, супернікам калі не арханёла Гаўрыіла, дык прынамсі, св. Францішка Асізскага ці Вінцэнта дэ Поля[19].
Каму ж тут верыць? Я гатовы вырашыць гэтую супярэчнасць шляхам кампрамісу і прызнаць, што пан Самуэль Воўк быў чалавекам свайго часу і асяроддзя, выкарыстоўваў дадзеную яму ўладу сродкамі, адпаведнымі свайму часу і свайму асяроддзю і, як і лепшыя са смяротных, меў недахопы, адпаведныя яго вартасцям: дзейсны, гаспадарлівы, энергічны і ў той жа час патрабавальны, суровы і запальчывы. Такая ўзаемасувязь пераваг і недахопаў з'яўляецца законам прыроды, якому цалкам падпарадкоўваўся сам Адам Міцкевіч. […]
Што да маіх бацькоў, дык я ўжо казаў, што мой бацька, пан Аскар, скончыў пансіён пана Генры і віленскую гімназію з залатым медалём. Маючы шасцярых дзяцей і добры, але не вялікі маёнтак, дзед Гіпаліт адправіў яго ў пошуках кар'еры ў Пецярбург. Няведанне мовы (у Вільні па-ранейшаму навучанне вялося на польскай мове) і адсутнасць дзейснай пратэкцыі адбілі яму ахвоту да кар'еры, і праз паўгода бацька вярнуўся ў Вільню. Сябар бацькі, пан Сідаровіч, першы адвакат у нашым краі, узяў яго ў памочнікі. Умелы, дасціпны, з добрым веданнем французскай мовы, якая ў той час панавала ў «бамондзе», бацька меў поспех у грамадстве, каралевамі якога тады была «камтэса» (графіня) Лапацінская і княжна Вітгенштэйн[20] (у дзявоцтве Баратынская). Абедзве жылі пад Вільняй, першая ў Кайранах, другая ў славутых з часоў павешанага кс.-біскупа Масальскага Верках, дзе часта ладзіліся балі і аматарскія тэатры. Адначасова мой бацька «цешыў музы» — напісаў лібрэта да адной з опер свайго добрага знаёмага кампазітара Манюшкі[21].
Амаль адначасова са скасаваннем уніі, Мікалай І па настойлівай просьбе маршалкаў Кіеўскай і Падольскай губерняў, «найміласцівейша» скасаваў Літоўскі статут (акрамя Чарнігаўскай і Палтаўскай губерняў) і замяніў яго 10-м томам Зводу законаў з заменай вуснай і адкрытай працэдуры на пісьмовую і таемную. Кар'ера бацькі адразу зруйнавалася. Засталася толькі традыцыйная шляхецкая маці-зямля. Дзядзька бацькі і мой прадзед па маці, які ўжо адчуваў цяжар ўзросту, да таго часу выкупіў з арэнды Лаздуны і прапанаваў бацьку ў арэнду суседнія Якуні, дзе ён і асеў вясной 1844 года. У наступным 1845 г. ён ажаніўся з Веранікай — малодшай унучкай свайго дзедзіча і дзядзькі, і яны пачалі кожны год нараджаць дзяцей.
У 1849 г. амбіцыйны віленскі жандар «высмактаў з пальца» вялізную палітычную «змову», у якую ўцягнуў усе навуковыя кадры, якія засталіся пасля Віленскага ўніверсітэта і Медыцынскай акадэміі, а таксама тых, хто выклікаў падазрэнне сваёй адукацыяй, г. зн. меў схільнасць да рэзанёрства[22].
Мой бацька трапіў у турму і прасядзеў там амаль што два месяцы. Тым часам з Пецярбурга быў прысланы шляхетны генерал-маёр Назімаў[23] (будучы віленскі генерал-губернатар), які раскрыў махінацыю і без допыту вызваліў усіх вязняў, у тым ліку і майго бацьку. У гэтай турме ў яго пачаліся пакуты, якія пазней, з-за праблем пасля смерці прадзеда Ваўка (калі па просьбе свайго швагра Корсака бацька ў крэдыт адкупіў у яго маёнтак Лаздуны), развіліся да такой ступені, што ён перанёс некалькі моцных кровазліццяў з горла.
Перапалоханая маці склікала ўвесь віленскі арэапаг эскулапаў, якія аднадушна вырашылі, што гэта не можа быць ні чым іншым, як толькі сухотамі ў апошняй ступені, і параілі маці хутчэй адвезці мужа ў Ніцу — няхай небарака хоць памрэ пад прыгожым небам. Бацькі спыніліся ў Берліне, дзе знакаміты ў той час прафесар Шонлайн дасканала агледзеўшы хворага, сказаў яму, што хацеў бы лёгкія бацькі захаваць у спірце бо такіх магутных і здаровых ён яшчэ не сустракаў. Але з-за шматгадовых пакутаў печань так моцна набракла, што ціснула на лёгкія, якія ўяўляюць з сябе губку — адсюль і кровазліццё. Ён загадаў нам хутчэй ехаць альбо ў Карлавы Вары да крыніцы з лекавай вадой, альбо ў Вішы да Гранд-Грыль. Мае бацькі выбралі апошняе, бо жадалі пазнаёміцца з Францыяй і адбылося гэта неўзабаве пасля перавароту Напалеона III, 2 снежня 1851 года. Правёўшы некаторы час у Парыжы, восенню 1852 г. яны пасяліліся ўжо ў дабудаваны новы «палац» у Геранёнах, адкуль і пачынаюцца мае дзіцячыя ўспаміны.
Іх вяртанне прывяло да таго, што эскулапы на працягу некалькіх гадоў адпраўлялі ўсіх хворых у Вішы як да крыніцы цудаў (Лурд яшчэ не быў вядомы), адкуль некаторыя вярталіся нібыта здаровымі.
З гэтага нарысу майго паходжання, як па адной, так і па другой лініі, чытач можа здагадацца, што я не мог глядзець на гісторыю і людзей ні праз акуляры «рэфарматара чалавецтва», якога распірае жоўць і зайздрасць, ні праз акуляры адмарожанага «зубра», перакананага (а з такім перакананнем вырасла амаль што ўсё маё пакаленне), што яму дастаткова добрых манер і элегантнай знешнасці, а адукацыя патрэбна толькі беднякам ці ідыётам. Мне ад прыроды наканавана было стаць «цэнтрыстам» і быць асуджаным на, як сёння кажуць, буржуазныя погляды.
Легенда цвердзіць, што, ужо каля шыбеніцы, гетман пазнаў аднаго са сваіх сыноў, які праходзіў міма, і паклікаў на дапамогу — той павярнуў галаву і праехаў, а бацька закрычаў: «Каб ты ашалеў». Неўзабаве пасля гэтага маладушны сын быў укушаны сабакам і памёр ад шаленства.
Шыман Марцін Касакоўскі (1741–1794), палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай, польны гетман літоўскі (1792–1793), апошні вялікі гетман літоўскі (1793–1794), удзельнік Барскай і Таргавіцкай канфедэрацый. У 1790 г. у чыне генерал-маёра паступіў у расійскае войска і ўдзельнічаў у баявых дзеяннях супраць Турцыі на Балканах. У 1792 г. расійскі корпус пад яго камандаваннем пачаў наступ на тэрыторыю Рэчы Паспалітай з боку Полацка. Ва ўзятай расійскімі войскамі ў студзені 1792 г. Вільні абвясціў сябе польным гетманам літоўскім. У 1793 г. стаў вялікім гетманам літоўскім. Падчас паўстання, 24 красавіка 1794 г. быў арыштаваны і 25 красавіка павешаны на Ратушнай плошчы ў Вільні. — Л. Л.
Іх нашчадкі ад праваслаўных маці ўзялі прозвішча Ваўкоў. Два дэрпцкія сябры з такім прозвішчам і сын старэйшага з іх, які незадоўга да вайны быў сакратаром пасольства ў Парыжы, лічыліся маімі кузынамі.
Паважаны Ч. Янкоўскі памылкова называе яго вялікім лоўчым. Пасля катаклізму 1914–1920 гг. у мяне цудам захаваліся тры яго срэбраныя паўміскі з ініцыяламі: M.W.P.W.W.X.L. (Міхал Воўк пісар вялікі ВКЛ).
Bili się na zajeździe ryskim z Moskalami, Których przywiódł jenerał ruski Wojniłowicz I łotr, przyjaciel jego, pan Wołk z Ługomowicz; Pamiętacie, jak Wołka wzięliśmy w niewolę, Jak chcieliśmy go wieszać na belce w stodole, Iż był tyran dla chłopstwa a sługa Moskali; Ale się chłopi głupi nad nim zlitowali! У перакладзе Браніслава Тарашкевіча: …. змагаліся там з маскалямі, каторых расейскі прывёў генарал Вайніловіч і, злодзей, прыяцель ягоны пан Воўк з Лугамовіч. Ці помніце, як мы забралі Ваўка да няволі і як ужо вешаць хацелі на бэльцы ў стадолі, што быў ён слугой маскалём, мужыкам жа тыранам; сяляне ж, дурныя, ўзялі й злітавалісь над панам! — Л. Л.
Першы раз Гёранёны згадваюцца ў 1386 годзе як «Гаштольдэндорф». — Л. Л.
Але гэтыя грошы нешта значылі, калі ўлічваць тагачасную каштоўнасць грошай і звычай шкадаваць пасаг дочкам для дабра дынастыі. Чатыры панны Нясялоўскія, кармазынкі (пазней Хортынгава, Кашыцава і Рэйтанава), якія каля 1850 г. кружылі галавы віленскай моладзі, мелі па 100 000 злотых (15 000 руб). Калі на маёй памяці пачалі казаць «не шэсць злотых і дваццаць грошаў», а 1 рубель, панны страшэнна патаннелі на шлюбнай біржы.
Яе бацька, разам са сваім пратэктарам Пацам конна ездзілі на элекцыю Станіслава Аўгуста, а яго маці, якая паходзіла з Прусіі, была сваячка і выхаванка Пацаў. Яны абодва памерлі ва ўзросце 90 гадоў каля 1835 г. Пані Шваньская любіла расказваць, як перад кожнай «Асамблеяй» прыдворнаму цырульніку Пацаў быў патрэбны цэлы дзень, каб зрабіць фрызуру Яснавялможнай Пані. У фрызуры меліся розныя аздобы, напрыклад мініяцюрныя караблі з ветразямі. Прычэсваў ён яшчэ дзве панны Пацоўны і потым, каб не знішчыць гэты мастацкі твор, усе трое спалі, седзячы на крэслах з жалезным прутам у руках, які быў патрэбны для палявання на вошай, бо вошы прагнулі свежай рысавай пудры.
Ардынат — уладальнік ардынацыі. Ардынацыя (ад лац. ordinatio — кірую, прызнаю, загадваю), непадзельная і неадчужальная ўласнасць пэўнага магнацкага роду, таксама прававыя нормы, што рэгулявалі спадчыннасць на гэтую ўласнасць. Тое самае, што і маярат. — Л. Л.
Часы Сасаў — часы, калі на польскім троне знаходзіліся кароль Аўгуст ІІ Моцны і яго сын Аўгуст ІІІ. — Л. Л.
Бог сказаў Адаму: «Bеni sois» («Дабраславёны ты», фр.), і па меркаванні гэтай асобы адсюль паходзіць прозвішча Бяніслаўскі.
З 4-х маёнткаў, якія я з братам успадкаваў, а ні адзін не быў шляхецкай маёмасцю. Цыцін, маёнтак дзеда Мілеўскага, быў па-езуіцкім, Лугамовічы, сядзіба прадзеда Воўка — староствам, Лаздуны — радзівілаўшчынай, Геранёны — уласнасцю літоўскай артылерыі.
У ВКЛ існаваў закон, па якім, у выпадку неплацежаздольнасці даўжнiка, яго маёмасць не прадавалася з аўкцыёну, але дзялілася на часткі адпаведна ліку крэдытораў. — Л. Л.
У трэцім томе цікава і ярка напісанай кнігі Чэслава Янкоўскага «Ашмянскі павет», чытач зможа знайсці вялікі матэрыял, прысвечаную маёй маёмасці, сям'і і сваякам, натуральна, не без недакладнасцяў, асабліва ў датах.
Меў мянушку «Стараста Вывяндлінскі».
Кармазынавы колер — ярка-чырвоны колер, кармазын — каштоўная чырвовая тканіна, адсюль: кармазын — заможны шляхціц. Так называлася прывілеяванае саслоўе шляхты — за кармазынавы (чырвоны з ухілам у малінавы альбо цёмна-вішнёвы) колер адзення. Цікава адзначыць, што, калі шляхецтва якой-небудзь асобы выклікала сумнеў, гаварылі — «няпэўны кармазын». — Л. Л.
Назімаў Уладзімір Іванавіч (1802–1874), былы апякун Маскоўскай навучальнай акругі (1849–1855). У 1855–1863 гг. — віленскі генерал-губернатар. — Л. Л.
Гэтую змрочную гісторыю больш падрабязна апісаў у канцы мінулага стагоддзя другі жандар (верагодна, звольнены са службы) у кніжцы «Блакітны мундзір» (маецца на ўвазе наступная кніга: Ломачевский А. И. Из воспоминаний жандарма 30 и 40 годов [в 2 ч.]. СПб.: тип. В. Грацианского, 1880. Ч. 1: Виленская драма с прологом; Ч. 2: Голубой мундир. — Л. Л.)
Цудоўная пісьменніка і даследчыца гісторыі роднага краю з Іўя Алена Смалянічэнка, пісала: «Нядаўна я прачытала кнігу Францішка Багушэвіча „Творы“ (Мінск: мастацкая літаратура, 1991). Адзін з раздзелаў кнігі змяшчае перапіску Францішка Багушэвіча з Янам Карловічам (1836–1903) […]. Ян Карловіч прапанаваў Францішку Багушэвічу стварыць слоўнік беларускай мовы. З пісьма Яну Карловічу (1891, Вільня): „Ці праўда, што граф на Геранёнах ахвяраваў на слоўнік 10 тысяч? Калі гэта праўда, дык ужо сапраўды няма нічога на свеце немагчымага“ (Граф на Геранёнах — так Ф. Багушэвіч называе ўладальніка геранёнскага маёнтка Аскара Корвін-Мілеўскага). У іншых пісьмах да Яна Карловіча гаворка ідзе пра рукапісы графа як аўтара шэрагу лібрэта да опер Станіслава Манюшкі […]: „Ідэал, або Новыя каштоўнасці“, „Карманьёл, або Французы любяць жартаваць“, „Новы Дон Кіхот, або Сто шаленстваў“, „Латарэя“ (1843). Пісаў ён і кнігі. У літаратурнай дзейнасці Вераніка Воўк-Ланеўская дапамагала мужу. Лібрэта да опер С. Манюшкі напісаны ў стылі „Парыжскай музы“. Яго асоба і творчасць былі папулярнымі сярод віленскага асяроддзя, а супрацоўніцтва з С. Манюшкам было дабравольнае і бескарыснае. У 1858 годзе ў Парыжы была выдадзена брашура А. Корвін-Мілеўскага „Каментары да сялянскага пытання на Літве“, дзе была прадстаўлена ўмерана кансерватыўная праграма, яго палітычныя погляды». — Л. Л.
Праз 70 гадоў у Лазане, дзе жыла ўжо 100-гадовая княжна, яна распавядала мне пра майго бацьку як пра найлепшага свайго танцора. Калі-нікалі яна ўжо пачынала трызніць, і тады ў маёй асобе бачыла майго бацьку.
Апошняга, Войну, старога халасцяка, кузына майго бацькі, я сустрэў у Вільні пасля паўстання 1863 года. Ёсць паданне, што яго прапрадзед пры Сабескім пад Венай загадаў небяспечна атакаваць, і, калі загінула шмат людзей, сказаў: «Не вайна нараджае, а пані Войніна».
Вінцэнт дэ Поль (1581–1660) — французскі каталіцкі святар, пакутнік. — Л. Л.
Пані Ева была прапраўнучкай Гарабурды па прамой лініі, пасла Стэфана Баторыя пры цары Івана IV, якому Аляксей Талстой даручыў вельмі прыгожую ролю ў сваёй знакамітай драме «Смерць Івана Жахлівага».
