автордың кітабын онлайн тегін оқу Кабыліныя яйкі
Беларускія народныя казкі
Кабыліныя яйкі
Павёз аднойчы селянін на рынак прадаваць гарбузы. Падыходзіць да яго адзін пакупнік і пытаецца, што гэта за штуковіны ён прадае. "Дык ты што, чалавеча, першы дзень на сьвеце жывеш? Гэта ж кабыліныя яйкі! Вось купі адно, пасядзі на ім нядзелі (тыдні) са дзьве і будзеш мець жарабётка. Можа, думаеш, што хлушу, дык магу на ўсялякі выпадак даць табе сваю адрэсу."
Купіў гэны чалавек гарбуз і панёс дамоў. Прасядзеў на ім больш дзьвух нядзель, высах як шчэпка, а жарабятка ўсё няма. "Абмануў, відаць, мяне селянін", – падумаў ён. Паклаў гарбуз у торбу і пайшоў да селяніна. Той уважліва агледзеў гарбуз і кажа: "Ды яно ж, браток ужо чуваць: варушыцца, толькі я вот забыўся табе сказаць, што коні хутчэй заўсёды родзяцца ў лесе". – "Дык, можа, паднясем яго ў лес, ён жа тут недалёка", – сказаў чалавек. "Ды гэта, канечна можна, – адказаў селянін, – толькі ты, браток будзь напагатове і хутчэй лаві, як народзіцца. Сам напэўна чуў, што коні сьпярша дзікія і ўцякаюць ад людзей".
Вось і пайшлі яны ў лес, а селянін па дарозе кажа: "Тут, браток, трэба ісьці ціхенька, асьцярожна, каб часам яно без пары не выскачыла зь яйка". Так падышлі яны да лесу, да знаёмай селяніну вываратні, пад якой любіў спаць заяц. "Ну давай сюды яйко", – шапнуў селянін. Ён уважна яго агледзеў, паслухаў і ціха сказаў: "Давядзецца разьбіваць, лупіна моцная папалася. А ты стой напагатове і, як жарабётка выскачыць, хутчэй яго лаві". Ён падняў гарбуз і з усёй сілы швырнуў яго ў вываратню. Гарбуз стукнуўшыся, разьляцеўся на кускі, і ў гэты момант з-пад вываратні выскачыў перапалоханы заяц. Чалавек з крыкам "Кузюлька, жарабятка, я той татка" кінуўся за ім, але зайца хутка і сьлед прастыў у лесе. Вярнуўся чалавек да селяніна засмучаны ды і кажа: "А можа, у вас ёсьць яшчэ прадаць адно такое яйка?" – "Ды няма, браток, – адказаў той, – цяпер кабыла не нясецца. Хіба на другі год. Як павязу прадаваць, тады прыходзь. Я вам выберу самае лепшае". На гэтым яны і разышліся кожны сваёй дарогай.
