Два каханьні
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Два каханьні

Алесь Гарун


Два каханьні

У аднэй Марылі, маладой дзяўчыны,

Быў каханак Яська, вагнявы хлапчына.

Што ні вечар прыйдзе, што ні ночка стане,

А ў іх у садочку аб адным шаптаньне:

«Дадушы, – Марыля свайму Янку кажа, –

Хіба сьмерць бяз часу нас з табой разьвяжа».

«Не кажы няпраўды, – малайчына вучыць, –

Нас ні Бог, ні людзі і ні сьмерць разлучаць».

I сядзяць і шэпчуць да зары-сьвітаньня,

Былі вішні ў садзе сьведкі мілаваньня…

А настаў дзянёчак – да Марылі ў сваты

Прыляцеў панічык, шляхцючок багаты,

I дзявоча сэрца, – ах, слабое, знана! –

Перайшло ад Яся да другога пана.

Хіба ж Ясь заплакаў? Не з таго дзесятку!

Пакахаў другую, пакахаў Агатку.

I цярер, як цемразь западзе над вёскай,

Ён сядзіць з Агаткай пад старой бярозкай;

Пралятаюць змрокі неўсьцярэжна хутка,

I ўся ноч здаецца, як адна мінутка!

 

А жыла ж Антоля, – мусіць, мела долю,

Ды згубіла долю ў шырокаму полю.

Мела двух прыгожых, мела двух каханкаў,

I адзін быў Янка, і другі быў Янка.

(Дзьве душы няродных ў адным целе жылі

I дзяўчыну кожна паасоб любілі.)

Адзін з шчырым сэрцам, а другі зь няверным

Надарылі дзеўку жалем непамерным.

Як адзін цалуе, ненагляду песьціць,

Дык другі мяркуе, як бы абясчэсьціць.

Як адзін ў садочку зь любай пахаджае,

То другі у прочкі ў думцы ад’язджае.

Як адзін бажыўся, абяцаў жаніцца,

То другі у лыжцы жычыў утапіцца.

I ў канцы-ся стала, чаму было стаці:

Прычытала маці над дачкой у хаце:

«Ах, мая дачушка! А мая ж рыбулька,

А мая ж ты птушка, а мая ж зязюлька!

А чаму ж ты, доню, губкі сашчаміла?

А чаму ж ты, дзеткі, вочанькі закрыла?

А чаму, дачухна, міла не ўсьміхнесься?

А чаму, красухна, мне не адгукнесься?

Што ж табе ня добра, што ж было ня міла?

Ці ж тваю галоўку не сама я мыла?

Ці ж тваю сарочку не сама я ткала?

Ці ж тваеі сьмерткі я, скажы, чакала?..»

Так было з Антоляй, што ня мела долі

Ці згубіла долю ў каласістым полі.

Як жа тыя злыдні? Хоць адзін шкадуе?

Э! адзін часамі, а другі ганьбуе.

Як былі ж абодва у ядыным целе,

Дык жаніўся Янка і згуляў вясельле.