автордың кітабын онлайн тегін оқу Матчын дар
Алесь Гарун
Матчын дар
Гэту першую кніжку
думак і песьняў сваіх
матцэ сваёй прысьвячаю
1. Людзям
Люблю і я скляпеньне зор,
Люблю зямлі абшар,
I роўны луг, і ўзгібы гор,
I шум лясны, і гвар.
Люблю жыцьцё, а ў ім людзей
I кшталты іхніх душ,
Люблю вянкі плясьці з надзей, —
А не паэт. — Чаму ж?
Часамі праца ўдзень кіпіць, —
Цярплю і я прыгон, —
Аж косьць аб косьць ў плячу рыпіць…
Пачуеш ў сэрцы звон…
Ухопіш зык, за ім другі,
За тымі больш ідуць,
Зьліюцца ў шых даўгі-даўгі
І цэлы дзень гудуць.
Загасьне дзень, іду дамоў,
Кладуся спаць, — і ў ноч
Цякуць радкі зьвінючых слоў,
І сон адходзіць проч.
Тагды пішу. Перад вачмі
Нясецца зданьняў рой,
І хтось стаіць па-за плячмі,
Здаецца, блізкі, свой.
Абыйме шыю пара рук
І кос дзявочых шоўк,
Ўзмацніцца ў сэрцы мерны стук,
А звон ў душы ня змоўк…
Зірну: пакой пусты, няма…
А час сьлізнуў, як вуж.
І за вакном радзее цьма…
А не паэт… — Чаму ж?
Бо мой прыгон глытае час,
Мне воля — рэдкі дар.
Такіх паэтаў шмат у нас,
Дзе сам народ — пясьняр.
Сваіх тут жменьку я сьпісаў
Маркотных песьняў-дум;
Маёй душы іх сам сьпяваў
Па краю родным сум.
Скажу яшчэ, чаго б хацеў:
Зь дзявочых вуст пачуць
Хаця б адзін мой бедны сьпеў,
Хаця б калі-нібудзь!
Роднаму краю
2. *** Чаму з маленства…
Чаму з маленства, з ураджэнства
Ў жыцьцёвы май
Ня ўмеў, як маці, шанаваці
Цябе, мой край?
То ж я з тваёю ключавою
Сьвятой вадой
Напіўся болю аб нядолі,
Бядзе людской.
То ж ты, мой хмуры, даў мне пануры
І ціхі гнеў,
А днём падчасным, так пекным, ясным,
Надзею грэў.
Твае ж курганы, лясы, паляны,
Дубкоў тых шум,
Палёў абшары, люд бедны, шары
Мне далі дум.
А дум тых многа… Не, не убога
Ты даў мне іх.
I ты ж, як маці, наўчыў сьпяваці
Аб думах тых.
Я браў, ня бачыў і не адзьдзячыў
Табе нічым,
Бо счараваны — цябе, ўкаханы,
Ня знаў саўсім.
Цяпер хоць знаю, дык што ж параю
Ад позьніх скрух?
Ў чужой краіне паволі гіне
За целам — дух.
Вазьмі ж хоць сьпевы, дум перапевы
Лясоў тваіх.
З тваёі глебы, з тваёга неба
Узяў я іх.
3. Начныя думкі
Часам я ўночы сны дзіўныя бачу:
Роіцца нейкі нязьведаны край,
Повен то шчасьця, то жаласьці, плачу,
То зло-хмурлівы, то сьветлы, як рай.
Бачу вялікія стэпы з-над Нёмна;
Туліць у сьлёзах матуля сынка;
Сьцелецца пушча глухая і цёмна;
Косьці з магілы глядзяць бедака…
Бачу я: жоўтае жытняе поле
Коласам ціха шуміць-шалясьціць;
Межы, курган векавечны і хвоя;
Каня з аднэю малітваю «піць».
Траўка ў ляску у цяню вырастае,
Корміцца сокам зямелькі сырой;
Птушка шчабеча — людзей пацяшае;
Льецца крынічка, плюскоча вадой.
Ночкай ля рэчкі раздольна, прывольна!
Гуртам русалкі сьмяюцца, пяюць,
Кветкі купальскай шукае бяздольны;
Зь зельлем шаптухі паціху снуюць…
Хочацца быць мне ў тым краю нязнаным,
Хочацца край той абняць з прастаты
Хочацца крыкнуць: гэй, краю каханы,
Будзь мне, як маці, будзь родным мне ты!
Дай мне зрабіцца крынічкай лясною,
Бераг вадой абмываць, цалаваць;
Дай мне век цэлы дружыці з табою,
Хвойкі і зоры ў сабе адбіваць.
Дай мне купальскую кветку у рукі,
Путы жалезныя мне разьвяжы,
Дай ты мне зельля на гора і мукі,
К шчасьцю гасьцінец мне дай, пакажы!
Ціха. Нічога ня чую, ня бачу.
Роіцца толькі нязьведаны край,
Повен то шчасьця, то жаласьці, плачу,
То зло-хмурлівы, то сьветлы, як рай…
4. *** Як надарыцца мінута…
Як надарыцца мінута,
Што ад працы адарвуся,
I жыцьцёвая атрута
Не пячэць, і прахаплюся,
Дык цябе, мой Родны Краю,
Шчырай думкай аблятаю.
Ты няшчасны і убогі,
Ты бяздольны і забіты,
Ты бяз шляху, без дарогі,
Ты абдзёрты і прапіты,
Подлай здрадаю праданы.
Ты ня свой, — даўно забраны.
Меў вялікія кляйноды,
Быў і моцны і багаты.
Задзіўляліся народы —
А дазнаўся горкай страты.
Сохнеш, вянеш, — вокам кіну,
Аж здаецца, што загінуў…
А як сонейка устане
I прыемна усьміхнецца,
Па палетках, на кургане
I па вёсцы разьліецца,
Як паводка, Родны Краю,
Над цябе тагды ня маю…
Ты квяцісты, залацісты,
I прыгожы, і аздобны,
Ты лясісты, каласісты.
Можа, рай табе падобны —
Колькі ж моцы маеш скрытай,
Колькі сілы неспажытай!
Ты паўстанеш, працавіты,
Гаратнічы, невымоўны,
Шчасьця, долі прагавіты,
Мой сланэчны, мой чароўны!
Будзе час, пабачаць сьведкі,
Хоць ня мы, дык нашы дзеткі.
5. *** Хай ні льюцца дажджы…
Хай ня льюцца дажджы цёмна-хмарныя
Над зьмярцьвелаю пашаю.
Хай пачнуцца гады хлебадарныя
Над зямелькаю нашаю.
Хай красуецца жытам, пшаніцаю,
Каласочкамі цяжкімі,
Хай ўзмацуецца Боскай правіцаю
I ўсятворчымі ласкамі.
Хай асьвеціцца праўды навукаю
I братэрскаю згодаю,
Хай зьнявечацца крыўда з прынукаю
За яе загародаю,
Хай ўзьлятаець хвала яе племені,
Упякнёнага цнотамі,
Хай шыбаець над скаламі з крэменю,
Над арлінымі ўзьлётамі.
6. *** Мілая, родная старонка-маці!
Мілая, родная старонка-маці!
Моцна цябе я і шчыра люблю,
Бедныя ніўкі твае, сенажаці
I нешчасьлівую долю тваю.
Горам, матуля, цяпер ты замучана,
Стогнам спавіта у сець з ланцугоў,
Рукі і ногі да слупа прыкручаны,
Ціха наругу ты зносіш, бяз слоў.
Толькі ж уцешся, матуля каханая!
Слуп твой патроху пачаў падгніваць,
Прыйдзе к нам воля сьвятая, чаканая,
Сець з ланцугоў як пачнем разрываць.
7. Воўкалакі
Ваўкалакі цёмна ноччу
З дамавін выходзяць
I лятаюць скрозь па сьвеце, —
Сабе жэр знаходзяць:
Дзе старое ці малое
Сьпіць у сьне глыбокім,
Ваўкалака падсьцігае
Ненасытным вокам.
Не пачуеш, як узьляжа
На грудзях навала,
Не пачуеш, як ён з сэрца
Высьсе кроў памалу.
Галасіста ж па сьвітаньню
Засьпяваюць пеўні —
Ваўкалака адлятае
Неахвотна гнеўны.
Па старонцы роднай здаўна
Ваўкалакі ходзяць,
Але ж пеўні не сьпяваюць,
Слонка не ўзыходзіць!..
8. Іванку
Слухай, Іване, паночку,
Кепска ты робіш, браточку:
Хіба ж ня сорам так жыць,
Гэткім нядбайлівым быць?
Ўзглянь навакол на суседаў,
Некалі добра іх ведаў —
Хто зь іх спусьціўся, як ты,
Мае з твае беднаты?
Хіба ж яны галадуюць,
Хіба ж па-твойму бядуюць?
Ў іх і апратачка ёсьць,
I часам пакорміцца госьць.
Гэта ж дзе людзі зьбяруцца,
Зараз зь цябе пасьмяюцца,
Кажуць: «гультай, абібок».
Так яно, мой галубок!
«Бацька яго ў гаспадарстве
Быў, як бы цар ў сваім царсьцьве:
Быў ў гаспадарачцы лад,
Мелася вока, дагляд…
Быў чалавек яго татка!
Ён жа: дзівіся, апратка
Ў дзюрках, у гнідзе, сьцьвіла,
Ў хаце — трава абышла.
Нейкае дзіва, дый годзе!»
Часам жартуюць ў народзе:
«Моцны гультай, моў-ся вол,
К працы ж пагнаць — трэба кол».
Чуеш ты, чуеш, Іванка,
Што у людцоў за гуканка?
Слухай, над кім гэты сьмех?
Грэх табе, братачка, грэх!..
9. У чатырохлецьце «Нашае Нівы»
Ты, мой брат, каго зваць Беларусам,
Роднай мовы сваёй не цурайся;
Як ня зрокся яе пад прымусам,
Так і вольны цяпер не зракайся.
Ад дзядоў і ад прадзедаў, браце,
Гэта скарб нам адзін захаваўся,
У сялянскай аграбленай хаце
Толькі ён незабраны астаўся.
Ў старыну Беларус, не падданы,
Гаспадарыў, быў сам над сабою
I далёка у сьвеце быў знаны
За літоўскай і ляшскай зямлёю.
Але час прамінуў, і нядоля
На народ, як бы камень, звалілась,
Беларуская слава і воля
Адышла, адцьвіла, закацілась.
Не зьмяняючы шэрай апраткі,
Працаваў ты, як вол, гаратліва,
А у хаце тваёй недастаткі,
А на ніве тваёй неўрадліва.
А чаму? Ты ня здольны, ці хворы,
Ці благі гаспадар, ці п'яніца?
Мусіць, не! Бо і іншым у пору
У цябе гаспадарыць наўчыцца.
Сьветлы розум твой, брат, але дзетак
Ад цябе, як і ўсё, адбіралі
I на бацькаўскі родны палетак
Працаваць-памагаць не пушчалі.
Хто хацеў, той і сьмеў рабаваці,
Без прыпросу зьязджаліся госьці —
Абдзіраць, аб'ядаць, апіваці
І крышыць гаспадарскія косьці.
Можа б, ты і памёр і загінуў,
Каб ня вешчая мова Баяна.
Хто ж быў добры, яе хоць пакінуў?
Як жа так, што яшчэ не забрана?
Бо што бачылі госьцікі-герцы —
І зямлю, і лясы, і кілімы, —
Ўсё забралі. А мову у сэрцы,
Ў сваім сэрцы хавалі-нясьлі мы.
Дык шануй, Беларус, сваю мову —
Гэта скарб нам на вечныя годы;
За пашану радзімаму слову
Ушануюць нас брацьця-народы!
10. Юдам
Да вас, паны, што голасна крычыце
Аб прыязьні сваёй да «беднага народу»,
Што раіце па-лісьсяму: «Маўчыце,
Нядоўга вам дамо багацтва, волю, згоду», —
Да вас мой гэты верш і словы ўсе благія,
Бо слова вы адны, а справамі — другія.
«Багацтва вам»… Няма вам нашай веры!
Бо ў той жа год ліхі, як ў полі не ўрадзіла,
Галоднаму на прокарм хлеба меры
Аднэй ня далі вы. I злаялі няміла…
Калі для нас жадаеце багацтва,
Нашто зь бяздольнага зьдзіраеце апратку?
Нашто ж тагды вы плодзіце жабрацтва,
Дамы пустошачы бязь ліку, без астатку?
«Мы волю вам»… Пракляцьце вам і зь ёю!
Чаму ад волі вашай мы стагнаць павінны?
Яна ланцуг над нашаю зямлёю;
Астрог на наш народ, спакойны і бязьвінны.
Ня вюля гэта! Што нам ні цьвярдзіце,
Мы вольнымі былі за даўнімі часамі.
Ідзіце ж проч! I з воляю ідзіце!
Да волі знанае хутчэй мы прыйдзем самі.
«Мы згоду вам»… Пакіньце ашуканства!
Вы — бойкі братняе чарнейшыя прарокі,
Бяз звады вам, нашэптаў, падтыканства
Нямілы Божы сьвет, ня ясны, не шырокі.
Ня просім вас! Ня трэба вашай згоды!
Свае вялікае дзядоўскае багацьце
Хаваем мы; ад Бога ўсе народы
I бацькі аднаго ўсе дзеці — людзі, брацьця.
Адкуль вы к нам? Чыйго племя і роду?
Зь якіх краёў прыйшлі бяз праўды і бяз сэрца?
І што вам з нас, ад нашага народу?
Чаму так жычыце яму хутчэй памерці?
Га! Знаем вас, атручаньня найміты:
Вы — служкі чорныя Ясьнейшага Мамона,
Вы — мора бруд ля берагу намыты;
Бяз дум і без мазгоў, вы — золата бяз звона.
Зь якіх краёў прыйшлі бяз праўды бяз сэрца?
Чаргою воўчаю зьяўляецесь усюды,
Дзе клічуць вас для крыўды, для націску
На праўду вечную… Вы… імя вам Іуды!
Ідзіце ж проч! Бясплодна ваша трата
На ласкі лісьсія. Пакіньце слова «брат»!
Вы цяжкі сон. Каты… Вы горай ката!
Кругом праклятыя, вам бацька, брат — дукат!
