Зь песьняў няволі
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Зь песьняў няволі

Алесь Гарун


Зь песьняў няволі

Я. Л–ку

 

Праўду мусім ведаць, браце:

Покуль мы ня ў роднай хаце,

Не на ніве покуль роднай, –

Нашай думачцы ніводнай

Век ня спраўдзіцца, ня збыцца –

Мусім ў цеснай клетцы біцца

Нашых думак, і жаданьняў,

I няволі наляганьняў.

У гароце, у няволі

Без пасьпеху, а паволі

Нешта розум ў нас вымае,

Смокча душу – выпівае

I за шыю душыць больна,

Што часамі мімавольна

З болю гэтага заплачыш,

Што аж слонейка ня бачыш!

Мусім ведаць, што мялеем,

Што паволі ўсё малеем,

Не жывём, але канаем, –

Зранку долы вымяраем

I надзею штодзень губім,

Хоць яе, як жыцьце, любім.

Нашы брацьця – там, на волі,

Паляглі моў-ся на полі,

Чыстым полі ваявецкім,

Велькім колам маладзецкім,

З пасячонымі плячыма,

З выпалёнымі вачыма.

 

Мы зьявілісь зь яснай казкі,

Братняй міласьці і ласкі,

З краю-Далі, краю-Сьвета,

Дзе цяплюхна, вечне лета, –

А нас кінулі у пушчы,

Ды у холад, дый у гушчы,

Дзе брат з братам вечне б’юцца,

Спруцянелі, а дзяруцца.

Мы хацелі даць ім сьвету,

Зруйнаваці пушчу гэту,

Даць ім міласьці прагненьне,

Дзён шчасьлівых даці меньне…

Мы ішлі вялікім валам,

Войскам буйным а зухвалым,

Ды ня стала нашай мочы:

Сьвет слабейшы быў ад ночы…

 

Што ж? Няхай! Няхай так будзе,

Мусіць, гэтак доля судзе.

Цяжка, страшна жыці, праўда,

Дык цярпеці ж нам ня наўда.

Так на моры-акіяне

Часам хваля перастане…

Можа ж, прыйдзе навальніца,

Толькі б ветрыку зьявіцца!

Будзем ў неба цікавацца,

Будзем зорак прыглядацца;

Без пакоры у пакоры

Перабудзем сваё гора.

Мо’ і нам аднекуль зь неба

Скажуць: «Чуйце, ўстаньце, трэба!»

I ўзмацьняць. Парвуцца путы,

Будзе вольны, хто закуты.

Не адны, а з грамадою,

Разам зь людзьмі, Чарадою.

Пойдзем поплеч зноў у далі,

Скуль прыйшлі і скуль паўсталі.

А калі ж ня хопіць сілы

Ўстаць на гэты воклгч мілы, –

Сэрца хоць мацьней заб’ецца,

Твар пахмурны усьміхнецца.

Можа ж быць, раней загінем,

Дык усё ж мы сьлед пакінем,

Бо, браток, хоць промень сьвету

Прынясьлі мы ў пушчу гэту!