автордың кітабын онлайн тегін оқу Зайздросны дзядзька
Жылі два браты: адзін бедны, другі багаты. Бедны, паміраючы, сказаў сваім сынам-падлеткам:
— Глядзіце на дзядзьку: што ён будзе рабіць, тое рабіце і вы.
Так сыны і рабілі, як бацька навучыў.
Добра сталі жыць браты. А дзядзька аж чарнее ад зайздрасці: гэтак, чаго добрага, пляменнічкі стануць багацейшыя за яго!
Пайшоў аднаго разу да дзядзькі меншы брат даведацца, што ён заўтра будзе рабіць. А дзядзька і кажа:
— Буду двор каля хлявоў капаць…
Вярнуўся брат і расказаў старэйшаму, што іх дзядзька збіраецца рабіць.
— Добра,— кажа брат,— будзем і мы двор капаць.
Капнулі браты разоў колькі і знайшлі цудоўны камень — блішчыць, як сонца!
Пакруцілі хлопцы камень у руках — не ведаюць, што гэта такое.
— Занясём яго, бадай, пану,— кажа старэйшы брат.— Можа, ён ведае.
Узяў пан камень і даў хлопцам за яго цэлы воз збажыны.
Зажылі браты яшчэ лепш, чым раней. А дзядзьку яшчэ болыная зайздрасць грызе.
— Скажыце,— пытаецца ён у хлопцаў,— чым гэта вы дагадзілі пану, што ён вам гэтулькі збажыны не пашкадаваў?
— А нічым асаблівым,— кажа старэйшы брат.— Даведаліся, што пан вельмі любіць на абед жабаў. Ну, налавілі мы іх цэлую торбу ды і прынеслі яму як падарунак. За гэта ён нас і ўзнагародзіў.
Пабег зайздросны дзядзька на балота, налавіў цэлы мех жабаў і павалок пану. Прыйшоў і кланяецца:
— Добры дзень, панок!
— Ну, што скажаш, Кузьма? — пытаецца пан.
— Ды вось прынёс пану гасцінец.
— Які гасцінец?
— Такі, як пляменнікі прыносілі. Хачу таксама мець ад пана ўзнагароду.
Развязаў Кузьма мех і высыпаў на панскі стол свой гасцінец…
Пан так і падскочыў разам з крэслам.
— Ах ты, нягоднік! — закрычаў ён.— Дык ты з мяне жартаваць надумаўся? Гэй, слугі! На стайню яго!
Схапілі панскія слугі прагнага дзядзьку, пацягнулі на стайню ды так яго ўзнагародзілі, што ён ледзьве ачухаўся.
