Курка-рабушка
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Курка-рабушка

Беларускія народныя казкі


Курка-рабушка

Быў сабе дзедка, была сабе бабка. Была ў іх курка-рабушка, нанесла яец повен карабец. Дзед біў-біў - не разбіў, баба біла-біла — не разбіла, мышка бегла, хвосцікам матнула — і разбіла.

Дзед плача, баба плача, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сабакі брэшуць, гусі крычаць, людзі гамоняць...

Ідзе воўк:

— Дзедка, чаго вы плачаце?

— Як жа нам не плакаць: жылі сабе мы з бабкай, была ў нас курка-рабушка, нанесла яец повен карабец. Я біў-біў — не разбіў, баба біла-біла — не разбіла, мышка бегла, хвосцікам матнула — і разбіла.

Дзед плача, баба плача, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сабакі брэшуць, гусі крычаць, людзі гамоняць...

I воўк завыў.

Ідзе мядзведзь:

— Чаго ты, воўча, выеш?

— Як жа мне не выць: быў сабе дзедка, была сабе бабка. Была ў іх курка-рабушка, нанесла яец повен карабец. Дзед біў-біў — не разбіў, баба біла-біла — не разбіла, мышка бегла, хвосцікам матнула — і разбіла.

Дзед плача, баба плача, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сабакі брэшуць, гусі крычаць, людзі гамоняць — і я, воўк, выю. I мядзведзь зароў.

Ідзе лось.

— Чаго ты, мядзведзь, равеш?

— Як жа мне не равець: быў сабе дзедка, была сабе бабка. Была ў іх курка-рабушка, нанесла яец повен карабец. Дзед біў-біў — не разбіў, баба біла-біла — не разбіла, мышка бегла, хвосцікам матнула — і разбіла.

Дзед плача, баба плача, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сабакі брэшуць, гусі крычаць, людзі гамоняць, воўк завыў — і я, мядзведзь, зароў.

I лось рогі паскідаў. Прыйшоў лось да калодзезя: папова чалядка ваду бярэ.

— Чаго ты, лось, свае рогі паскідаў?

— Як жа мне не скідаць: быў сабе дзедка, была сабе бабка. Была ў іх курка-рабушка, нанесла яец повен карабец. Дзед біў-біў — не разбіў, баба біла-біла — не разбіла, мышка бегла, хвосцікам матнула — і разбіла.

Дзед плача, баба плача, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сабакі брэшуць, гусі крычаць, людзі гамоняць, воўк завыў, мядзведзь зароў — і я, лось, рогі паскідаў.

I чалядка вёдры пабіла, каромысел паламала і заплакала.

Ідзе дзяк:

— Дзеўка-дзявіца, чаго ты плачаш?

— Як жа мне не плакаць: быў сабе дзедка, была сабе бабка. Была ў іх курка-рабушка, нанесла яец повен карабец. Дзед біў-біў — не разбіў, баба біла-біла — не разбіла, бегла мышка, бегла, хвосцікам матнула — і разбіла.

Дзед плача, баба плача, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сабакі брэшуць, гусі крычаць, людзі гамоняць, воўк завыў, мядзведзь зароў, лось рогі паскідаў — і я вёдры пабіла, каромысел паламала і заплакала.

I дзяк пайшоў ды кнігі папарваў.

Ідзе поп:

— Дзяк, чаго ты кнігі папарваў?

— Як жа мне не рваць: быў сабе дзедка, была сабе бабка. Была ў іх курка-рабушка, нанесла яец повен карабец. Дзед біў-біў — не разбіў, баба біла-біла — не разбіла, мышка бегла, хвосцікам матнула — і разбіла.

Дзед плача, баба плача, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сабакі брэшуць, гусі крычаць, людзі гамоняць, воўк завыў, мядзведзь зароў, лось рогі паскідаў, чалядка вёдры пабіла, каромысел паламала і заплакала — і я, дзяк, пайшоў кнігі папарваў.

Пайшоў поп і царкву запаліў.