автордың кітабын онлайн тегін оқу Добрае лякарства
Беларускія народныя казкі
Добрае лякарства
Даўно гэта было – яшчэ ў той час, калі людзі на валох езьдзілі. Вот і ехаў, аднойчы мужык да хаты з кірмашу. Марудна ідуць валы, а на дварэ ўжо шарэе. "Рухайцеся ж швыдчэй, шчоб вы сказылысь!" – гукае на іх мужык. Але тыя, матлянуўшы хвастамі, як ішлі, так і ідуць. Даганяе яго нейкі чалавек. Параўняўшыся з возам, паздароваўся з мужыком, пасьля закурылі і давай гутарыць пра сёе-тое.
"Вот каб дастаць дзе такое лякарства, каб валы рухаліся жвавей, – кварты гарэлкі не пашкадаваў бы" – кажа мужык. "Была б толькі гарэлка, а лякарства ўміг знойдзем" – кажа падарожны. "Дык давай яго хутчэй, гарэлка на месцы", – кажа мужык. "Усяго то не дам, бо і самому спатрэбіцца, але каб хутчэй даехаць да хаты, дык на гэта трохі ўжо дам, – адказаў той. – Але сьпярша давай вып'ем, бо пасьля як пабягуць валы, дык і кубка ў руках не ўтрымаеш". Выпілі яны гарэлі, закусілі, тады падарожны й кажа: "Ну, давай будзем лячыць валоў". Дастаў ён з торбы слоік гарчыцы, якую купіў на кірмашы, загадаў мужыку, каб ён падняў валам хвасты, зрабіў лячэньне, ды і кажа: "А цяпер давай хутчэй на воз, бо могуць уцячы". І толькі яны ўскуліліся на воз, як валы закруцілі хвастамі, нібы той вятрак шмыгамі пры добрым ветры, а пасьля што ёсьць сілы рвануліся наперад.
З радасьці мужык пачаставаў яшчэ падарожнага гарэлкай, а пасьля і кажа:
– А ці памагае гэта лякарства людзям?
– Памагае, ды яшчэ й як, – кажа падарожны. – Калі маеш ахвоту папробаваць, тады спускай порткі. За дружбу гэтую ўслугу зраблю табе бясплатна. Ды не марудзь, бо ўжо і вёска відаць.
І зрабіў ён мужыку тое самае, што і валам, а пасьля саскочыў з воза і падаўся ў свой бок. Хутка "лякарства" пачало дзейнічаць і на мужыка. Сьпярша ён пачаў ёрзацца на возе, падымаць то адну, то другую нагу ўверх, саскочыў з воза і пабег разам валамі. А пасьля, набраўшы хуткасьць, пакінуў іх ззаду. Так ён прабег па вёсцы да сваіх варот і хутка іх адчыніў. Валы з возам рвануліся на двор, а ён гукнуў у акно: "Жонка! Выпрагай валы, а я йшчэ пабегаю!". І паімчаўся вакол хаты.
