автордың кітабын онлайн тегін оқу Мужык, пан і цар
Беларускія народныя казкі
Мужык, пан і цар
Жыў-быў пан. Ён вельмі любіў гуляць у карты. Гуляў да таго часу, пакуль не прагуляў усё, што меў. Калі яму не было ўжо чым залажыць, ён пайшоў да аднаго мужыка і пазычыў у яго тысячу рублёў. Як прыйшоў час, мужык пайшоў да пана па грошы, але пап прагнаў яго. Што рабіць? Шмат думаў мужык і вырашыў падаць на пана жалабу цару. А хто ж напіша? Сам няграматны, а ў вёсцы грамаць ведалі толькі пісар і дзяк. А яны ж будуць на баку пана. I мужык сам стаў пісаць прашэнне. Нарысаваў, навадзіў ліній і адправіўся з гэтым пісьмом да цара.
Прыйшоўшы да дварца, мужык стаў прасіцца ў слуг, каб яго прапусцілі да цара. Яго не пускалі. У гэты час міма праходзіў саветнік цара. Слугі падалі яму прашэнне. Саветнік паглядзеў, нічога не разабраў і загадаў не пускаць мужыка. Ходзіць мужык каля дварца з думай, як жа папасці к цару. А цар у гэты час гуляў у садзе і ўбачыў мужыка.
— Што патрэбна табе, чаго ходзіш ты тут?
Мужык не знаў, што гэта цар, і паведаў яму аб сваім горы.
— Пакажы прашэнне.
Мужык падаў.
— А што тут намалёвана?
— Вось гэта, паночак, панскі маёнтак, а гэта мая хаціна. Па гэтай дарозе пан прыходзіў да мяне...
Цар выслухаў і загадаў яму пайсці ў дзверы і сказаў, што яго там прапусцяць. А сам, пераадзеўшыся ў царскае адзенне, пайшоў у дварэц. I мужык зайшоў.
— Што патрэбна яму? — спытаў цар у саветніка.
— Жалабу прынёс на папа, але разабрацца ў ёй немагчыма.
— Падай сюды! — загадаў цар і стаў разглядаць жалабу. — Ды што тут няясна? Усё ясна. Гэта маёнтак пана. Так, мужык?
— Так, царочку, так.
— А гэта твая, мужык, хаціна?
— Мая, царочку, мая.
— Па гэтай дарозе пан прыходзіў к табе, і ты пазычыў яму грошай, а ён не аддае цяпер?
— Вось гэта дык галава! — сказаў мужык на цара. — А ў вас, — зірнуў ён на саветніка, — бязмен.
Цар загадаў пану вярнуць мужыку грошы.
