Васiлю Кавалю
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Васiлю Кавалю

Валеры Маракоў


Васiлю Кавалю

I

Ты прыглядзiся да гэтага рання,

Зноў нахлыне у сэрца спакой.

I ўсё любым i радасным стане,

Пырснуць смехам лiлеi ў тумане

Над жалезным паходам вякоў.

Будзе светла i радасна гэтак,

Стане замчышча блiзкiм такiм…

На шырокiх радзiмых палетках

Выйдзе дзень, харашэй прыадзеты,

Без праклёнаў, без слёз i тугi.

Выйдзе дзень, i пагасне лучына,

Стол засцеляць абрусам вясны.

Рана збiтая горам жанчына

Прывiтае цябе, нiбы сына…

…I ты скажаш, што ты яе сын.

Потым пойдзе з табою па садзе,—

Там праменняў i кветак нарве

I з трывожным агнём у паглядзе

Скажа: не, ты Айчыне не здрадзiў,

Ў тваiм сэрцы йшчэ праўда жыве.

Хутка выйдзе дачка яе, ветла

Запяе аб iнакшым жыццi,

Дзе iмкнуцца i вольна, i светла,

Дзе над кветнямi любых букетаў

Нават можна i здраду забыць.

Мо заплачаш, мо так адыдзешся,

Ранне згасне, запалiцца дзень,

Над пражытым з журбой усмiхнешся,

Не паверыш, што гэта не песня,

I назад будзеш доўга глядзець…

II

Я так доўга блукаў ў зачарованым садзе,

Месяц ласкай сваёю лiсты апалiў.

З русай доўгай касою і з болем ў паглядзе

Расказала ты мне нашу тайну зямлi.

Мы пайшлi…

Доўга, доўга ты мне гаварыла.

Гаварыла аб шчасцi i долi людзей.

Зноў ў грудзях ажылi жыватворчыя сiлы

I трывожныя песнi кахання, надзей.

Дарагая мая,

Паглядзi, як над лесам

Дагарэла крывавай тканiнай зара,—

Гэта сiмвал глухiх i надломаных песень,

Гэта словы кахання, пачуццяў пара.

Я багаты

I песняй сваёй, i юнацтвам.

Ў маёй хаце блакiтны варушыцца свет.

Буду сёння над смерцю варожай смяяцца,

Бо iнакшая песня да мэты заве.

Я аб гэтым i доўга, i ўпарта так марыў.

Я заснуўшае шчасце сваё абудзiў.

I ўжо шэпча мне нехта з усмешкай на твары:

Не спыняцца нам тут,

А iсцi ды iсцi.

Мы так доўга блукалi ў квiтнеючым садзе,

Месяц ласкай сваёю лiсты апалiў.

З доўгай русай касою i з болем ў паглядзе

Расказала ты мне пра любоў на зямлi.