автордың кітабын онлайн тегін оқу Вол і асёл
Беларускія народныя казкі
Вол і асёл
Жылі на адным двары вол і асёл. Вол рабіў цяжкую работу — у ярме хадзіў, а асёл толькі калі-нікалі гаспадара ў павозцы вазіў.
Вось аднаго разу прыйшоў з работы вол, цяжка ўздыхнуў.
— Чаго ты, вол, уздыхаеш? — пытаецца асёл. — Мала сена гаспадар падкінуў, ці што?
— Не, брат асёл, — адказвае вол, — сена не мала. Ды ўспомніў, што і заўтра цаліну араць трэба. А гэта, браток, не песьні табе сьпяваць — і-а, і-а...
— Э, — кажа асёл, — нас, аслоў, дурнямі лічаць, а ты яшчэ дурнейшы, дык і цягаеш сваё ярмо дзень пры дні.
— А што? Ты за мяне пацягнеш?
— Яшчэ чаго захацеў! — сказаў асёл. — Хопіць мне і калёс.
Вол махнуў хвастом.
— Ат, не можаш памагчы, дык лепш памаўчы.
Асёл памаўчаў, а потым зноў за сваё ўзяўся:
— Хочаш, навучу цябе, як ад ярма выкруціцца?
Вол натапырыў вушы, зацікавіўся:
— Ну, ну, навучы, брат асёл. Хоць бы дзень-другі ў хляве адстаяцца ды адляжацца.
— Заўтра, як вывядзе цябе гаспадар з хлява, вазьмі ды закульгай: скачы на трох нагах. Вось ён і не паедзе араць на табе.
Ну, вол так і зрабіў, як асёл навучыў.
Паглядзеў назаўтра гаспадар на кульгавага вала, пачухаў патыліцу:
— Што ж рабіць? У нас вунь яшчэ ворыва колькі, а ты закульгаў! Ці не запрэгчы хіба асла? Ён, нябось, выгуляўся, у хляве стоячы.
І запрог гаспадар асла ў плуг.
Недарэмна ж кажуць: "Навучыў на сваю голаву!"
