Завідны поп
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Завідны поп

Беларускія народныя казкі


Завідны поп

У аднаго вельмі беднага чалавека памёрла дзіця. Просіць бедны чалавек суседзяў зрабіць дамавіну і выкапаць магілу для дзіцяці. Але ведама, калі чалавек багаты, дык усе яму памагаюць, а беднаму — ніхто. Прасіў, прасіў бедны чалавек, але ніхто не пайшоў капаць яму. Горка яму, слёзы так і цякуць, бы з бярэзіны сок. Няма чаго рабіць, трэба ісці самому капаць яму для свайго дзіцяці. Кажуць, гэта вялікі грэх, але што зрабіць, калі ад беднага й людзі адступіліся. Узяў бедны чалавек заступ і пайшоў, але перш зайшоў к папу й просіць, каб пахаваў дзіця.

— Добра, — кажа поп, — толькі ты мне перш прынясі дзесяць злотых і паўасьміны аўса.

— Няма, — кажа, — бацюшка, у мяне ні аўса, ні грошай.

I давай прасіць, каб поп пахаваў дзіця так, а ён ужо потым адробіць. Куды там! Поп не хоча і слухаць. Як ні прасіў бедны чалавек, поп стаіць на сваім ды й толькі. Заплакаў бедны з жалю і пайшоў капаць магілу.

Ось капае ён, капае і выкапаў гаршок з грашыма: чырвонцы аж ззяюць... Панёс гэты бедны чалавек гаршок з грашыма да гасподы і схаваў пад печ, а адзін чырвонец прыносіць папу. Здзівіўся поп, адкуль гэта ў беднага чалавека золата, і давай выпытваць. Бедны ўсё і расказаў, як было. От пахавалі ў беднага чалавека дзіця. Сама пападдзя з папом потым зайшлі ў хату к беднаму на памінкі. Толькі позна разышліся ўсе. Астаўся бедны чалавек адзін з жонкаю. Прыйшоў поп дамоў, і хочацца яму адабраць у беднага грошы. Зарэзаў ён казла, абвярнуўся ў казліную скуру, прыладзіў рогі ды й пайшоў у самую глупась к беднаму пад вакно. Прыйшоў, высунуў у вакно галавішчу з рагамі і кажа нямым голасам: «Аддай мае грошы!»

Спалохаўся бедны чалавек і аддаў гаршок з грашыма. Ухапіў поп аберучкі гаршок і пабег дамоў. Прыбег, хоча паставіцьгаршок на стол, ды нельга — рукі прыраслі. Паспрабавала пападдзя садраць з папа казліпую скуру. Куды там! I скура, і рогі прыраслі. Што ні рабіў завідны поп, нічога не ўрадзіць. Прыйшлося прасіць беднага чалавека, каб ён забраў свае грошы.

Сабраліся людзі, дзівяцца на папа, а ён толькі казлінаю барадой трасе. Ось, прыйшоў бедны чалавек і як узяў свае грошы, дык і скура з папа звалілася, ды не толькі казліная, але й свая.

От які быў завідны поп.