автордың кітабын онлайн тегін оқу Людзей слухай, а свой розум май
Быў адзін дурнаваты чалавек. Захацелася яму пайсці на кірмаш. Злавіў ён белага пеўня, засунуў за пазуху ды пайшоў. «Прадам,— думае,— пеўня, куплю махоркі».
Яшчэ не дайшоў да кірмашу, а тут ужо яго і купцы сустракаюць:
— Што прадаеш, дзядзька?
— Пеўня,— кажа чалавек.
Дастаў ён з-за пазухі белага пеўня. Купцы паглядзелі, галовамі паківалі:
— Які ж гэта певень? Гэта ж заяц!
«Жартуюць,— думае дзядзька,— ліха ім!» Забраў пеўня ды ідзе далей.
Прайшоў крыху — другія купцы падбягаюць:
— Што прадаеш?
— Пеўня.
Паглядзелі:
— Які ж гэта певень? Гэта ж заяц!
Прыгледзеўся лепш чалавек і сам да свайго пеўня: «А можа, і заяц? — думае.— Не вер вачам! Відаць, праўда, калі ўсе як у бубен б’юць».
Прыйшоў ён на самы кірмаш. Людзей там так густа, што і яблыку няма дзе ўпасці. Каля аднае крамы стукаюць у патэльні, каля другой звоняць косамі,— пакупнікоў заклікаюць.
Такі шум, гоман на кірмашы, што чалавек ледзь не аглух.
Ачухаўся ён трохі і сам пачаў крычаць:
— Купіце зайца! Купіце зайца!
Падыходзіць да яго баба, дзівіцца:
— Які ж гэта заяц? Гэта ж певень!
Ды чалавек стаіць на сваім:
— Заяц, кажу табе, а не певень!
Сабралася куча народу. Жартуюць з бабы:
— Дзядзька праўду кажа! Ці ж ты не бачыш, што гэта заяц!
Тут ужо чалавек зусім паверыў, што прынёс ён на кірмаш зайца, а не пеўня. I калі хто з купцоў гаварыў цяпер, што гэта певень, а не заяц, дык ён ледзь не з кулакамі на яго кідаўся.
Хадзіў, хадзіў чалавек па кірмашы з пеўнем, і ўсё яму здавалася, што гэта заяц.
Недакучыла пеўню цягацца з чалавекам,— пара б ужо і на седала збірацца! Залопаў ён крыламі ды як закрычыць на ўвесь кірмаш:
— Ку-ка-рэ-ку!
Пачуўшы гэта, чалавек зусім збіўся з панталыку: заяц, а пеўнем спявае!
Выкінуў ён пеўня з-за пазухі, плюнуў ды пайшоў дахаты.
Праўду кажуць старыя людзі: не той дурань, каго завуць дурнем, а той дурань, хто чужым розумам жыве.
Людзей слухай, а свой розум май.
